Выратаванне ад рабаванняў ці нязначная перамога? Расказваем пра бітву на Уле супраць маскоўскіх войск, пра якую вы маглі і не ведаць

бітва пад чашнікамі, бітва на уле, ульская бітва

Больш за 400 гадоў таму адбылася Лівонская вайна. Адзін з эпізодаў вайны — бітва пад Чашнікамі, ці бітва на рацэ Уле, стаў феерычнай перамогай вялікалітоўскага войска над маскоўцамі. Перамога не дапамагла адваяваць захопленыя маскоўскімі войскамі тэрыторыі, але паўплывала на Маскву псіхалагічна. Цяпер рускія гісторыкі ці ўвогуле не ўспамінаюць Ульскую бітву, ці называюць яе нязначнай. Беларускія гісторыкі, наадварот, лічаць яе паспяховай вайсковай і прапагандысцкай аперацыяй.

PALATNO расказвае, як Ульская бітва не падзяліла погляды гісторыкаў і як яна паўплывала на Лівонскую вайну.

Саюз, які каштаваў Полацка

Памкненні Маскоўскай дзяржавы пачаць вайну ў Інфлянтах — цяперашняй тэрыторыі Эстоніі і Латвіі — былі прагматычнымі. Іван Жахлівы хацеў атрымаць выхад да Балтыйскага мора, але для гэтага трэба было захапіць тэрыторыю Лівонскай канфедэрацыі. Пастаянныя спробы націснуць, захапіць тэрыторыі маскоўцамі прывялі слабую Лівонскую канфедэрацыю да пошуку ваеннага саюзу. Саюз заключылі з Вялікім Княствам Літоўскім. Праз год пасля заключанага пагаднення, у 1558 годзе, пачалася Лівонская вайна. Вялікалітоўскія войскі не змаглі дапамагчы свайму саюзніку, і Лівонская дзяржава спыніла існаванне пасля пачатку вайны.

Маскоўскай дзяржаве не хапіла разгрому ў Інфлянтах. І тады пачаліся паходы на тэрыторыі ВКЛ. Гэта была знаёмая сітуацыя: бітвы і памежныя сутычкі з Маскоўскай дзяржавай адбываліся дзясяткі разоў яшчэ да Лівонскай вайны. Маскоўская дзяржава і яе кіраўнікі лічылі, што вялікалітоўскія тэрыторыі былі «исконно русской землёй».

Маскоўскія паходы на ВКЛ напачатку былі паспяховымі: разрабавалі дзясяткі мястэчак, захапілі Невель і Полацк. Узяцце Полацку было важнай стратэгічнай перамогай войскаў Івана Жахлівага. ВКЛ імкнулася да перамір’я, якое на сваіх умовах дыктавала Масква. Кіраўніцтва ВКЛ было ўпэўненае, што маскоўскія войскі не спыняцца на Полацку, таму падчас перамір’я збіралі паспалітае рушэнне. У той жа час адбываліся перамовы пра мірнае пагадненне: умовы не задавальнялі ні адзін з бакоў, таму баявыя дзеянні ў хуткім часе аднавіліся.

Разгром Шуйскага, падман Сярэбранага. Што адбывалася на Уле

Маскоўскія войскі збіралі ля Оршы, каб адтуль пачаць паходы ўглыб ВКЛ: на Мінск і Наваградак. У студзені 1564 года маскоўцы адышлі ад Полацка пад кіраўніцтвам Пятра Шуйскага і ад Смаленска пад кіраўніцтвам Васіля Сярэбранага. Дакладных звестак пра колькасць жаўнераў у двух войсках не прыводзяць: агулам іх было ад 20 да 50 тысяч.

Тое самае і пра вялікалітоўскае войска — розныя крыніцы даюць розныя лічбы: ад чатырох да дзесяці тысяч вайскоўцаў. Войскамі камандавалі Мікалай Радзівіл Руды і Рыгор Хадкевіч. Літоўская разведка інфармавала гетманаў пра рух маскоўскага войска, таму Шуйскі і Сярэбраны так і не аб’яднаюць свае сілы. Войска ВКЛ спачатку разаб’е Шуйскага, а пасля падманам прымусіць адысці Сярэбранага.

