Беларускія рэкорды ў Кнізе Гінесу: спартыўныя, дзіўныя і нацыянальныя

Дзмітрый Дудараў, рэкорды беларусаў у кнізе гінесу, беларускія рэкорды ў кнізе гінесу

Беларусы пакінулі свой след у гісторыі сусветных рэкордаў. Ёсць месца і для спартыўных поспехаў, так і для незвычайных і часам дзіўных рэкордаў. Нават сама краіна біла рэкорды. А якія?

PALATNO расказвае пра беларускія рэкорды ў Кнізе Гінесу.

Спартыўныя рэкорды: гімнасты, барцы, атлеты

Беларускі атлет Віталь Шчэрба ўстанавіў рэкорд па колькасці перамог на чэмпіянаце свету па спартыўнай гімнастыцы ў прамежку ад 1991 да 1996 года. Усяго ў Шчэрбы 23 перамогі: 12 залатых, 7 срэбных і 4 бронзавыя медалі. У 1991 годзе ён прадстаўляў СССР, у 1992-м — Аб’яднаная каманда рэспублік былога СССР, а ў 1993-1996 гады — Беларусь. Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры пераехаў у ЗША. У Амерыцы Шчэрба працягвае трэніраваць атлетаў.

Дакладны год рэкорду беларускага канькабежцы Ігара Жалязоўскага не паказаны, аднак можна лічыць рэкорд па 1993 годзе, калі ён выйграў апошні медаль чэмпіянату свету. Жалязоўскі выйграў шэсць чэмпіянатаў свету ў спрынтарскім шматбор’і — гэты рэкорд замацаваны ў Кнізе Гінесу. Увогуле, Жалязоўскі неаднаразова прызнаваўся лепшым спартсменам Беларусі. Пасля спартыўнай кар’еры стаў чыноўнікам — працаваў у Беларускім саюзе канькабежцаў, быў першым прэзідэнтам Параалімпійскага камітэту Беларусі. Ён памёр у 2021 годзе.

алімпіяда ў лілехамеры, беларусы на алімпіядзе ў лілехамеры, першая алімпіяда па бчб
Ігар Жалязоўскі.

Кніга рэкордаў Гінесу называе беларускую спартсменку Эліну Звераву самай узроставай кідальніцай дыску, якая перамагала на чэмпіянаце свету. Рэкорд зафіксаваны 11 жніўня 2001 года ў Эдмантане, Канада. На той момант Зверавай было 40 гадоў і 268 дзён. Зверава заваявала залаты медаль спаборніцтваў. Эліна Зверава ўдзельнічала на Алімпійскіх гульнях у складзе беларускай зборнай. На Атланце-1996 яна прынесла бронзавы медаль нашай краіне, а на наступнай Алімпіядзе ў Сіднэі — залаты медаль. Апошнімі Алімпійскімі гульнямі і сур’ёзным стартам для Зверавай быў Пекін у 2008 годзе. Пасля яна завяршыла прафесійную спартыўную кар’еру.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Рэкардсмен, алімпіец, адзін з самых вядомых цяжкаатлетаў. Гісторыя самага моцнага беларуса Леаніда Тараненкі

Трагічныя выпадкі на Алімпійскіх гульнях: гісторыі, якія ўзрушылі свет

Як беларусы выступалі на Алімпіядах: ад трыумфаў да нейтральнага сцяга


У 2022 годзе беларускі атлет Максім Трухнавец, якога называюць «Каралём Воркаўта», пабіў рэкорд Кнігі Гінесу. Ён змог за адну гадзіну зрабіць 305 выхадаў на гімнастычных кольцах. Так Максім Трухнавец пабіў рэкорд, які раней устанавіў іспанец Алехандра Солер Тары: ён зрабіў толькі 156 выхадаў.

Максім Трухнавец, рэкорды кнігі гінесу, беларускія рэкорды кнігі гінесу, беларусы ў кнізе гінесу
Максім Трухнавец.

