«Калі мы ўнікаем ці мінімізуем выкарыстанне фемінітываў, то збядняем мову і робім нябачнымі жанчын». Чаму фемінітывы ў беларускай мове — гэта натуральна і правільна

фемінітывы ў беларускай мове

Мовы многіх краін свету маюць тэндэнцыю да маскулінізацыі. Разам з гэтым фемінізм і гендарныя пытанні набіраюць усё больш папулярнасці ў грамадстве. Адным з найважнейшых інструментаў у барацьбе за раўнапраўе палоў і правы жанчын з’яўляюцца фемінітывы. А для беларускай мовы фемінітывы — гэта больш чым натуральная з’ява. Як яны ствараліся і знікалі, чаму цяпер яны рэдка ўжываюцца, адкуль бярэцца агрэсія да іх і чаму ўсё ж такі варта і патрэбна іх выкарыстоўваць — адказы на гэтыя і іншыя цікавыя пытанні ў артыкуле PALATNO.

Фемінітывы (ад лац. femina — «жанчына») — гэта назоўнікі жаночага роду, альтэрнатыўныя або парныя аналагічным паняццям мужчынскага роду. Фемінітыў можа азначаць прафесію альбо кваліфікацыю жанчыны, а таксама розныя віды яе захапленняў і хобі.

«Існаванне фемінітываў — важны рэсурс мовы і адна з прыкмет яе лексічнага багацця»

PALATNO пагутарыла з сацыялінгвістам і этнолагам Уладзіславам Гарбацкім пра гісторыю фемінізацыі беларускай мовы, фемінітывы ў ёй і пра тое, чаму гэта важна.

— Чаму вы вырашылі даследаваць фемінітывы ў беларускай мове?

— Перадусім таму, што тэма фемінітываў была слаба даследаваная, калі я шукаў матэрыялы па тэме 18-20 год таму. Я пабачыў, што няма аніводных кніг, тлумачэнняў па тэме фемінітываў. А яшчэ я пабачыў разрыў паміж тым, як размаўлялі беларускамоўныя (і досыць часта, актыўна ўжывалі фемінітывы) і тым, што пісалася ў падручніках (Цікоцкага, напрыклад, аб тым, што фемінітывы не ўжываюцца ці з’яўляюцца ўласцівасцю гутарковасці). Карацей, адсутнасць больш ці менш выразнага адказу на ўсе мае пытанні і ўжыванне фемінітываў маёй бабуляй абумовілі тое, што я вырашыў даследаваць тэму фемінітываў у беларускай мове. Як у даследніка ў мяне было больш пытанняў, чым адказаў, вось я і вырашыў даследаваць дадзеную тэму і паглыбіцца ў яе. У выніку я займаюся гэтай тэмай дасюль.

— Навошта патрэбная фемінізацыя мовы?

— Фемінізацыя мовы і існаванне фемінітываў — гэта важны рэсурс мовы і адна з прыкмет яе лексічнага багацця. Фемінізаваць трэба ўсім — і жанчынам, і мужчынам, перадусім таму, што ў мове здаўна існуюць назвы пасад жаночага роду, якія маюць важную ролю ўдакладнення, то бок дакладнага азначэння з’явы, чалавека (каб пазбегнуць блытаніны). Да ўсяго трэба фемінізаваць таму, што фемінітывы маюць не толькі выключнае моўнае значэнне, але і значэнне сімвалічнае, палітычнае, фемінісцкае, з’яўляюцца прыкметай жаночай эмансіпацыі. Таму важна і рацыянальна фемінізаваць назвы пасад, званняў, якія займаюць жанчыны. Усё проста: калі мы ўнікаем ці мінімізуем выкарыстанне фемінітываў, то збядняем мову і робім нябачнымі жанчын.

— Як, калі і чаму фемінітывы з’явіліся ў беларускай мове, для чаго яны ствараліся, як ужываліся і існавалі?

