Веды

Дождж ідзе ці падае? А надвор’е халоднае ці сцюдзёнае? Расказваем, як пра дрэннае надвор’е гавораць беларусы


Дождж ідзе ці падае? А надвор’е халоднае ці сцюдзёнае? Расказваем, як пра дрэннае надвор’е гавораць беларусы

PALATNO пра дажджы і тое, як беларусы гавораць пра дрэннае надвор’е.

Дождж, кроплі, хмары

Беларусы ў розных кутках краіны па-рознаму называюць саму з’яву. Слова дождж найбольш распаўсюджана на ўсходзе нашай краіны, а таксама часткова на Палессі. Таксама на Палессі і ў цэнтральнай Беларусі выкарыстоўваюць слова дож. Слова дошч найбольш выкарыстоўваюць на захадзе Беларусі — пераважна ў Гродзенскай і часткова ў Брэсцкай абласцях.

Цікава, што беларусы па-рознаму кажуць, што робіць дождж. Напрыклад, у большасці беларусы ва ўсіх кутках краіны згодны, што дождж ідзе. А вось ля Гродна і Брэста (бліжэй да польскай мяжы) беларусы кажуць, што дождж падае. Дождж падае і ў некаторых рэгіёнах Палесся.

Па-рознаму называюць нават кроплі дажджу. Самым распаўсюджаным словам ёсць капля. У асноўным усё адрозніваецца на захадзе і ўсходзе. Напрыклад, на захадзе і ў цэнтральнай Беларусі так і будзе кропля. Але часта кроплі дажджу называюць краплямі. Існуе яшчэ слова капка яго можна было пачуць у цэнтральнай Беларусі, але больш яно было папулярным у Гомельскай вобласці.

А як называлі беларусы дажджавую хмару? Таксама па-рознаму. На большай частцы краіны яе называюць уласна хмарай. На Брэстчыне ў множным ліку хмара будзе хмарі (у большай частцы краіны ў множным ліку — хмары). На Віцебшчыне, Магілеўшчыне, Гомельшчыне яе называюць проста тучай. Цікава, што ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях можна было пачуць слова аблока (з націска на другі склад). На Валожыншчыне і Смаргоншчыне ёсць цікавыя рэгіяналізмы: хмура, хмара (у гэтым слове — націск на апошні склад). На сутыку Мінскай і Магілёўскай абласцей існаваў свой рэгіяналізм, які больш нідзе не сустракаецца, — пузырок.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як называюць могілкі ў розных кутках Беларусі?

 

Ад «новай хаткі» да сімвала смерці. Расказваем пра труну ў беларускай міфалогіі

 

Нябожчык, пахаванне і мерцвякі: як па-рознаму называюць іх у Беларусі


Навальніца, лівень і надвор’е

А як сказаць пра халоднае надвор’е? Надвор’е халодным называюць у большасці на захадзе Беларусі. А вось у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі надвор’е сцюдзёнае. Цікава, што ў Мядзельскім раёне можна пачуць слова сцюдзенае (з націскам на першы склад). Ля Гродна і Брэста, на Мядзельшчыне, Астравеччыне і Ашмяншчыне яно зімнае. На поўдні Магілёўскай вобласці такое надвор’е маглі называць золкім. На поўначы Гродзенскай вобласці халоднае надвор’е называлі сядравым (з націскам на першы склад). На поўдні Гомельскай вобласці надвор’е маглі называць увогуле марозным.

Навальніцу ў Беларусі называлі ўласна навальніцай пераважна на Гродзеншчыне і ў цэнтры Беларусі (на Вілейшчыне і Маладзечаншчыне). На Брэстчыне і Гомельшчыне найбольш распаўсюджаным словам для апісання гэтай з’явы было бура. На Палессі часта можна было пачуць і слова граза, але найбольш гразу выкарыстоўвалі на Віцебшчыне і Магілёўшчыне.

Назва ліўню было вельмі рознай па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Само слова лівень выкарыстоўвалі больш-менш па ўсёй беларускай зямлі, але было шмат рэгіяналізмаў. Напрыклад, толькі на поўдні Гомельшчыны лівень называлі лея. Толькі ля Гродна лівень называлі навальніцай. На Мядзельшчыне выкарыстоўвалі слова ўлея. На Магілёўшчыне і Віцебшчыне карысталіся словам залівень. Найбольш варыятыўным аказалася Брэстчына, бо там лівень называюць заліва, пралой, оплава (націск на другі склад), прарой, полой (націск на другі склад).