Жыццё і спартыўная кар’ера Леаніда Тараненкі звязаная са славутымі рэкордамі, яркімі выступамі на чэмпіянатах і Алімпіядах, а таксама з допінгавымі скандаламі і абвінавачваннямі ў адрас беларускіх спартыўных чыноўнікаў. Тараненка застаецца адным з самых вядомых беларускіх цяжкаатлетаў, але ў апошнія гады яго прафесіяналізм аказаўся непатрэбным на радзіме.
PALATNO расказвае гісторыю Леаніда Тараненкі.
Маларыцкі культурызм, мара стаць лётчыкам і пачатак спартыўнай кар’еры
Леанід Тараненка нарадзіўся ў Маларыце 13 чэрвеня 1956 года. Праз 59 гадоў ён стане ганаровым жыхаром райцэнтра на Брэстчыне, але яшчэ зусім юнаком будзе доўга вагацца, чым яму займацца. Аднак з дзяцінства ён будзе закаханы ў спорт. Яшчэ да паглыблення ў азы цяжкай атлетыкі малады Леанід займаўся лёгкай атлетыкай, хадзіў на барацьбу:
— Вялікага выбару, якім відам спорту займацца, у нас не было. Моладзь хадзіла ў асноўным на лёгкую атлетыку. Прываблівала экіпіроўка і кітайскія кеды, якія выдавалі бясплатна.
Тады ж у мясцовай спартыўнай школе з’явіўся трэнер Пётр Сацук. У далейшым ён стане першым трэнерам Тараненкі. Сацук доўгі час захапляўся цяжкай атлетыкай, займаўся ён нават у арміі. Пасля дэмабілізацыі арганізаваў цяжкаатлетычную секцыю ў Маларыце.
У юнацтве Леанід быў невысокім і поўным хлопцам. Разам са сваім сябрам ён таемна займаўся культурызмам — таемна, бо савецкая ўлада не заахвочвала зацікаўленасць у, так бы мовіць, буржуазным відзе спорту. Сацук даведаўся пра заняткі культурызмам і прапанаваў Леаніду замест пайсці да яго на секцыю цяжкай атлетыкі.
Сацук першы, хто паверыў у талент маларыцкага цяжкаатлета. Ён жа адправіў юнака на першыя спаборніцтвы, пасля якіх яго пачалі запрашаць іншыя трэнеры. Аднак кар’ера спартсмена спачатку не разглядалася: Леанід хацеў стаць лётчыкам. Тараненка збіраўся паступаць пасля школы ў лётнае вучылішча ў Чарнігаве, але не прайшоў медыцынскую акадэмію з-за праблем з каленямі.
— У лётчыкі мяне не ўзялі. Дзіцячая мара — упустую. У Маларыту з Чарнігава я павярнуўся ў жудасным стане. Але, відаць, лёс быў такі, каб я стаў штангістам, — успамінаў Тараненка.
У 1974 годзе, пасля няўдалага паступлення ў лётную акадэмію, хлопец едзе ў Мінск да трэнера Івана Лагвіновіча. З ім яны пазнаёміліся на тых першых спаборніцтвах, куды Тараненку адправіў Сацук. Лагвіновіч пачаў актыўна займацца падрыхтоўкай Леаніда, а ўжо праз паўгода юнак атрымаў званне майстра спорту.
Узаемаадносіны паміж трэнерам і спартсменам былі выбітныя, пра што неаднаразова ўспамінаў сам Тараненка. Леанід нават расказваў, што Лагвіновічу снілася, што яго падначалены паб’е рэкорды на спаборніцтвах: «На адным з чэмпіянатаў СССР ён мне кажа: “Ты сёння паб’еш два сусветных рэкорды. Мне прыснілася, што я сарваў два вялікіх яблыкі — гэта твае рэкорды”».
Лагвіновіч уплываў на Тараненку не толькі ў спартыўным зале, але і па-за яго межамі. Менавіта ён настойваў на тым, каб малады хлопец атрымаў адукацыю. З яго падачы ён паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і атрымаў спецыяльнасць інжынер-электраменік. На працу на птушкафабрыку ўсё ж не пайшоў і шчыльна займаўся спортам.
Па ўспамінах Тараненкі, беларускія цяжкаатлеты былі дрэнна падрыхтаваныя ў адрозненні ад спартсменаў з Расіі і атлетаў з Каўказа.
— Жылі на стыпендыю саюзнага значэння, атрымлівалі талоны на харчаванне. Грошы на рукі не давалі, адпаведна, з дадаткамі і вітамінамі было цяжка. Нашым асноўным «допінгам» была чорная ікра па «казачнай» цане — 40 рублёў за кілаграм.