На Алімпіядзе ў Пекіне цяжкаатлет Андрэй Арамнаў устанавіў рэкорд па рыўку штангі. Ён змог падняць у рыўку 200 кілаграмаў, што дагэтуль не пабілі іншыя спартсмены. Пасля Алімпіяйскіх Гульняў у Кітаі Арамнава абвінавацілі ва ўжыванні допінгу і пазбавілі залатога медаля чэмпіянату свету-2010.

Андрэй Рыбакоў устанавіў рэкорд у катэгорыі да 85 кілаграмаў: падняў у рыўку штангу на 187 кілаграмаў. Рыбакоў неаднаразова выступаў за беларускую зборную, а ў 2004 годзе нават змог узяць срэбны медаль Алімпійскіх гульняў у Афінах.

У 2015 годзе беларуская бягуха Марына Даманцэвіч пабіла рэкорд марафону ў Асаке, Японія. Амаль дзесяць гадоў беларуска трымае рэкорд, бо прабегла марафон хутчэй за ўсіх — за 2 гадзіны, 32 хвіліны і 28 секунд.

У 2021 годзе плывец Ігар Бокі стаў самым хуткім на дыстанцыі 100 метраў на спіне сярод плыўцоў-параалімпійцаў у катэгорыі S13. Бокі праплыў сваю дыстанцыю за 56,36 секунды. Бокі паставіў гэты рэкорд на Параалімпійскіх гульнях, што праходзілі ў Токіа. Ігар Бокі нарадзіўся ў Бабруйску. Займаўся плаваннем з дзяцінства, выступае ў спартыўных турнірах сярод людзей з інваліднасцю (у Ігара — парушэнне зроку). Бокі неаднаразова ставіў сусветныя рэкорды, занесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінеэсу, якія дагэтуль не могуць пабіць атлеты.

У 2015 годзе ў Гродне Яўген Назарэвіч устанавіў рэкорд Гінесу. Назарэвіч за адну гадзіну падняў гіру 1 400 разы, а ўсяго па вазе — 34 160 кілаграмаў.

Яўген Назарэвіч, рэкорды беларусаў у кнізе гінесу
Яўген Назарэвіч.

У 2017 годзе Анатоль Яжоў змог устанавіць рэкорд Гінесу: ён утрымліваў у кожнай руцэ гантэлі вагой 10 кілаграмаў у пазіцыі раскрыжавання. Рэкорд быў устаноўлены ў Маскве. Так Яжоў змог пратрымацца 2 хвіліны і 17 секунд. Яго рэкорд дагэтуль не змаглі пабіць. У тым жа годзе Яжоў змог пратрымаць гіры па 20 кілаграмаў на выцягнутых руках. Па часе — 2 хвіліны і 39 секунды. Гэты рэкорд Анатоль устанавіў у Архангельску. Таксама ў Архангельску Яжоў здолеў падняць пры махах з гантэлямі ў нахіле найбольшую вагу, што зафіксавалі ў Кнізе рэкордаў: 2 400 кілаграмы, для рэкорду мужчына выкарыстаў дзве гантэлі вагой 30 кілаграмаў. Трэці рэкорд у Архангельску Яжоў устанавіў пры пераменным жыме гіры — ён падняў найбольшую зафіксаваную вагу ў 60 400 кілаграмаў. Трэба адзначыць, што Анатоль Яжоў атрымаў расійскае грамадзянства больш за дзесяць гадоў таму. Аднак у Кнізе рэкордаў Гінесу адзначаецца, што дасягненне замацаванае за беларусам.

Так, вы правільна падумалі — рэкорд належыць Дар’і Домрачавай. У Домрачавай усяго шэсць алімпійскіх медаляў: упершыню яна стала прызёркай (бронзавы медаль) у 2010 годзе ў Ванкуверы. У 2014 годзе яна ўзяла тры золата, а яшчэ праз чатыры гады — яшчэ адзін залаты медаль. У 2018 годзе за Домрачавай застаўся срэбны медаль.

У 2012 годзе беларуска Наталля Берднікава набрала найбольшую колькасць ачкоў у агульным заліку: 3,126.25 пунктаў. Спаборніцтвы адбыліся ў Гроўлэндзе, ЗША.

