Фолк-метал, «клубняк», рок, пост-панк і рэп — беларускай музыкі хапае на любы густ.
PALATNO зрабіла падборку беларускамоўных выканаўцаў, пра якія вы маглі не ведаць.
Змест
Lutavierje
Беларускамоўны гурт для аматараў фолк-метала, які ўзнік у Мінску пад канец 2006 года.
У 2007 годзе гурт запісаў EP пад назвай «Рось», які пазней выйшаў у фармаце спліта з гуртом JAR на балгарскім лэйбле A.F.M. Production сумесна з Werewolf Promotion.
У 2009 годзе распачалася праца над поўнафарматным альбомам, якая скончылася толькі у 2012 годзе. У дзень зімовага сонцавароту 2012 года альбом «Песні Налітых Хмараў» выйшаў на маскоўскім лейбле Sound Age Productions.
Вясной 2013 гурт выпусціў сінгл Lilije, заснаваны на аднайменнай баладзе Адама Міцкевіча. Ад гэтага часу пачалася праца над другім поўнафарматным альбомам «Дзікае Паляванне», які выйшаў у 2016 годзе.
У 2022 годзе гурт выпусціў новы EP пад назвай Na Kupallie.
Склад гурта: Таццяна Маляўка — вакал, скрыпка; Аляксей Маляўка — бас, вакал; Аляксей Рысухін — гітара; Зміцер Кукс — народныя інструменты; Зміцер Белы — барабаны.
Адной з найбольш папулярных песень гурта з’яўляецца Dzikaje Paliavannie.
Што тычыцца назвы гурта, на яго старонцы тлумачыцца, што Лютавер — імя з гісторыі Вялікага княства Літоўскага, сярэднявечнай беларускай дзяржавы. Гэты паганскі князь з’яўляецца пачынальнікам дынастыі Гедымінавічаў. Перыяд яго праўлення схаваны ад нас покрывам стагоддзяў, што дае ўрадлівую глебу для нараджэння міфаў. Назва гурта Lutavierje («Лютавер’е») нясе на сабе адбітак тых часоў — пячатку легендарнай гісторыі беларусаў.
[1 Гурт «Lutavierje». Фота: folk-metal.nl]
«Мутнаевока»
Беларускамоўны гурт, які грае альтэрнатыўны рок, авангард-рок і пост-панк. Быў створаны ў 2005 годзе ў Мінску. Яўгена Змушка, саліста гурта, у сацыяльных сетках параўноўваюць з вядомым амерыканскім рок-музыкам Куртам Кабэйнам. Але Яўген не шукае простых шляхоў у творчасці і робіць якасны рок не па-англійску, а па-беларуску.
Адным з самых папулярных кліпаў на YouTube-канале гурта з’яўляецца кліп на песню «Апантаны», які набраў 10 тысяч праглядаў.
На старонцы гурта гаворыцца, што «Мутнаевока» — гэта «каманда са сваімі прынцыпамі, культурнай прыналежнасцю, падыходам і пазіцыяй адпаведна месца нараджэння і геалакацыі музыкаў. Пры гэтым гурт не церпіць стагнацыі, заўчасна эксперыментуючы з жанрамі і падыходамі. Канцэптуальна, гэта мілагучная альтэрнатыва з пераважным ухілам на пост-гранж. Лірыка песень пабудавана на асацыятыўна сацыяльных вобразах жыцця, смерці, любові, маргінальнасці. Сольныя канцэрты, выступы на буйных фестывальных пляцоўках і “разагрэвы” гуртоў маштабных велічынь».
Belarusian truestory
Кавер-гурт Belarusian Truestory сабраў у 2021 годзе Васіль «Атам» Грудовік, які потым загінуў ва Украіне ў баях пад Лісічанкам.
Васіль Грудовік родам з Пінска. З’ехаў з Беларусі пасля ўдзелу ў пратэстах 2020 года. Жыў спачатку ва Украіне, а потым у Польшчы. Яшчэ ў Беларусі граў на барабанах у гурце Istota. Потым зарабляў вулічнай музыкай у Варшаве. Васіль браў гітару ў рукі і падчас службы ў палку Каліноўскага — ён быў кулямётчыкам і ўдзельнічаў у наступальнай аперацыі ў Херсонскай вобласці.
Музыкі маюць у сваім рэпертуары песню, прысвечаную Васілю.
Belarusian Truestory адразу стаў дзейнічаць як вулічны гурт. Яго можна пабачыць у розных месцах Варшавы: у Старым горадзе, на ўзбярэжжы Віслы, ля Палаца культуры і навукі. Музыкі выступаюць таксама ў барах і на беларускіх імпрэзах.
Адна з папулярных песень гурта, якая выйшла ў 2022 годзе — «Май».
Ілья Шынкарэнка
Ілья — ціктокер, які выкладае кантэнт па-беларуску. Акрамя таго, хлопец сам піша тэксты і спявае. У 2023 годзе ён прэзентаваў міні-альбом на вершы Уладзіміра Караткевіча «Пад сярпом тваім».
Адной з папулярных песень, якая завірусілася ў TikTok, з’яўляецца песня пад назвай «О каханне».
У TikTok у Шынкарэнкі ўжо больш за 44 тысячы падпісчыкаў. Хлопец жыве і вучыцца ў Беларусі.
Aureli
Беларускамоўны спявак з Мінска. У 2022 годзе ён выпусціў міні-альбом «2 дні і 2 ночы», дзе настальгуе па сонечных днях лета і ўспамінае лепшыя моманты.
У 2023 годзе выканаўца прэзентаваў рэліз «Берагі», які складаецца з дзвюх песень: «Атракцыён» і «Берагі». «Што рабіць, калі жыццё зацягвае ў варонку бясконцага “сёння”?», — так апісаў свой рэліз музыка.