— Фемінітывы, як і словы наогул, з’яўляюцца па патрэбе часу — каб апісаць існыя з’явы, існыя катэгорыі, каб апісаць чалавека, жанчыну ў прыватнасці. На развіццё грамадства першай рэагуе мова — у ёй занатоўваецца, бы ў чорнай скрыні самалёта, стан грамадства, у тым ліку моўны. Фемінітывы ствараліся нашымі продкамі, каб апісаць жанчын, каб не блытаць іх з мужчынамі, каб адрозніваць і азначаць. У гісторыі беларускай мовы зафіксаваныя першыя фемінітывы ў XIII стагоддзі. З XIII па канец XIX стагоддзя беларуская мова выпрацавала значны пласт лексікі, якая апісвала званні, статусы і пасады кабет. Так, з XIV па XXI стагоддзе іх колькасць безупынку павялічваецца, бо паступова павялічвалася сацыяльна-экана­міч­ная роля кабеты ў грамадстве: так, у тэкстах старабеларускага пісьменства XIII–XVII стагоддзяў ужо налічваецца каля 130 фемінітываў-агентываў (слоў жаночага роду, якія абазначаюць прафесію, званне або род заняткаў — PALATNO). Пры гэтым у слоўніку Лаўрэнція Зізанія 1596 года мелася толькі 7 жаночых найменняў. На самым пачатку XX стагоддзя ў слоўніку Я. Ціхінскага налічвалася больш за 600 розных фемінітываў, сярод якіх больш за 300 фемінітываў-агентываў. У XX стагоддзі, якое часта апісваецца як век жаночай эмансіпацыі, мова стварыла яшчэ большую колькасць фемінітываў. Працэс фемінізацыі мовы працягваецца і ў XXI стагоддзі: доступ кабет да раней выключна муж­чынскіх пасад (канцлер — канцлерка, прэзідэнт — прэзідэнтка, япіскап — япіскапка і падобнае) папаўняе лексічныя запасы мовы. На сёння ў беларускіх слоўніках можна налічыць каля 3 000 фемінітываў.

— Чаму цяпер фемінітывы ўжываюць значна радзей, чым, напрыклад, да першай паловы XX стагоддзя?

— Галоўным чынам, праз русіфікацыю і адсутнасць дзяржавы і дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы. Фемінітывы былі змаргіналізаваныя ў XX стагоддзі, бо ў выніку русіфікацыі стылістычныя нормы рускай мовы ўвайшлі ў беларускую мову, і фемінітывы сталі адносіцца да гутарковага стылю. Традыцыя тарашкевіцкая, то бок дарэформенная, ігнаравалася, вынішчалася і ўжывалася па-за межамі Беларусі — у дыяспары. У старабеларускай мове мы фіксуем з кожным стагоддзем павелічэнне колькасці фемінітываў, што дае нам падставы сцвярджаць (што і робіць беларускі мовазнаўца Мікалай Паўленка, а ўслед за ім і мы), што нашы продкі ўжывалі іх актыўна: як пісьмова, так і вусна. Пазней слоўнік Я. Ціхінскага, які ахапіў беларускую лексіку другой паловы XIX і пачатку XX стагоддзя, таксама дэманструе вялізную колькасць фемінітываў. То бок іх ужывалі, жанчын называлі сваім словам-фемінітывам. А пазней, падчас кадыфікацыі мовы ў межах СССР, русіфікатарскі канон маргіналізаваў фемінітывы на рускі капыл. Натуральна, і мясцовы кансерватызм спрычыніўся да гэтага.

— Як і чаму знікалі і паміралі фемінітывы?

— Словы знікаюць, паміраюць, як людзі. Знікалі ці паміралі ў тым ліку і фемінітывы. Так, мы сёння больш не кажам «караліца», а ўжываем пераважна слова «каралева». А ў старабеларускай мове існавала і ўжывалася слова «караліца» — слова памерла. Памёр і такі фемінітыў XIX — пачатку XX стагоддзя, як «кавярка» — жанчына, якая працавала ў кавярні. Але пры гэтым нараджаліся ўсё новыя і новыя іншыя фемінітывы: прафесарка, канцлерка, педагогіца і падобныя. Рост колькасці фемінітываў быў выкліканы перадусім узрастаннем ролі жанчыны ў грамадстве. Эмансіпацыя жанчын вяла да эмансіпацыі ў мове, то бок да з’яўлення ўсё новых фемінітываў. За 100-120 апошніх год стаўленне да жанчын у Беларусі праходзіла розныя стадыі: прагрэсу і павелічэння правоў, а часам рэгрэсу і абмежавання правоў (сталінскі СССР). Цікава, што разам з маргіналізацыяй жанчын адбывалася маргіналізацыя тэмы фемінітываў, запавольванне іх фармавання і абмежаванне іх афіцыйнага ўжытку.

