Колькасць разводаў у Беларусі з кожным годам павялічваецца. Пікам быў 2020 год. Судовая практыка паказвае, што ў 70% разводаў ініцыятарамі выступаюць жанчыны. Часцей за ўсё разводзяцца ў 35-40 гадоў. Самыя распаўсюджаныя прычыны: розныя характары і погляды на жыццё. Далей ідзе працяглы раз’езд (у тым ліку з-за працы за мяжой), на трэцім месцы — хатні гвалт або залежнасць, а таксама страта пачуццяў.
PALATNO паразмаўляла з беларусамі і даведалася, колькі доўжыліся іх шлюбы і якія былі прычыны разводаў.
Змест
- «Сцярвозны характар, сузалежныя адносіны»
- «Працягваю бачыць таго васямнаццацігадовага хлопчыка»
- «Усё пачыналася з прыезду Сяргея Ціханоўскага»
- «Не гатовы быў падпарадкоўвацца ўсялякім капрызам»
- «Быў ціхім алкаголікам»
- «Зразумела, што не змагу з ім адчуваць сябе ў бяспецы»
- «Ну і я таксама ні разу не прынц на белым кані»
- Статыстыка разводаў у Беларусі
- Што прапануе дзяржава
«Сцярвозны характар, сузалежныя адносіны»
Беларус Яўген уступаў у шлюбе тры разы: першыя два доўжыліся па тры гады, а апошні — пяць. Прычыны разводаў былі розныя: не сышліся характарамі, перабольшаныя чаканні. У першым выпадку развяліся па ўзаемным рашэнні, а ў другім і трэцім — жонкі сыходзілі самі.
— У адной сітуацыі — сцярвозны характар дзяўчыны і сузалежныя адносіны, над якімі мы не працавалі. У іншым выпадку — я занадта быў упэўнены ў сабе і ў тым, што жонка нікуды не дзенецца і будзе побач. І сам давёў сітуацыю да крытычнай кропкі.
«Працягваю бачыць таго васямнаццацігадовага хлопчыка»
Беларуска Настасся была ў шлюбе адзін раз, і доўжыўся ён тры гады. Па словах Настассі, нягледзячы на тое, што шлюб быў кароткім, сама гісторыя атрымалася доўгай.
— Мы шмат гадоў былі знаёмыя, сустракаліся ў горадзе заўсёды выпадкова. Гадоў сем не мелі кантактаў адно аднаго: ні тэлефонаў, ні адрасоў (сацсеткі тады яшчэ толькі пачалі з’яўляцца). І гэта дужа рамантызавала нашыя сустрэчы і пачуцці ад іх. Потым мы нават згубіліся на некалькі гадоў. А калі зноў сустрэліся, я была пасля складанага рамана з чалавекам, які мяне не паважаў, але якога я кахала з ўсёй уласцівай мне сузалежнай адданасцю. У мяне траўма, а тут чалавек, які кахае шмат гадоў і носіць мяне на руках. Ён ахінуў мяне такой пяшчотай, што наконт шлюбу нават ніякіх пытанняў не ўзнікла. Хто, калі не ён. Гэта «лёс, мая палова, і каму я яшчэ патрэбная буду».
Настасся кажа, што «прапановы» не было: праз год сумеснага жыцця пара проста пайшла і распісалася адразу, як толькі гэта было магчыма. Беларусцы падаецца, што яна больш хацела кахаць, чым кахала на самой справе.
— Мінула некалькі год — і я зразумела, што працягваю бачыць таго васямнаццацігадовага хлопца, з якім усё пачыналася, і ніяк не магу разгледзець у ім мужчыну. Пры вонкавым шчасці нашай сям’і я пачала востра адчуваць, што мы зусім розныя: цікавімся і захапляемся розным. Стала незразумела, да чаго мы ў выніку рухаемся. Не было агульнага малюнка будучыні, сумесных мэт. І так паціху мы перасталі размаўляць пра штосьці, акрамя дамашніх спраў. Асобна бавілі вольны час. І неўзабаве вырашылі, што досыць.
Пасля гэтага Настасся і яе муж вырашылі раз’ехацца і на працягу прыкладна месяца не мелі стасункаў. Але потым ізноў пачалі бачыцца. Пара не падавала на развод, таму што «было лянота, да таго ж за грошы».
— Я думаю, мы яшчэ доўга не дайшлі б да ЗАГСа, калі б не яго новая дзяўчына, якая пачувалася няёмка ў стасунках з жанатым мужчынам. Да таго ж, мы з ёй былі знаёмыя. Не помню, хто з нас сказаў, што дзеля яе мы мусім падаць заяву. Магчыма нават, што і я.
