«Сёлета ў нас спеўна-танцавальны марафон». Як у Беластоку прайшоў фестываль «Сонцаграй»

фестываль сонцаграй, фестываль беларускай традыцыйнай культуры

На Падляшшы пачаўся трэці фестываль беларускай традыцыі «Сонцаграй». Фэст адбываецца ў розных мястэчках Беласточчыны, каб паказаць як мага большай колькасці гледачоў беларускую культуру.

PALATNO расказвае з месца падзей, што там можна ўбачыць у 2024 годзе.

«Фестываль жыве, дыхае, змяняецца»

У гэтым годзе фэст пачынаецца ў Беластоку. Мы прыходзім на рынкавую плошчу загадзя, каб заспець падрыхтоўку выступоўцаў. Прагнозы надвор’я абяцалі некалькі дзён дажджоў: адзін з іх прыпадаў і на пачатак фестывалю. Кагосьці гэта не вельмі засмучала, а хтосьці быў заклапочаны магчымымі ападкамі. Аднак арганізатары паклапаціліся пра магчымасць выступаць і ў неспрыяльных умовах.

Да пачатку пачалі сцякацца зацікаўленыя людзі:

— Мінулагодні фестываль быў шыкоўны. Спадзяюся, гэтым годам ён таксама будзе шыкоўны. — падзяліўся адзін з гледачоў Васіль. — Троху змяніўся фармат, сёлета ў Беластоку пачынаем, а не недзе ў гмінах. Зразумела, што будзе па-іншаму. Ніводзін фестываль не можа паўтарыцца год за годам. І гэта цалкам нармальна, гэта значыць што фестываль жыве, дыхае, ён змяняецца і гэта класна.

Выступоўцаў проста адрозніць па строях. Яны прыцягвалі позірк і стваралі ўзнёслы настрой яшчэ да пачатку спеваў ды танцаў. Падчас падрыхтоўкі жанчыны адна адной рабілі кампліменты спадніцам, вышываным кашулям, каралям.

фестываль беларускай культуры, фэст сонцаграй
Гледачы займаюць месцы, каб пабачыць танцы і паслухаць спевы. Фота: PALATNO

Удзельніца капэлы Трохрацкай з Гданьску Вольга Барышнікава падзялілася са мной сваімі надзеямі: на сёлетнім фестывалі яна шукае новых знаёмстваў. А цяпер з капэлай прывезла новыя знаёмствы і для нас:

— Сёння падчас майстар-класу мы будзем вучыць рэгіянальным танцам. Гэта танцы з Шаркаўшчынскага раёна, гэта танцы з маёй радзімы. Таму мы прыехалі сюды прапагандаваць і распаўсюджваць такую лакальную культуру. І спадзяюся, што атрымаецца зрабіць так, каб гэтыя танцы прыжыліся на Беласточчыне.

Першымі прывіталі нас жанчыны з калектыву Żemerwa з вясновымі песнямі «Там па маёвай рошчы» і «Там за лесам, за борам», а следам заспявалі і мужчыны з Osoczniki. Можна было пачуць і песні, сабраныя ў мясцовых вёсках, і песні з палескіх вёсак. Усмешкамі, позіркамі выступоўцы не проста паказвалі — далучалі да сваёй, роднай ім культуры, да таго, што ёсць часткай іх жыцця і часткай жыцця нашага.

— Я з Бельска, у нас жыве дагэтуль шмат беларусаў. Я проста апынуўся ў беларускай культуры ад дзяцінства. І з маім гуртам, у якім спяваюць мае сябры, выступаем можа быць дванаццаць гадоў. Так што для мяне традыцыйная культура Падляшша — гэта ўсё, што мяне акружае, — падзяліўся Максім з Osoczniki. — Але «Сонцаграй» — гэта такое месца, дзе традыцыйная культура рэгіёну можа дайсці і ў іншыя месцы. Мы з сябрамі спяваем больш па вёсках, а тут у Беластоку можам заспяваць для беларусаў дыяспары, турыстаў. Гэта вельмі добрая нагода паказаць сваю культуру.

«Тутэйшыя беларусы, тутэйшы ўкраінцы, тутэйшы татары — мы ўсе тут ёсць»

Пасля спеваў калектывы зладзілі танцы, да якіх запрасілі далучацца і гледачоў. Лысы, падыспан, кракавяка… Пад скрыпкі, баян і нешта, што нагадвала вялікі барабан, людзі танчылі тое, што ведалі і як умелі — а значыць, правільна.

Пакуль шукала сабе партнёра для танцаў, застала вельмі цікавую сцэну: хлопчык здымаў відэа са словамі «Глядзіце, я ў Беларусі». Хацеў ён так пажартаваць ці сапраўды прымае традыцыйную культуру як неад’емную частку беларушчыны, я не запытала, але прыемна было пабачыць і сярод дзяцей тых, хто наблізіўся да аўтэнтычнай культуры.

