Яблыня — дрэва жыцця, асіна — дрэва страху. Расказваем, як беларусы раней ставіліся да дрэваў

сасна ў беларусі, хвоя ў беларусі, беларускія дрэвы, беларуская міфалогія, міфалогія беларусаў

PALATNO расказвае (зноў) пра беларускія дрэвы.

Асіна — дрэва страху

Асіна не была ўлюбёным дрэвам беларусаў. Аднак яна ўсё роўна займала адметнае месца ў міфалогіі, яе часта выкарыстоўвалі ў магічнай практыцы. З-за здольнасці асінавага дрэва не гніць, яе ўжывалі ў абарончых рытуалах. Напрыклад, менавіта асінавы калок забівалі ў магілу нябожчыка.

Трапяткое лісце асіны падаравала міф на хрысціянскай аснове. Паводле міфу, на асіне павесіўся Юда — з тых часоў яна дрыжыць ад страху нават без ветру.

Асінавым вогнішчам ачышчаліся ад нячыстай сілы, што надала дрэва статус своеасаблівага бар’ера паміж светам жывых і мёртвых.

Вольха — дрэва крыві

Вольха ці альшына расце на балотах. Раней яе нарыхтоўвалі на дровы, а кару выкарыстоўвалі ў афарбоўцы тканіны. Гэтае дрэва асацыявалася ў нашых продкаў з уяўленнямі пра замагільны свет і небяспекай.

Згодна з беларускімі легендамі, чырвоны колер кары альшыны звязваецца з крывёй чорта, які ратаваўся пад дрэвам ад воўка, якога той сам і стварыў.

Цікава, што фразы «альховы куст» ці «пень альховы» выкарыстоўваліся для характарыстыкі цёмнага і неадукаванага чалавека. Тым не менш, вольха мела ахоўную ролю. Яе галінкамі парылі гладышаў, каб зберагчы малако ад сурокаў, а галінкі вольхі клалі ў вопратку маладых як абярэг.

Сасна — дрэва паміж сусветамі

Сасна (часам яе называюць хвояй) займае памежнае становішча — у беларускай традыцыі яна знаходзіцца паміж светам жывых і мёртвых. Іголкі дрэва асацыяваліся з ахоўнымі ўласцівасцямі, а вечная зеляніна — з жыццём і духоўнай чысцінёй.

У замовах хвоя выступае як Сусветнае дрэва, ля якога сядзіць Ісус Хрыстос.

Цікава, што ў адной беларускай легендзе музыкант зрабіў сабе скрыпку менавіта з хвоі, якая вырасла на могілках. Гэтая скрыпка была асаблівай, бо ў яе мелодыі чулася жалобнае галашэнне.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Азадак, геніталіі і фалічны культ. Што нашы продкі бачылі ў тым, што ніжэй за пояс?

Ліпа — жаночы апякун, дуб — аснова свету. Дрэвы для беларусаў былі не проста элементам прыроды

Як называюцца ягады і садавіна ў розных рэгіёнах Беларусі

Яблыня — дрэва жыцця

Яблыня з’яўляецца адным з найбольш сакралізаваных дрэваў у беларускай культуры. Яблыня ўспрымаецца як Дрэва жыцця, у якім захоўваецца моц і сувязь з продкамі, а яблыкі з’яўляюцца сімвалам несмяротнасці, маладосці і кахання.

Яблыня ўвасабляла ідэю дрэва-продка, але цікава што дрэва мела падкрэслены мацярынскі пачатак.

Пры нараджэнні дзяўчынкі пад яблыняй хавалі дзіцячае месца, каб дзяўчынка вырасла прыгожай і шчаслівай. У песнях яблыкі — сімвал кахання, а яблыня — вобраз нявесты.

Ясень — дрэва, якое дала пачатак цывілізацыі

Ясень рэдка сустракаецца ў беларускім фальклоры. Аднак менавіта з ясенем звязана важнае паданне пра агонь. Паводле яго, Бог паслаў перуноў, каб пакараць чорта, які спакусіў людзей. Чорт схаваўся за ясенем, але дрэва ўсё роўна загарэлася. І так людзі атрымалі магчымасць здабываць агонь.

Цікава, што эпітэт «светлы ясень» паказвае сувязь дрэва з агнём, святлом і, магчыма, з прасвятленнем чалавека.

Вярнуцца ўгару