Натхненне

Былі вольнымі — сталі прыгоннымі. Як у Быхаве сяляне бунтавалі супраць Сапегаў і прыгонніцтва


Былі вольнымі — сталі прыгоннымі. Як у Быхаве сяляне бунтавалі супраць Сапегаў і прыгонніцтва

У першай палове XIX стагоддзя прыгоннае права ў Расійскай імперыі яшчэ было непахісным. Аднак у многіх мясцінах час ад часу адбываліся сялянскія хваляванні. У Быхаве сяляне ўвогуле заявілі, што заўсёды былі вольнымі, а прыгоннымі іх зрабілі наўмысна і незаконна. Яны пісалі скаргі, адмаўляліся працаваць, ездзілі да чыноўнікаў і спадзяваліся на дапамогу цара. У адказ яны атрымалі збіццё, турмы і ссылкі ў Сібір.

PALATNO расказвае пра тое, як быхаўскія сяляне змагаліся за ўласную свабоду.

У першай палове XIX стагоддзя, калі на расійскім прэстоле знаходзіўся Мікалай I, прыгонніцтва яшчэ не адмянілі. Гэта адбудзецца пры наступным расійскім імператары Аляксандр II, якога заб’е зямляк пратэсных быхаўскіх сялян, Ігнат Грынявіцкі з Клічаўшчыны.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Свабода патрабуе чалавечых ахвяр». Ігнат Грынявіцкі — забойца рускага імператара

У часы, калі быхаўскія сяляне актыўна супраціўляліся і Сапегам, і царскай уладзе, прыгонніцтва захоўвалася. Але ў першай палове XIX стагоддзя сялянскія выступленні і сацыяльная напружанасць была на высокім узроўні. Расійская імперыя не была гатовая парваць з прыгонным правам, таму часцяком змякчала некаторыя нормы, але сяляне ўсё так жа працавалі на гаспадарцы памешчыкаў.

Быхаўскія сяляне былі незадаволеныя сваім становішчам, як і дзясяткі тысяч іншых сялян па ўсёй тэрыторыі Расійскай імперыі. Аднак у іх была падстава супраціўляцца супраць гаспадароў: яны лічылі сябе вольнымі. У кожнай скарзе, якая падавалася да чыноўнікаў, яны адзначалі, што іх продкі былі вольнымі мяшчанамі, а памешчыкі незаконна назвалі іх сялянамі і прымусілі выконваць павіннасці.

Скаргі і пратэсты

Першы сур’ёзны выступ сялян адбыўся ў 1829 годзе. У тым годзе расійскі імператар Мікалай I павінен быў праязджаць праз Быхаў, таму сяляне вырашылі звярнуцца з просьбай да манарха напрамкі. У прашэнні скардзіліся на тое, што Сапега незаконна зняволіў іх і прымусіў працаваць на яго. Сяляне адмаўляліся працаваць на памешчыка, але сілай супраць яго не выступалі.

Персанальна скаргу сяляне не перадалі, яе прыняў генерал-лейтэнант Белаградскі, якога адправіў разбірацца з незадаволенымі сялянамі магілўёскі губернатар Міхаіл Мураўёў (той самы, які атрымае праз 30 гадоў мянушку «Вешальнік»за падаўленне Паўстання Кастуся Каліноўскага ). Белаградскі не толькі не вырашаў праблемы сялян, але распачаў рэпрэсіі.

Трох сялян, якіх палічылі завадатарамі, арыштавалі. Гэта былі тры быхаўскія мужыкі — Фядос Ждан, Пётр Арлоўскі і Іван Мышкін. У турму да арыштаваных рэгулярна хадзілі іншыя сяляне, якія падтрымлівалі зняволеных. Рэпрэсіі ад імя магілёўскага губернатара не змянілі асноўнае: мужыкі адмаўляліся працаваць на гаспадарцы Сапегаў.

расійскія чыноўнікі расійскай імперыі, прыгоннае права беларусь, прыгонніцтва беларусь, беларускія сяляне

У 1830 годзе пра супраціўленне быхаўскіх сялян стала вядома ў міністэрстве ўнутраных спраў. У той час ведамствам кіраваў Арсеній Закрэўскі, які даволі добра ўбудаваўся ў нікалаеўскую вертыкаль улады. Сілавік Закрэўскі не збіраўся ісці на саступкі, таму нават прыезд сялян асабіста ў Пецярбург не прывялі да змяненняў.

Наступныя гады былі падобнымі: сяляне скардзіліся і адмаўляліся працаваць, чыноўнікі слухалі, а потым адбываліся рэпрэсіі. Так, у 1831 годзе пасля чарговых паходаў да чыноўнікаў Фядоса Ждана і Пятра Арлоўскага збілі бізунамі і саслалі ў Сібір, яшчэ 16 сялян арыштавалі і збілі розгамі.

