«Дом цмока» па-беларуску: Дэйман — Каліноўскі, Рэйніра — Барбара Радзівіл

серыял дом дракона, серыял дом цмока

Адбылася прэм’ера другога сезона «Дома цмока» з новымі інтрыгамі, сюжэтнымі паваротамі, імкненнем «чорных» і «зялёных» да ўлады. Беларуская гісторыя багатая на розныя падзеі: часам, нават найбольш цікавыя, што адбываюцца ў фэнтэзійным серыяле ад HBO.

PALATNO вырашыла паглядзець, на каго падобныя героі «Дома цмока» з беларускай гісторыі — і вось, што атрымалася.

ШТО ЗА «ДОМ ЦМОКА»?
«Дом цмока» з’яўляецца прыквелам да «Гульні тронаў», дзеянне якога адбываецца прыблізна за дзвесце гадоў да падзей арыгінальнага серыяла. У «Доме цмока» расказваецца пра ўзлёт і падзенне дома Таргарыенаў, асноўная ўвага засяроджваецца на грамадзянскай вайне, якая вядомая як Танец цмокаў. Галоўнымі асобамі серыялу сталі прынцэса Рэніра Таргарыен, абраная спадчынніцай Жалезнага трона, і яе зводным братам Эйганам II, які таксама прэтэндуе на трон. Пакуль каралеўствы Вэстэросу ўцягваюцца ў барацьбу за ўладу, альянсы ўтвараюцца і разбураюцца, цмокі пускаюцца ў бой.

Кароль Візэрыс — гэта Міндоўг

Візэрыс I Таргарыен і Міндоўг, серыял дом цмока
Візэрыс I Таргарыен і Міндоўг.

Кароль Візэрыс I Таргарыен імкнецца падтрымліваць мір і стабільнасць у Сямі каралеўствах, але сутыкаецца з выклікамі — шэраг сямейных канфліктаў і праблемы з ворагамі па-за межамі дзяржавы. Візэрыс падобны да Міндоўга — першага і адзінага каранаванага караля Літвы. Міндоўг працаваў над умацаваннем сваёй улады і стварэннем адзінай дзяржавы, нягледзячы на ўнутраныя і знешнія пагрозы.

Чым яны падобныя? Абодва кіраўнікі імкнуліся аб’яднаць свае дзяржавы і захаваць мір, але іх праўленне было ўсё роўна адзначанае барацьбой унутры краіны. Пасля смерці і Візэрыса, і Міндоўга ў іх дзяржавах наступіў хаос, крывавая і жорсткая барацьба за ўладу.

Ота Хайтаўэр — Ян Караль Хадкевіч

Ота Хайтаўэр і Ян Караль Хадкевіч, серыял дом цмока
Ота Хайтаўэр і Ян Караль Хадкевіч.

Ота Хайтаўэр — намеснік караля (нават трох каралёў!). Ён праніклівы і кемлівы, заўсёды прагне быць побач з уладаром, але заставацца ў цені. Да каго падобны «Рука» трох каралёў дынастыі Таргарыенаў? Хутчэй за ўсё, да Яна Караля Хадкевіча. Хадкевіч быў выбітным дзяржаўным дзеячам і вялікім гетманам у ВКЛ. Ён больш вядомы тым, што ўдзельнічаў у шматлікіх ваенных кампаніях: самая вядомая бітва адбылася пры Кірхгольме ў 1605 годзе, калі войскі пад камандаваннем Хадкевіча перамаглі больш буйное войска шведаў.

Чым яны падобныя? Абодва з’яўляюцца ўплывовымі дарадцамі і стратэгамі. Яны выкарыстоўвалі свой інтэлект і хітрасць, каб выжываць у сваіх дзяржавах і дамагацца ўлады любым коштам. Калі Хайтаўэр выкарыстоўваў сваё прывілеяванае становішча ў часы дынастыі Таргарыенаў, Хадкевіч рабіў тое самае, каб уплываць на палітычнае жыццё ВКЛ.

Алісэнта Хайтаўэр — Бона Сфорца

Алісэнта Хайтаўэр і Бона Сфорца, серыял дом цмока
Алісэнта Хайтаўэр і Бона Сфорца.

Алісэнта Хайтаўэр, якая стала жонкай Візэрыса і каралевай, выкарыстоўвала свой уплыў для абароны інтарэсаў сваёй сям’і. З яе падачы пачалася ўзурпацыя Жалезнага трона. Сваім характарам і дзеяннямі Хайтаўэр падобная да каралевы Боны Сфорцы.

Чым яны падобныя? Абедзве жанчыны з’яўляюцца ўплывовымі жонкамі сваіх каралёў, якія добра арыентуюцца ў складаным палітычным ландшафце сваіх дзяржаў, разумна выкарыстоўваюць свой інтэлект і стратэгічнае мысленне для павышэння пазіцый сваіх сем’яў. Алісэнта падтрымала прэтэнзіі свайго сына, Эйгана, на трон; а Бона Сфорца, у сваю чаргу, забяспечвала выгаднае становішча для сваіх дзязей, каб паўплываць на пераемнасць улады.

Дэйман Таргарыен — Кастусь Каліноўскі

Дэйман Таргарыен і Кастусь Каліноўскі, серыял дом цмока
Дэйман Таргарыен і Кастусь Каліноўскі.

Дэйман Таргарыен — ключавы персанаж у «Доме цмока». У яго бунтарскі характар, ён умее і любіць ваяваць. Дэйман быў малодшым братам Візэрыса, але часта супярэчыў яму і ўступаў ў канфлікты. Дэйман хоча пракласці сабе шлях да ўлады: узначальвае ваенныя кампаніі, камандуе войскамі на сваім цмоку Караксасе ці ўдзельнічае ў палітычных інтрыгах. І ў некаторым сэнсе Дэйман падобны да… Кастуся Каліноўскага.

