У Дзень святога Валянціна ў паветры лунае атмасфера кахання, пяшчоты і рамантыкі. Закаханыя дораць адзін аднаму валянцінкі, ходзяць на спатканні, ладзяць вячэры пры свечках. Але мала хто кажа пра тое, што за гэтым святам хаваецца шмат гісторый пра неўзаемнае каханне, якое прычыніла боль многім людзям. Да таго, шмат хто сустракае Дзень святога Валянціна ў адзіноце.
PALATNO расказвае гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з неўзаемным каханнем і перажылі цяжкія раставанні.
Змест
«Яно цёмна-сіняга колеру, як колер адмерлых трупных тканін»
Беларус Аляксандр лічыць самым балючым расставанне з дзяўчынай, з якой не было ўзаемных пачуццяў. Пасля гэта хлопец два месяцы знаходзіўся ў моцнай дэпрэсіі. Але сябры, з якімі Аляксандр праводзіў шмат часу, падбадзёрвалі яго і дапамагалі.
— Я сам па натуры з тых, хто любіць марыць і з гэтай нагоды хутка магу закахацца, як і адбылося тады. Параўнаў бы гэта з хваробаю. У маім уяўленні неўзаемнае каханне чамусьці цёмна-сіняга колеру, як колер адмерлых трупных тканін, якія пахнуць гніллю. Асабіста я канчаткова вылечыўся, калі пазнаёміўся з новай дзяўчынаю.
Аляксандр дадае, што неўзаемнае каханне — гэта балюча. І таму, паміж «кахаць» і «быць каханым» беларус абавязкова абраў бы другое. А тым, хто зараз знаходзіцца ў складанай сітуацыі і не ведае, што рабіць са сваімі пачуццямі, параіў бы звесці да нуля ўсе кантакты з чалавекам, які не адказвае ўзаемнасцю.
— Выдаліць усе фота, пазбавіцца ад усіх рэчаў, якія б нагадвалі пра чалавека. І хацеў бы пажадаць усім узаемнага кахання, якое зараз ёсць паміж мною і маёй жонкай Ленай.
«І чаму я быў такі дурны» — менавіта такую фразу беларус пакінуў бы на апошняй старонцы сваёй кнігі пра чалавека, з якім так і не атрымалася быць разам.
Расчараваў у юнацтве, а цяпер працуе ў КДБ
Беларусцы Марыне кожнае раставанне па-свойму прыносіла боль. Выходзіла з такога стану некалькі тыдняў. Адным з асабліва непрыемных было не столькі расставанне, колькі расчараванне ў юнацтве. Марыне падабаўся хлопец, які адказваў ёй узаемнасцю і на дыскатэках запрашаў на танцы. Аднакласнікі пачалі жартаваць з хлопца, крычалі, калі Марына ішла па калідоры школы.
— Крычалі: «Антон, твая любоў ідзе!». Ён станавіўся чырвоным, а ў рудых гэта яркая прыкмета. Ён маўчаў і не даваў ім адпору. Праз нейкі час заявіў маёй сяброўцы: «Вы мяне пад манастыр падвялі». Гэта значыць, мяне яшчэ і абвінаваціў у гэтым! Было вельмі непрыемна, учынкі і словы не мужчынскія. У далейшым ніколі не звяртала ўвагі на баязлівых і слабых мужычкоў, проста чуйка на іх была, адразу адсякала.
Некалькі гадоў таму Марына даведалася, што той чалавек, які калісьці яе расчараваў, працуе зараз у КДБ у Гродне. Жанчына пасмяялася і парадавалася, што тады нічога не склалася.
Балючае каханне ў беларускі адбылося і ў студэнцкія гады. Марына пазнаёмілася «на бульбе» з жанатым мужчынам, у якога было трое дзяцей. Кахалі абодва, але Марына яго пакінула. Да гэтага часу беларуска лічыць яго практычна ідэальным мужчынам і самым моцным. Пару гадоў таму Марына знайшла сваё былое каханне і патэлефанавала.
— Кароткая тэлефонная размова, але настолькі па-сяброўску цёплая! Больш не тэлефанавала, проста яшчэ раз пераканалася, што мой выбар тады быў не выпадковы.
Калі б Марына пісала кнігу аб тым чалавеке, з якім яна не магла быць разам, на апошняй старонцы яна б пакінула: «Я буду шчаслівая. Калі зможаш, даганяй». З неўзаемным каханнем беларуска не сутыкалася. Але кажа, што за свае пачуцці змагацца трэба, ператвараць іх у энергію і рабіць усё магчымае, каб гэтая любоў стала ўзаемнай. Усё гэта нагадвае Марыне моцны шторм на моры. Яна ўяўляе вялікія хвалі, з якімі змагаецца чалавек.