— Чаму і адкуль у нашых людзей столькі негатыву і агрэсіі да фемінітываў?

— Ад няведання нормаў і традыцый беларускай мовы. Ад дамінавання рускай мовы ў грамадстве, у галовах многіх беларусаў. Часта негатыў і нават агрэсія да фемінітываў выкліканыя кансерватыўнымі ўстаноўкамі, ідэнтычнасцю людзей, бо часта фемінізацыя мовы бачыцца як элемент фемінізму, Захаду і заходняга ладу жыцця, што, безумоўна, не з’яўляецца праўдай. Таксама маргіналізацыя беларускай мовы за савецкім часам, а яшчэ раней — за Расійскай імперыяй, прывяла да таго, што суфікс –ка ў многіх фемінітывах (дырэктарка, сенатарка, дэпутатка, лідарка і падобныя) насцярожваў і палохаў людзей, у тым ліку жанчын, бо лічыўся гутарковым, размоўным, часам зневажальным. У рускай мове так часта і ёсць, але не ў мове беларускай, дзе суфікс –ка не мае нічога зневажальнага.

— Ці можа чалавек, які называе сябе феміністам, не ўжываць/не любіць фемінітывы?

— Думаю, не можа — гэта будзе відавочнай супярэчнасцю: асоба фемінісцкай прыналежнасці хутчэй актыўна ўжывае фемінітывы, бо яны падкрэсліваюць у тым ліку і актыўную ролю жанчыны ў грамадстве. Пры гэтым, мяркую, ёсць пэўныя катэгорыі насельніцтва, у тым ліку сярод феміністаў_ак, якія могуць ставіцца скептычна да фемінітываў і пазбягаць іх: напрыклад, некаторыя лесбіянкі ці небінарныя асобы — для іх ідэнтычнасці фемінітывы могуць не несці важнасці і тоеснай нагрузкі. Гэта таксама варта ўлічваць.

— Можа, замест фемінітываў лепей ствараць і выкарыстоўваць эпіцэны — назоўнікі агульнага роду?

— Эпіцэны і фемінітывы не змогуць цалкам замяніць адзін адное — яны ўзаемадапаўняльныя, пры гэтым варта адзначыць, што фемінітывы — значна больш універсальныя, іх больш. Эпіцэны не змогуць апісаць усіх назваў пасад, званняў і падобнага, гэта досыць абмежаваны на сёння рэсурс у мове. Мажліва, у будучыні ён будзе распрацаваны шырэй, але на дадзены момант у залежнасці ад сітуацыі і распрацаванасці варта ўжываць як фемінітывы, так і эпіцэны.

— Што неабходна рабіць, каб фемінітывы ўспрымаліся натуральна, без агрэсіі ці знявагі, і сталі часткай агульнай мовы?

— Трэба дэманстраваць, што яны здаўна існуюць у мове: з XIV стагоддзя мы фіксуем фемінітывы. І з кожным стагоддзем іх колькасць толькі павялічвалася. Варта чытаць і перачытваць беларускую літаратуру: пісьменнікі і пісьменніцы якраз шмат фемінізуюць — гэта пераконвае аб натуральнасці фемінітываў. Трэба смялей уводзіць іх у слоўнікі, каб тыя, хто сумняваецца ў фемінізацыі, запэўніліся і маглі абапірацца на слоўнікі. Мяркую, што кадыфікацыя фемінітываў паспрыяе іх умацаванню.

— Ці правільна навязваць фемінітывы ў грамадстве, прымушаць да іх? 

— Прымус — малаэфектыўны метад у мове, ён звычайна выклікае супраціў і непрыманне. Фемінітывы ніхто і нідзе ў беларускай прасторы не навязваў і не навязвае — яны вяртаюцца ва ўжытак натуральна: разам з рэабілітацыяй і вяртаннем вынішчанай мовы, разам з вяртаннем стылістычных нормаў, якія выпрацоўваліся да русіфікацыі. Таму я б сказаў так: прымушаць не трэба, але варта распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што ў пэўныя перыяды гісторыі іх сумысля хавалі і маргіналізавалі. А яшчэ трэба рэкамендаваць перачытваць класіку: класічныя аўтаркі і аўтары досыць актыўна выкарыстоўвалі фемінітывы.

