Now Reading
Ці любяць беларусы коцікаў?

Ці любяць беларусы коцікаў?

каты

Катоў сцерагліся, але ўсё роўна запускалі ў дом: першымі яны заходзілі ў новую хату, іх клалі ў калыску да дзяцей. Нашы продкі прыдумвалі легенды і паданні, якія тлумачылі з’яўленне катоў і чаму яны не сябруюць ні з сабакамі, ні з мышамі. Разам з гэтым, у большасці выпадкаў катоў паважалі, бо лічылася, што яны верныя сваім гаспадарам і дапамагаюць у крытычныя моманты жыцця.

PALATNO расказвае, як продкі беларусаў успрымалі катоў.

Кашэчы кароль, забойца спакусніка і гісторыя пра мышэй ды сабак

У міфалагічных уяўленнях беларусаў кот быў жывёлай, якую звязвалі з нячыстай сілай. Нашы продкі лічылі, што чорт можа станавіцца чорным катом — да прыкладу, калі ратаваўся ад Пяруна. Менавіта таму быў распаўсюджаны звычай выганяць катоў з хаты падчас навальніцы: лічылася, што калі не выгнаць ката, то Бог (Ілля) мог спаліць дом падчас палявання на чорта.

Падобныя ўяўленні былі і ў суседзяў беларусаў. У літоўскай міфалогіі кот выступае супраць Пяркунаса, а ў латышскай — чорт з каровінымі рагамі пры сустрэчы з маланкай увасабляецца ў чорнага ката.

На Палессі існавала паданне пра паходжанне ката. Згодна з легендай, чорт задумаў спакусіць Еву і абярнуўся ў мыш — у такім выглядзе ён і накіраваўся да яе на выспу. У гэты час Прасвятая Дзева ўбачыла намеры чорта, таму скінула сваю рукавічку — з яе ўтварыўся кот. Гэты кот у той жа момант схапіў чорта-мыш.

У сярэдзіне XIX стагоддзя на Віцебшчыне захоўваліся звесткі пра існаванне там кашэчага караля — Варгіна. Яго ўяўлялі як вялізнага чорнага ката.

чаму людзі любяць катоў
Фота: Ludemeula Fernandes / unsplash.com

У беларускім фальклоры ёсць сюжэт, які апісвае ўзнікненне «складаных» стасункаў катоў, сабак і мышэй. Лічылася, што ў даўнія часы гэтыя жывёлы жылі ў поўнай згодзе да аднаго выпадку. Кату трэба было пільнаваць паперы, у якіх былі запісаныя ганаровыя правы сабак, але ён не змог справіцца з задачай: мышы пагрызлі тыя паперы. Так і пачалася варожасць сабак з катамі, а катоў з мышамі.

Якія забабоны існавалі (і існуюць дагэтуль) у беларусаў наконт катоў

Самымі вядомымі павер’ямі на сённяшні дзень з’яўляюцца тыя, у якіх у ката ператвараюцца чорт ці ведзьмы:

«Як чараўніцу везлі хаваць, за труной услед ішло многа вясковых катоў, аж у магілу за ёй лезлі» — запіс з Лепельскага р-на. Таму часцяком сустрэчы з чорным катом успрымаюцца як знак бяды. Напрыклад, калі чорны кот перабягае дарогу маладым, якія ідуць да вянца, то жыццё ў іх будзе цяжкім.

Катоў забаранялася трымаць у хаце, калі там паміраў чалавек: лічылі, што ў ката можа перайсці душа памерлага. Дарэчы, у Заходняй Беларусі лічылі, што кожны кот ад нараджэння мае намер задушыць чалавек у сне: таму катам трэба адсекчы хвост, дзе нібыта месціцца кашэчая злосць. Пагроза чалавеку з боку ката выяўляецца ў яго здольнасці сурочыць.

У некаторых выпадках катам не дазвалялі спаць з дзіцём, бо ад вуркатання ў дзіцячай галаве маглі завесціся жабы. Аднак з іншага боку, продкі беларусаў лічылі, што кот мог «падарыць» немаўляці добры сон: для гэтага чорных катоў клалі ў калыску, пакуль кот не пачне муркаць — а затым жывёлу выганялі з хаты.

У той жа час існавала павер’е, што ад вуркатання ў галаве дарослага чалавека заводзіцца жамяра.

Акрамя чорта і ведзьмаў, катоў звязвалі з іншымі міфічнымі істотамі. Напрыклад, з Вадзяніком: дзеля залагоджвання духа вады на вадзяных млынах адмыслова трымалі чорнага ката і пеўня. Шэраг вераванняў беларусаў сцвярджае дачыненне ката да Дамавіком: «Якой поўсці прыжывецца ката ў хаце, такой і жывёлу трымай» — гэта значыла, яе прыме Дамавік.

каты
Фота: Julia Kadel / unsplash.com

Традыцыйна, ката першага пускалі ў новую хату. Лічылася, што калі кот сыходзіў з хаты пасля гэтага, то чакаліся няшчасці. А вось котка, якая пакацілася на гарышчы, прадказвала дому хуткае вяселле.

Калі кот ляжыць на стале ці ў куце, то трэба чакаць смерці гаспадара дома. Калі чалавеку сніўся кот, то гэта азначала будучую сварку з кімсьці. Продкі беларусаў верылі, што калі кот качаецца — гэта да кепскага надвор’я.

Катоў выкарыстоўвалі і як прыкмету гасцей. Калі кот «хвост задзярэ ды ліжэцца», то чакаўся прыход гасцей. Так жа лічылі, калі кот пакладзе свой хвост на покуць. А вось калі кот пачынае мыцца, калі госці ў доме, то яны павінны хутка з’ехаць.

Каты — дабро ці зло?

Напачатку XX стагоддзя даследчыкі зафіксавалі гульню «Пячы ката», якая існавала ў беларусаў у цэнтральнай частцы нашай краіны. Яе лічаць рэліктам колішняга ахвярапрынашэння катоў. Гульня пачыналася з таго, што спачатку пяклі з цеста каравай у выглядзе ката, а потым падвешвалі яго да столі ў хаце. Удзельнікі гульні павінны былі злавіць выпечанага ката. Затым ката разразалі і дзялілі між сабой.

У магічнай практыцы беларускіх вядзьмарак і знахарак шырока выкарыстоўвалася кашэчая печань. Ведзьмы змешвалі кашэчую печань і сэрца лісіцы са зборамі зёлак: з гэтага гатавалі вадкасць, якая надавала вядзьмаркам маладосць ці незвычайную прыгажосць. Гэтая магічная вадкасць дапамагала ведзьмам лётаць па ветры на свае шабашы.

Відавочна, што каты гралі сваю ролю ў жыцці нашых продкаў. Яны ўваходзілі ў паданні — станавіліся іх галоўнымі героямі. Часта вобраз ката адлюстроўваўся ў негатыўных прыкметах, але ў большасці выпадкаў кот мае станоўчую характарыстыку. Кот для продкаў беларусаў — гэта хітрая і кемлівая жывёла. Каты верныя сваім гаспадарам і дапамагаюць ім у крытычных момантах жыцця.

Вярнуцца ўгару