Год таму ААН пацвердзіла, што на нашай планеце жыве ўжо больш за восем мільярдаў чалавек. Зусім нядаўна навукоўцы са Стакгольмскага ўніверсітэта выявілі, што чалавецтва рызыкуе затрымацца ў чатырнаццаці эвалюцыйных тупіках, выкліканых наступствамі розных катастроф: ад кліматычных праблем і хімічнага забруджвання да распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў і шматлікіх ваенных канфліктаў.
PALATNO — пра тое, як чалавецтва можа знішчыць сябе чатырнаццаццю спосабамі.
Змест
Што за эвалюцыйныя пасткі?
Спрошчанае тлумачэнне эвалюцыйнай пасткі — гэта калі вы штосьці робіце добра, але праз гэта ў вас з’яўляецца маса новых праблем. Па-навуковаму тлумачэнне гучыць крыху інакш: эвалюцыйная пастка ці тупік — гэта змена навакольнага асяроддзя, у выніку якога карысныя прыкметы становяцца непатрэбнымі ці шкоднымі.
Калі мы гаворым пра жывёльны свет, то ён зазнаў эвалюцыйныя пасткі ў пачатку свайго існавання і зазнае дагэтуль. Напрыклад, панды не могуць існаваць без бамбуку: іх рацыён складаецца толькі з гэтага дрэва, таму калі яно знікне, то знікне і панда. Яшчэ адзін прыклад з жывёльнага свету: калібры-мечадзюбы (лат. Ensifera ensifera), якія маюць доўгія дзюбы, таму могуць піць нектар толькі з двух відаў раслін, знікненне якіх можа прывесці да знікнення гэтай маленькай птушкі.
А вось жучкі — аўстралійскія бронзавыя златкі — увогуле трапілі ў пастку: самцы прымаюць аранжавыя бутэлькі за самак, праз што папуляцыя гэтых жукоў скарачаецца, яны пакуль не змаглі прыстасавацца.
Гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя поспеху
Раней навукоўцы не выкарыстоўвалі тэорыю эвалюцыйных пастак для ўсяго чалавецтва. Цягам усёй сваёй гісторыі чалавецтва эвалюцыяніравала даволі паспяхова: мы змагаемся супраць шматлікіх захворванняў, умеем вырошчваць сабе ежу і гадуем жывёл. Але жыццё ўскрывае ўсё болей праблем — менавіта таму, што людзі былі такімі паспяховымі ў эвалюцыйным сэнсе.
Шматлікія глабальныя катастрофы — ад каронавіруснай пандэміі і змянення клімату да адсутнасці харчовай бяспекі і фінансавых крызісаў — апошнім часам адбываюцца амаль адначасова. І гэтаму ёсць тлумачэнне, мяркуюць стакгольмскія навукоўцы.
— Людзі як від неверагодна крэатыўныя. Мы здольныя ствараць інавацыі і прыстасоўвацца да многіх абставін. Мы можам супрацоўнічаць у нечакана вялікіх маштабах. Але гэтыя нашы здольнасці прывялі нас да ненаўмысных наступстваў. Прасцей кажучы, чалавечы від занадта паспяховы і ў пэўным сэнсе занадта разумны для ўласнай карысці ў будучыні, — падкрэсліў навуковец са Стакгольмскага ўніверсітэта Пітэр Ёргенсэн.
Па меркаванні Ёргенсэна і яго калег, чалавецтва можа затрымацца ў эвалюцыйных пастках ці тупіках, што ўзніклі з-за ранейшых дасягненняў людзей. Навукоўцы вылучылі чатырнаццаць эвалюцыйных пастак, дванаццаць з іх знаходзяцца ў развітым стане. Гэта азначае, што чалавецтва знаходзіцца на мяжы таго, каб максімальна запаволіць сваё развіццё — да такой ступені, што выбрацца з такога стану будзе вельмі цяжка.
Цалкам даследаванне Пітэра Ёргенсэна, Ванэсы Вэйнбергер і Цімаці Уорынга можна прачытаць у анлайн-версіі часопіса Philosophical Transactions Каралеўскага таварыства Вялікабрытаніі.
Адным з прыкладаў такіх пастак з’яўляецца спрашчэнне сістэм земляробства. У мінулым стагоддзі людзі сталі больш вырошчваць пшаніцу, рыс, кукурузу і сою — так узрасла колькасць калорый у рацыёне чалавека.
Навукоўцы лічаць, што менш развітымі эвалюцыйнымі пасткамі з’яўляюцца дзве: аўтаномія штучнага інтэлекту і страта сацыяльнага капіталу ў працэсе поўнай алічбоўкі.