Перамогі і рэкорды, правалы і аперацыя, якая выратавала жыццё
Першым сур’ёзным поспехам Леаніда Тараненкі сталі Алімпійскія гульні ў Маскве, што праводзілі ў 1980 годзе. На спаборніцтвах ён узяў залаты медаль, але акрамя шыкоўнага выступу Алімпіяда спартсмену запомнілася іншым. Падчас яе памёр Уладзімір Высоцкі — кумір Тараненкі. Пазней Леанід будзе ўспамінаць, што падчас Алімпійскіх гульняў не адчуваў ніякай святочнай атмасферы: пустая Масква, спартсмены знаходзіліся ў суправаджэнні міліцыянераў. Пасля свайго выступлення Тараненка разам з трэнерам сабраўся і паехаў дадому ў Мінск: «Мы ехалі ў абсалютна пустым вагоне. Каб стварыць бачнасць, што ўсё добра, у Маскву і з яе ганялі пустыя цягнікі».
За перамогу на Алімпіядзе атлет атрымаў прыёмнік ад спартыўнага таварыства «Ураджай», у шэрагі якога ўваходзіў, і яшчэ дзяржпрэмію — яе не хапіла нават на «Жыгулі».
У 1981 годзе Тараненку выключылі з шэрагаў зборнай СССР. Усё з-за таго, што ён і яшчэ два яго партнёры па зборнай вырашылі адпачыць у Маскве, таму таемна з’ехалі са спартыўнай базы. А калі вярнуліся, то адзін з таварышаў расказаў пра адсутнасць галоўнаму трэнеру. На гэтым непрыемнасці не скончыліся.
У 1982 годзе праходзіў чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы, на які павінен быў ехаць і Леанід Тараненка. Аднак перад турнірам у спартсмены пачаліся праблемы са спінай. Падчас збораў яму зрабілі навакаінавую блакаду, якая дапамагла часова пазбавіцца болі. Яшчэ праз год Тараненку шпіталізавалі, ён літаральна знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці. У спартсмена была стафілакокавая інфекцыя. Дактары былі ў шоку ад стана Тараненкі:
— Татальнае нагнаенне мяккіх тканін у вобласці спіны з пераходам на сцягно. Ужо ішоў развал цягліц. Мы выдалілі два з паловай літры гною. Для даведкі: з гэтым не жывуць. Людзі гінуць ад агульнай інтаксікацыі, — успамінаў доктар Сяргей Міронаў, які аперыраваў Тараненку.
Медыкі выратавалі атлета, але не маглі разабрацца, чаму ён аказаўся ў такім стане. Дактары, якія праводзілі аперацыю, расказвалі, што Тараненка ім прызнаўся, што калоў стэроіды — і так мог занесці ў арганізм інфекцыю. Тараненка наадварот настойваў на тым, што ў яго стане вінаватыя самі дактары: маўляў, яго заразілі стафілакокавай інфекцыяй пасля ўколу навакаіну ў 1982 годзе. Аднаўленне заняло працяглы час.
— Курс рэабілітацыі быў доўгім. Было балюча і цяжка элементарна рухацца, не кажучы ўжо пра трэніроўкі. Медыкі не дапускалі думкі, што я магу вярнуцца ў цяжкую атлетыку.
У спорт Тараненка вярнуўся. Яго па-ранейшаму падтрымліваў трэнер Лагвіновіч. Тараненка змог аднавіцца да гульняў «Дружба-84» — імі для савецкіх спартсменаў замянілі Алімпійскія гульні ў Лас-Анджэлесе. Нагадаем, што Алімпіяду ў Маскве байкатавалі амерыканцы з-за ўводу савецкіх войск у Афганістан, таму СССР вырашаў не адпраўляць сваіх атлетаў на спаборніцтвы ў ЗША. На «Дружбе-84» Тараненка таксама ўзяў залаты медаль.
Наступную Алімпіяду ў Сеуле, якая адбылася ў 1988 годзе, спартсмен прапусціў. Па яго словах, дарогу на турнір закрылі ў дзяржаўным камітэце спорту. Яго з трэнерам абвінавачвалі ва ўжыванні допінгу, быццам бы яны падмянілі допінг-пробы на адным з унутраных чэмпіянатаў краіны. Па словах самога Тараненкі, гэта было няпраўдай, але паслухалі кіраўніцтва і адмовіліся ад удзелу ў Алімпіядзе ў Сеуле.
Праз некалькі месяцаў пасля Алімпійскіх гульняў Тараненка ўстанавіў два сусветных рэкорды на Кубку цяжкаатлетаў у Канберы. Першы быў пад’ём 266 кілаграмаў у штуршку — гэты рэкорд трымаўся 33 гады, пакуль грузінскі спартсмен Лаша Талахадзэ не падняў 267 кілаграмаў. Другім рэкордам сталі 475 кілаграмаў у дваябор’і. Гэтыя рэкорды Тараненкі ўнеслі ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
Да новай Алімпіяды ў Барселоне ў 1990-м Тараненка падышоў з траўмамі. Там ён заняў другое месца, узяў сярэбраны медаль, саступіўшы першую пазіцыю іншаму беларусу — Аляксандру Курловічу.
