Музыка суправаджае нас увесь час, а мы пра гэта і не думаем — ёсць і ёсць. Саўндтрэкі ў фільмах, рэклама на YouTube, вулічныя музыкі, канцэрты ды проста падборка кампазіцый у Spotify — пад музыку мы жывём. Але ці шмат пра яе ведаем? Ну, сем нот, Бах, The Beatles, Вольскі і гэтак далей — нешта звыклае зноў жа, як быццам яно проста ёсць. Па факце ж музыка — асобны свет са сваімі законамі, парадкамі і асаблівасцямі. Свет, у якім вельмі шмат незвычайнага і цікавага.
PALATNO разам з прадстаўнікамі Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве знайшло 10 незвычайных фактаў пра беларускую (і не толькі!) музыку, якія вы маглі не ведаць.
Дзяніс Шматко — кіраўнік беларускага гурта Lity Taler, які спецыялізуецца на сярэдневяковай і гістарычнай музыцы. Музыкі выкарыстоўваюць копіі старых інструментаў: колавую ліру, дуды, крылападобныя гуслі, ірландскі бузукі, давул, дарбуку і скрыпку. У канцы лета 2023 года гурт стаў лаўрэатамі конкурсу старажытнай музыкі ў Польшчы.
Да пандэміі Lity Taler падарожнічаў з канцэртамі па беларускіх замках і рыцарскіх фестывалях. Падчас 2020 года ладзіў канцэрты па дварах Мінска і раёна.
Цяпер музыкі знаходзяцца ў Польшчы і на базе Беларускага моладзевага хаба праводзяць рэпетыцыі будучых канцэртаў.
Лавіце пяць незвычайных фактаў пра беларускую музыку ад Дзяніса Шматко.
- Сакральны беларускі інструмент — дуда. Яе рабілі з казы, часта падчас адмысловага рытуалу. Гэта разнавіднасць валынкі, але ніякага дачынення да Шатландыі, як многія мяркуюць, дуда не мае.
- У Беларусі традыцыя граць на дудзе перарвалася на некалькі дзесяцігоддзяў, але дзякуючы аматарам і шматлікім навуковым канферэнцыям гэты інструмент удалося вярнуць ва ўжытак каля 10 гадоў таму.
- Некаторыя старадаўнія народныя песні захоўваюць элементы сярэднявечча, асабліва песні з паганскім зместам. Гэта дае магчымасць праз этнаграфію дакрануцца да сярэднявечча.
- Многія ведаюць зборнік сярэдневяковых песень Карміна Бурана, на якія нямецкі кампазітар Карл Орф напісаў музыку. Але ў беларусаў захаваўся свой шляхетны песенны зборнік, ён называецца «Полацкі сшытак».
- У старажытныя часы музыка часта прызначалася для нейкай падзеі, месца ці сезона, таму што тады яна выконвала найперш сакральную функцыю. Сярод рэканструктараў лічыцца добрым тонам, калі сакральныя летнія абрадавыя песні спяваюцца толькі летам, зімовыя — зімой.
Яшчэ пяць фактаў пра музыку, якія вы маглі не ведаць
Музыка можа выклікаць землятрус
Гэта праўда! У ліпені 2023 года ў Сіэтле навукоўцы зафіксавалі сейсмічную актыўнасць у 2.3 бала падчас канцэртаў Тэйлар Свіфт. Так, гэта не вельмі моцны землятрус, але на верхніх паверхах будынкаў ён цалкам адчувальны. На гэтых канцэртах два вечары запар танцавалі 144 тысячы фанатаў, яны і маглі стаць прычынай землятрусу. Па іншай версіі, землятрус справакавала гукавая сістэма, усталяваная на стадыёне Lumen Field, дзе адбываліся шоу.
З гэтай нагоды не-не ды задумваешся пра танцы дажджу індзейцаў Мексікі…
Займацца спортам пад музыку прасцей
Калі вы займаецеся спортам пад музыку, то ваша вынослівасць узрастае. Гэта навуковы факт! Музыка выступае своеасаблівым метраномам для арганізма, а значыць стабілізуе пульс, дыханне і ціск. Даследчыкі выявілі, што раварысты, якія падчас трэніровак слухалі фонавую музыку, спажывалі на 7% меней кіслароду, чым тыя, хто трэніраваўся без музыкі. Але тэмп музыкі не павінен быць занадта імклівым — пасля тэмпу ў 145 удараў у хвіліну гэта ўжо не працуе.
Рок-музыка скідвае дыктатуру
Гэтая гісторыя патрабуе бэкграўнду, таму слухайце ўважліва. Быў такі панамскі палітычны і ваенны дзеяч Мануэль Нар’ега. Вы маглі чуць пра яго, калі гулялі ў Call of Duty: Black Ops II — ён там адзін з ключавых адмоўных герояў. У рэальнасці Нар’ега фактычна ўзурпіраваў уладу ў Панаме, назваў сябе «найвышэйшым лідарам нацыянальнага вызвалення Панамы» і, як лічыцца, гандляваў наркотыкамі. Краіна мела шэраг дамоў з ЗША, у тым ліку тых, якія тычыліся бяспекі ў Панамскім канале, але Нар’ега выконваў іх вельмі адвольна.