«Усё пачыналася з прыезду Сяргея Ціханоўскага»
Адзіны шлюб Кацярыны (імя зменена — заўв. PALATNO) доўжыўся сем год: не супалі палітычныя погляды. Ініцыятарам разводу была сама беларуска. Па яе словах, развялі за дзве хвіліны.
— Усё пачыналася з прыезду Сяргея Ціханоўскага. Яшчэ да выбараў 2020 года. Прыязджаў ён двойчы, і я двойчы хадзіла на сустрэчу з ім. Пачалася рэўнасць, нібы я хаджу не дзеля таго, каб людзей паслухаць і сваё нешта сказаць, а таму, што ён мне як мужчына падабаецца. Пасля выбараў, маіх затрыманняў і трох спроб адабраць сына з сям’і за мой удзел у пратэстах, муж стаў вінаваціць мяне, гаварыў, што трэба сядзець дома ціха і нікуды не вылазіць. Што гэта не дзяржава вінаватая ў тым, што адбываецца, а я… Бо не маўчала.
Апошняй кропкай стала: калі пачалася вайна, мы з сынам былі ў Кіеве, а былы муж знаходзіўся ў Маскве, я патэлефанавала яму ў істэрыцы, што я**аныя маскалі нас бамбяць, і што маглі забіць яго сына, адказ быў такі: «Надо мочить хохлов!».
«Не гатовы быў падпарадкоўвацца ўсялякім капрызам»
У першым шлюбе беларус Алесь знаходзіўся з 2012 года па 2018-ы. Ініцыятарам разводу быў ён. У другі шлюб, які доўжыцца дагэтуль, мужчына ўступіў у 2020 годзе.
— Былая жонка хацела цалкам падпарадкаваць мяне, каб я стаў так званым «падкаблучнікам». Але я ведаю сабе кошт — я вольны чалавек. Не гатовы быў падпарадкоўвацца ўсялякім капрызам: «Ты сёння не пойдзеш на стадыён займацца спортам, бо я не хачу», «Ты не пойдзеш на футбол, бо мусіш дома сядзець», «Ты не паедзеш у госці з сынам да бабулі, бо я не хачу» і гэтак далей.
«Быў ціхім алкаголікам»
У Марыны (імя зменена — заўв. PALATNO) былі два шлюбы: першы цягнуўся 7 гадоў. Прычына разводу — п’янства мужа. Па словах Марыны, ён пачаў піць незадоўга да разводу. Ініцыятарам разводу стала жанчына.
— Піў на рабоце і пасля работы з калегамі. Нашаму дзіцяці было пяць, ён ім зусім не займаўся. Быў ціхім алкаголікам, не буяніў. Праз алкагалізм ніяк не развіваўся. Каб развесціся, тады давалі тры месяцы, каб можна было падумаць. Але я пераканала, каб развялі адразу. Муж нічога не казаў, было сорамна, ён быў згодны на ўсё.
З другім мужам Марына пражыла чатыры гады: «Выпіваў адразу». Беларусцы падавалася, што муж піў, таму што не меў сям’і і дзяцей, а калі народзіцца дзіця — усё зменіцца.
— У нас з’явіўся дзіцёнак, але піць ён не перастаў. Дома буяніў. Мог нават сам на сябе выклікаць міліцыю — і такое было. Калі запіваў, на працу ўжо не выходзіў. Прапіваў палову зарплаты і нічога не прыносіў дадому. Калі піў, мог па два тыдні жыць у сваёй мамы, а потым вяртаўся. Маці яго шкадавала, карміла.
«Зразумела, што не змагу з ім адчуваць сябе ў бяспецы»
У беларускі Аляксандры былі два шлюбы: першы доўжыўся чатыры гады, другі — сем. У адным ініцыятарам разводу была сама Аляксандра, у іншым — мужчына. Прычыны разводаў беларусцы складана тлумачыць.
— Хутчэй за ўсё, сукупнасць розных прычын. Страта блізкасці і даверу, адсутнасць паразумення. Я думаю, гэта. З першым мужам да разводу падштурхнула канкрэтная сітуацыя, пасля якой я не змагла больш давяраць яму. У падрабязнасці, напэўна, не хочацца сыходзіць. У двух словах, справа была ў падарожжы: чалавек так сябе павёў, што я зразумела, што не змагу з ім адчуваць сябе ў бяспецы. Праз год мы развяліся.