Марына вучылася любіць сябе доўгія гады. Для яе гэта — складаная праца. І цяпер, паміж двух альтэрнатыў — любіць або быць любімай — беларуска зрабіла б выбар на карысць любімага чалавека.
— Гэта значыць — сябе. Гэта важней, разумееце?
«У мяне крыху паехаў дах ад усяго таго, што адбывалася»
Самае цяжкае расставанне ў беларуса Валянціна адбылося падчас пратэстаў у 2020 годзе. Тады ён пазнаёміўся з дзяўчынай і сустракаўся з ёй паўгода. Калі за беларуса ўзяўся ГУБАЗ, дзяўчына ад яго адвярнулася. Валянцін палічыў гэта здрадай, таму што спадзяваўся на падтрымку ў складаны момант. Пазней мужчыну пасадзілі ў турму.
— Я вельмі заганяўся і перажываў. Але потым гэта ўсё забываецца. Цяпер бы я ёй падзякаваў, бо было шмат добрых момантаў. Ужо за гэта можна падзякаваць. І хацеў бы выбачыцца, таму што мы не вельмі добра рассталіся. І ў мяне крыху паехаў дах ад усяго таго, што адбывалася.
Па меркаванні Валянціна, калі няма ўзаемнасці і зваротнай рэакцыі ад чалавека, якога ты кахаеш, лепей яго забыць. Не марнаваць час і не навязвацца, таму што гэта значыць, што «чалавек не твой». Беларус кажа, што неўзаемнае каханне пахне расчараваннем і сумам: яно шэрага, нават чорнага колеру, і параўноўвае яго з нейкай цяжкай хваробай. Таму, па яго меркаванні, лепей быць каханым.
— Калі ты бачыш, што цябе чалавек кахае, табе прасцей наладжваць з ім нейкія стасункі. Ты больш упэўнены ў ім, ты ведаеш, што ён не здрадзіць. А тым, з кім нічога не атрымалася, я б сказаў «дзякуй», таму што ўсё, што адбываецца ў нашым жыцці — гэта не проста так. Гэта такія своеасаблівыя выпрабаванні, якія робяць нас мацнейшымі. Пасля таго, як мы гэта ўсё перажываем, нам лягчэй у наступны раз.
І на апошняй старонцы сваёй кнігі пра неўзаемнае каханне, Валянцін напісаў бы: «Усё, што мы робім, — гэта не проста так. Гэта новае выпрабаванне».
«Ён быў маім першым і апошнім каханнем»
Для беларускі Вікторыі (імя змененае — заўв. PALATNO) самым балючым было раставанне з чалавекам, які быў яе першым каханнем. Вікторыя не ўпэўненая, ці было каханне ўзаемным, таму што яно падавалася ненармальным і дзіўным.
— Ён быў старэйшы за мяне на шмат гадоў. Замяніў мне ўсіх: сяброў, бацькоў, настаўніка, мужчыну. Акрамя яго для мяне нікога не існавала.
Вікторыя называе свае пачуцці нездаровымі і хваравітымі. Спачатку бачыла ў каханым толькі самае добрае, была адданая, залежыла ад яго эмацыйна і фізічна. Праз некаторы час мужчына змяніўся ў горшы бок: паказаў свой сапраўдны твар, тое, што хаваў за маскай. Вікторыя дадае, што ён быў жудасным маніпулятарам і цынічным чалавекам.
Беларуска кажа, што ўсё разумела, але нічога не магла зрабіць, таму што «па-вар’яцкі яго любіла». Вікторыя загадзя ведала, якім будзе фінал, кепска сябе адчувала, быццам хварэла, але чаплялася за каханага да апошняга. Надышоў момант, калі пара разышлася і сувязь паміж імі цалкам абарвалася. Вікторыя зненавідзела мужчыну, але не перастала кахаць.
— Прайшоў час, я перастала мучыцца. Я не думаю пра яго, а калі і з’яўляюцца думкі, мне больш не балюча. І я нікога так і не змагла палюбіць, так моцна, па-сапраўднаму. Я быццам бы зусім нічога больш не адчуваю. Ні да каго. Ён быў маім першым і апошнім каханнем.
Вікторыя называе неўзаемнае каханне самым безумоўным, чыстым і шчырым, што можа існаваць. А ўсё таму, што ў гэтым выпадку, па меркаванні беларускі, ты кахаеш ні за што, не патрабуючы нічога наўзамен: «Кахаеш чалавека за чалавека».