Кастусь Каліноўскі — беларускі нацыянальны герой, рэвалюцыйны сімвал і сімвал супраціву рускаму імперыялізму. Каліноўскі адыграў адну з ключавых роляў у Паўстанні 1863-1864 гадоў. Ён быў гарачым абаронцам правоў і свабодаў свайго народа, натхняў і мабілізаваў масы.

Чым яны падобныя? У Дэймана Таргарыена і Кастуся Каліноўскага валявая і бунтарская натура, яны могуць быць выключнымі лідарамі падчас канфліктаў. Абодва дзейнічалі на мяжы агульнапрынятых нормаў, кідалі выклік уладзе і змагаліся за сваю справу. Амбіцыі Дэймана і гатоўнасць кінуць выклік старэйшаму брату паўтараюцца ў рашучасці Каліноўскага супрацьстаяць расійскаму імперыялізму.

Эйган II Таргарыен — Жыгімонт II

Эйган Таргарыен і Жыгімонт II Аўгуст, серыял дом цмока
Эйган Таргарыен і Жыгімонт II Аўгуст.

Эйган II — прэтэндэнт на Жалезны трон, але ад пачатку ён не быў спадчыннікам. У пачатку яго праўлення, калі яго літаральна пасадзілі на трон маці і дзед, пачалася грамадзянская вайна — Танец цмокаў. Праўленне Эйгана прайшло ў барацьбе за легітымнасць і ўладу на чале дынастыі Таргарыенаў.

Кіраванне караля Жыгімонта II Аўгуста праходзіла таксама ў барацьбе з унутранымі канфліктамі і намаганнях абараніць сваю спадчыну. Жыгімонт сутыкнуўся з праблемамі ў падтрыманні стабільнасці дзяржавы і ў адносінах з амбіцыйнай шляхтай.

Чым яны падобныя? Падабенства Эйгана і Жыгімонта палягае ў іх барацьбе з унутрыдзяржаўнымі канфліктамі і выклікамі іх уладзе. Жыгімонт спрабаваў кіраваць шляхтай і імкнуўся захаваць сваё праўленне падчас унутрыпалітычных узрушэнняў, падобна барацьбе Эйгана ў часы грамадзянскай вайны Таргарыенаў. І Жыгімонт, і Эйган былі занепакоеныя захаваннем сваёй спадчыны.

Рэйніра Таргарыен — Барбара Радзівіл

Рэйніра Таргарыен і Барбара Радзівіл, серыял дом дракона
Рэйніра Таргарыен і Барбара Радзівіл.

Рэйніра — гэта валявы і амбіцыйны персанаж. Яна змагаецца за сваё права на Жалезны трон, сваёй спадчынніцай яе афіцыйна абвясціў бацька Візэрыс. Рэйніра сутыкаецца са шматлікімі праблемамі і супраціўленнем з-за свайго полу, але яна ўсё роўна цвёрда настроеная патрабаваць улады.

Барбара была з вялікалітоўскага роду Радзівілаў. Яна стала каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай праз шлюб з каралём Жыгімонтам II Аўгустам. Нягледзячы на значную апазіцыю з боку шляхты і маці караля Боны Сфорцы, Барбара стала значнай і ўплывовай фігурай свайго часу.

Чым яны падобныя? І Рэйніра, і Барбара сутыкнуліся са значным супраціўленнем у сваім імкненні да ўлады з-за грамадскіх нормаў і сямейных канфліктаў. Шлюб Барбары з Жыгімонтам быў такім жа цяжкім выпрабаваннем, як прэтэнзіі і шлях Рэйніры на трон. Абедзве жанчыны — гераіня Джорджа Р.Р. Марціна і рэальная каралева — прадэманстравалі рашучасць перад нягодамі, імкнучыся адстойваць свае пазіцыі ў асяроддзі, дзе дамінуюць мужчыны. Абедзве памерлі хутка пасля таго, як змаглі заняць трон.

Крыстан Коль — Канстанцін Астрожскі

Крыстан Коль і Канстанцін Астрожскі, серыял дом цмока
Крыстан Коль і Канстанцін Астрожскі.

Крыстан Коль — рыцар, які стаў вядомым сваім выключным баявым навыкам і стаў членам Каралеўскай гвардыі. Ён быў лаяльны да прынцэсы Рэйніры Таргарыен, але яго прыхільнасць рэзка змянілася (бо ў яе быў абавязак сесці на трон, а не гандляваць апельсінамі ў Эсасе) і ён падтрымаў Эйгана падчас Танца цмокаў. Менавіта Коль каранаваў Эйгана.

Канстанцін Астрожкі быў вядомым палкаводцам і вялікім гетманам літоўскім. Ён праславіўся вайсковым геніем у шматлікіх бітвах супраць татараў, маскавітаў і іншых праціўнікаў Вялікага Княства Літоўскага. З Астрожскім звязаная тая самая бітва пад Оршай у 1514 годзе, у якой ён прывёў войскі да вырашальнай перамогі над маскоўскім войскам.

Чым яны падобныя? Крыстан Коль і Канстанцін Астрожскі — выдатныя ваенныя лідары, яны адыгрываюць значную ролю ў ваенных канфліктах. Рост Коля ад звычайнага мечніка да ключавога гульца ў грамадзянскай вайне можна пераплесці з рэальнай гісторыяй узлётам Астрожскага, хоць апошні і меў шляхетнае паходжанне.

Вярнуцца ўгару