Наша краіна можа пахваліцца вынаходнікамі, якія зрабілі важныя адкрыцці і ўнеслі значны ўклад у навуку. Іх гісторыі паказваюць, што ў Беларусі ёсць таленты, якія імкнуцца палепшыць жыцці мільёнаў людзей па ўсім свеце. Мы раскажам чатыры гісторыі беларускіх вынаходнікаў: што іх напаткала на шляху адкрыццяў і як іх дасягненні дагэтуль з’яўляюцца сапраўдным натхненнем для сучаснасці.
PALATNO расказвае пра чатырох беларускіх вынаходнікаў, якія змянілі свет.
Змест
Доктар, які верыў, што электрычнасць можа лячыць
Якуб Наркевіч-Ёдка нарадзіўся ў Турыне (цяпер — Пухавіцкі раён) у 1847 годзе. Яго бацькі з дзяцінства імкнуліся даць сыну найлепшую адукацыю: урокі філасофіі, літаратуры, музыкі, прыродазнаўства, французская мова. Пазней яго аддалі ў Мінскую губернскую класічную гімназію. У 1967 годзе ён атрымаў ступень бакалаўра навук.
Цікава, што спачатку Наркевіч-Ёдка атрымаў вядомасць не з-за акадэмічных поспехаў. Яго ведалі як выдатнага піяніста. Менавіта з-за музычнага таленту ён упершыню змог павандраваць па Еўропе. У Парыжы, валодаючы добра французскай мовай, змог павучыцца ў мясцовай кансерваторыі.
На год будучы навуковец вярнуўся ў Расійскую імперыю, але марыў зноў паехаць у Еўропу. У 1869 годзе ён прыязджае ў Францыю, паступае ў Парыжскі ўніверсітэт, дзе пачынае атрымліваць медыцынскую адукацыю. Хутка Наркевічу-Ёдцы зноў прыйдзецца з’язджаць у Расію: у 1870-м пачнецца франка-пруская вайна, а Парыж увогуле будзе ў блакадзе. На радзіму ён вернецца ў свой родны маёнтак. Некалькі гадоў будзе прыводзіць яго да ладу, а затым ажэніцца з дачкой з суседняга павету Аленай Пясляк.
У навуцы ён таксама будзе рабіць паступовыя, але досыць упэўненыя крокі. Яго, як землеўладальніка, цікавіла ўсё, што звязана з зямлёй і ўрадлівасцю. Таму ён пабудаваў на сваім участку метэаралагічную станцыю. Гэта прывяло да таго, што Наркевіч-Ёдка нават стаў членам-карэспандэнтам Пецярбургскай акадэміі навук. Канструкцыю метэастанцыі высока ацэньвалі, а навуковец нават атрымаў бронзавы медаль на выстаўцы сельскай гаспадарцы ў Мінску.
Зацікаўленасць у сельскай гаспадарцы прывяла Наркевіча-Ёдку да вывучэння электрычнасці. Адбывалася гэта так: у маёнтку даўно выкарыстоўвалі маланкаадводы, але навуковец распрацаваў сістэму размяшчэння іх на сельскагаспадарчых палях. Дзякуючы расстаноўцы ён змог зрабіць так, каб на палі ніколі не біла маланка. Наркевіч-Ёдка выкарыстоўваў электрычнасць з атмасферы для стымуляцыі раслін.
На гэтым навуковец таксама не спыніўся. Наступным крокам для яго стала вынаходніцтва прыбору, які дазваляў атрымаць на фотапластынцы электрычнасць, якое вылучае цела чалавека. Наркевіч-Ёдка разумеў, што электрычныя працэсы — гэта частка, вельмі важная частка, біялагічных працэсаў.
Навуковец зрабіў сваю электраграфічную лабараторыю ў падвале маёнтка. Першыя вынікі даследаванняў прадставіў у 1892 годзе. Гэты прарыў прынёс для Наркевіча-Ёдкі сусветную вядомасць. Ён пачаў выступаць з лекцыямі ў еўрапейскіх сталіцах. У Парыжы яму далі званне прафесара электраграфіі і магнетызму. Наркевіч-Ёдка працягнуў праводзіць даследаванні на радзіме. Ён заснаваў санаторый, дзе лячылі па распрацаванай ім «Сістэме Ёдкі».
У 1904 годзе, ужо значна хворы, Якуб Наркевіч-Ёдка паехаў у Італію. Праз год вяртаўся ў Расійскую імперыю, але па дарозе ў Вене ён памёр. Навукоўца пахавалі на фамільных могілках пад Уздой. На жаль, яго спадчына пасля смерці была забытая. Электраграфію адкрылі зноўку толькі 1950-я, але яна стала вядомая не з-за Наркевіча-Ёдкі. Пра самага навукоўца ўспомнілі толькі ў апошнія гады Савецкага Саюза.
Беларус, які дапамог развіццю касманаўтыкі
Барыс Кіт нарадзіўся ў Пецярбургу, але ў дзяцінстве яго сям’я пераехала на сучасную тэрыторыю Беларусі. На беларускіх землях ён атрымаў адукацыю, спрычыніўся да прасоўвання беларускасці. Пасля Другой сусветнай вайны пераехаў у Германію, а пасля ў ЗША.
