Імкліва кружацца, трымаюцца за рукі, ідуць крыж-накрыж… Танцы для беларусаў заўсёды былі часткай абрадаў: адлюстроўвалі бытавыя з’явы і працоўныя працэсы, раскрывалі характар народа. А якімі былі самыя папулярныя танцы? Калі іх танцавалі?
У Міжнародны дзень танцу расказваем пра тое, як з’явіліся беларускія народныя танцы і самыя папулярныя з іх.
«Лявоніха»
Танцы займаюць важнае месца ў беларускім фальклоры: у іх паказваецца гісторыя і быт, раскрываецца характар беларускага народа. І самым папулярным танцам у Беларусі з’яўляецца «Лявоніха». Яго ведаюць і пад іншымі назвамі: «Крутуха», «Круцёлкай», «Падарожнай». Назва змянялася ад музычнага суправаджэння і асаблівасцей выканання танца.
Гэты танец парна-масавы, танцуюць з любой колькасцю пар. Часам «Лявоніху» танцавалі і адны жанчыны. У вёсцы Галачоўка ў Чавускім раёне жанчыны танцавалі ўпрысядкі, а ў вёсцы Дубнякі Кіраўскага раёна танцавалі зачэпліваючы нагой за нагу. У вёсцы Паложына Бярэзінскага раёна танцавалі «Лявоніху» так: хлопцы і дзяўчаты браліся за рукі і станавіліся кругам, затым дзяўчаты абапіраліся на абцасы і на выцягнутыя рукі юнакоў, раскручвалі круг. У Любчы ў Наваградскім раёне «Лявоніху» пачыналі танцаваць хлопцы: яны выходзілі ў круг і выбіралі сабе пару, а ў гэты час дзяўчаты спявалі жартоўныя прыпеўкі.
Танец суправаджаўся разнастайнымі жартоўнымі прыпеўкамі:
А Лявоніха не ладна была,
Нямытаю мне кашульку дала.
Не мытую, не качаную,
У суседа пазычаную.
Вось так «Лявоніху» танцавалі на Міншчыне ў другой палове XIX стагоддзя:
«Хлопец скача пад заўзятую гульню дзвюх скрыпак так званую “Лявоніху”. Танец гэты даволі спрытны, мужчыны, узяўшы па дзяўчыне, з грукам абцасаў, з шыканнем і з прыпевам даволі трапных вершаў, спачатку ходзяць кругам. Потым мужчына кладзе рукі на плечы сваёй даме, яна яго таксама абдымае і пачынаецца кружэнне па тыпу вальса ці польскі».
Даследчыкі лічаць, што танец з’явіўся вельмі даўно. В. Цукерман падкрэслівае, што беларуская «Лявоніха» з’явілася ў тыя ж часы, што і руская «Камарынская». Напрацягу стагоддзяў танец змяняўся, да яго дадаваліся новыя элементы, з’яўляліся новыя варыянты песні. Фалькларыст Е. Раманаў пісаў: «“Лявоніха”, “Крутуха” – любімы беларускі танец… яго танцуюць парамі. Прыпеваў шмат. Пры найбольш пікантных тэкстах кавалер ідзе ўпрысядкі…».
«Крыжачок»
Яшчэ адзін з найбольш папулярных беларускіх танцаў. Яго паходжанне звязваюць з назвай дзікага качара – «крыжака» (таму ў танцы можна заўважыць імітацыю рухаў птушак). Магчыма, назва танца паходзіць і ад слова «крыж» – для яго характэрныя пастраенні ў форме крыжа, пераходы крыж-накрыж. «Крыжачок» маглі называць інакш: «Крыжык», «Паўлючок», «Антошка».
Як і «Лявоніха», «Крыжачок» з’яўляецца парна-масавым танцам. Яго таксама можа выконваць розная колькасць пар.
«Крыжачок» ведаюць і ў Польшчы. На беларуска-польскім памежжы ў танцы імітуюць рухі качара, але гэта не вельмі распаўсюджаны, лакальны варыянт выканання.
У развіцці танца ў першай палове XX стагоддзя дапамагаў Канстанцін Алексютовіч. Ён увёў у танец сольнае выкананне: сольную частку выконваюць адна ці дзве пары, а астатнія пары служаць толькі фонам. У 1920-я гады Алексютовіч выкарыстаў «Крыжачок» у балеце В. Залатарова «Князь-возера».
«Кола»
Гэты танец танцавалі на Купалле. Для выканання «Кола» характэрныя кружэнні, змены кірункаў, пастраенні ў пары. Танец выконвалі ад васьмі да шаснаццаці выканаўцаў. Танец маглі выконваць нават на вяселлях.
Асноўныя рухі ў танцы – «полька», «звычайны бег», «кручэнне», «пераменны шаг».
Р. Друцкі-Падбярэскі апісаў танец так: «… танцор жвава абнімае постаць маладой танцоўшчыцы, паварочвае і перакідвае яе ў такт дуды і скрыпкі, прыстукваючы кожны так абцасамі і падпяваючы двухрадкоўе. Танцуючы цэлы рад. Першы ў радзе выдумляе фігуры, якія дакладна паўтараюцца ўсімі; кружацца ў адзін бок датуль, пакуль амаль што не ап’янеюць, тады кружацца ў другі…».
Танец вядомы не толькі на тэрыторыі Беларусі, а і ў іншых славянскіх народаў.
Першую сцэнічную пастаноўку «Кола» зладзілі ў 1921 годзе. Танец паставілі на спектаклі «На Купалле» па п’есе Міхася Чарота.