Усе чатырнаццаць патэнцыйных эвалюцыйных пастак для чалавецтва
- Празмерная залежнасць ад тэхналогій. Тэхналогіі несумненна шмат у чым палепшылі чалавечае жыццё, але празмерная залежнасць ад іх можа зрабіць чалавека ўразлівым да іх няўдач. Навукоўцы лічаць, што важна знайсці баланс паміж выкарыстаннем тэхналогій і захаваннем здольнасці выжываць без іх.
- Дэградацыя навакольнага асяроддзя. Дзейнасць чалавека нанесла значную шкоду навакольнаму асяроддзю, што прывяло да змены клімату. Каб пазбегнуць эвалюцыйнага тупіка, трэба працаваць над аднаўленнем і захаваннем экасістэм.
- Перанаселенасць. Рост насельніцтва стварае нагрузку на рэсурсы і павялічвае рызыку распаду грамадства. Навукоўцы раяць прасоўваць адукацыю і планаваць сям’ю, каб дапамагчы кантраляваць рост насельніцтва.
- Устойлівасць да антыбіётыкаў. Няправільнае і празмернае выкарыстанне антыбіётыкаў прывяло да з’яўлення ўстойлівых да іх бактэрый. Навукоўцы раяць прасоўваць адказнае выкарыстанне антыбіётыкаў і інвеставаць у даследаванні, каб пазбегнуць патэнцыйнага крызісу ў галіне аховы здароўя.
- Рызыкі геннай інжынерыі. Дасягненні геннай інжынерыі адкрываюць вялікі патэнцыял, але трэба ўважліва вывучыць магчымыя наступствы этыкі і бяспекі маніпуляцый з чалавечым генетычным кодам.
- Штучны інтэлект. Хуткае развіццё штучнага інтэлекту выклікае занепакоенасць яго ўплывам на грамадства. Каб прадухіліць магчымую небяспеку, неабходна забяспечыць празрыстасць, усталяваць этычныя прынцыпы і падтрымліваць чалавечы кантроль над сістэмамі штучнага інтэлекту.
- Ядзерная зброя. Існаванне ядзернай зброі з’яўляецца значнай пагрозай для чалавецтва. Каб пазбегнуць гэтага катастрафічнага эвалюцыйнага тупіка, трэба працаваць над раззбраеннем і прадухіліць распаўсюджванне ядзернай зброі.
- Няроўнасць і сацыяльны падзел. Няроўнасць і сацыяльныя падзелы ў грамадстве могуць прывесці да беспарадкаў і канфліктаў.
- Адсутнасць адукацыі. Доступ да якаснай адукацыі мае вырашальнае значэнне для асабістага развіцця і прагрэсу грамадства. Каб спрыяць інавацыям і пашыраць магчымасці людзей, трэба інвеставаць у адукацыю ва ўсім свеце.
- Страта культурнай разнастайнасці. Захаванне культурнай разнастайнасці мае жыццёва важнае значэнне для грамадства: прыняцце і шанаванне розных культур можа спрыяць паразуменню, талерантнасці і супрацоўніцтву паміж рознымі супольнасцямі.
- Пандэміі і глабальнае здароўе. Апошнія падзеі ў свеце выявілі слабасць сусветных сістэм аховы здароўя. Для прадухілення будучых пандэмій і аховы здароўя людзей трэба ўмацаваць інфраструктуры аховы здароўя, інвеставаць у даследаванні і палепшыць міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай галіне.
- Адсутнасць даследаванняў планет. Інвестыцыі ў даследаванне Космасу могуць даць каштоўныя веды, рэсурсы і магчымыя варыянты каланізацыі за межамі Зямлі — гэта мае вырашальнае значэнне для доўгатэрміновага выжывання чалавецтва.
- Страта эмпатыі. Суперажыванне мае фундаментальнае значэнне для падтрымання згуртаванага і клапатлівага грамадства. Гэтую якасць трэба выхоўваць у чалавека праз адукацыю.
- Ігнараванне навуковых доказаў. Далейшаму прагрэсу можа перашкодзіць ігнараванне навуковых дадзеных і спадзяванне на дэзінфармацыю. Трэба актыўна развіваць у людзей крытычнае мысленне, бо яно мае важнае значэнне для прыняцця абгрунтаваных рашэнняў і пазбягання магчымых пастак.
Чалавецтва захрасла ў пастках назаўсёды?
Навукоўцы лічаць, што чалавецтву, хутчэй за ўсё, не пагражае паражэнне. Але для гэтага неабходна будзе трансфармаваць грамадства. Калі раней гэтыя пасткі былі несвядомым пабочным эфектам эвалюцыйных працэсаў, то цяпер чалавецтва пачынае ўсведамляць новую рэальнасць.
— Вельмі простая рэч, якую можа зрабіць кожны, — больш актыўна займацца прыродай і грамадствам. Нам трэба вывучаць і разумець станоўчыя і негатыўныя глабальныя наступствы нашых дзеянняў на мясцовым узроўні.