Ліпа — жаночы апякун, дуб — аснова свету. Дрэвы для беларусаў былі не проста элементам прыроды

дуб, дрэва дуб, дрэвы ў беларусі, беларуская міфалогія

Здаўна дрэвы займалі асаблівае месца ў духоўнай культуры беларусаў. Яны былі не проста часткай прыроды, а сімваламі жыцця і смерці, кахання і страты, моцы і ператварэння. Дуб — аснова свету і ўвасабленне сілы, арэх — абярэг і знак плоднасці, явар — дрэва душы і трагедыі, каліна — вобраз жаночай долі і пераходу, ліпа — жаночы апякун.

PALATNO расказвае пра пяць дрэваў, якія былі вельмі важнымі для беларусаў.

Галоўнае дрэва беларускага міфа

Дуб здаўна лічыўся адным з самых святых і паважаных дрэў у беларусаў, як і ў многіх іншых індаеўрапейскіх народаў. У народных уяўленнях ён — сімвал вечнага жыцця, моцы і сувязі паміж зямлёй і нябёсамі. У беларускім фальклоры дуб часта выступае як Сусветнае дрэва. Паводле павер’яў, змей можа хавацца ў дупле дуба ад бога навальніцы — таму перуны часта трапляюць менавіта ў дуб. У замовах дуб з’яўляецца месцам, дзе знаходзіцца зло, і адкуль яго трэба выгнаць.

У веснавых валачобных песнях прыгожы двор добрай гаспадаркі часта апісваецца з дубовым домам як прыкметай трываласці і дастатку. У адной з купальскіх песень згадваецца дубовая лазня, дзе, паводле паданняў, адбываліся язычніцкія абрады ў гонар жаночых багоў.

У казках пад дубам знаходзяцца чарадзейныя прадметы — куфар, заяц, качка, яйка, у якім схавана смерць Кашча Несмяротнага. У іншых паданнях дуб служыць зброяй асілкаў, а на яго галінах сядзіць Сокал, якога перамагае святы Ілля — хрысціянскі заменнік язычніцкага Перуна.

У народных замовах дуб часта згадваецца як месца, якое вяртае хворага да стану, калі ён быў здаровым і моцным. Гэта сімвалічнае вяртанне да першапачатку, да часу, калі ўсё толькі нараджалася. Менавіта дуб стаяў у цэнтры такога духоўнага «пачатку свету». Лічылася, што дуб нельга секчы ці ламаць, бо гэта магло прывесці да бяды. Але адначасова верылі, што дуб дапамагае пры хваробах. Напрыклад, калі чалавек пачуе першы гром, трэба было пацерці спіну аб дуб — каб пазбавіцца болю.

На Радаўніцу ў некаторых мясцінах Беларусі людзі прыходзілі да старых дубоў, каб памянуць памерлых. Яны пакідалі пад дрэвам стравы і вешалі на галіны белыя ручнікі як ахвяраванне.

Многія свяшчэнныя дубы мелі свае імёны: Асілак, Волат, Святы дуб, Стары дуб, Перуноў дуб, Вітаўтаў дуб. Гэта сведчыць пра асаблівае стаўленне людзей да гэтага дрэва як да моцнага, мудрага і духоўна важнага сімвала.

Свяшчэннае дрэва беларусаў

арэх дрэва, ляшчына, беларускія дрэвы, беларуская міфалогія
Арэх.

Арэх (ляшчына) у беларусаў лічыўся свяшчэнным дрэвам. Паводле павер’яў, у яго ніколі не б’е маланка, таму пад арэшнікам хаваліся падчас навальніцы, а маладыя парасткі ляшчыны насілі за поясам для абароны. Аднак у адну асаблівую летнюю ноч грымоты могуць пашкодзіць арэх — галінкі чарнеюць, нібыта згараюць знутры.

Арэху прыпісвалі ахоўную сілу: яго галінкамі адганялі злых духаў, змей, хмары. Як гнуткі і моцны куст, які дае шмат пладоў (часта двайных), ён стаў сімвалам кахання і плоднасці. Беларускія дзяўчаты варажылі па такіх арэхах – «спарышах», каб даведацца пра шлюб. Арэхі таксама клалі пад ложак маладой, каб першым нарадзіўся хлопчык.

Павер’і сцвярджаюць, што арэх квітнее толькі ўначы — на Звеставанне ці ў Чысты чацвер. Той, хто знойдзе першы цвет, зможа знайсці скарб у купальскую ноч.

