Тым беларусам, якія хочуць мець уласную кватэру, дзяржава прапануе стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Аднак зрабіць гэта могуць толькі пэўныя катэгорыі людзей. Калі беларус займае чаргу, ён павінен быць гатовы да таго, што чакаць давядзецца вельмі доўга — магчыма, больш за дзесяць гадоў. Паводле звестак 2022 года, колькасць беларускіх сем’яў, якія стаялі на ўліку, скарацілася на 29 тысяч — да 586 тысяч сем’яў. Пры гэтым палепшылі свае ўмовы за мінулы год толькі 26 тысяч сем’яў з агульнай колькасці.
PALATNO паразмаўляла з беларусамі і даведалася, ці атрымалі яны свае кватэры і колькі гадоў прыйшлося стаяць у чарзе.
«Не ўяўляю, як можна пабудаваць кватэру зараз»
Беларус Ягор (імя зменена — PALATNO) стаў на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў яшчэ ў пачатку 2013 года. Якое месца ў чарзе яны з жонкай займалі — «абсалютна невядома». У 2018-2019 гадах у маладой сям’і нарадзіліся дзеці, і Ягор падаў пра гэта дадзеныя.
— Напачатку 2021 года, нарэшце, патэлефанавалі і сказалі, што мы можам пабудаваць «аднушку» за крэдытныя грошы альбо «двушку» — але трэба спачатку зрабіць першы ўнёсак і заплаціць некалькі штук баксаў. Зразумела, што гэта было бессэнсоўна, а пасля давялося з’ехаць з Беларусі.
Маці Ягора стаяла ў чарзе больш за дзесяць гадоў. Але ў той час атрымаць жыллё было нашмат прасцей, што яна і зрабіла. Ягор дадае, што тады эканамічная сітуацыя ў Беларусі прывяла да таго, што сума, якую трэба было выплачваць па крэдыце (спачатку ледзьве не ўвесь заробак), вельмі хутка стала нашмат меншай — адбылася дэвальвацыя.
— Чаму большасць людзей так доўга чакаюць на кватэру? Таму што ў нас ментам прывілеі і іншым, ГУБАЗікам там. Проста чалавеку, у якога няма якойсьці спадчыны, які не мае працы з высокім заробкам, я ўвогуле не ўяўляю, як зараз можна пабудаваць кватэру ў Беларусі.
Падалася ў 2009 годзе і стаіць дагэтуль
Беларуска Святлана (імя зменена ў мэтах бяспекі — PALATNO) кажа, што кожны чалавек, якому споўнілася 18 гадоў, можа стаць у чаргу, каб атрымаць жыллё.
Святлана жыве ў кватэры плошчай 32 м2, дзе прапісаны тры чалавекі. Па словах беларускі, норма на аднаго чалавека — 15 м2. Таму дачка Святланы, Вікторыя (імя зменена — PALATNO), якая прапісана ў гэтай кватэры, у 2009 годзе стала на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў.
— Вікторыя стала на ўлік па льготным крэдыце. Льготны крэдыт — гэта калі не хапае квадратных метраў на чалавека. І, калі бярэш такі крэдыт у банку, то адсотак меншы. Дачка падалася на аднапакаёвую кватэру, а крыху пазней, калі выйшла замуж, — на двухпакаёвую, таму што ўдваіх з мужам. І стаяць дагэтуль.
«На тое, што дачакаюся, я не спадзявалася»
Беларуска Вольга стала на ўлік прыкладна ў 2014 годзе — як малады спецыяліст. На тое, што дачакаецца чаргі, Вольга не спадзявалася. Яна разлічвала, што скарыстаецца падатковым вылікам: купіць кватэру і не будзе плаціць падатак у кошт чаргі.
— У чарзе я была недзе дзесяць тысяч пяцьсот дваццатая. Правярала раз у год. Апошні раз глядзела гады чатыры таму. Там не зрушылася асабліва. Чалавек на 400 максімум. Я не ведаю, чаму так доўга. Шчыра. З маіх знаёмых дачакаліся толькі тыя, хто займаў чаргу 20 гадоў таму. Яны чакалі 10 гадоў. Але гэта была чарга не гарадская, а на прадпрыемстве. А найперш жыллё атрымліваюць, вядома ж, работнікі сілавых структур.