Лілія Яноўская (нарадзілася ў Беларусі, мае канадскае грамадзянства) стала самай узроставай жанчынай, якая змагла дасягнуць вяршыні гары K2. 22 ліпеня 2022 года, калі яна паднялася на вяршыню, ён было 62 гады і 350 дзён. Дарэчы, Яноўская з’яўляецца і самай узроставай жанчынай, якая падымалася і на Эверэст, і на K2.

Найбольшую колькасць залатых медалёў у вольнай барацьбе на Алімпійскіх гульнях падарыў Беларусі знакаміты барэц Аляксандр Мядзведзь. Мядзведзь выступаў у паўцяжкай вазе ў Токіа-1964, суперцяжкай вазе ў Мехіка-1968 і Мюнхене-1972. Рэкорд Мядзведзя паўтарылі, але не перасягнулі расіянін Бувайса Сайтыеў і ўзбек Артур Таймазаў.

Беларускі стралок Сяргей Мартынаў паставіў два рэкорды, якія ўнеслі ў Кнігу рэкордаў Гінесу. Першы ўстанавіў у 2007 годзе, калі паўтарыў абсалютны сусветны рэкорд у стральбе з вінтоўкі на 50 метраў з ляжачага становішча — атрымаў 600 ачкоў. На Алімпіядзе ў Лондане ў 2012 годзе Сяргей Мартынаў набраў 705,5 балаў у стральбе з вінтоўкі на той жа дыстанцыі — паставіў рэкорд, а яшчэ і ўзяў алімпійскі залаты медаль.

Рэкорды, якія здзіўляюць (і нават пужаюць)

У 2012 годзе беларус Аляксандр Бендзікаў устанавіў незвычайны рэкорд. Ён склаў найбольшую колькасць запалак на рыльцы бутэлькі — 20 270. Гэта не першы рэкорд Бендзікава ў Кнізе Гінесу. Раней ён некалькі разоў устанаўліваў розныя рэкорды. Напрыклад, складаў піраміду з 400 тысяч піўных крышак, ставіў сотні касцяшак даміно на рэбры адной, будаваў піраміду на рэбры адной манеты.

У 1995 годзе беларускі артыст Аляксандр Кішчанка скончыў саматканы габелен «Габелен стагоддзя». У даўжыню — 19 метраў, у вышыню — 14 метраў, агульная плошча — 266 м3. Над габеленам працавалі 11 ткачых. На тканіне аўтар выткаў партрэты вядомых людзей XX стагоддзя, тытанаў, Ісуса і Аляксандра Лукашэнкі разам з сабой. Усяго на габелене знаходзяцца выявы больш ста чалавек.

У 2017 годзе Дзмітрый Дудараў з Гомеля паставіў яшчэ больш незвычайны рэкорд, чым Аляксандр Бендзікаў з Магілёва. Ён змог правісець на зубах 7 хвілін і 15 секунд, ён вісеў на вышыні 73 сантыметраў ад падлогі. Мужчына ўстанавіў гэты рэкорд, калі знаходзіўся ў Кітаі.

Дзмітрый Дудараў, рэкорды беларусаў у кнізе гінесу, беларускія рэкорды ў кнізе гінесу
Дзмітрый Дудараў.

А якія рэкорды ў Беларусі як у краіны?

У 2004 годзе наша краіна ўстанавіла рэкорд у сферы кіно! Высветлілася, што ў Беларусі больш кінатэатраў на душу насельніцтва, чым у любой іншай краіне свету: адзін кінатэатр прыходзіцца на кожныя 2 734 жыхары. Усяго ў 2004 годзе ў Беларусі налічвалася 3 780 кінатэатраў на больш чым 10 мільёнаў чалавек.

У 2002 годзе беларусы занялі другое месца па колькасці разводаў у свеце. Па дадзеных ААН, Беларусь знаходзілася на другім месцы, саступаючы толькі Мальдывам. У Беларусі было 4,63 разводы на 1 000 жыхароў у год.

Вярнуцца ўгару