Арэх выкарыстоўваўся і ў магіі: яго клалі ў насенне, давалі авечкам на Юр’еў дзень, раскідвалі па хаце на Каляды. У народных прыкметах вецер на Каляды або Новы год абяцаў багаты ўраджай арэхаў.

Дрэва, якога няма ў беларускай прыродзе, але яго любяць

явар, дрэва явар, беларускія дрэвы, беларуская міфалогія
Явар.

Явар — белы клён, якога няма ў натуральнай беларускай прыродзе, але ён займае важнае месца ў народнай спадчыне. У песнях і баладах ён часта паўстае як дрэва, у якое ператварыўся хлопец — ад праклёну бацькоў, ад болю ці цяжкіх абставін. Явар таксама можа вырасці на магіле і ўвасабляць душу памерлага.

Часта явар выступае ў пары з іншым дрэвам-жанчынай — бярозай, ліпай, вярбой. Такія дрэвы вырастаюць на магілах каханых, якіх разлучыла смерць. Яны схіляюцца адно да аднаго, зліваюцца лісцямі — як знак, што іх каханне працягваецца нават пасля смерці.

Існуюць казкі, дзе два явары вырастаюць на магілах братоў-двайнят, або дзе жонка ператварае мужа ў явар, а сама становіцца ракой. Такія гісторыі сведчаць пра глыбокі міфалагічны сэнс явара, як сімвала душы, страты і ператварэння.

Явар у народнай традыцыі — Сусветнае дрэва, якое звязвае неба, зямлю і падземны свет. У некаторых паданнях менавіта з явара пачынаецца свет: «На моры з’явіўся зялёны явар, калі яшчэ не было ні неба, ні зямлі».

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Ад амулета да сімвала смерці. Які сэнс беларуская традыцыя надавала зубам

Як называюцца ягады і садавіна ў розных рэгіёнах Беларусі

Нячысцікі, якія любяць алкаголікаў ці валодаюць скарбамі. Расказваем пра іх


Сакральная каліна

каліна, дрэва каліна, дрэвы ў беларусі, беларуская міфалогія
Каліна.

Каліна была сакральнай раслінай дзякуючы сваёй карысці (плады, лекі, прыгажосць) і колерам: белы, чырвоны, чорны — асноўныя колеры народнага светапогляду. Аднак у міфалагічнай традыцыі каліна часта асацыюецца з ніжнім светам, са смерцю і смуткам.

Лічылася, што каліна ўзнікла з загінулай жанчыны — ад кахання, праклёну або ахвяры. У баладах, напрыклад, нявестка ператвараецца ў каліну праз закляцце свякроўкі.

Каліна расце на магілах, перадае людзям гісторыю загінулай. У вясельных песнях яна сімвалізуе сіроцтва нявесты — калі бацькі памерлі, і каліна расце на іх магіле. У гэтых спевах нявеста адломлівае галіны, просіць каліну «пусціць» душы бацькоў на вяселле.

Каліна — дрэва пераходу, сімвал душы, якая знаходзіцца паміж жыццём і смерцю. У замовах яна валодае магічнай сілай. Яе ягады — горкія, як горкая жаночая доля. Таму каліна з’яўляецца частым вобразам жанчыны, асабліва маладой, якая перажывае страту або змену лёсу.

Асаблівае духоўнае дрэва

ліпа, дрэва ліпа, беларуская міфалогія, дрэвы беларусі
Ліпа.

У беларускіх замовах ліпа выступае як Сусветнае дрэва, якое злучае нябеснае, зямное і падземнае. У замове згадваецца, як «на ліпавым карчы — тры дзевы Марыі», што падкрэслівае яе духоўную ролю.

Ліпа часта мае жаночую сімволіку. Паводле казак, дзяўчына можа ператварыцца ў ліпу, якая потым дапамагае іншым. Яна — абаронца жанчын і дзяцей, яе шанавалі, як маці, апякунку.

Ліпа таксама лячыла: хворых праводзілі праз дзірку ў ствале старой ліпы, ёй прыносілі ахвяры. Яе лыка выкарыстоўвалі для абароны ад злых духаў — напрыклад, каб начны дэман Мара не шкодзіў жывёле.

Ліпа нават у казках выконвае пажаданні, калі яе не ссеклі, паказваючы сваю міласэрнасць і сувязь з чалавечым светам. Яна стаіць на мяжы паміж звычайным і незвычайным, паміж светам жывых і светам духаў.

Вярнуцца ўгару