Двое выхадцаў з беларускіх мясцін, два розныя стагоддзі і адна цікавасць — нястрымная праца да новага. Першы, Ксаверый Карніцкі, стаў кітабоем і першым з жыхароў Рэчы Паспалітай наведаў Аўстралію. Другі, Іван Сініцкі, так палюбіў Новую Зеландыю, што напісаў першым па-руску пра гэту далёкую краіну.
PALATNO расказвае пра Ксаверыя Карніцкага і Івана Сініцкага.
Кітабой з-пад Наваградка
Пра біяграфію Ксаверыя Карніцкага вядома не так шмат. Ксаверый нарадзіўся на Наваградчыне ў 1750 годзе, але дакладнае месца нараджэння невядома. Ён адвучыўся ў піярскіх школах на радзіме, а затым вырашыў з’ехаць у далёкія краіны.
У 24 гады ён эміграваў у Паўднёвую Амерыку. Верагодна, ён доўга не затрымаліваўся ні ў адной з паўднёваамерыканскіх краін, але частку жыцця ў эміграцыі правёў у Чылі. Там жа, у Паўднёвай Амерыкі, ён заняўся кітабойным промыслам, што дазволіла яму зарабляць на жыццё. Так далёка ад радзімы Карніцкі правёў больш за 15 гадоў.
У 1790 годзе Ксаверый змог наведаць Аўстралію. Так, ён лічыцца першым ураджэнцам ВКЛ і Рэчы Паспалітай, які быў у Аўстраліі. У Аўстраліі Ксаверый планаваў арганізаваць калоніі і займацца кітабойнай справай, чаму навучыўся яшчэ ў Паўднёвай Амерыцы. Аднак невядома, чаму ён там не застаўся.
Праз год з Аўстраліі Карніцкі адпраўляецца ў сваю апошнюю вандроўку. Ён плыве праз Індыйскі акіян да Афрыкі, а адтуль плыве ў Францыю. Хутчэй за ўсё, там ён правёў усё сваё жыццё да смерці.
Згодна з «Малым слоўнікам польскіх каланіяльных і марскіх першапраходцаў», Ксаверый Карніцкі пакінуў асабісты дзённік за 1785-1891 гады, то бок успаміны пра жыццё ў Паўднёвай Амерыцы і вандроўку ў Аўстралію. На жаль, гэты дзённік і яго копіі не захаваліся да нашага часу.
Ксаверый Карніцкі памёр у французскім Шэрбуры ў 1801 годзе.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
А вы ведаеце, што першым прэзідэнтам Гаваяў быў беларус?
Рэвалюцыянер са Смаргоншчыны

Іван Сініцкі нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і. Год нараджэння Сініцкага спрэчны — ці 1856, ці 1861 гады. У маладосці жыў ва Украіне, а ў 1893 годзе вярнуўся на Смаргоншчыну. Там ён купіў зямлю і адразу стаў жа вядомай фігурай там. Сініцкі абараняў сялян на судах і бясплатна кансультаваў іх, пісаў у газеты. З часам яго дом ператварыўся ў неафіцыйны культурна-асветніцкі цэнтр, дзе збіралася моладзь і абмяркоўвала забароненую літаратуру. Царскія ўлады бачылі ў Сініцкім пагрозу, але жыццё павярнулася нечаканым бокам.
У 1901 годзе Іван Сініцкі з’ехаў за мяжу ў вандроўку, якое па маштабе і геаграфіі выглядае амаль неверагодным для звычайнага чалавека з беларускай вёскі пачатку XX стагоддзя. Ён наведаў Вялікабрытанію, Францыю, Новую Зеландыю, Аўстралію і іншыя мясціны. У сваёй вандроўцы па далёкіх краінах ён правёў каля трох гадоў.
Асаблівае месца ў сэрцы Сініцкага заняла Новая Зеландыя, у якой ён правёў шмат часу, уважліва назіраў за жыццём мясцовага насельніцтва, знаёміўся з культурай моры і наведваў унікальныя мясціны краіны. У выніку ён апублікаваў кнігу «Новая Зеландыя–Еўропа», якая стала першай кнігай пра гэту краіну на рускай мове. Аднак царскія ўлады забаранілі публікацыю. На сёння ад кнігі застаўся толькі карэктурны адбітак.
У 1905 годзе ў Расійскай імперыі пачалася рэвалюцыя. Сініцкі прыняў у ёй удзел, але доўга змагацца ён не змог: яго арыштавалі і кінулі ў Віленскую губернскую турму. Пасля суда рэвалюцыянера і вандраўніка адправілі ў ссылку ў Валагодскую губерню. Падчас ссылкі напісаў мемуары, у якіх расказаў пра рэвалюцыйныя падзеі на Смаргоншчыне ў канцы XIX і пачатку XX стагоддзяў.
Іван Сініцкі не збіраўся праводзіць у ссылцы ўвесь тэрмін. Таму з Валагодскай губерні ён уцёк у Фінляндыю. Аднак і на гэтым яго гісторыя не скончылася.
Хутчэй за ўсё, у міжваенны час Сініцкі вярнуўся на Смаргоншчыну. Там ён працягнуў пісаць у газеты, падтрымліваў Таварыства беларускай школы, працаваў у мясцовым самакіраванні. Пасля Першай сусветнай вайны ён адбудаваў свой разбураны дом і аднавіў сад, якім доўгі час займаўся.
Іван Сініцкі памёр у 1939 годзе ад сухотаў, якія падхапіў у турме і ссылцы.