«Нам, людзям, сфармаваным беларускай мовай, фемінітывы абсалютна лёгка даюцца»

Спыталіся галоўнага рэдактара партала CityDog.io Сяргея Сахарава пра палітыку рэдакцыі адносна фемінітываў і рэакцыю чытачоў на іх.

— Калі і чаму CityDog вырашыў выкарыстоўваць фемінітывы?

— Пачалі ўжываць фемінітывы мы яшчэ ў 2015 годзе. Рэдакцыя ў нас вельмі прафемінісцкі настроеная. Для нас гэта сапраўды важна.

З аднаго боку, гэта дапамагае адстройваць сайт ад канкурэнтаў, нас ужо ні з кім не паблытаюць. А з іншага боку, гэта частка нашай місіі. Мы за тое, каб правы жанчын і мужчын былі роўныя. І ў гэтым сэнсе фемінітывы — адзін з крокаў, які любы_ая можа зрабіць у гэтым кірунку.

Ведаеце, як раней казалі: вось мы спачатку з эканомікай разбяромся, а потым возьмемся за культуру з мовай. Так не працуе. Гэта ўсё ідзе ў комплексе, а часцей за ўсё мова якраз абумоўлівае наша жыццё.

Беларускамоўнымі людзьмі фемінітывы ўспрымаюцца цалкам натуральна. Але калі б я, напрыклад, не быў беларускім філолагам з адукацыяй, можа быць, таксама вельмі агрэсіўна ставіўся бы да фемінітываў. Калі чалавек рускамоўны, калі ён кепска альбо наогул не валодае беларускай (я не збіраюся зараз нікога павучаць ці абвінавачваць, проста канстатую факт), то, сапраўды, яму фемінітывы даюцца цяжка. Але гэта праца, у тым ліку над сабой. Гэта таксама пра плюралізм думак, пра тое, што мова мусіць быць гнуткай.

Ёсць пэўная частка герояў, якія кажуць: «Нет, я не юристка, я юрист. Я женщина-юрист, не оскорбляйте меня феминитивами». То бок даходзіць нават да такога, і я дагэтуль не магу зразумець, чаму для іх проста «юрыстка» — гэта нельга, непісьменна, ганебна. У такіх выпадках мы для сябе выбралі пэўны алгарытм паводзін. Калі гераіня выступае супраць фемінітываў, то тут ёсць два шляхі. Першы: мы глядзім, ці гэты фемінітыў ужо замацаваны ў слоўніку. Калі ў слоўніку гэтае слова замацаванае, мы пакідаем фемінітыў. Таму што, выбачайце, калі вы топіце за тое, што вы так ведаеце рускую мову, ну то давайце гуляць па правілах да канца.

Калі гераіня кажа, што не хоча быць «дызайнеркай», мы спрабуем з ёй размаўляць, але калі яна ўжо проста ўпарціцца і ні ў якую, то мы паважаем меркаванне. Вось таму некаторыя чытачы кажуць, што ў нас няма адзінага падыходу. Але яго і не мусіць быць, гэтага адзінага падыходу. Уніфікацыя тут — не самае лепшае, што можа быць.

— Як на гэта рэагавалі чытачы на самым пачатку і як іх рэакцыя мянялася?

— Цяжка сказаць. Можна было б правесці апытанне тады, у 2015-16, і зараз, у 2023, каб зразумець. У мяне суб’ектыўна склалася ўражанне, што тыя, хто чытаюць нас стала, ужо прывыклі.

Сказаць, што негатыву на фемінітывы стала менш, — не. Я гэта звязваю з тым, што аўдыторыя ўвесь час папаўняецца новымі чытачамі, і для людзей новых гэта проста крынж. Калі чалавек цікавіцца альбо псіхуе, мы кідаем лінк на свой артыкул-тлумачэнне, дзе ўсё абсалютна лагічна і зразумела напісана.