— Я думаю, што цяпер шмат людзей, асабліва маладых, якія цікавяцца гэтай культурай. — кажа Максім. — Можна сказаць, што на беларускую культуру ў Польшчы цяпер бум. Народныя традыцыі Польшчы і Беларусі цікавяць маладых людзей.

Пакуль адпачывалі пасля танцаў, заспявалі мужчынскі калектыў Zhraja і жаночы Kudziela. І запрасілі да іх далучыцца: кожны ахвотны мог атрымаць раздрукаваныя тэксты песень, запісаныя лацінкай альбо кірыліцай. Актыўна далучаліся людзі: не толькі беларусы, але і палякі. Многім ужо знаёмая мелодыя, былі нават тыя, хто спяваў па памяці. Надзвычайнае відовішча, калі акрамя выступоўцаў выходзяць і спяваюць яшчэ з два дзясяткі чалавек. Адзін з арганізатараў Зміцер Косцін да кожнай песні дадаваў, кім і ад каго былі яны запісаныя — важная частка для людзей, хто цікавіцца фальклорам.

— Я нарадзіўся ў Беластоку, у месцы, у радзіне не вельмі беларускай. Але гэта подляскасць, яна была. Я памятаю, як маленькі ў бабці слухаў беларускі канцэрт. Гэта не былі нашы традыцыйныя народныя песні, але гэта мая міласць до тутэйшыны, до тутэйшага нашага фальклору. Проста падляскасць і беларускасць у мяне тады і нарадзілася. — расказаў самы малады выступоўца Сымон са Zhraja. — Гэта мой першы раз на «Сонцаграю». Я хачу показаць адну рэч: што Падляшша – шматнароднае, можа на вуліцы большасць і размаўляе па-польску, але тутэйшыя беларусы, тутэйшы ўкраінцы, тутэйшы татары — мы ўсе тут ёсць.

«Перамагаюць альбо танцоры, альбо музыкі»

Новы сёлетні фармат сапраўды прыцягнуў вагу многіх. Людзі падыходзілі і цікавіліся, што тут за свята, ці беларускія гэта песні, ці беларусы гэта спяваюць і танчаць, адкуль прыехалі калектывы, дзе шукаць пра такія фестывалі аб’явы — і заставаліся! Спявалі і танчылі разам з намі. Сувядоўца фестываля Марыя Грыц падзялілася думкамі пра сёлетні фестываль.

— Летась гэта былі такія пасядзелкі каля возера, больш такая купальская традыцыя. А сёлета ў нас больш спеўна-танцавальны марафон. Мы пачынаем у Беластоку – гэта для мяне вялікая радасць. Таму што ўсе імпрэзы, якія па-за горадам, на іх прыязджаюць ужо абазнаныя людзі. А калі гэта ў горадзе, то вялікая ёсць магчымасць для людзей, якія не знаёмыя з традыцыяй, ісці кудысьці па сваіх справах ці проста адпачываць у цэнтры горада і дакрануцца да традыцыі.

фестываль беларускай народнай культуры
Вядоўцы Зміцер Косцін і Марыя Грыц. Фота: PALATNO

Сустрэлася мне і жанчына, якая прыехала ў Беласток з Памор’я ў госці і выпадкова трапіла на фестываль. Аказалася, што родам яна таксама з Беларусі. Спынілася разам са сваімі сябрамі і заспявала з намі «Ой, у полі», «Чые волы на дуброві» і «Тычэ рэчка нэвылічка».

— Добра, што гэтая праца, па-першае, не марная і запатрабаваная. Па-другое, добра, што прыходзяць новыя людзі, прымаюць удзел. Напрыклад, дуда — гэта мой самы любімы інструмент, і сёння мы будзем слухаць і танцаваць пад дуду. Так што гэта проста агонь! — дадала Грыц.

Пад дуду мы танчылі разам з капэлай Трохградскай. Музыкі размясціліся на лаве на самым бачным месцы і часам нават спявалі, каб скакаць было весялей. Зайгралі таксама на баяне і бубне. Адзін з удзельнікаў Сяргей Латышаў праанансаваў:

— Мы прывезлі вам танцы і музыку. Адмысловыя танцы з Шаркаўшчынскага раёна. Тры танцы паказваць. Ну і потым, звычайна, танцавальная вечарынка пад жывую музыку.

сонцаграй, беларускія народныя танцы
Фота: PALATNO

Беларуская капэла паабяцала нам «танцы да ўпаду» — так і сталася! Людзі не толькі навучаліся новым танцам, але і прапаноўвалі музыкам зайграць ужо вядомыя. Танчылі мяцеліцу, суботу, бесы… Адным з самых яркіх сталі скокі хлопцаў: яны сабраліся ў кола і ў цэнтры адно перад адным з імпэтам сталі выхваляюцца сваімі ўменнямі. Не адставалі і дзяўчаты. Натхнёна працягвалі танчыць, нягледзячы на стому, пакуль не сціхне музыка. Бо, як вядома, тут перамагаюць альбо танцоры, альбо музыкі, а прайграе той, хто спыніцца раней.

Аўтар Вікця Жытнік.

Вярнуцца ўгару