ВКЛ — спадчына, а БССР — не зусім, мова павінна быць беларуская. Што беларусы думаюць пра сябе

Социальный опрос среди беларусов

Цэнтр новых ідэй сумесна з ініцыятывай «Народнае апытанне» правёў даследаванне, як дэмакратычная частка беларускага грамадства ўспрымае беларускую тоеснасць.

PALATNO падрабязна расказвае, як мова ўплывае на разуменне сябе і як большасць лічыць ВКЛ дагэтуль уплывовай эпохай для беларусаў.

Мова

Удзельнікі самі маглі абіраць мову апытання — рускую ці беларускую. Каля 70% апытаных абіралі беларускую мову. Старэйшыя ўзроставыя групы часцей абіралі рускую мову апытання. У апытанцы прынялі ўдзел і людзі, якія не падтрымлівалі пратэсты, — сярод іх абралі беларускую мову толькі 29% рэспандэнтаў.

Ідэнтычнасць

89% рэспандэнтаў у апытанні назвалі сябе беларусамі. Толькі ў паловы рэспандэнтаў абодва бацькі маюць беларускае грамадзянства і з’яўляюцца ўраджэнцамі Беларусі.

Галоўным чыннікам у акрэсленні нацыянальнай ідэнтычнасці з’яўляецца самасвядомасць і самавызначэнне асобы. Даследчыкі адзначаюць, што «нейтралы» і тыя, хто не падтрымлівае пратэст, сярод іншых чыннікаў ідэнтычнасці часцей за іншых звяртаюць увагу на грамадзянства, а людзі ва ўзросце, большым за 40 гадоў (як і тыя, у каго няма вышэйшай адукацыі), часцей абіраюць прынцып «любіць Беларусь».

Социальный опрос среди беларусов

Суіснаванне двух праектаў ідэнтычнасці

Даследчыкі вылучаюць два моманты ў адчуванні і фармаванні ідэнтычнасці ў апытаных беларусаў.

Па-першае, сярод тых, хто абраў беларускую мову апытання, паказчыкі ідэнтычнасці як асабістага набытку і адчуванне сваёй тоеснасці, больш высокія, чым у тых, хто выбраў рускую мову.

Па-другое, высокую ступень усведамлення сваёй нацыянальнасці выказваюць не толькі прыхільнікі пратэсту, але і яго праціўнікі.

Даследчыкі падкрэсліваюць, што ў Беларусі цяпер суіснуюць два палітычныя праекты ідэнтычнасці — «нацыянальна-дэмакратычны» і «нацыянальна-савецкі». Кожны з гэтых праектаў мае сваіх паслядоўнікаў, для якіх беларуская ідэнтычнасць важная.

Гістарычная спадчына

Амаль палова апытаных лічыць, што падмуркам ці пачаткам гісторыі беларускай дзяржаўнасці з’яўляюцца старажытныя Полацкае і Турава-Пінскае княствы. На другім месцы — Вялікае Княства Літоўскае. Аднак даследчыкі заўважаюць, што перыяд ВКЛ — гэтая тая эпоха, якая, паводле рэспандэнтаў, найбольш паўплывала на развіццё беларускага народа. Другое месца дзеляць паміж сабой эпоха Рэчы Паспалітай і БНР.

Дарэчы, перыяд Вялікай Айчыннай вайны і час знаходжання ў складзе СССР рэспандэнты палічылі не такім значным. Хаця цяпер беларускія чыноўнікі будуць ідэалогію менавіта на гэтых перыядах.

Палітыка

Практычна ўсе апытаныя выказваюцца за тое, што беларусам не трэба ніякіх саюзаў з Расіяй. Большасць рэспандэнтаў падтрымліваюць арыентацыю на Еўропу.

І яшчэ значная частка лічыць, што ў знешнепалітычнай дзейнасці не трэба ні на каго арыентавацца, а ажыццяўляць самастойную палітыку.

Цікава, што пераважная большасць беларускамоўных і рускамоўных рэспандэнтаў выказваюцца за ўступленне ў Еўрасаюз — такіх адказаў 89%.

Социальный опрос среди беларусов

Беларусізацыя

Пераважная большасць дэмакратычнай часткі грамадства лічыць, што палітыка беларусізацыі павінна быць праведзеная.

72% рэспандэнтаў лічаць, што беларуская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай. За дзве дзяржаўныя выказаліся 23% рэспандэнтаў. За адзіную дзяржаўную рускую — толькі 1%.

Социальный опрос среди беларусов

Вынік

— Як галоўную выснову даследавання высунем наступны тэзіс. У 2020 годзе сапраўды адбылося перакадзіраванне беларускай нацыянальнасці і перараджэнне беларускай нацыі. Замест напаўразбураных (доўгачасовая сямейная традыцыя) або дэфармаваных (адукацыйна-ідэалагічная сістэма) інструментаў фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці запрацавалі іншыя механізмы — не інстытуцыйныя, але пераважная індывідуальныя, і не этнічныя, а хутчэй грамадска-палітычныя. Гэта значыць, шмат для каго беларушчына сёння — не традыцыя ці спадчына, а хутчэй адкрыццё і дасягненне, якія яшчэ патрабуюць дапаўнення, дапрацоўкі і сістэматызацыі, — робяць выснову даследчыкі.

Вярнуцца ўгару