Можа быць рознае стаўленне да фемінітываў, але гэта ўжо мусіць нармальна ўспрымацца, таму што гэта частка нашага з вамі жыцця — ёсць людзі, якія ўжываюць фемінітывы, хочаце вы ці не.

— Ці быў хтосьці з рэдакцыі супраць фемінітываў і чаму?

— У рэдакцыі я быў спачатку супраць, таму што ў ва мне тады жыў моўны пурыст і мне здавалася, што так нельга казаць. Але пасля, калі паспрабавалі, калі я пабачыў рэакцыю і яна мне спадабалася, я зразумеў, што мне гэта не супярэчыць як рэдактару, як аднаму з выдаўцоў, гэта не супярэчыць маёй самасці і, наадварот, яе падкрэслівае. Я сказаў: «Крута, давайце працягваць».

Бывала, да нас прыходзілі працаваць людзі, якія ставіліся альбо нейтральна да фемінізму, альбо так насцярожана-агрэсіўна і прытрымліваліся больш кансерватыўных поглядаў. І вось гэтыя людзі былі супраць. Наогул лічыцца, што вы падбіраеце ў штат людзей з больш ці менш блізкімі поглядамі на жыццё. Але мне гэта не перашкаджала, мы з імі працавалі.

Але ніякіх войнаў («я не буду пісаць “аўтарка”, што вы мяне прымушаеце!» — «не, ты будзеш!») у рэдакцыі няма і быць не можа. Таму што ў нас не вертыкаль, мы размаўляем на роўных адзін з адным.

«Патрыярхат шкодзіць не толькі жанчынам»

Папрасілі пракаментаваць сваё стаўленне да фемінітываў фем-актывістку Насту Базар і YouTube-блогера Арцёма Прыпіснова.

Наста:

— Калі я скажу, што ў маёй сям’і ёсць доктар, пра каго вы адразу падумаеце? Упэўніваю, што большасць — пра тату. Толькі з-за таго, што доктар — слова мужчынскага роду. Гэта падман, што мужчынскім родам слоў мы кажам і пра жанчын, і пра мужчын. Мужчынскім родам мы робім жанчын нябачнымі. Сярод мастакоў, кампазітараў, музыкантаў, навукоўцаў большасць мужчын. І не, не толькі таму, што яны больш смелыя ці разумныя. Але таму, што пачынаючы са слоў і невыкарыстання фемінітываў, мы прыбіраем з прасторы жанчын. Хто праў шкарпэткі ўсім гэтым мужчынам, пакуль тыя малявалі, стваралі, займаліся вынаходніцтвамі? Хто гадаваў іх дзяцей?

Патрыярхат шкодзіць не толькі жанчынам. Пакуль гэта не зразумеюць мужчыны, яны будуць да апошняга адстойваць «традыцыйныя каштоўнасці», а па факце проста свае прывілеі і сваю ўладу. Моц — гэта не заўсёды пра ўладу, гэта пра выкарыстанне сваіх моцных бакоў. У нас жа моц — гэта пра дыскрымінацыю і гвалт.

Арцём:

— Фемінітывы я выкарыстоўваю, але не лічу гэта прынцыпова важным у кантэксце працоўных дзелавых адносін (але выкарыстоўваю, таму што гэта сучасныя нормы этыкі). У першую чаргу я ацэньваю прафесійныя якасці, а не гендар. Тут, вядома, узнікае пытанне нэймінгу пасад. І я лічу, што можна перайменаваць іх на гендарна нейтральныя. Каб нікому не было крыўдна. У выпадках, калі згадка гендару прынцыпова важная, — фемінітывы патрэбныя.