У Амерыцы пачаўся ўзлёт у яго навуковай кар’еры. Там ён атрымаў доктарскі ступень у матэматыцы і фізіцы. Яго працай стала пасада ў Нацыянальным агенцтве па авіяцыі і космасу, там ён распрацоўваў ракетныя сістэмы.
Лічыцца, што Барыс Кіт зрабіў значны ўклад у распрацоўку паліва для ракет, якое дазволіла зрабіць палёты больш бяспечнымі і эфектыўнымі. Яго даследаванні і распрацоўкі дапамаглі ажыццявіць шматлікія касмічныя місіі, уключаючы палёт на Месяц. Праца Барыса Кіта высока цанілася ў ЗША і на міжнародных узроўні.
Кіт пражыў доўгае жыццё і памёр у 2018 годзе ў Германіі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Барыс Кіт — беларускі Опенгеймер?
Які ён, беларускі «Нобель»? Расказваем пра лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, звязаных з Беларуссю
Выбітныя жанчыны-доктаркі ў гісторыі Беларусі: лячылі вайскоўцаў, турэцкіх султанаў і беларусаў
Беларускі ўраджэнец, які стаў патрэбным у эміграцыі
Ігнат Дамейка нарадзіўся ў вёсцы Мядзвядка ў Навагрудскім павеце ў 1802 годзе. Дамейка паходзіў са шляхецкай сям’і, атрымаў пачатковую адукацыю дома. Затым ён паступіў у Віленскі ўніверсітэт, яго спецыялізацыяй стала фізіка і матэматыка.
Ігнат Дамейка не быў пазбаўлены цікавасці да палітычнага жыцця. У 1830 годзе пачалося Паўстанне супраць расійскага панавання, у якім ён прыняў непасрэдны ўдзел. Паўстанне падавілі, таму многія людзі былі вымушаныя пакінуць свае дамы і з’ехаць у эміграцыю. Такі ж лёс напаткаў Ігната Дамейку. Так навуковец трапіў у Францыю: у Парыжы ён працягнуў свае даследаванні ў Сарбонскім універсітэце.
У 1838 годзе чылійскі ўрад запрасіў Дамейку на працу. Чылі імкнуліся прыцягнуць у краіну еўрапейскіх навукоўцаў для развіцця адукацыі і навукі ў краіне. Дамейка пагадзіўся і пераехаў у Паўднёвую Амерыку. У Чылі ён стаў прафесарам хіміі і мінералогіі ва ўніверсітэце Санцьяга. У 1884 годзе яго абралі прэзідэнтам універсітэта. У Чылі Ігнат Дамейка лічыцца нацыянальным героем.
Дамейка правёў шаматлікія геалагічныя даследаванні ў розных рэгіёнах Чылі. Ён апісаў мноства новых мінералаў і геалагічных утварэнняў, якія раней былі невядомыя.
Ігнат Дамейка не абмежаваўся даследаваннямі ў сферы геалогіі. Разам з паездкамі па розных рэгіёнах Чылі ён праводзіў даследаванні мясцовых індзейскіх народаў: збіраў інфармацыю пра іх культуру, звычаі і мову.
Ігнат Дамейка памёр у 1889 годзе ў Чылі.
Авіяканструктар, чые самалёты лятаюць і дагэтуль
Павел Сухі нарадзіўся на Глыбоччыне ў 1895 годзе. Ён атрымаў пачатковую адукацыю на беларускіх землях, а ў 1914 годзе паступіў у Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча. У Маскве Сухі вывучаў авіяцыйную тэхніку.
Праца ў авіяцыйнай сферы пачалася ў 1925 годзе, калі Сухі атрымаў пасаду ў Цэнтральным аэрагідрадынамічным інстытуце. У 1930-я гады Павел Сухі ўдзельнічаў у распрацоўцы шэрагу вайсковых самалётаў: працаваў над лёгкім бамбардзіроўшчыкам Су-2, які пазней выкарысталі падчас баёў Другой сусветнай вайны. У 1939 годзе Сухі падняўся па кар’ернай лесвіцы, бо канструктарскае бюро, у якім той працаваў, перайменавалі ў «Канструктарскае бюро Сухога».
На распрацоўцы Су-2 усё не спынілася. У 1955 годзе быў распрацаваны Су-7, які стаў першым савецкім звышгукавым знішчальнікам. У 1965 годзе быў распрацаваны знішчальнік-перахопнік Су-15, які прызначаўся для перахопу варожых самалётаў на вялікіх вышынях і стаў адным з асноўных самалётаў савецкай супрацьпаветранай абароны. Су-17 стаў першым савецкім знішчальнікам са зменнай геаметрыяй крыла, яго выкарыстоўвалі ў шматлікіх ваенных канфліктах, уключаючы вайну ў Афганістане.
Павел Сухі памёр у 1975 годзе. За жыццё атрымаў шэраг прэмій і ўзнагарод да савецкага ўрада. Распрацоўкі яго бюро і дагэтуль выкарыстоўваюцца для сучасных самалётаў. У гонар Паўла Сухога ў Расіі названая авіякампанія, якая знаходзіцца пад санкцыямі ад 2006 года з-за супрацоўніцтва з Іранам. Новыя санкцыя ўвялі пасля акупацыі расійскімі войскамі Крыма і поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе.