Фестываль «Тутака» — нагода ўзгадаць, што мы ў сябе ёсць

фестываль тутака 2024, тутака 2024

Фестываль сучаснай беларускай культуры «Тутака», ці як яго называюць — фестываль абуджаных, бадай самая папулярная культурная падзея сярод беларусаў Беласточчыны. Самі арганізатары кажуць пра яго, што гэта «магчымасць паставіць на паўзу паўсядзённасць і даць нырца ў непаўторны беларускі дзвіж».

PALATNO пагаварыла з людзьмі, якія захоўваюць і развіваюць беларускую культуру на Падляшшы: з арганізатарамі фестывалю «Тутака» Паўлам Станкевічам і Зміцерам Косціным.

КАЛІ АДБУДЗЕЦЦА ФЕСТЫВАЛЬ «ТУТАКА»
Фестываль «Тутака» ў 2024 годзе адбудзецца 12-14 ліпеня ў Гарадку, Польшча. У пятніцу, 12 ліпеня, на сцэне выступяць Аляксандр Памідораў, luty sakavik, :B:N. У суботу, 13 ліпеня, чакаюцца выступы Karlen & Co, Syndrom Samazvanca, Разбітае Сэрца Пацана, KOOB, Sw@da х Niczos. У нядзелю, 14 ліпеня, выступяць YAŪGEN, ZUI, SOŽ. Удзел у фестывалі бясплатны.

Як з’явіўся фестываль абуджаных? Ці гэта проста працяг «Басовішча»?

Павел Станкевіч: Калі ў 2019 годзе стала зразумела, што студэнцкая арганізацыя не ў сілах больш арганізаваць «Басовішча», мы адразу пачалі думаць, як зрабіць працяг. Напачатку 20-га году планавалі адкрываць адмысловы фонд, але перашкодзіла пандэмія. Усё як бы застыла, але калі пачаліся падзеі ў Беларусі, гэта нас падштурхнула да дзеянняў — пачаўся працэс з фондам.

Мы тады добра разумелі, што фестываль будзе патрэбны не толькі меншасці на Беласточчыне, але і наогул беларусам. Дзякуючы таму імпэту, які мы атрымалі, удалося зрабіць новы фестываль.

Якая канцэпцыя новага фестывалю, у чым яго асаблівасць?

Павел Станкевіч: Нам адразу было зразумела, што мы не хочам працягу «Басовішча», а хочам, каб новы фестываль быў не толькі музычным. І «Тутака»  такім не з’яўляецца. На галоўнай сцэне цяпер выступаюць не толькі музыканты, а прысутнічаюць і танцоры, праводзяцца пастаноўкі, майстар-класы. А яшчэ ад пачатку нам хацелася, каб фестываль быў не толькі для моладзі, а для ўсіх. Каб сюды маглі прыязджаць сем’ямі з дзецьмі і старэйшыя людзі, каб усім ім было цікава. А таму намагаемся, каб былі прадстаўлены і розныя жанры, якія існуюць у беларускай культуры.

Беларуская сучасная музыка за гады «Басовішча» вельмі прыжылася на Беласточчыне, яе з задавальненнем слухаюць. У чым сакрэт?

Павел Станкевіч: Так, «Басовішча» за гады свайго існавання ўсё ж здолеў паказаць мясцовым жыхарам сучасную беларускую музыку. Ёй было цяжэй развівацца ў самой Беларусі, а тут маглі збірацца найбольш вядомыя музыканты, якія ў сваёй краіне не мелі доступу да слухачоў. І, вядома, на Беласточчыне імі зацікавіліся.

Зміцер Косцін: Той першы фестываль «Басовішча» ў 90-м годзе, які ствараўся арганізацыяй беларускіх студэнтаў, быў такім своеасаблівым адказам на прапанову грамадскім арганізацыям, якія прадстаўлялі больш народную, эстрадную з гармонікам і какошнікамі культуру.

фестываль тутака 2024, тутака 2024
Фота: Ruslan Seredziuk

Тая моладзь на хвалі салідарнасці, на хвалі пратэстаў, на хвалі змен і «круглага стала» у Польшчы шукала і слухала сучасную музыку. Яны мелі кантакты ў Беларусі, бачылі, што падобныя змены адбываюцца і там, што ўзнікаюць сучасныя гурты, якія ствараюць на беларускай мове актуальныя тэксты і песні. І менавіта праз гэты пошук тады і ствараўся фестываль «Басовішча», каб быць натхненнем і для мясцовых творцаў і для мясцовай моладзі і паказаць, што беларуская культура гэта не нейкі там сярмяжны прадукт.

Пасля таго, як у Беларусі змянілі сцяг і калі з’явіліся «чорныя спісы», фестываль стаў важным і для беларусаў з Беларусі і быў адзінай вольнай пляцоўкай, дзе маглі выступіць музыкі, якія не маглі выступаць у Беларусі. І, вядома, што мясцовая публіка, дзякуючы гэтаму, далучалася да сучаснай беларускай музыкі, пераважна року.

Цяпер, на мой погляд, усё выглядае больш складана, бо мясцовая публіка трошкі засталася ва ўспрыманні музычнай беларускай прасторы ў 90-х гадах. Мясцовыя, калі бачаць праграму выступоўцаў пытаюцца — дзе Лявон Вольскі, дзе «Крама», бо новых мы не ведам хто гэта такія.

І можа таксама фестываль «Тутака» адбываецца дзеля таго, каб паказаць, што беларуская музыка не стаіць на месцы, яна сочыць за трэндамі еўрапейскімі, сусветнымі. Важныя актуальныя тэксты могуць узнікаць не толькі ў рок-гучанні, але і ў выпадку рэпу, электронікі і іншых жанраў. Цяперашняе гучанне фестывалю больш разнастайнае і гэта адна з яго мэтаў, каб адкрываць беларускую музычную незалежную сцэну мясцовым беларусам з Беласточчыны.

Спектр сучаснай беларускай музыкі даволі шырокі. На што вы арыентуецеся, калі складаеце праграму трохдзённага фестывалю? Каго запрашаеце і чаму?

Павел Станкевіч: Перад усім імкнёмся запрашаць тых музыкантаў, якія ў нас яшчэ не выступалі. Стараемся, каб кожны год прыязджалі новыя калектывы і артысты, і каб як мага шырэй быў прадстаўлены жанравы музычны спектр.  Нам заўсёды вельмі важна паказаць нешта новае з Падляшша, каб тым самым падкрэсліць, што сучасная музычная культура на Падляшшы гэта не толькі народны спеў, а і сучасная музыка.

Зміцер Косцін: І думаю, што тыя, хто цікавіцца сучаснай беларускай музыкай адразу прыгадаюць праект  Sw@da х Niczos, які на працягу апошніх паўгода робіць сапраўдны фурор сярод мясцовых беларусаў, а таксама сярод эмігрантаў. І на сёлетнім фестывалі мы іх лічым адной з асноўных пярлінак нашай канцэртнай праграмы.

Моладзь заўсёды актыўна наведвае фестываль, а як ставяцца да сучаснай беларускай музыкі людзі старэйшага пакалення, якія ўсё ж прызвычаеныя да іншых песень і танцаў?

Павел Станкевіч (смяецца): Мы ставімся добра, бо мы ўжо таксама старэйшае пакаленне.

Зміцер Косцін: На працягу трох гадоў мы заўважаем прысутнасць мясцовых жыхароў з Гарадка старэйшага веку, якія разам з дзецьмі і ўнукамі прыходзяць, каб пабыць там, паўдзельнічаць у майстар-класах, паглядзець нейкія спектаклі, пабыць на канцэртах.

Мы, у сваю чаргу, імкнёмся захоўваць адкрытасць да людзей любога ўзросту, каб гэта было цікава і зразумела і маладзейшым, і старэйшым, і дзецям найменшым, каб шукаць нейкую прастору інтэграцыі праз культуру для розных пакаленняў.

Павел Станкевіч: Мне здаецца, аўдыторыя гэта таксама заўважае і ствараецца атмасфера, дзе камфортна і старэйшым людзям і дзецям. Калі, да прыкладу, раней старэйшыя людзі не ездзілі на «Басовішча», бо там зашмат таго гуку, то цяпер нават мой сямігадовы сын гуляў там з сваёй бабуляй, якой ужо больш за 70 гадоў, і абодва потым сказалі, што ім там было класна і цікава.

Зміцер Косцін: Мы таксама павінны памятаць, што старэйшыя людзі сёння — гэта не нашы традыцыйныя бабулі ў хусцінках , якія сядзяць  на лавачках з кіёчкам. Цяпер актыўны век чалавека становіцца больш працяглым і цікавасць да таго, што актуальна ў культуры існуе ў розных пакаленняў.

З кожным годам беларускіх музыкантаў становіцца ўсё болей, узнікаюць новыя гурты. Наколькі, на ваш погляд, актыўныя маладыя музыканты, ці шмат новых маладых зорак з’яўляецца на вашай сцэне?

Павел Станкевіч: Недзе год таму ў мяне на нейкі момант з’явілася хваляванне адносна таго, што гэты рух неяк спыніўся, але ўжо літаральна праз некалькі месяцаў прыйшла хваля новых музычных з’яў. Гэтыя два-тры апошнія гады дазволілі эмігрантам больш-менш адаптавацца і заняцца творчасцю. І цяпер маем новую хвалю мастацкай актыўнасці сярод беларусаў.

Зміцер Косцін: Я, працуючы на польскім радыё, раблю беларускія перадачы і нярэдка меў праблемы з сучаснай беларускай музыкай, якая магла б мець сваю прэм’еру ў нашым эфіры. А цяпер я заўважаю, што з’яўляюцца рэлізы маладых людзей, якія раней стваралі на іншых мовах, цяпер спрабуюць рабіць гэта па-беларуску. Я, да прыкладу, вельмі пазітыўна гляджу на сучасную беларускую музыку і на гэты момант існуе ўсведамленне сярод творцаў, што варта ствараць па-беларуску, існуе жаданне гэтай творчасці. І магчыма гэты перыяд застанецца важным і значным у гісторыі беларускай культуры.

фестываль тутака 2024, тутака 2024
Фота: Ruslan Seredziuk

Музыка ў сучасным свеце не мае табу. Як вы лічыце, што будзе з беларускай музыкай далей?

Зміцер Косцін: Я веру, што яна будзе, бо цяпер іншыя часы і сам працэс стварэння музыкі не мае такой праблемы, як было раней, калі існавалі адмысловыя студыі гуказапісу. І гэта яшчэ было ўсё дарагое, не кожны мог сабе дазволіць.

Цяпер усё змянілася і музыка ствараецца часам на кухні і гэта дапамагае творцам больш простым шляхам дайсці да слухача — дастаткова на стрыменгавую платформу выкласці свой трэк, каб паведаміць свету пра сябе.

Я бачу шмат падобных праектаў, якія скіраваны на папулярызацыю, расповед публіцы пра сучасную музычную беларускую культуру. І гэта таксама працэс, які сам сябе накручвае і дапамагае развівацца.

Які артыст абышоўся найдаражэй фестывалю?

Павел Станкевіч: На шчасце мы маем настолькі класны фестываль, што артысты даюць нам сур’ёзныя скідкі, разумеючы, што мы не маем больш грошай, чым можам прапанаваць.

Зміцер Косцін: Трэба памятаць, што найбольшыя кошты пры арганізацыі такога фестывалю прыпадаюць на ахову, тэхніку, санітарыят. Зразумела, што сама культура пры гэтым можа апынуцца недзе ў канцы. Так, ёсць такая праблема, але гэта і ёсць вольны рынак.

Як збудавана эканоміка фестывалю, на чым ён зарабляе, паколькі ў абвестках вы паведамляеце, што ўваход вольны? Ці можна наагул зарабіць на бясплатным фестывалі?

Павел Станкевіч: На бясплатным фестывалі зарабіць нельга. Фестываль арганізуецца за кошт грантаў, у якіх кошты палічаны з высокай дакладнасцю. І не заўсёды ты атрымаеш столькі колькі патрабуеш, а таму немагчыма на гэтым зарабіць. І мы нават не парываліся, каб зрабіць гэта камерцыйным прадуктам, бо хочам, каб кожны жадаючы мог прыехаць на гэты фестываль.

Ці можна ўжо казаць аб нейкім поспеху вашага праекту?

Зміцер Косцін: Вельмі важным паказчыкам тут з’яўляецца колькасць гледачоў і геаграфія ўдзельнікаў. Калі першыя два гады колькасць удзельнікаў была не такая, як мы сабе хацелі, і гэта былі людзі пераважна з Падляшша або з Польшчы, то ўжо летась да нас адмыслова ехалі людзі з Барселоны, з Лондану, з Вільні, з Нямеччыны.

Гэта паказвала, што нас заўважылі і што людзі хочуць сустрэцца, стварыць нейкую супольнасць. Мне здаецца найважнейшым, што людзі знаёмяцца, знаходзяцца разам, а з гэтага пазней нараджаюцца нейкія сяброўства, сумесныя праекты, нейкае жыццё беларускае. І леташні фестываль паказаў павелічэнне прынамсі ў два альбо ў тры разы колькасці ўдзельнікаў, што для нас было нечаканым.

фестываль тутака 2024, тутака 2024
Намётава гарадок на фестывалі. Фота: Ruslan Seredziuk

Ці існуе валанцёрская дапамога фестывалю, ці працуеце вы з імі?

Зміцер Косцін: Валанцёры — гэта адзін са слупоў пры арганізацыі фестывалю. У папярэднія гады нам удавалася ствараць каманду з людзей рознага ўзросту, з розных гарадоў і вёсак, якія потым разам стваралі нешта важнае і для саміх сябе. Летась да нас далучылася моладзь з ліцэю, са школаў, людзі сярэдняга веку. І той фестываль мы папросту стварылі разам.

Думаю, пры кожнай нагодзе варта дзякаваць валанцёрам, бо гэта неймаверна, што людзі гатовыя траціць свой час, укласці свае фізічныя сілы ў тое, каб узнікла нейкая супольная рэч толькі на 2-3 дні. Думаю, што ў іх таксама застаюцца ўспаміны аб гэтым часе, а не толькі стомленасць.

Сёлета мы таксама рознымі спосабамі імкнёмся будаваць нашу валанцёрскую каманду. Сустракаемся з вучнямі беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і ў Бельску, тут і асабістыя кантакты, а таксама магчымасць падаць заяўку праз адмысловую форму, якая ёсць у нашых сацыяльных сетках.

Фестываль адбываецца на самай мяжы з Беларуссю, а ці даходзіць яго голас да самой Беларусі?

Павел Станкевіч: Калі казаць пра жыхароў Беларусі, падаецца, што даходзіць. Мы разумеем, што маем аўдыторыю ў самой краіне, а таксама на фестываль прыязджаюць людзі з Беларусі. І вельмі добра, што людзі хочуць прыязджаць, што гэта яшчэ магчыма і добра, што людзей гэта кранае. Нам вельмі важна мець гэтую сувязь.

А калі казаць пра беларускую ўладу — таксама адчуваем увагу да сябе. Наш Instagram летась прызнаны «экстрэмісцкім матэрыялам».

Зміцер Косцін: І судзячы па тым, як прымалася такое рашэнне беларускімі ўладамі, нас не толькі заўважылі, але і спрабуюць абмежаваць доступ у Беларусі да інфармацыі пра фестываль і наогул дзейнасць фонду. Хаця тое, чым мы займаемся, гэта нармальная звычайная культурніцкая дзейнасць.

І культура не можа быць па-за палітыкай, яна не жыве ў вакууме, яна частка грамадскага жыцця. Таму, калі культура мае сваю грамадскую пазіцыю, тым больш важна, што гэта не проста бізнес-праект для зарабляння грошай — гэта дзейнасць з місіяй.

Шкада, што такімі рэпрэсіўнымі метадамі ўлада змушае беларусаў падвяргаць сябе самацэнзуры. Перад усім гэта на шкоду беларускай культуры. Відавочна, што рэжым Лукашэнкі не думае пра нейкія плюсы ці мінусы для культуры, грамадства, а думае выключна пра тое, як ператрываць.

фестываль тутака 2024, тутака 2024
Фота: Ruslan Seredziuk

У чым місія фестывалю «Тутака»?

Павел Станкевіч: Перад усім стварыць магчымасць, каб раз у год проста сустрэцца і можа на нейкую хвіліну забыцца пра ўсе прыкрыя балючыя рэчы ў нашым жыцці. І проста падтрымаць адзін аднаго, надалей развіваць усе гэтыя сувязі, каб яны ўзмацнялі кантакты паміж людзьмі. І адначасова гэта аб’яднанне беларусаў Падляшша з беларусамі Беларусі. Важна, каб кожны мог бачыць праблемы другога чалавека і таксама другой дзяржавы.

Зміцер Косцін: Я думаю, важны чыннік, які прысутнічае пры гэтым фестывалі (ідзе вайна ва Украіне) тое, што такім добрым прыкладам з’яўляецца ў самой Украіне, дзе вядуцца актыўныя баявыя дзеянні, адным з адказаў на гэтыя дзеянні была арганізацыя патанцовак, канцэртаў, сустрэч. Гэта доказ таго, што дух і жаданне быць разам не згасае, нягледзячы на тое, што ўвесь час нас спрабуюць дзяліць, увесь час спрабуюць зламаць. Думаю, што фестываль дае адчуванне, што нас нямала, нас шмат і ўсе мы думаем аб Беларусі.

Вярнуцца ўгару