26 студзеня 1564 года войскі ВКЛ і Пятра Шуйскага сустрэліся на рацэ Уле ля Чашнікаў. Літоўскія войскі ўдарылі з двух бакоў: з фронту і з тылу. Крыніцы падаюць супрацьлеглую інфармацыю наконт бітвы: па адных — сутычка адбылася ў адкрытую, па другіх — атака літоўскага войска была нечаканай для праціўніка. Лічацца, што літоўскае войска змагло ўпотай падысці і атакаваць, калі праціўнік не быў падрыхтаваны для бою. Маскоўскія войскі спрабавалі ўцячы, але шмат жаўнераў загінула ў рацэ і ад сялян з навакольных вёсак. Так, войска пад кіраўніцтвам Пятра Шуйскага было разгромленае.

Яшчэ заставалася войска Васіля Сярэбранага пад Дуброўнам, якое нават і не ведала пра бітву на Уле. У лагер Сярэбранага накіравалі аршанскага старасту Філона Кміту, браслаўскага старасту Юрыя Осціка, оўруцкага дзяржаўца Андрэя Капусту і гаспадарскага маршалка Каленіка Тышкевіча. Яны вырашылі, што самым эфектыўным варыянтам будзе справакаваць у маскоўскім войску панічныя настроі. У лагер адправілі трох мясцовых дубраўлянцаў, якія паведамілі Сярэбранаму, што войска Шуйскага разграмілі ля Чашнікаў. А яшчэ дубраўлянцы прынеслі рэестр забітых і палонных падчас Ульскай бітвы і намякнулі, што да іх лагеру ідзе вялікае войска ВКЛ. І тады маскоўскія войскі думалі не пра магчымую бітву, а пра адступленне.

Падчас Ульскай бітвы забілі шмат маскоўскіх вайскоўцаў, захапілі значную колькасць каманднага складу войска Шуйскага.

Самога Пятра Шуйскага забілі: па адной з версій, яго зарубіў сякерай селянін падчас адходу з-пад Чашнікаў і кінуў цела ў калодзеж.

Бітва пад Улай не змагла прывесці да тэрытарыяльных змен: Масква працягвала валадарыць на Полацкай зямлі. Аднак кампанію 1564 года — істотныя рабаванні, якія маскоўскія войскі тады планавалі здзейсніць, — змаглі спыніць.

«Чинити плен и шкоду»

Рускія гісторыкі называюць паход Пятра Шуйскага ўглыб тэрыторыі ВКЛ спланаваным не дзеля захопу новых тэрыторый, а дзеля рабавання і запалохвання: «чинити плен и шкоду». Гісторык Аляксандр Філюшкін, які займаецца і гісторыяй ВКЛ, пісаў, што ў маскоўскім войску было да 50 тысяч чалавек. Сілы літоўскага войска былі ў разы менш. Філюшкін адзначаў, што бітва пад Улай ніяк не паўплывала на Лівонскую вайну: «Несумнеўны факт паражэння рускай арміі, гібелі Шуйскага і зрыву планаў студзеньскага паходу рускай арміі ўглыб зямель Вялікага княства Літоўскага. Усё астатняе не трэба перабольшваць: прайгралі бітву, але не вайну, якая ўсё роўна развівалася не па самым спрыяльным для Літвы сцэнарыю».

У расійскіх падручніках Сяргея Салаўёва і Леаніда Мілава для гісторыкаў бітва пад Улай увогуле не ўпамінаецца.

Беларускія гісторыкі лічаць, што бітва пад Улай у кароткатэрміновай перспектыве была паспяховай. Аднак вялікалітоўскія войскі не змаглі з яе выціснуць усё, што маглі: не змаглі адваяваць захопленыя маскоўцамі тэрыторыі:

«Галоўны ваенны вынік Ульскай бітвы заключаўся для літвінаў у знішчэнні значнай колькасці жывой сілы праціўніка. <…> Адсутнасць тэрытарыяльных змен пасля бітвы змяншала яе канчатковы ваенна-стратэгічны эфект. <…> Літвіны так і не здолелі ў бліжэйшым часе пераламаць ход падзей у сваю карысць», — пісаў гісторык і выдавец Андрэй Янушкевіч.

Пасля паражэння на Уле маскоўскія войскі не ўступалі ў адкрыты бой вялікімі сіламі аж да сярэдзіны XVII стагоддзя.

Лівонская вайна скончылася ў 1582 годзе Ям-Запольскім мірам, а Полацк вярнуўся ў склад ВКЛ. У час Лівонскай вайны ВКЛ і Каралеўства Польскае ў выніку Люблінскай ўніі аб’ядноўваюцца ў федэратыўную дзяржаву, якую мы ведаем як Рэч Паспалітую.

Вярнуцца ўгару