Жыццё пасля спорту: трэнерская кар’ера ў Індыі, лукашэнкаўскія ідэі з салам і падтрымка рускіх спартсменаў
У 1990-я гады Тараненка паступова завяршае спартыўную кар’еру. У 1994 годзе ён паехаў у Індыю і некалькі гадоў працаваў з мясцовымі спартсменамі. Праз два гады, у 1996-м, ён прыехаў на адпачынак у Мінск і даведаўся, што ў камандзе беларускіх цяжкаатлетаў ёсць вакантнае месца: у Аляксандра Курловіча ўзніклі праблемы з допінг-пробамі. Тараненка паспеў падрыхтавацца да будучага чэмпіянату Еўропы і ў 39 гадоў яго выйграў. Дарэчы, беларускі спартсмен змог бы ўстанавіць чарговы рэкорд, гэтым разам узроставы, калі б выступіў на Алімпіядзе ў Атланце. На жаль, у Тараненкі ўзніклі праблемы са спінай, таму хоць ён і прысутнічаў у заяўцы, у самім турніры не ўдзельнічаў. Гэта была апошняя кропка ў спартыўным жыцці Тараненкі, а далей — трэнерская кар’ера.
У Беларусі ён не застаўся, бо за працу ў нацыянальнай камандзе яму прапанавалі 20 долараў. Тараненка зноў едзе ў Індыю. Там ён займаўся з штангісткамі, якіх двойчы прыводзіў да Алімпіяд. У 2004 годзе на Гульнях у Афінах у дзвюх яго падначаленых знайшлі ў пробах допінг. У пазнейшых інтэрв’ю Тараненка будзе расказваць, што перад Афінамі на нацчэмпіянаце ў Індыі ў спартсменаў знайшлі каля 30 станоўчых допінг-проб, але на гэта ніхто не звярнуў увагі.
— Мы прыехалі на Алімпіяду, у адной са штангістак знаходзяць тэтрагідрастэрон. Вядома, індыйская дэлегацыя ўстала на вушы. Мяне ледзь не арыштавалі — федэрацыю ўзначальваюць адстаўныя паліцэйскія палкоўнікі. Я напісаў, напэўна, тысячу тлумачальных! Усё нармалізавалася, але затым допінг знаходзяць яшчэ ў адной штангісткі. Міністр спорту Індыі датэрмінова разарваў са мной кантракт.
Так са скандалам ён завяршыў і трэнерскую кар’еру. Пасля Індыі Тараненка вярнуўся ў Беларусь: пачаў займацца бізнесам, нядоўгі час працаваў у мінскім аддзяленні НАК.
У 2018 годзе Лукашэнка ў чарговы раз раздаваў парады спартсменаў. Адной з іх была рэкамендацыя для алімпійцаў есці сала. Тараненка падтрымаў ідэю і расказаў, што падчас спаборніцтваў савецкія спартсмены елі шмат сала.
У 2019 годзе Тараненка каментаваў адхіленне расійскіх спартсменаў ад буйных спаборніцтваў: «Гэта прававое бязмежжа! Іншымі словамі — не скажаш». Ён абвінавачваў сусветнае антыдопінгавае агенцтва ў карупцыі, але агулам падкрэсліў, што ўжыванне допінгу шкодзіць спартсменам, але адхіляць краіны з-за гэтага нельга. Нагадаем, што тады высветлілася, што Расія напрацягу некалькіх гадоў хавала дадзеныя спартсменаў, у якіх находзілі допінг, а таксама Маскоўская антыдопінгавая лабараторыя падрыхтавала цэлую допінгавую праграму для сваіх спартсменаў.
Тараненка не вельмі публічны чалавек. Ён рэдка становіцца героем інтэрв’ю, не імкнецца публічна абмяркоўваць сусветныя падзеі. У 2020 годзе ён не падпісваў ліст праўладных спартсменаў, а пазней не выказваўся пра адхіленне беларускіх спартсменаў ад спаборніцтваў.
У апошнія гады славуты спартсмен знаходзіцца на пенсіі, часамі ходзіць на паляванне.
— Спецыялісты ў гэтай краіне нікому не патрэбныя. Многія могуць сказаць, маўляў, набірай дзяцей, але такой руціннай працай павінны займацца спецыялісты не вельмі высокай кваліфікацыі. Аграніць алмаз — гэта я магу, але гэта нікому не трэба. Федэрацыі спецыялісты не трэба. Трэнеры там нават цяжка сказаць, якога ўзроўню. У зборнай, напэўна, няма праблем, калі не бяруць у дапамогу алімпійскага чэмпіёна нават у якасці кансультанта, — казаў Тараненка.