«Увосень і кабан паросен». Якія беларускія прыказкі ёсць пра восень?

беларуская восень, восень у беларусі, беларусы і восень, прыказкі пра восень

PALATNO расказвае пра беларускія прыказкі пра восень.

Восень на рабым кані едзе

Увосень надвор’е дажджлівае, пахмурнае.

«Добра падмечана: восень на рабым кані едзе!.. Часам нябачная сіла разрывала заслону з хмарай — утваралася блакітнае акно…» (В. Якавенка, «Наперад па крузе»)

Вясною вядро вады, а лыжка гразі, а восенню лыжка вады, а вядро гразі

Кажуць пра вясеннія і асеннія дажджы і іх вынікі.

«Непакоіла іншае: калі так пабудзе — днём сонца, ноччу марозік, — не агледзішся, як асмягне, запыліць зямля. Гэта не восень, калі з лыжкі вады — вядро гразі. Вясною наадварот: з вядра вады лыжка гразі». (В. Блакіт, «Шануй імя сваё»)

Куранят увосень лічаць

Меркаваць пра што-небудзь трэба па канчатковых выніках. Гаворыцца, калі хто-небудзь заўчасна радуецца ад мажлівага поспеху ў якой-небудзь справе.

«— А ўсё ж ваша возьме, — сцвярджаў стары рабочы, пуцілавец. — Куранят лічаць увосень, — не здаваўся чыгуначнік». (І. Гурскі, «Вецер веку»)

Летам дзень мокне, а гадзіну сохне, восенню ж гадзіну мокне, а дзень сохне

Гаворыцца пра летнія і асеннія дажджы і іх наступствы.

«Дзён пяць запар ішоў дождж, ішоў, не перасціхаючы, дзень і ноч. Сёння дажджу няма, але вакол усё сырое, мокрае. Кажуць, летам дзень мокне, а гадзіну сохне. Восенню ж гадзіну мокне, а дзень сохне. Тут жа сыпала пяць дзён». (Л. Арабей, «Іскры ў папялішчы»)

Прыйшоў Пятрок апаў лісток, прыйшоў Ілья апала два

Пра набліжэнне восені. Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара. Пятрок і Ілья святы ў хрысціян.

«”Прыйшоў Пятрок — апаў лісток; прыйшоў Ілья — апала два”. Так кажуць людзі, бачачы чуць відны паварот ад лета к восені». (Якуб Колас, «Восень»)

Увосень і верабей багаты

Увосень, пасля ўборкі ўраджаю, ежы хапае ўсім. Для гэтай прыказкі ёсць сінонім: увосень і кабан паросен.

«Сама больш іх [святаў] прыпадае на восень, зіму, калі і работы менш і свята можна было справіць па-належнаму, бо было з чаго (увосень жа і верабей багаты)». (Б. Сачанка, «Вечны кругазварот»)

Увосень і мухі робяцца пякучымі

Кажуць пра таго, хто, нібы прадчуваючы сваю пагібель, робіцца злым, нясцерпным.

«Надзей не трачу я: хоць валіць дым, — замрэ агонь пякучы. Такі закон: перад канцом сваім і мухі тнуць балюча… Збяры, народ, ты сілы ўсе і дух, напружся, як спружына: смяртэльна ранены звер слеп і глух, цаляй жа ў лоб звярыны!» (Якуб Колас, У апошні час»)

Увосень — работ восем

На восень у сельскай гаспадарцы прыпадае вельмі многа рознай работы.

«Увосень — работ восем. Так што, браце, пойдзем са мной, па дарозе ўсё чыста вырашым». (В. Праскураў, «Святая сівізна»)

На Пакровы дай сена карове

Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара. Пакровы (Пакроў) — свята ў хрысціян, якое прыпадае на 1 кастрычніка (па старым стылі).

«Напярэдадні Пакроваў Ірэна са свякрухаю спяклі пірог, абышлі з ім усе гаспадарчыя пабудовы, прыкладваючы да кожнае страхі, каб буры, што пачынаюцца ад Пакроваў, не разбурылі іх. Паклалі сена каровам: На Пакровы дай сена карове, гэта каб былі сытыя ўвесь год». (Л. Адамовіч, «Кветкі самотнай князёўны»)

Два Юр’і і абодва дурні: адзін халодны, другі — галодны

Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды. Юр’я («галодны») — свята ў хрысціян, 23 красавіка па старым стылі, і Юр’я («халодны») — 26 лістапада па старым стылі.

«Юр’е, як і Мікола, святкуецца ў нас двойчы — увесну і ўзімку. Беларусы заўважылі, што колькі снегу бывае на Юр’е зімовае, столькі травы — на Юр’е вясновае. А ўвогуле на абодва святы мы паблажліва злуёмся: “Два Юр’і ды абодва дурні: адзін халодны, другі — галодны”». (Я. Сіпакоў, «Зялёны лісток на планеце Зямля»)

У лістападзе досвітак з прыцемкам сярод дня сустракаюцца

Пра кароткі дзень у лістападзе.

«А ўжо ў лістападзе вецер і дождж абтрасаюць, распранаюць усе нашы дрэвы — на іх, зусім голых, нават рэдкаму цяпер промню няма за што зачапіцца. Дождж змагаецца са снегам, цяпло — з холадам. Світае позна, цямнее рана. Як мы кажам: “У лістападзе досвітак з прыцемкам сярод дня сустракаюцца”. (Я. Сіпакоў, «Зялёны лісток на планеце Зямля»)

Вярнуцца ўгару