Now Reading
Здаць кроў у Беларусі: хто можа, што патрэбна і колькі плацяць

Здаць кроў у Беларусі: хто можа, што патрэбна і колькі плацяць

здаць кроў у беларусі, стаць донарам крыві ў беларусі, колькі плацяць донарам крыві ў беларусі

Колькі крыві здаюць донары ў Беларусі? Як трэба сілкавацца да і пасля працэдуры? А якія гарантыі і льготы прадугледжаны для донараў?

PALATNO расказвае, хто можа стаць донарам крыві ў Беларусі, што для гэтага патрэбна і колькі за гэта плацяць.

Хто можа стаць донарам крыві

Здаць кроў і яе кампаненты могуць грамадзяне Беларусі, іншых краін і людзі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і якім ад 18 да 60 гадоў (ч. 1 артыкула 19 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2010 года «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў»). Донары крыві павінны быць дзеяздольнымі і не пакутаваць на захворванні.

Калі чалавеку больш за 60 гадоў, то ўрачэбна-кансультацыйная камісія можа дазволіць яму здаць кроў у наступных выпадках:

  • пры наяўнасці ў донара крыві і яе кампанентаў рэзус-адмоўнай прыналежнасці ўсіх груп крыві;
  • калі донару не хапае пэўнай колькасці данацый (не больш за 3-5 данацый крыві або 10-15 данацый кампанентаў крыві), каб атрымаць нагрудны знак адрознення Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь».

Аб’ём данацыі крыві не павінен перавышаць 13% ад аб’ёму цыркулюючай крыві (АЦК). Доза стандартнай данацыі крыві складае 450 мл ± 50 мл. Аб’ём крыві, які выкарыстоўваюць для клінічных даследаванняў, не павінен перавышаць 40 мл.

Якія дакументы патрэбны

  • пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ці іншы дакумент, які сведчыць асобу;
  • ваенны білет (пры першым звароце);
  • выпіска з медыцынскіх дакументаў на папяровым і (або) электронным носьбіце, выдадзеная амбулаторна-паліклінічнай арганізацыяй аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання), а пры наяўнасці ведамасных арганізацый аховы здароўя — па месцы працы (вучобы, службы) — перад першай данацыяй крыві і яе кампанентаў, а ў далейшым — 1 раз у 6 месяцаў;
  • вынікі агляду лекарам-гінеколагам (для жанчын) — перад першай данацыяй крыві і яе кампанентаў, а ў далейшым — 1 раз у 6 месяцаў;
  • вынікі флюараграфічнага (рэнтгеналагічнага) даследавання органаў грудной клеткі — перад першай данацыяй крыві і яе кампанентаў, а ў далейшым — 1 раз у 12 месяцаў;
  • агульны аналіз мачы па патрабаванні медрэгістратара (не пазней за 10 дзён да здачы крыві);
  • фотаздымак 3х4 (пры першым звароце);
  • вынікі ЭКГ даследавання — перад першай данацыяй метадам аўтаматычнага плазмаферэзу і трамбацытаферэзу не больш за 10 дзён, а ў далейшым — 1 раз у 6 месяцаў.
здаць кроў у беларусі, стаць донарам крыві ў беларусі, колькі плацяць донарам крыві ў беларусі
Фота: National Cancer Institute / unsplash.com

Як падрыхтавацца да данацыі

У дзень здачы крыві пажадана выключыць цяжкія фізічныя і спартыўныя нагрузкі. На працягу двух дзён рэкамендуецца паўнавартасна і рэгулярна харчавацца, выпіваць не менш за 1-2 літры вадкасці ў дзень (алкаголь не рэкамендуецца).

Варта весці здаровы лад жыцця, пазбягаць выпадковых палавых сувязяў. На данацыю нельга прыходзіць хворым. Людзям з татуіроўкамі і пірсінгам кроў здаваць можна, але пажадана ўстрымацца ад данацыі на працягу паўгода пасля апошняй касметычнай працэдуры.

Напярэдадні і ў дзень данацыі трэба выключыць з рацыёну тлустую, смажаную, вострую, вэнджаную ежу, малочныя прадукты, яйкі, алей, бананы, цытрусавыя, арэхі.

Раніцай у дзень данацыі можна выпіць салодкі чай з варэннем, паесці сухары, сушкі ці адварныя крупы. На галодны страўнік прыходзіць на данацыю не рэкамендуецца. За дзесяць дзён да данацыі трэба ўстрымацца ад антыбіётыкаў, за двое сутак — ад алкаголю, а за дзве гадзіны — ад курэння.

Донарам забаронена ўжываць наркотыкі.

Як часта можна здаваць кроў

Мінімальныя інтэрвалы паміж данацыямі крыві складаюць не менш за 60 каляндарных дзён. Гэта значыць, што здаваць можна адзін раз у два месяцы. А пасля кожнай пятай данацыі інтэрвал складае не менш за 90 каляндарных дзён.

Інтэрвал паміж данацыямі кампанентаў крыві (плазмы, трамбацытаў) — не менш за 14 каляндарных дзён.

Паміж данацыяй кампанентаў крыві (плазмы, трамбацытаў) і данацыяй крыві — не менш за 30 каляндарных дзён.

Мужчыны могуць здаваць кроў не больш за пяць разоў у год, а жанчыны — не больш за чатыры.

