«Мы ведаем, што ніхто ніколі не захоплівае ўладу з намерам аддаць яе. Улада — гэта не сродак; гэта канец», — пісаў Джордж Оруэл у «1984». Для аўтарытарных лідараў утрыманне ўлады — галоўная мэта. Але навошта дыктатарам выбары, калі яны могуць назваць сябе царамі ці каралямі? Навошта дыктатарам патрэбна рызыка буйных пратэстаў ці дзяржаўных пераваротаў?
PALATNO расказвае, навошта аўтакраты любяць праводзяць выбары.
У 2016 годзе палітолагі з Нарвегіі — Карл Кнутцэн, Хавард Нігард, Торэ Віг — апублікавалі грунтоўнае даследаванне соцень дыктатур пасля Другой сусветнай вайны. Навукоўцы аналізавалі, як аўтарытарныя лідары праводзілі выбары, як гэтыя выбары паўплывалі на існаванне дыктатур і іх крах. Палітолагі прыйшлі да высновы, што аўтакраты праводзяць выбары, нягледзячы на тое, што яны могуць прывесці да буйных пратэстаў і дзяржаўных пераваротаў.
Выбары як сродак захавання ўлады
Людзі могуць задавацца пытаннем, навошта аўтарытарныя лідары наогул праводзяць выбары. Дыктатары могуць аб’явіць сябе каралямі ці царамі, захоўваючы сваю абсалютную ўладу. А выбары часта суправаджаюцца буйнамаштабнымі пратэстамі, гвалтам і спробамі дзяржаўнага перавароту. Большасць аўтакратаў прымаюць павышаную кароткатэрміновую рызыку і небяспеку быць адхіленымі ад улады ў абмен на паляпшэнне кантролю над уладай у доўгатэрміновай перспектыве.
Адказ вельмі просты: дыктатарам патрэбны выбары, каб захаваць уладу. Ёсць тры механізмы, якія дапамагаюць рэжымам атрымаць доўгатэрміновую карысць, нягледзячы на кароткатэрміновую турбулентнасць.
Барацьба супраць апазіцыі. Выбары дапамагаюць рэжымам знаходзіць і рэпрэсіраваць апазіцыю, праціўнікаў аўтарытарнай улады. Апазіцыя актывізуецца падчас выбараў і паказвае сябе. Выбары таксама дапамагаюць рэжымам выяўляць менш задаволеныя рэгіёны, каб павялічыць там падтрымку. Такім чынам, выбары дапамагаюць рэжымам «забіць» апазіцыю.
Прарэжымная кансалідацыя. Для правядзення выбараў рэжымы павінны арганізоўваць паспяховыя для іх выбары. Для арганізацыі выбараў трэба актывізаваць і каардынаваць шматлікія прарэжымныя суб’екты: чыноўнікаў, сілавікоў і інш. Так, рэжымы дапамагаюць сабе арганізаваць сваіх прыхільнікаў.
Легітымнасць. Дзякуючы выбарам, дыктатары атрымліваюць легітымнасць — унутры краіны і па-за яе межамі. Унутры краіны аўтарытарныя лідары кажуць, што за іх «галасавала большасць людзей», і што ў апазіцыйнай уладзе незацікаўлены. А на міжнароднай пляцоўцы заяўляюць, што толькі іх падтрымлівае народ.
Выбары дапамагаюць выжыванню рэжыму ў наступныя гады. Гэта дапамагае рэжымам пераступіць праз страх над тым, каб страціць уладу ў магчымых пратэстах і пераваротах. Менавіта таму большасць аўтакратаў успрымаюць выбары як інструмент для ўтрымання сваёй улады.