— Узаемная любоў — яна эгаістычная. А безадказная — чыстая і бескарыслівая. І ты тут абсалютна безабаронны, уразлівы. Ты быццам бы ідзеш басанож па шкле, глытаеш лязо або стаіш у ціры замест мішэні і ў цябе ляцяць кулі. Пахне неўзаемнае каханне тым самым чалавекам. І колер яго такі самы, як колер любімых вачэй. А фраза «час лечыць» была для мяне раней прымітыўнай і дурной. Але цяпер я разумею, што гэта сапраўды працуе ў нейкай ступені. З часам табе становіцца лягчэй, боль прыглушаецца.
«Я цябе адпускаю» — менавіта такой магла бы быць апошняя фраза ў кнізе Вікторыі пра чалавека, з якім так і не атрымалася быць разам. І нягледзячы на ўвесь боль, беларуска ўсё роўна абярэ «кахаць», нават калі гэта будзе неўзаемна.
Сустракаліся, мучыліся, ажаніліся
У беларускі Ганны былі ўзаемныя пачуцці, але пара вымушана рассталася. Стасункі былі складанымі, мучыліся абодва. Па словах Ганны, пасля расставання было балюча і рана ніяк не магла загаіцца. Было адчуванне, што абодвум кепска. І ў нейкі момант пара пачала зноў сустракацца і ў выніку ажанілася.
— Што датычыцца неўзаемнага кахання, то лічу, што трэба проста дазволіць сабе пражыць яго. Не забараняць сабе пачуцці, адчуванні любові, не забараняць сабе сумаваць па гэтаму чалавеку і паступова, без падтрымкі і ўзаемнасці, гэта пачуццё затухне.
Ганна бачыць неўзаемнае каханне цёмнага колеру, шэра-зялёна-карычневага. Для яе яно пахне дажджом, чымсьці сумным, пахмурным, восеньскім. На апошняй старонцы кнігі пра чалавека, ад якога не было ўзаемнасці, беларуска напісала б словы ўдзячнасці за тое, што гэтыя пачуцці пабуджалі штосьці рабіць у жыцці, натхнялі. І словы аб тым, што гэта было недарэмна.
Ганна лічыць, што кахаць — прыемней. Але ў той жа момант таксама хочацца быць каханай. Па яе меркаванні, выбар залежыць ад пэўнай сітуацыі: у некаторыя моманты каханне можа дапамагчы ачуняць, акрыляць, паўстаць з попелу — і ў гэтым яго вялікая каштоўнасць. А ў іншай сітуацыі важна навучыцца прымаць пачуцці і клопат іншых людзей.
«Успрымаў яе як недасяжнага анёла»
Закаханасць у дзяўчыну была і ў беларуса Міхася (імя змененае — заўв. PALATNO). Сябравалі з дзяцінства, дзяўчына то знікала, то зноў з’яўлялася. Міхась успрымаў яе як «недасяжнага анёла», таму што дзяўчына была маладзейшага за яго. Беларус чакаў, пакуль яна пасталее і зверне на яго ўвагу. Міхасць кажа, што зараз розніца ва ўзросце не была б перашкодай, але тады дзяўчына ўспрымала яго як старэйшага брат.
Міхась адкрыў дзяўчыне свае пачуцці толькі праз некалькі год. Але яна нічога не адказала. Цяпер беларус не шкадуе аб тым, што прызнаўся ў каханні.
— Калі б я так не зрабіў, то гэта было б страчанай магчымасцю, аб якой я вельмі шкадаваў. Справіцца з перажываннямі мне дапамагалі музыкальныя кампазіцыі — у гэты час я палюбіў готык-рок, амаль штодзённыя прабежкі, а таксама напісанне вершаў. Часу спатрэбілася многа, бо і закаханасць была доўгай.
На апошняй старонцы кнігі пра каханую дзяўчыну, якая не адказала ўзаемнасцю, Міхась напісаў бы: «У цябе сваё жыццё, у мяне таксама. Шкада, што яно не стала агульным для нас у гэтым Сусвеце. Але не, усё ж не шкада, я сябе адрываю ад цябе назаўжды. Павер, так лепей».
Беларус лічыць, што калі кахаеш чалавека і хацеў бы яму шчасця, але разумееш, што адносіны не будуць развівацца, то лепш яго адпусціць.
Неўзаемнае каханне Міхась параўноўвае з хваробай, якая з’ядае розум. Ён кажа, што чалавек увесь час быццам знаходзіцца на арэлях, якія гойсаюць ад пазітыву да негатыву. Па меркаванні Міхася, кахаць трэба толькі разам, бо інакш будзе паступовае самазнішчэнне, у выпадку, калі кахаеш толькі ты, або праяўленне эгаістычных адносін да чалавека, калі кахаюць то