Дзед ізраільскага прэм’ера Нетаньяху родам з беларускага Крэва. Кім ён быў і чым займаўся?

натан мілейскоўскі, дзед беньяміна нетаньяху з беларусі, яўрэі беларусі

Дзед цяперашняга прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху нарадзіўся і пражыў частку свайго жыцця ў Беларусі — у Крэве і Валожыне. Там Натан Мілейкоўскі вучыўся і стаў рабінам, каб далей прапагандаваць сіянізм, які стаў для яго галоўнай мэтай у жыцці.

PALATNO расказвае пра Натана Мілейкоўскага.

Жыццё ў Беларусі і сіянізм

Натан Мілейкоўскі нарадзіўся 15 жніўня 1879 года ў Крэве. Бацька Натана, Цві, здаваў у арэнду сельскагаспадарчы маёнтак ля Крэва. На тыя грошы сям’я Мілейкоўскіх і жыла. Натан атрымаў пачатковую адукацыю ў хедэры, а затым працягнуў навучанне ў валожынскім ешыбоце — традыцыйнай яўрэйскай навучальнай установе, дзе вывучаюць Талмуд, Тору. Пасля атрымання адукацыю ў ешыбоце Натан стаў рабінам.

«Я ехаў разам з некалькімі юнакамі — адзін з Клімавічаў, другі з Чэрыкава, трэці з Быхава. Усе мы ехалі ў Валожын. Мы адразу пазнавалі адзін аднаго і ехалі разам. З кожнай станцыяй наша група павялічвалася. Пасля Мінска нас было ўжо некалькі дзясяткаў. “Маладзечна!” — крыкнуў начальнік станцыі, сэрца замерла. Гэта станцыя, дзе выходзяць тыя, хто едзе ў Валожын. Тут нас чакалі рабін і яго сын з калёсамі. Я прыехаў з Белай Русі і быў уражаны: “Дык гэта, значыць, і ёсць яўрэі Валожына”. Мы селі ў тры павозкі і рушылі далей. Мы ехалі ўсю ноч, мокрыя і стомленыя, але з песнямі і спрэчкамі пра Тору. У Валожын мы прыехалі толькі на світанку», — згадваў Натан Мілейкоўскі.

ешыбот у валожыне, ешыва ў валожыне, яўрэі валожына
Ешыбот у Валожыне. Выява палепшаная з выкарыстаннем штучнага інтэлекта.

Падчас вучобы ў валожынскім ешыбоце Натан выступаў з прамовамі і лекцыямі. Працу Мілейкоўскага заахвочваў вядомы яўрэйскі прапаведнік Іегуда Цві Яўзераў. У 20 гадоў Натан адправіўся ў паездку ў Сібір для распаўсюджвання сіянісцкіх ідэй. Мілейкоўскі выступаў супраць дзейнасці «Бунда» і іншых яўрэйскіх сацыялістычных арганізацый.

ШТО ЗА СІЯНІСЦКІЯ ІДЭІ?
У другой палове XIX і пачатку XX стагоддзя яўрэі ва Усходняй Еўропе сутыкаліся з антысемітызмам, рознымі забаронамі і пагромамі. Многіх гэта падштурхнула да думкі: яўрэі ніколі не будуць у бяспецы, пакуль не будуць мець сваю дзяржаву. На той час у сіяністаў было некалькі асноўных ідэй: адраджэнне яўрэйскай культуры і традыцый, вяртанне на зямлю продкаў, стварэнне дзяржавы. Сіянісцкія прапаведнікі і дзеячы праводзілі кангрэсы і лекцыі, каб заклікаць і пераканаць яўрэяў з Расійскай імперыі перасяляцца ў Палестыну.

У пачатку мінулага стагоддзя Натан Мілейкоўскі адправіўся ў Базэль, каб удзельнічаць у Сіянісцкім кангрэсе. Там разглядаўся лёсавызначальны Угандыйскі план. Згодна з планам, брытанскі ўрад прапанаваў кіраўніку сіянісцкага руху Тэадору Герцлю аддаць частку тэрыторыі ва Усходняй Афрыцы пад уладай Вялікабрытаніі для стварэння яўрэйскай калоніі. На самой справе, тэрыторыя, якую прапанавалі брытанцы, знаходзілася ў сучаснай Кеніі. Герцль убачыў магчымасць і абараніць частку яўрэяў супраць пагромаў. Пытанне Угандыйскага плану выклікала раскол: прыхільнікі хацелі прыняць брытанскую прапанову, а праціўнікі выступалі за перасяленне выключна ў Палестыну. Хоць Мілейкоўскі падтрымліваў ідэі Тэадора Герцля, але выступіў супраць Угандыйскага плану. Угандыйскі план так і не быў рэалізаваны, у тым ліку, дзякуючы і пазіцыі Мілейкоўскага.