А як «у іх»? Што з фемінітывамі ў іншых краінах

Краіны Скандынавіі

Скандынавія — рэгіён, дзе вельмі актыўна ідзе барацьба за роўнасць палоў. Напрыклад, у Швецыі раўнапраўе заключаецца ў тым, што аптымальнымі лічацца менавіта гендарна нейтральныя абазначэнні, і назвы прафесій, пасад і гэтак далей павінны быць аднолькавымі. Для носьбітаў шведскай мовы фемінітывы — гэта ўжо перажыткі мінуўшчыны. Яшчэ ў папярэднім стагоддзі выкарыстоўваліся спецыяльныя суфіксы -ska, якія азначалі жаночы пол, але зараз іх прынята адкідаць. У сучаснай граматыцы адрозніванне мужчынскага і жаночага роду знікла. Нараўне з «ён» і «яна» (han і hon) увялі нейтральны займеннік (hen), які абазначае любога чалавека без прывязкі да пола і гендару. Новы займеннік прыжыўся і ўвайшоў у слоўнікі. У Фінляндыі і Нарвегіі сітуацыя амаль такая ж самая. У фінскай мове дзеля гендарнай роўнасці адмаўляюцца ад любых указанняў на пол. А ў Нарвегіі існуе ўсяго адзін (!) фемінітыў — «venn/veninne» (сябар/сяброўка).

Арабскія краіны

У арабскай мове няшмат гендарных перакосаў. У Каране сустракаюцца словы і ў мужчынскім, і ў жаночым родзе па суседстве, напрыклад, «вернік і верніца павінны…». Таксама і ў звычайнай гаворцы мужчын і жанчын заўсёды вылучаюць асобна: «Кожны студэнт і кожная студэнтка…». Фемінітыў сфарміраваць вельмі лёгка: для ўтварэння жаночага роду ёсць спецыяльная літара ة — «та марбута». Але фем-ініцыятыў у арабскай мове пры гэтым практычна не існуе. У арабак ёсць два фемінізмы: «заходні» і «самабытны». «Заходнія» феміністкі пішуць на англійскай мове — гэта мова эліт. А феміністкі, якія гавораць на арабскай, па-першае, менш на слыху, а па-другое, займаюцца іншымі праблемамі — напрыклад, вучаць жанчын чытаць і пісаць ці ратуюць адзінокіх жанчын ад голаду. Бедным пакуль не да моўных праблем.

Францыя

Фемінітывы ў французскай мове звычайна ствараюцца шляхам дадавання да слова суфікса -ice альбо канчатка «е» — напрыклад, у словах «un président» і «une présidente». Змены ў мове рэгулюе Французская акадэмія — установа, якая займаецца фарміраваннем моўных і літаратурных норм. Не так даўно яна выступала супраць выкарыстання фемінітываў, бо лічыла іх недарэчнымі і непатрэбнымі. Аднак у 2019 годзе члены акадэміі прагаласавалі за іх і прызналі гендарныя назвы карыснымі для грамадства. Таксама Нацыянальная асамблея Францыі пастанавіла ўказваць фемінітывамі ўсе пасады, якія займаюць жанчыны.

Кітай

Кітайскую мову цяжка назваць гендарна арыентаванай. Гэта прыводзіць да вельмі слабага распаўсюджвання фемінітываў — на практыцы іх амаль няма. Пол чалавека, аб якім ідзе гаворка, вызначаецца кантэкстам. Для таго, каб абазначыць жаночы пол, кітайцы выкарыстоўваюць іерогліф 女 — (жанчына, дзяўчына). Тое ж самае з мужчынамі –падстаўляецца 男 — nán (мужчына, хлопчык). Да назваў традыцыйна мужчынскіх прафесій (звычайна гэта кіруючыя пасады) іерогліф 女 — падстаўляць не прынята, а асобныя фемінітывы сустракаюцца толькі ў назвах творчых прафесій.

Англамоўныя краіны

З’яўленне фемінітываў у англійскай мове наўпрост звязана з ростам феміністычных настрояў у грамадстве. У ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе і іншых англамоўных краінах змагаюцца з дыскрымінацыяй па гендарных прыкметах і пераходзяць не проста да стварэння фемінітываў, а да падрыхтоўкі ўніверсальнага лексікону. Гендарныя назвы замяняюцца нейтральнымі словамі: fireman ператвараецца ў firefighter, а salesman у salesperson. На думку прадстаўнікоў англамоўнай супольнасці, такія словы дапамагаюць змагацца з існуючым у грамадстве прадузятым стаўленнем да жанчын. Акрамя таго, лічыцца, што падобныя словы натхняюць жанчын на дасягненні новых вышынь у кар’еры. Фемінітывы ж утвараюцца з дапамогай замены або дадавання суфіксаў да назоўніка мужчынскага роду, а таксама замены назоўніка, які наўпрост указвае на мужчыну, на назоўнік жаночага роду.

Вярнуцца ўгару