Адным з папулярных трэкаў выканаўцы, які ў Spotify праслухалі больш за 9 тысяч раз, з’яўляецца трэк «Цёпла».
«За гэтае жыццё я паслухаў настолькі шмат рознай і цікавай музыкі, што проста не мог не пачаць пісаць сваю», — гаворыць музыка.
Roskvit-folk
Малады гурт з Мінска, які выконвае беларускія народныя песні ў іх непаўторнай аўтэнтычнай манеры, а таксама ў сучаснай апрацоўцы.
Апошнюю песню — «Да жыто жала» — гурт выпусціў 10 жніўня 2023 года.
Omelir
Маладая беларуская выканаўца і мадэль, якая 11 жніўня 2023 года выпусціла кранальную песню пра каханне «Маяк». Дзяўчына здымае відэа ў TikTok і піша песні на беларускай мове.
«Галоўнае — з любоўю, астатняе неістотна», — адзначана ў апісанні YouTube-канала дзяўчыны.
Mandzik
Беларускамоўны рэп-выканаўца ў часовай эміграцыі. Музыка прынцыпова піша песні на роднай мове, бо лічыць галоўным сваім пасылам захаванне беларускай культуры, мовы і спадчыны.
У жніўні 2023 года ён прэзентаваў трэк пад назвай Son. Son — гэта сумесь беларускай мовы, drum&bass і народных спеваў. У аснове трэка ляжыць гісторыя кахання паміж юнаком і чароўнай русалкай, якая выходзіць пагрэцца на сонейку.
З нагоды новага рэліза выканаўца выпусціў лімітаваную калекцыю цішотак сумесна з беларускім брэндам PRALIU.
«Бачу ўпершыню»
Музычна-паэтычны праект «Бачу ўпершыню» ўзнік у 2013 годзе. У складзе гурта — Алесь Снег (вакал, тэксты) і Уладзіслаў Лепяшынскі (гітара, вакал, тэксты). Ва ўсіх сацыяльных сетках гурта хлопцы пішуць: «Вы бачыце ўпершыню нас, хіба не?».
У выканаўцаў ёсць песня пад назвай «Менск вясной». Кліп на гэтую песню яны прысвяцілі тым, хто бачыць беларускую сталіцу толькі па фота і ў снах, і тым, хто ходзіць па вуліцах горада і бачыць яго вясновыя колеры.
У рэпертуары гурта таксама ёсць трэкі «Дыхай глыбей», «Ты» і «Давай запомнім наша лета».
[7 Гурт «Бачу ўпершыню». Фота: vk.com]
Nochy
Беларускі музычны праект, у склад якога ўваходзяць Юлія (салістка з мяккім кранальным вакалам) і Павел (гітарыст, саўндпрадзюсар). Разам яны ствараюць песні і візуалізуюць іх.
Адна з апошніх песень гурта — «Месяц». У апісанні гаворыцца, што гэта «песня пра самае недасягальнае і схаванае ўнутры ад усіх. Пра сваю другую палову, якая сцьмела ад убачанага змроку, апавядаецца праз алегорыю з Месяцам, у якога з Зямлі бачны толькі адзін бок».
Іншы папулярны трэк гурта мае назву «Любоў». У апісанні пад кліпам напісана: «Зараз галоўны страх — гэта страта блізкіх. І ён узмацніўся, бо мы далёка ад сваіх родных людзей. Дапамагайце адно аднаму, беражыце адно аднаго. Любіце адно аднаго як быццам гэта ваш апошні дзень разам».
Akute
Магілёўскі беларускамоўны рок-гурт, які ў 2008 годзе стварылі Стас Мытнік і Раман Жыгараў — былыя ўдзельнікі альтэрнатыўнага гурта «Глюкі».
У 2009 годзе гурт Akute з дэбютнай песняй «Адзіноцтва» перамог у хіт-парадзе на Tuzin.fm. Таксама ён з’яўляецца пераможцам на конкурсах «Басовішча-2010», «Верціфэст-2010» (Кіеў), «Graffiti Open Music Fest-2010», «Рок-Каранацыя-2011» (намінацыя «Рок-прарыў году»), Ultra-Music Awards, Rock Profi, у 2012 годзе гурт атрымаў тытул «Героі году» па версіі Tuzin.fm, а ў 2012-м — «Гурт году» і інш.
Лідары гурта называюць сябе таксама заснавальнікамі стылю дыска-дэкаданс.
Самай папулярнай песняй у рэпертуары гурта з’яўляецца трэк «Бегчы». Першы афіцыйны кліп быў створаны менавіта на гэту песню ў 2013 годзе.
У 2022 годзе гурт выпусціў новы альбом — «Напалову тут». «Гэта альбом-вяртанне: мы вярнуліся з некаторага зацішша, вярнуліся да гітарнага саўнду. Роўна палова нас — тут», — кажуць удзельнікі гурта. Адзін з трэкаў альбома называецца «Мой дом».
Nevika
Для аматараў клубных трэкаў на беларускай мове.
Спявачка Вікторыя Валатовіч піша песні з 12 гадоў, але прафесійна стала займацца гэтым з 2020 года. Творчасць Вікторыі прыцягнула да сябе больш увагі, калі яна стала выпускаць песні на беларускай мове.
Апошнім часам выходзіць шмат трэкаў, якія вяртаюць у эпоху клубнай музыкі 1990-х і 2000-х. Nevika таксама пераняла гэты трэнд і дадала беларускую мову.
Адзін з яе танцавальных трэкаў — «Вечарына».
Аўтар Марыя Седышова.