Напрыклад, доўгатэрміновыя перспектывы спрацавалі ў аўтарытарным рэжыме ў Мексіцы. У 1982 годзе Інстытуцыянальна-рэвалюцыйная партыя перамагла на выбарах, апазіцыя — Партыя нацыянальнага дзеяння — заняла другое месца. Гэта былі адны з нешматлікіх выбараў, на якіх дазволілі ўдзельнічаць апазіцыйным партыям. Аднак тыя выбары выкарыстоўваліся не толькі для таго, каб стварыць бачнасць дэмакратычных выбараў і дапусціць апанентаў ва ўладу, а каб выбарчыя інстытуты дапамаглі ў далейшых рэпрэсіях і ўтрыманні даўгавечнасці рэжыму. Мексіканскі рэжым з Інстытуцыянальна-рэвалюцыйнай партыяй апынуўся ў апазіцыі толькі ў сярэдзіне 1990-х.
Неспакойны перыяд выбараў — страшны і вельмі рызыкоўны
У кароткатэрміновай перспектыве выбары для дыктатараў з’яўляюцца вельмі неспакойным часам. Усе аўтарытарныя рэжымы асабліва ўразлівыя перад выбарамі і кароткі час пасля іх. Чаму так адбываецца?
Часта непапулярныя аўтарытарныя рэжымы застаюцца ва ўладзе проста таму што праціўнікам цяжка арганізаваць эфектыўныя калектыўныя дзеянні супраць яго. У аўтакратыях, дзе абмяжоўваецца свабода слова і сродкаў масавай інфармацыі, амаль немагчыма арганізаваць рух супраціву. А менавіта каардынацыя дзеянняў мае вырашальнае значэння для поспеху рэвалюцыі ці дзяржаўнага перавароту.
Як раз выбары спрыяюць аб’яднанню значнай колькасці людзей, што можа паставіць пад пагрозу выжыванне рэжыму. Выбары падчас дыктатуры даюць народу сігналы пра папулярнасць самога рэжыму і яго апазіцыі. Вакол выбараў сыходзяцца чаканні розных гульцоў, якія знаходзяцца (ці могуць знаходзіцца) у апазіцыі да аўтарытарнага лідара.
Выкліканая выбарамі мабілізацыя людзей можа прывесці да буйнамаштабных пратэстаў. Пратэсты могуць справакаваць дзяржаўныя перавароты: змоўшчыкі менш вагаюцца пры рашэнні скінуць непапулярнага лідара, чым папулярнага.
Выбары даюць розным прэтэндэнтам на ўладу абмежаваныя па часе вокны магчымасцей для змены рэжыму. Апазіцыя аўтарытарнай уладзе можа знайсці ўнікальнае, але маленькае акно падчас выбарчай кампаніі. У гэты час аўтарытарныя лідары і іх улада асабліва ўразлівая. Пасля Другой сусветнай вайны дыктатуры ва ўсім свеце праводзілі выбары ў сярэднім кожныя пяць гадоў — кожная другая дыктатура, якая знішчалася, рабіла гэта ў год выбараў.
Таксама цікава, што рызыка падзення аўтарытарнага рэжыму ў год выбараў прыкладна ў пяць разоў вышэй, калі апошнія выбары адбыліся ад двух да пяці гадоў раней.
А што з фальсіфікацыямі?
Абсалютная большасць выбараў у аўтарытарных краінах сфальсіфікаваныя. Самая дзіўная рэчы ў сфальсіфікаваных выбарах тое, што большасць дыктатараў вельмі любіць непраўдападобна высокія лічбы.
Аўтарытарныя лідары абапіраюцца не на народную падтрымку, а на эліты і сілавікоў. Падчас выбараў часта змяняецца склад ураду — гэта такі сігнал для народа, што ў нейкіх праблемах вінаваты не дыктатар, а ад адхіленыя ад улады чыноўнікі.
Дыктатары будуць праводзіць выбары для адной асноўнай мэты — утрымаць уладу ў сваіх руках. Ім не будзе замінаць магчымы пераварот ці народны пратэст, бо яны глядзяць у будучыню, у якой у іх руках яшчэ ёсць улада.