Польскі перыяд, стварэнне сям’і і пераезд у Палестыну

У 1908 годзе Натан пераехаў у Польшчу. Ён асеў у Варшаве, дзе стаў кіраўніком у яўрэйскай навучальнай установе. У Польшчы працягваў прапагандаваць сіянісцкія ідэі, наведваў розныя мястэчкі і гарады, стаў адным з самых папулярных сіянісцкіх аратараў.

У той жа час ажаніўся з Сарай. У 1910 годзе ў Натана і Сары нарадзіўся сын Бенцыён, які стане бацькам цяперашняга прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху.

У 1912 годзе Натан пераехаў з Варшавы ў Лодзь, дзе стаў прапаведнікам у адной з мясцовых сінагог. Натан прамаўляў на іўрыце, у яго сям’і таксама размаўлялі на гэтай мове. У польскі перыяд Мілейкоўскі пачаў друкавацца ў яўрэйскай прэсе пад псеўданімам «Нетаньяху».

У 1914 годзе Натана прызначаюць рабінам у Роўна, але з-за пачатку Першай сусветнай вайны той застаўся ў Варшаве.

Пасля вайны Мілейкоўскі разам з сям’ёй вырашаў перабрацца ў Палестыну. У 1920 годзе яны прыплылі на караблі ў Яфу, а затым пераехалі ў Тэль-Авіў. Пазней Мілейкоўскі працаваў дырэктарам хедэра (пачатковай школы) у Цфаце, а яшчэ праз некалькі гадоў стаў дырэктарам школы ў Рош-Піне. У 1922 годзе сям’я Мілейкоўскіх асела ў Іерусаліме. Пасля пераезду Мілейкоўскія змянілі прозвішча на Нетаньяху.

кніга натана мілейкоўскага, натан мілейкоўскі, дзед біньяміна нетаньяху
Кніга Натана Мілейкоўскага.

У 1924 годзе Натан выехаў у Вялікабрытанію, а затым у ЗША для збору сродкаў для арганізацый Кэрэн Каймэт ле-Ісраэль (набывала землі ў Асманскай імперыі для яўрэяў) і Кэрэн га-Ёсод (будаўніцтва яўрэйскай інфраструктуры ў Палестыне). Разам з гэтым Мілейкоўскі працягваў даваць публічныя лекцыі, выдаў кнігу з прамовамі «Народ і дзяржава».

У апошнія гады жыцця Мілейкоўскага ў пераддзяржаўным Ізраілі выбухнула справа Хаіма Арлазорава. У 1933 годзе дзеяча сіянісцкага руху і фактычна кіраўніка замежных спраў яўрэйскага насельніцтва Хаіма Арлазорава забілі падчас шпацыру з жонкай. У хуткім часе паліцыя затрымала падазраваных Аўрама Стаўскага і Цві Разенблата. Стаўскага прызналі вінаватым і прагаварылі да смяротнага пакарання, але апеляцыйны суд скасаваў прысуд праз недахоп доказаў. Дарэчы, Стаўскі нарадзіўся і пэўны час пражыў у Брэсце. Справа Арлазорава падзяліла яўрэйскае грамадства, а Мілейкоўскі выступаў у абарону абвінавачаных. Натан падкрэсліваў, што тыя не вінаватыя, а пакаранне для іх можа прывесці да грамадзянскай вайны.

* * *

Натан Мілейкоўскі памёр 4 лютага 1935 года ў Іерусаліме. Імем рабіна названа плошча ў гэтым горадзе.

Беларусь і ізраільскія прэм’ер-міністры

Многія дзяржаўныя дзеячы Ізраіля былі звязаны з Беларуссю.

  • Першы кіраўнік Ізраіля Хаім Вейцман паходзіў з Мотыля ў Іванаўскім раёне.
  • Шосты прэм’ер-міністр Ізраіля Менахем Бегін нарадзіўся ў Брэсце. У 1978 годзе ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
  • Сёмы прэм’ер-міністр Ізраіля Іцхак Шамір нарадзіўся ў Ружанах.
  • Восьмы прэм’ер-міністр Ізраіля, а пазней і прэзідэнт Шымон Перэс нарадзіўся ў Вішневе на Валожыншчыне.
Вярнуцца ўгару