Імперыя забірае маёнтак і сялян

У 1830-1831 годзе ў Сапегаў канфіскавалі маёнтак на карысць дзяржавы за ўдзел у паўстанні.

У 1833 годзе ў Быхаве пачаліся хваляванні. Да гэтага прайшоў даволі спакойны год, бо толькі нядаўна было падаўлена паўстанне, а сяляне часова спынілі свае скаргі да расійскіх чыноўнікаў.

Пасля пераходу маёнтка да дзяржавы ў Быхаў адправілі асэсара Кутневіча, які павінен быў разабрацца з незадаволенымі сялянамі і разабрацца з самім маёнткам. Кутневіч выклікаў на допыты сялян, а тыя адмаўляліся да яго прыходзіць. Таму асэсар зрабіў так, як рабілі іншыя расійскія чыноўнікі: загадаў арыштаваць некалькі сялян, каб запужаць іншых. Антона Арлоўскага, Пятра Бурдынскага і Івана Колеса кінулі за краты, але вынік быў іншы: быхаўскія мужыкі заявілі, што не будуць размаўляць з уладай, пакуль арыштаваных не вызваляць. Кутневіч на саступкі не пайшоў. Пазней чыноўнік загадаў накіраваць на працы па вырубцы лесу сялян — тыя, вядома, адмовіліся. За гэта арыштавалі яшчэ трох мужыкоў — Леона Карыцкага, Самсона Пушнага і Мікіту Кандрацьева. Іх спрабавалі адбіць у паліцэйскіх, аднак гэта не спрацавала.

Напружанасць расла, а расійскія чыноўнікі не збіраліся змяняць у лепшым кірунку стан мясцовага сялянства. У 1834 годзе быхоўскія сяляне прыйшлі да магілёўскага губернатара Георгія Бажанава (ён змяніў Мураўёва, якога прызначылі гродненскім грамадзянскім губернатарам). Сяляне патрабавалі ў губернатара вызваліць арыштаваных мужыкоў у мінулым годзе — ім адмовілі. Тады сяляне вярнуліся ў Быхаў і адмовіліся выходзіць на працу.

Чыноўнікі нават стварылі спецыяльную камісію, каб разабрацца з быхаўскай праблемай, але галоўны вынік, што яна зрабіла, быў такі: «дух ослушания разлился по всему обществу». Следчая камісія, якая павінна была дапытаць сялян у маёнтку, засталася ні з чым, бо сяляне проста не прыйшлі на допыты.

Губернатар Бажанаў адзначаў: «Из сего видно, до какой степени закоренелости разлилась и вкоренилась в быховских крестьян идея неповиненовения. Несмотря на все меры, оное не только не искоренилось, но сугубо умножилось, несмотря на то, что первые зачинщики осуждены и сосланы в Сибирь, и 15 человек содержатся под стражей».

Расійскія ўлады зрабілі звыклую рэч — прыслалі войскі

Адмовы ад працы і пастаянныя скаргі сялян далі зразумець расійскаму кіраўніцтву, што адзіны выхад з гэтай сітуацыі — увод войск. Вясной 1834 года ў Быхаў накіравалі чатыры батальёны 5-га пяхотнага корпусу.

Быхаўскім сялян гэта не спадабалася, а адзін з камандзіраў расійскіх войск, падпалкоўнік Аносаў, напісаў у рапарце да камандавання, што сяляне не кормяць салдат.

Тры месяцы запар сялян ганялі пад прымусам на працу вайскоўцы. Улетку 1834 года сяляне звярнуліся да чыноўнікаў, што больш не хочуць прымусу з боку салдат, і пагаджаюцца дабраахвотна працаваць. Царскія ўлады не пайшлі на саступкі.

быхаўскія выступленні сялян, прыгонніцтва ў беларусі, прыгоннае права ў беларусі

Тым жа летам 1834-га быхаўскія сяляне некалькі разоў адмаўляліся ад працы, адбылося некалькі сутычак з вайскоўцамі. Аднак супрацьстаяць узброеным салдатам яны не змаглі.

Напрыканцы жніўня 1834 года адбыўся апошні выступ быхаўскіх сялян: 400 косараў адмовіліся выходзіць у поле на працу і паскардзіліся на гвалт вайскоўцаў. Больш пасля гэтага выступленняў не адбывалася. Дваццаць сялян перадалі ваеннаму суду, яшчэ 50 сялян збілі бізунамі і саслалі ў Сібір.

У верасні 1834 года вайскоўцы выйшлі з Быхава — хваляванні былі задушаныя. Прыгоніцтва ў Расійскай імперыі будзе адменена праз 27 гадоў пасля падаўлення выступленняў быхаўскіх сялян.