
Беларускія анекдоты — гэта не проста жарты для кампаніі. Гэта люстэрка жыцця, у якім вясковы мужык спрачаецца з панам, жонка мудра пасмейваецца з мужа, а кот можа быць сведкам сямейнай драмы. Праз смех у гэтых гісторыях праглядаецца і боль, і хітрасць, і надзея — сапраўдны фальклор, народжаны не ў кабінеце пісьменніка, а на печы, на кірмашы ці ў полі пад беларускім небам.
PALATNO расказвае анекдоты — яны сапраўды смешныя!
Змест
Асцярожны дакладчык
Два гады пан жыў у горадзе, а сям’я яго: жонка і дочкі — заставаліся дома, у маёнтку. Без пана ў двары многа парабілася нядобрага. Сям’я паслала да яго ў горад чалавека і наказала яму, каб ён адразу не моцна пужаў пана, а расказаў бы ўсё памаленьку. Ён так і зрабіў. Пан запытаўся ў яго:
— Ну, што чуваць у маім маёнтку, ці ўсё добра?
Той кажа:
— А хвала богу ўсё, толькі ножык садовы панскі зусім затупілі.
— Чаму?
— Гэта як скуру з вогіра здзіралі, уж тады ступілі.
— Чы ж мой вогір паў?
— Ага! Ен вельмі падарваўся, як праводзілі хаваць паню, дык здох.
— Ай, што ты кажаш!
— А вечны пакой ёй, яна памерла, як двор з палацам гарэлі, надта спужалася, муся.
Тут ужо пан зусім абмяртвеў. Тады чалавек, каб супакоіць яго трохі, кажа:
— Не бядуй пан, не бядуй! Па смутку і радасць будзе: паненка дачушку радзіла — гэта яна дабыла, як афіцэры стаялі.
Мудрая парада
Сустрэла маці дачку, якую аддавала замуж у вялікую працавітую сям’ю.
— Ну як, дачка, жывецца замужам? — пытае.
— Ды нічога, мама, толькі заўсёды мокрым ручніком даводзіцца ўцірацца, як устану.
— А ты, дачуся, раненька ўставай, то і ручнік будзе сухенькі.
Споведзь шляхціца
Спавядаўся шляхціц перад бернардынам і гаварыў пра тое, пра гэтае, аж, нарэшце, кажа:
— Цалаваў чужую жонку, — але ў сваё апраўданне дадае, што не рабіў бы гэтага, ды людзі яму дарадзілі, што гэта ад хваробы вачэй памагае.
А бернардын на тое кажа:
— Не вер, калі б то праўда была, я ўжо праз сцяну бачыў бы.
Злодзей
Калісьці жыў вельмі спрытны злодзей. Неяк дачуўся ён, што ў аднаго пана ёсць многа грошай, і рашыў іх украсці. Днём ён залез на гарышча і каля бэлькі ў столі прасвідраваў дзірку, каб было відаць, дзе пан гэтыя грошы хавае. От пан і пані павячэралі і да сваіх грошай: глядзяць, ці не ўзяў хто. Пасля пан стаў маліцца:
— Госпадзі, ачысці душу маю!
— Ачышчу! — кажа зверху злодзей.
— Госпадзі, ачысці душу жонкі маёй!
— Ачышчу! — абяцае злодзей.
— Госпадзі, ачысці душу сына майго!
— Ачышчу! — кажа злодзей.
— Госпадзі, ачысці душу майго суседа!
— Не ўпраўлюся…
А калі назаўтра пан прачнуўся, у хаце было пуста — ачысціў іх злодзей да ніткі.
Не дараваў
— Ці праўда, што бог забраў сабе тваю ўжо трэцюю жонку?
— Праўда, браце. Але я ўзяў сабе чацвёртую: бярэ бог, бяру і я.
Гультаі лапці сушаць
Чатыры гультаі сабраліся на сенакос. Жонкі выйшлі іх праводзіць. Дайшлі да ракі, а лодкі, каб пераехаць, няма, толькі бервяно паблізу плавае. Нядоўга думаючы, усе чацвёра селі на яго, а каб не перакуліцца, знізу прывязалі сябе аборкамі ад лапцяў. На сярэдзіне ракі бервяно перавярнулася, і ўсе гультаі апынуліся ў вадзе. Адна жанчына доўга ўзіралася, а потым і кажа:
— Зірніце, дзяўчаты: мужыкі нашы яшчэ і да берага не даплылі, а ўжо лапці сушаць!
Пра багацце і беднасць
Ішоў чалавек бедны. Глядзіць — заяц! Не меў чым нажыцца — думае: «Я зайца злаўлю, прадам да свінню куплю. Свіння прывядзе дванаццаць парасят — дванаццацера шчэ па дванаццаць. Тады свінню закалю, мяса насалю — буду жаніцца! Шмат мяса! Будзе паесці. Да жонка народзіць два сыны. Яны будуць сабе мець падданых — наказываць будуць, біць людзей. А я скажу — не рушце, не бейце! Бо нам кепска даўней было».
Як гукнуў, так зайчык усхапіўся і ўцёк. I багацце яго пабегло.
У вагоне
Мужык пытае жонку:
— А што, Кацярыначка, добра табе сядзець?
— Дужа добра.
— А ці не сцюдзёна?
— Не, зусім не.
— А ці не цягне з вакна?
— Ні-ні.
— Ну, дык пусці мяне туды, а сама сядай на маё месца.
Тактыка
— Узважце мне, калі ласка, самы горшы кавалак мяса, — просіць Кастусь мясніка.
— Чаму?
— Каб жонка больш у краму не пасылала.
Жывы кажух
— Скажыце, суседзе, што гэта за крык быў у вас учора?
— Нічога… Мая жонка кажух выбівала.
— Дык гэта кажух так галасіў?
— Не, гэта я крычаў, бо я ў тым кажуху быў.