Чым займаюцца беларусы ў Антарктыцы?

беларусы ў антарктыцы, беларусы палярнікі

А вы ведалі, што беларусы амаль дваццаць гадоў даследуюць ледзяны кантынент? У Беларусі нават ёсць уласная станцыя на Антарктыцы. Але што яны там робяць? Якія даследаванні праводзяць?

PALATNO расказвае, чым займаюцца беларусы ў Антарктыцы і як даўно яны там знаходзяцца.

Беларусы былі ў Антарктыцы яшчэ за савецкім часам

Беларусы ўпершыню пабывалі на Антарктыцы дзякуючы першай антарктычнай экспедыцыі СССР у 1955 годзе. У склад савецкай экспедыцыі ўвайшлі дзесяць беларусаў: яны займаліся будоўляй першай савецкай антарктычнай абсерваторыі. Ад 1955 года да абвяшчэння незалежнай Беларусі ў Антарктыку з’ездзілі 102 беларуса.

Доўгі час беларусы ўдзельнічалі ў палярных экспедыцыях як часта савецкіх праграм па даследаванні Антарктыкі.

ЧАМУ АНТАРКТЫКА НЕЙТРАЛЬНАЯ?
У 1959 годзе быў падпісаны Антарктычны дагавор, які вызначыў, што Антарктыка — тэрыторыя, якую можна выкарыстоўваць выключна ў мірным мэтах. Там забаронена размяшчаць вайсковыя базы, праводзіць вучэнні і выпрабаванні зброі. Дагавор таксама замарожвае любыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі на кантынент. У Антарктыцы дазволена праводзіць навуковыя даследаванні, якія даступны ўсім удзельнікам дагавору.

Што адбываецца цяпер у «беларускай» Антарктыцы

У 2005 годзе беларускія навукоўцы, якія яшчэ ў савецкія часы займаліся даследаваннем Антарктыкі, заклікалі Беларусь далучыцца да Антарктычнага дагавору. Праз год наша краіна далучылася да дагавору. За гэты час беларусы правялі 16 палярных экспедыцый, у якіх удзельнічаў 51 чалавек.

А як беларусы трапляюць на ледзяную выспу? Асабісты склад і грузы адпраўляюць марскім шляхам пры дапамозе расійскага боку. Дарэчы, паміж Беларуссю і Расіяй заключана дамова аб супрацы ў Антарктыцы. Часам беларускіх навукоўцаў дастаўляюць і іншыя краіны, што працуюць у рэгіёне. У Антарктыку можна трапіць яшчэ і самалётам: для гэтага працуе авіяцыйная праграма DROWLAN.

Ад 2007 да 2015 года беларусы жылі ў палявым лагеры, які знаходзіўся на месцы закансерваванай аэрадромнай базы «Гара Вячэрняя» ва Усходняй Антарктыдзе.

беларускія палярнікі, антарктыка, беларусы ў антарктыцы
13-я экспедыцыя беларускіх палярнікаў. Фота: zviazda.by

У 2015 годзе Беларусь пачала будаўніцтва ўласнай станцыі, якая была названая «Гара Вячэрняя». Цяпер там знаходзіцца некалькі жылых і даследчых блокаў. Станцыя функцыянуе дзякуючы комплексу генератараў. Для сувязі са знешнім светам выкарыстоўваюцца тэрміналы спадарожнікавай сувязі. Калі палярнікі знаходзяцца не на базе, то выкарыстоўваюць для сувязі паміж сабой радыёстанцыі. У беларусаў на станцыі таксама ёсць аўтатэхніка: снегаходы і квадрацыклы. Падчас працы палярнікаў на станцыі знаходзіцца хірург, які дапамагае палярнікам у надзвычайных сітуацыяй.

Планавалася, што пасля 2024 года на станцыі правядуць пілотную зімоўку, пасля якой станцыя «Гара Вячэрняя» будзе функцыянаваць у круглагадовым рэжыме.

Якія даследаванні праводзяць беларусы

На станцыі ёсць шэраг спецыяльных даследчых пабудоў. У біялагічным стацыянары праводзяць эксперыменты па вырошчванні зеляніны на штучных субстратах. На пасце геафізічнага маніторынгу вымяраюць геамагнітнае поле. Таксама на станцыі знаходзяцца гідраметэаралагічнае бюро і лабараторыя фізікі атмасферы.

Беларусы праводзяць маштабныя аптычныя назіранні на станцыі. Гэта патрэбна, каб даведацца больш пра забруджванне навакольнага асяроддзя на Антарктыдзе. Прасцей кажучы, беларусы вывучаюць, як прырода вакол нас змяняецца і чаму гэта дрэнна.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як зразумець серыял LOST?

 

Як склаўся лёс першых беларускіх акадэмікаў

 

Беларускія вынаходнікі, якія змянілі свет


Антарктыка, даследаванні на антарктыцы
Антарктыка.

Таксама беларускія навукоўцы вывучаюць на станцыі магнітнае поле. Беларусы распрацавалі камплект мапаў: дзве мапы анамальнага магнітнага поля, мапы з раянаваннем магнітнага поля, мапа разломаў зямной кары і г.д.

Яшчэ адным аспектам знаходжання беларускіх палярнікаў у Антарктыцы з’яўляюцца біялагічныя даследаванні. Беларусы даследуюць рэгіён пад назвай аазіс Пагоркі Тала. У асноўным, гэта даследаванні водарасцяў, лішайнікаў, пракарыётаў, рыб і мікробаў.

А што далей?

У бліжэйшыя два гады беларускія палярнікі плануюць адкрыць другую станцыю, а разам з ёй і нафтабазу, каб захоўваць паліва пры адмоўных тэмпературах. Акрамя гэтага будуецца кают-кампанія, каб беларускія палярнікі збіраліся разам. Звычайна палярнікі едуць у экспедыцыю на сем месяцаў, таму бытавым умовам надаецца асаблівая ўвага.

Вярнуцца ўгару