PALATNO шукае беларускія прыказкі пра зіму.
Змест
- Воз дадому возіць, сані на базар
- Грамніцы — палавіна зіміцы
- Гусі нізка — зіма блізка
- Зіма ліха, а без зімы яшчэ горш
- Зімняя ночка — бацьку сарочка
- Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы
- Не пі, не еш і з хаты не лезь
- Рыхтуй калёсы зімой, а сані летам
- Мароз сем баб павёз
- Пытаецца люты, ці добра абуты
- У снежні мароз і снег вышэй хаты — год будзе багаты
- Ккалі на Стрэчанне нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы
Воз дадому возіць, сані на базар
Селянін улетку сабраны на полі ўраджай возіць дадому, а частку яго мусіць везці зімой на базар.
«Астатняе ўсё прыходзілася купляць, прадаючы пудок жыта. Лішку ў верасаўцаў не было, але прадавалі. Недарма кажуць: воз дадому возіць, сані на базар. За тыдзень-два наперад згаворваліся, хто з кім паедзе і што павязе на продаж». (В. Адамчык, «Чужая бацькаўшчына»)
Грамніцы — палавіна зіміцы
Ужываюць як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды. Грамніцы — свята ў хрысціян, якое ў праваслаўных прыпадае на 15 лютага па новым стылі, а ў католікаў — на 2 лютага.
«Даволі траскучыя марозы гулялі на прасторы, ціснулі ўсё жывое і нежывое. Прайшлі і Коляды, і Хрышчэнне (тры каралі), і блізка Грамніцы. Хоць і кажуць: “Грамніцы — палавіна зіміцы”, але ўжо зіма ідзе к канцу». (Я. Колас, «Канец зімы»)
Гусі нізка — зіма блізка
Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды.
«Ляцелі гусі, плылі не чарадой, а бязладнай гурмой, наперагонкі, нібыта грэліся, нібыта збіраліся скучыцца, каб было цяплей і каб не даймаў сіберны вецер. “Гусі нізка – зіма блізка”, — прыгадалася чутае». (Л. Калодзежны, «Паўлюк Самусік са Стаўроў»)
Зіма ліха, а без зімы яшчэ горш
Пра дваякае стаўленне да зімы.
«— Управіліся да зімы ўжо? Тыдзень-другі, зусім малы дзень будзе. — Восені яшчэ ладна наперадзе. А! У нас кажуць — зіма ліха, а без зімы яшчэ горш. Усяго трэба». (А. Кажадуб, «Старая хата»)
Зімняя ночка — бацьку сарочка
Пра ручное прадзіва ў доўгія зімнія ночы.
«Сабіна дзеўкаю папасядзела за тымі кроснамі, нават помніць прымаўку: зімняя ночка — бацьку сарочка. Усё самі рабілі, ткалі, кроілі, шылі». (А. Кажадуб, «Стрэчанне»)
Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы
Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды.
«Студзень — самы халодны месяц года. Гэта ў ім трашчаць маразы. Але беларус рады маразам і не хоча, каб яны слаблі. Бо памятае продкаў: “Барані нас Бог ад цёплага студзеня”, — казалі яны. Ды і сам ён ведае: “Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы”». (Я. Сіпакоў, «Зялёны лісток на планеце Зямля»)
Не пі, не еш і з хаты не лезь
Пра вельмі дрэнную пагоду (звычайна зімой).
«Першая ваенная зіма была халодная. Як кажа прыказка: не пі, не еш і з хаты не лезь. Але з хаты трэба было вылазіць». (Р. Сабаленка, «Успомненае»)
Рыхтуй калёсы зімой, а сані летам
Гаворыцца як парада загадзя рыхтаваць тое, што спатрэбіцца праз пэўны час.
«Вы забыліся пра адну прыказку, якую вельмі любіў паўтараць ваш дзед: “Рыхтуй сані летам, а калёсы зімой”, і таму плана веснавой сяўбы зімой не рыхтавалі». (А. Макаёнак, «Выбачайце, калі ласка»)
Мароз сем баб павёз
Пра вельмі моцны мароз.
«— А ты за вядзі мяне дадому, — папрасіў Сяргейка. — Я адзін буду. — Куды я цябе павяду? На двор няможна носа вытыркаць. Ды і мароз… сем баб павёз». (А. Казлоў, «Ікаўка, мяцеліца і Сяргейка»)
Пытаецца люты, ці добра абуты
Пра надвор’е ў лютым, які звычайна бывае марозным месяцам.
«Ад бадзёрага марозіку — пытаецца люты, ці добра абуты — прытуптвала ўся сабраная грамада, як бы танец вясельны развучвалі». (А. Бутэвіч, «Каралева не здраджвала каралю»)
У снежні мароз і снег вышэй хаты — год будзе багаты
Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды.
«Снежань зноў апранае дрэвы. Але не ў зялёнае, а ў белае адзенне. І намятае да іх каранёў гурбы снегу. Навейвае сумёты па самыя стрэхі. І мы радуемся: “У снежні мароз і снег вышэй хаты — год будзе багаты”» (Я. Сіпакоў, «Зялёны лісток на планеце Зямля»)
Ккалі на Стрэчанне нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы
Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды. Грамніцы, Юр’я — святы ў хрысціян, першае прыпадае на 2 лютага, другое — на 23 красавіка (па старым стылі). Грамніцы і Стрэчанне — дзве назвы таго самага свята, другая — пераважна ў праваслаўных.
«Стрэчанне сёння, сынок. Зіма з летам у полі стрэліся. Калісь старыя людзі казалі: “Калі на Стрэчанне певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол наесца травіцы”». (У. Глушакоў, «Чарнобыльскі шлях…»)