Як стаць на ўлік
Каб стаць у чаргу на кватэру, неабходна звярнуцца з заявай у службу «Адно акно» адміністрацыі таго раёна, у якім вы маеце рэгістрацыю па месцы жыхарства. Рэгістрацыя па месцы знаходжання такога права не дае.
Пры сабе трэба мець наступныя дакументы:
- пашпарт, для непаўналетніх — пасведчанне аб нараджэнні;
- даведкі аб складзе сям’і, звесткі аб атрыманні або неатрыманні льготнага крэдыту і г. д.;
- звесткі аб даходзе і маёмасці кожнага члена сям’і (калі гаворка ідзе аб пастаноўцы на ўлік для атрымання сацыяльнага жылля);
- дакументы, якія пацвярджаюць права на пазачарговае або першачарговае атрыманне жылога памяшкання, у выпадку наяўнасці такога права.
Для таго, каб даведацца чаргу на жыллё, можна звярнуцца непасрэдна па месцы прыняцця на ўлік або самастойна знайсці інфармацыю на сайце адміністрацыі раёна або Мінгарвыканкама ў раздзеле «жыллёвая палітыка».
Пры любым абраным варыянце вам павінны паведаміць усе дадзеныя: з якога моманту стаіце на ўліку, на якой падставе, які нумар у чарзе і г. д.
Хто можа стаць у чаргу
Стаць на ўлік, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы, могуць беларусы, у якіх агульная плошча жылля меншая за ўстаноўленую норму. Па Беларусі такі нарматыў складае 15 м2 на чалавека, па Мінску — 10 м2.
Пры разліку ўлічваецца агульная плошча ўсіх жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ва ўласнасці і (або) карыстанні чалавека і членаў яго сям’і.
Акрамя таго, стаць у чаргу могуць беларусы, у якіх:
- жыллё не адпавядае санітарным і тэхнічным нормам;
- якія пражываюць у інтэрнатах або здымаюць жыллё;
- якія жывуць у аднапакаёвай кватэры з іншымі людзьмі, незалежна ад іх полу і незалежна ад таго, ці з’яўляюцца яны блізкімі сваякамі, акрамя мужа і жонкі;
- якія арандуюць жыллё на перыяд працы (службы); тыя, хто пражывае ў жылых памяшканнях прыватнага жыллёвага фонду па дамове найму або дамове фінансавай арэнды (лізінгу) жылога памяшкання;
- маладыя сем’і (калі мужу або жонцы менш за 31 год на момант пастаноўкі на ўлік), якія ўпершыню ўступілі ў шлюб і не маюць уласнага жылля;
- якія пражываюць у адным пакоі або аднапакаёвай кватэры з іншым чалавекам, якому па стане здароўя патрабуецца асобнае жыллё;
- якія жывуць у спецыяльных дамах для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў, калі ў іх ёсць непаўналетнія дзеці, а таксама пражываюць у дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў з III групай інваліднасці і іншыя.
Што таксама трэба ведаць
Стаць на ўлік мае права паўналетні беларус, а да 18 гадоў — у выпадку абвяшчэння непаўналетняга цалкам дзеяздольным або пры ўступленні ў шлюб.
Калі муж і жонка зарэгістраваны ў розных раёнах горада, то на ўлік яны становяцца па месцы жыхарства аднаго з іх па выбары. Калі муж і жонка скасоўваюць шлюб, але працягваюць жыць разам у адной кватэры і раней стаялі ў чарзе як сям’я, то зараз яны маюць права стаць на ўлік кожны паасобку.
Для дзяцей-сірот працэс ажыццяўляецца не па месцы жыхарства (рэгістрацыі), а па месцы, дзе яны набылі статус сіраты або па месцы працы, якую атрымалі па размеркаванні ўстановай адукацыі.
Акрамя таго, перад тым як стаць на ўлік, трэба быць пастаянна зарэгістраваным па месцы жыхарства не менш за 10 гадоў у Мінску і не менш за 5 гадоў у іншых населеных пунктах.
У апошнія гады жыллё атрымліваюць найперш шматдзетныя сем’і. У прыярытэце тыя, якія маюць чацвярых і больш дзяцей, а таксама шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.