На адносіны з другім мужам вельмі моцна паўплывала бягучая сітуацыя ў свеце. Мне было вельмі складана яму растлумачыць, што для мяне ўжо нічога не будзе як раней. Хацелася пераехаць. З 2020 года мы правялі разам яшчэ два гады, так ні да чаго і не прыйшлі.
«Ну і я таксама ні разу не прынц на белым кані»
У беларуса Міхаіла быў адзін шлюб, які доўжыўся тры гады. Прычын для разводу было шмат. Пасля нараджэння дзіцяці пара яшчэ некалькі гадоў спрабавала захаваць стасункі, але нічога не атрымалася. Пры разводзе фармальна істцом выступіла жонка, але рашэнне прынялі калегіяльна.
— Калі коратка: у жонкі, што называецца, «прайшло каханне». Абмеркавалі, вырашылі не трапаць адно аднаму нервы і мірна развяліся. Ну і я таксама ні разу не прынц на белым кані. Да гэтага часу не разумею, што яна ўва мне знайшла.
Яшчэ пра прычыны разводаў у Беларусі: проста паталагічнае няўменне і нежаданне людзей суіснаваць як роўныя партнёры. Абсалютная большасць пар жывуць як драпежнік і ахвяра, часам мяняючыся ролямі. І гэта прычына не толькі разводаў, на жаль.
Статыстыка разводаў у Беларусі
З году ў год колькасць няўдалых шлюбаў у Беларусі не змяншаецца. У 2018 годзе яна дасягала 48%. Найгоршы з 1950 года вынік быў зарэгістраваны ў 2020-м — амаль 70% пар распалася. І гэта адна з прычын скарачэння нараджальнасці.
У 2021 годзе зарэгістравалі 34,4 тысячы разводаў — гэта 57%. Часцей за ўсё распадаліся шлюбы працягласцю ад 5 да 10 гадоў, яшчэ 18,3% шлюбаў доўжыліся ад 10 да 15 гадоў, 10% — ад 15 да 20 гадоў, і крыху больш за 14% — гэта шлюбы ад 20 гадоў.
У 2022 годзе няўдала скончыліся адносіны 34 тысяч сямейных пар. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, доля разводаў у Беларусі пар, якія мелі да аднаго года сумеснага жыцця, за 2022 год склала 3% ад агульнай колькасці. Часцей за ўсё ў краіне разводзіліся пары, якія прабылі ў шлюбе ад пяці да дзевяці гадоў.
На такія сем’і прыпадае 27,6% шлюбаразводных працэсаў ад агульнай колькасці. Крыху менш, але таксама часта, разрывалі адносіны пары, якія пражылі разам ад аднаго да чатырох гадоў — 24,9%.
Судовая практыка паказвае, што ў 70% выпадкаў ініцыятарамі разводаў выступаюць жанчыны. Пік разводаў прыпадае на ўзрост у 35-45 гадоў. Часцей за ўсё ў суд звяртаюцца муж і жонка пасля 5-10 гадоў сямейнага жыцця.
Якія асноўныя прычыны? Самая распаўсюджаная — розныя характары і погляды на жыццё. Далей ідзе працяглы раз’езд (у тым ліку з-за працы за мяжой), на трэцім месцы — хатні гвалт або залежнасць (алкаголь, наркотыкі, гульні), а таксама страта пачуццяў.
Што прапануе дзяржава
Па законе муж і жонка могуць скасаваць шлюб па заяве ў ЗАГС, калі ў іх няма непаўналетніх дзяцей і спрэчак па маёмасці. Іначай трэба ісці ў суд — больш за 60% грамадзянскіх працэсаў тычыцца разводаў. У судзе кожнай пары абавязкова даюць тры месяцы для прымірэння, дасягнення пагаднення па дзецях і агульнай маёмасці. Пасля гэтага суддзя можа даць яшчэ паўгода для прымірэння.
22 снежня 2022 года адбылося пасяджэнне Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. На ім прынялі пастанову, у якой пазначана, што кожнай сям’і трэба даваць мінімум тры месяцы на прымірэнне, інакш скасаванне шлюбу будзе лічыцца несапраўдным. Таксама суддзя мусіць пракантраляваць, каб у іскавай заяве былі пазначаны аргументы, што сям’я канчаткова распалася, а затым дэталёва вывучыць прычыны і высветліць, ці можна ўсё ж такі памірыць мужа і жонку. Для гэтага трэба, каб на працэсе прысутнічалі абое ўдзельнікі. Старшыні судоў будуць трымаць справы аб разводах на асаблівым кантролі. А яшчэ могуць увесці спецыялізацыю для суддзяў, якія будуць разглядаць такія справы.