У маі 1989-га прэзідэнцкія выбары ў краіне выйграў Гільерма Эндара, кандыдат ад апазіцыі, але Нар’ега заявіў, што вынікі выбараў не прызнае, і назваў кіраўніком дзяржавы свайго стаўленіка. Пачаліся пратэсты, іх жорстка разганялі, арганізатараў і ўдзельнікаў кідалі за краты і нават расстрэльвалі, замежных журналістаў выганялі з краіны. Абранага прэзідэнта таксама затрымлівалі. Вінаватымі ва ўнутраных праблемах краіны прадстаўнікі рэжыму назвалі «варожыя дзеянні» ЗША (але абазначылі гатоўнасць нармалізаваць стасункі!).
Беларусам усё гэта штосьці нагадвае, праўда? Але фінал у гэтай гісторыі быў іншым, і вось пры чым тут музыка.
У выніку дзеянняў рэжыму Нар’егі ЗША пачалі супраць яго ваенную аперацыю. Гільерма Эндара быў дастаўлены на амерыканскую ваенную базу, там ён прыняў прысягу. Мануэль Нар’ега схаваўся ў пасольстве Ватыкана. Будынак атачылі амерыканскія салдаты, кіраўніцтва ЗША запатрабавала выдаць узурпатара. Аднак выкурыць яго аказалася не так проста! Вырашэнне прыйшло выпадкова. Салдаты ЗША ля пасольства ад няма чаго рабіць слухалі музыку. Па адных звестках, гэта было радыё, на якім круцілі рок-музыку, па іншых — некалькі касет. У нейкі момант салдаты вырашылі падключыць вялікія калонкі, каб музыку было добра чуваць усім. І ох як гэта было гучна, як на сапраўдным рок-канцэрце!
Гэта былі некалькі дзён бамбардзіроўкі рокам. The Clash, AC/DC, Guns N’Roses, Van Halen… У выніку пасольства не вытрымала і самаэвакуіравалася, будынак фактычна страціў недатыкальнасць, і Нар’ега здаўся амерыканскім вайскоўцам. Яго арыштавалі, судзілі, у ЗША Нар’егу абвінавацілі ў гандлі наркотыкамі і вымаганні, у Францыі — у адмыванні грошай і кантрабандзе наркотыкаў, а на радзіме — у палітычных забойствах. Нар’ега памёр у 2017-м у зняволенні.
Карацей, рок-н-рол знішчае дыктатуру! (Не дзіва, што большасць беларускіх рок-музыкаў пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць за мяжу…)
«Славянскі базар» спачатку быў фестывалем польскай песні
Забаўны факт пра «Славянскі базар». Гэты штогадовы музычны фестываль у Віцебску задумваўся як супольнае свята беларускай, украінскай і расійскай культуры, але пакрысе пераўтварыўся ў фестываль расійскай папсы.
Дык вось, мала хто цяпер ведае, але ад пачатку фестываль быў святам… польскай песні! Яго задумалі ў Віцебску, які быў пабрацімам польскага горада Зялёна Гура, дзе ладзіўся фестываль савецкай песні. Спецыяльна для мерапрыемства і быў пабудаваны знакаміты Летні амфітэатр. Першы фестываль польскай песні прайшоў у 1988-м, другі — у 1990-м. Потым распаўся Савецкі Саюз, замест Польшчы арганізатары вырашылі сябраваць з Расіяй, і ў 1992-м у амфітэатры ўпершыню зладзілі «Славянскі базар».
Арнольд Шварцэнэгер атрымаў па нагах пад паланэз Агінскага
Адзін з самых знакамітых твораў беларускай музыкі — паланэз «Развітанне з Радзімай», які напісаў Міхал Клеафас Агінскі ў Залессі пад Смаргонню. Агінскі ўдзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі супраць расійскай акупацыі. Лічыцца, што паланэз ён напісаў перад тым, як з’ехаць з Рэчы Паспалітай у 1794-м пасля задушэння паўстання.
На беларускай купюры наміналам у 50 рублёў ёсць нотны запіс фрагмента шостага такта паланэза. Твор выконваюць самыя розныя музыкі, напрыклад, «Песняры» (на верш Вячаслава Шарапава). Самай удалай, паводле музычных журналістаў, спробай пакласці тэкст на музыку лічыцца варыянт паланэза, які выканалі Зміцер Вайцюшкевіч і Вераніка Круглова.
А яшчэ да 2017 года першыя такты паланэза гучалі ў маскоўскім метро, калі хтосьці спрабаваў «зайцам» пераскочыць праз турнікеты. Чаму так — дакладна невядома, але па сеціве гуляе наступная версія. Калі ўзнікла ідэя паставіць на безбілетнікаў гукавую сігналізацыю, закупілі мікрасхему, куды сігнал трэба было ўпісаць па нотах. На вытворчасці знайшоўся толькі адзін чалавека, які ў гэтым разбіраўся. І вось з яго падачы гэтую мікрасхему напоўнілі нотамі паланэза, зацвердзілі, і панеслася…
У няёмкую сітуацыю падчас візіту ў расійскую сталіцу трапіў акцёр і тагачасны губернатар Каліфорніі Арнольд Шварцэнэгер: яго, відаць, пра турнікеты не папярэдзілі, таму атрымаць па нагах і крыху паслухаць Агінскага яму давялося!