Патрэба вучыць новую мову звалілася вам на галаву разам з усімі іншымі падзеямі апошніх гадоў? Мы ведаем, што знайсці час на навуку, лавіруючы паміж працай і сямейнымі абавязкамі, зусім няпроста. Але ёсць дробныя крокі, робячы якія з дня ў дзень, вы паступова адчуеце прагрэс у вывучэнні мовы.
PALATNO разам з дасведчанымі выкладчыкамі школы польскай мовы Polish for Belarus падрыхтавала парады, якія дапамогуць вам павялічыць аб’ём патрэбнай мовы ў штодзённым жыцці.
Проста замяніце польскую мову ў нашых парадах на літоўскую, грузінскую, англійскую ці любую іншую і — наперад у яе вывучэнні!
Зрабіць мову часткай свайго дня
Не для кожнага з нас рэальна знайсці хаця б 15 хвілін, каб сесці за падручнік. Але запаветныя 15 хвілін у дзень на мову можна мець, не змяняючы штодзённай руціны. Падумайце пра свае штодзённыя дробныя справы — у якія з іх можна ўнесці нотку польскай мовы? Вось некалькі падказак.
Пачынаеце дзень з душа? Пакуль прымаеце яго, спявайце па-польску! Пачніце з простых песень, матыў якіх ведаеце здаўна. Паверце, «Акуна-матата» ці застаўка да мультфільма «Чып і Дэйл» па-польску гэтаксама засядуць у вас у галаве на цэлы дзень. А гэта пара-тройка новых слоў у вашу скарбонку. Да таго ж, можна абы-колькі няправільна вымаўляць словы (ніхто не пачуе і не асудзіць), а на дзясятую раніцу ўрэшце праспяваць іх правільна.
Заходзіце ў Instagram за ранішняй кавай? Знайдзіце польскамоўныя профілі па тэмах, якія вас цікавяць. Любіце лайфхакі па макіяжы? Абажаеце кактусы? Вы фанат распакоўкі? Ці проста падабаюцца відэа з катамі?
У Польшчы безліч блогераў, якія вядуць крутыя профілі па гэтых і іншых тэмах. Тое, што польскага ката можна паклікаць словамі «kici-kici-kici», вы наўрад ці знойдзеце ў падручніку. А вось у TikTok — лёгка.
Змяняйце налады!
Вы на «ты» з тэхнікай і не шукаеце лёгкіх шляхоў? Змяніце мову свайго тэлефона ці сацыяльнай сеткі, актывізуйце польскую ў робаце-пыласосе, пасудамыйцы ці прынтары. Галоўнае — запомніце, дзе ў наладах пераключэнне моў, каб пры патрэбе можна было лёгка вярнуць родную мову. Тое ж тычыцца і гульняў на тэлефоне.
Калі вы вучыце польскую, жывучы не ў Польшчы, праз VPN падключайцеся да інтэрнэту праз Польшчу. Вас здзівіць, колькі новых слоў можна даведацца з польскай рэкламы перад праглядам відэа!
Слухаць, глядзець, чытаць
Любіце слухаць радыё ці падкасты, пакуль едзеце на працу? Знайдзіце польскую радыёстанцыю ці канал з падкастамі — тое, што будзе адпавядаць вам па тэмпе і настроі. Памятайце, што вы не абавязаны разумець кожнае слова, якое пачуеце. Зразумелі агульны сэнс — ужо цудоўна! Пачулі цікавае слова ці выраз — паўтарыце яго ўголас некалькі разоў.
Вячэраеце пад любімы серыял? Калі вы ўжо глядзелі яго не раз — знайдзіце ў польскай агучцы. Звяртайце ўвагу, як цяпер гучаць знаёмыя фразы, паўтарайце іх за героямі. Баіцеся, што зусім нічога не зразумееце? Устанавіце праграму, якая дазваляе ўключаць двайныя субцітры — па-польску і на роднай мове.
Любіце чытаць перад сном? Завядзіце звычку спачатку чытаць старонку чагосьці лёгкага на польскай мове, а толькі пасля — 10 старонак сваёй кнігі. Пад «чымсьці лёгкім» мы маем на ўвазе просты твор — «Мумі-тролі», «Маленькі прынц» альбо тое, што вы чыталі і добра ведаеце на сваёй мове, — напрыклад, «Гары Потэр» ці «Хронікі Нарніі».
А яшчэ спорт, гульні ў дарозе і падчас чысткі зубоў
Займаецеся спортам дома? Знайсці польскамоўнага трэнера ёгі, фітнесу ці пілатэсу на Youtube — справа двух клікаў. Так, магчыма вы не зразумееце кожнае слова, але відэа дапаможа разабрацца. Паступова вы ўцягнецеся і вывучыце ўсе часткі цела па-польску.
Шмат часу праводзіце ў грамадскім транспарце? Пагуляйце ў перакладчыка ў стылі «што бачу/чую, тое перакладаю». Перакладайце назвы ўбачаных праз акно кавярняў, крам ці тэксты з рэкламных шчытоў. У вашай маршрутцы ўключылі шансон? Наперад — «przekartkuję kalendarz, i znów trzeci września». Ці перакладаем тое, што чуем у навушніках, — «nie czekaj, niespodzianek nie będzie».
Чысціце зубы рэкамендаваныя тры хвіліны? Прыдумайце сабе заданне на гэты час — напрыклад, прыгадайце максімальную колькасць слоў па-польску на літару «а», пасля «b» і так далей, па літары на кожны дзень. Ці максімальную колькасць слоў на тэмы: «зіма», «сняданак», «ванная» і іншыя, якія прыйдуць у галаву.
«Усе гэтыя парады добрыя, але я ўсё-такі хачу мець нармальныя, сістэматызаваныя веды і вучыць мову як належыць!» — скажуць некаторыя з вас.
Мы цешымся, што вы — за сур’ёзны падыход. Таленавітыя выкладчыкі школы польскай мовы Polish for Belarus дапамогуць вам разабрацца з моўнымі і культурнымі нюансамі ў анлайн-фармаце. Усе заняткі праходзяць толькі ўжывую з выкладчыкам, каб ён мог своечасова пракаментаваць вашы поспехі і тое, над чым варта папрацаваць.
Для эфектыўнага замацавання матэрыялу хатнія заданні выконваюцца на спецыяльнай навучальнай платформе, а таксама студэнтаў запрашаюць на афлайнавыя мерапрыемствы. Выпускнікі Polish for Belarus атрымліваюць такую падрыхтоўку, што 100% з іх здаюць дзяржаўны экзамен і праходзяць сумоўе на карту паляка або сталы побыт.