Як праходзіць працэдура

Рэгістрацыя. Донар падае неабходныя дакументы. Пры першым звароце заводзіцца ўліковая картка, медыцынскі дакумент і карта-анкета донара. Пры наступных зваротах — карта-анкета донара.

Запаўненне карты-анкеты донара. Донар адказвае на пытанні ў карце-анкеце і падпісвае добраахвотную згоду на забор крыві ці яе кампанентаў на платнай або бязвыплатнай аснове.

Лабараторнае абследаванне. У клінічнай лабараторыі донару крыві вызначаюць групу крыві, рэзус-прыналежнасць, фенатып антыгенаў эрытрацытаў па сістэме Келл, праводзяць клініка-лабараторнае даследаванне крыві і мачы (пры першай данацыі крыві, а ў далейшым — 1 раз у год), пры кожнай наступнай данацыі на працягу года вызначаюць толькі ўтрыманне гемаглабіну.

Кожную дваццатую данацыю крыві даследуецца абмен жалеза ў арганізме донара.

Медыцынскі агляд. Доктар аглядае донара, ацэньвае звесткі з яго медыцынскіх дакументаў, апытвае, ацэньвае стан, вымярае ціск і тэмпературу, а таксама вызначае частату і асаблівасці пульсу.

Працэдура данацыі. Донар садзіцца ў крэсла, на сярэднюю траціну пляча накладваецца жгут, скура апрацоўваецца антысептычным сродкам. З вены бярэцца кроў у колькасці 450 мл ± 50 мл. Таксама частка крыві (20-40 мл) забіраецца для лабараторных даследаванняў (на маркеры віруса ВІЧ, вірусаў гепатыту B і C і інш.).

Працягласць працэдуры — каля 10-15 хвілін. Адпачынак пад наглядам медыцынскага персаналу на працягу 30 хвілін. Затым донару выдаецца медыцынскі дакумент, які пацвярджае факт данацыі.

Гарантыі і кампенсацыі. У дзень данацыі донара вызваляюць ад працы, выканання абавязкаў ваеннай службы ці ад заняткаў (для студэнтаў). Перад здачай крыві і яе кампанентаў даецца бясплатная ежа. А пасля здачы крыві можна атрымаць грашовую кампенсацыю.

З 1 мая 2023 года за данацыю кампанентаў крыві можна атрымаць 111 рублёў. Больш інфармацыі тут.

здаць кроў у беларусі, стаць донарам крыві ў беларусі, колькі плацяць донарам крыві ў беларусі
Фота:
jesse orrico / unsplash.com

Што можна і чаго нельга рабіць пасля данацыі крыві

Пасля здачы крыві донар адпачывае паўгадзіны пад наглядам медперсаналу. Калі донар дрэнна сябе адчувае, то яму акажуць дапамогу на месцы.

На працягу дзвюх гадзін пасля здачы крыві трэба шмат піць і есці бялковую ежу. Цягам некалькіх гадзін пасля данацыі арганізм цалкам аднаўляецца.

Для хуткага і паўнавартаснага аднаўлення складу крыві донару рэкамендуецца ўжываць у ежу прадукты, якія ўтрымліваюць бялкі: малако і малочныя прадукты (кефір, смятана, тварог, сыры); мяса і мясныя прадукты, яйкі, рыбу і морапрадукты; прадукты расліннага паходжання з высокім утрыманнем жалеза (грэчка, сачавіца, пятрушка, шпінат, яблыкі, гранаты) і расліннага бялку (фасоля, гарох, соя, сачавіца, кукуруза).

Пасля данацыі некалькі гадзін нельга здымаць павязку з рукі ці мачыць яе. Не рэкамендуецца садзіцца за руль адразу пасля данацыі. Лепш не курыць наступныя некалькі гадзін, а таксама суткі не ўжываць алкаголь.

Плюсы і мінусы данацыі крыві

Спецыялісты ў галіне медыцыны мяркуюць, што рэгулярная здача крыві забяспечвае чалавеку прафілактыку захворванняў імуннай сістэмы. Гаворка ідзе пра падагру, атэрасклероз, а таксама расстройствы функцыянавання падстраўнікавай залозы, страўніка і печані. Сістэматычная здача крыві для пералівання хворым памяншае ўзнікненне сардэчна-сасудзістых захворванняў. Донарства можа стаць добрай прафілактыкай раптоўнага крывацёку. Арганізм, які звыкся актыўна выпрацоўваць новую кроў, зможа хутчэй аднаўляць сілы — адной з прычын большай працягласці жыцця жанчын як раз з’яўляюцца сістэматычныя кровастраты ў выглядзе менструацыі.

Многія хвалююцца, што падчас здачы крыві можна падхапіць якуюсьці хваробу. Аднак для ўзяцця крыві выкарыстоўваюцца толькі аднаразовыя інструменты і расходныя матэрыялы.

На самай справе заразіцца можа атрымальнік крыві. Да прыкладу, пры цяжкіх родах нельга выкарыстоўваць донарскую кроў чалавека, які менш чым за два дні да яе здачы ўжываў алкаголь або курыў, інакш нованароджаны рызыкуе атрымаць атручэнне арганізма. Заразіцца чым-небудзь падчас пералівання донарскай крыві могуць людзі з аслабленым імунітэтам.

Вярнуцца ўгару