Now Reading
Oktoberfest, «Рок за Баброў», «А-фэст», Lidbeer. Расказваем пра піўныя фестывалі

Oktoberfest, «Рок за Баброў», «А-фэст», Lidbeer. Расказваем пра піўныя фестывалі

што адбываецца на oktoberfest, піўныя фестывалі еўропы

Ці знойдзецца хоць хтосьці, хто ніколі не чуў пра Актоберфэст (Oktoberfest) — адзін з найбуйнейшых фестываляў піва і ежы ў свеце? Расказваем пра свята, якое штогод адзначаюць у Мюнхене ў другой палове верасня, а таксама прыгадваем піўныя фэсты, што ладзяць у Беларусі.

Актоберфэст

Вяселле кронпрынца і законы аб чысціні піва

Упершыню Актоберфэст зладзілі 12 кастрычніка 1810 года. Гэта было свята ў гонар вяселля кронпрынца Людвіга, які пасля стаў каралём Баварыі Людвігам I, і прынцэсы Тэрэзы Саксэн-Гільдбурггаўзенскай. Першапачаткова гэта было прыватнае свята, аднак ужо ў 1819-м арганізацыяй заняўся гарадскі савет Мюнхена — тады вырашылі, што ўрачыстасць будзе ладзіцца штогод без выключэнняў. Што праўда, некалькі разоў праз эпідэміі, крызісы і войны яго ўсё-ткі адмянялі, апошні раз — у 2020 і 2021 годзе праз каронавірус. Сёлета Актоберфэст усё-ткі правялі.

Фота: oktoberfest-guide.com

Фестываль ладзяць на лузе Тэрэзы ў Мюнхене, названым у гонар той самай прынцэсы, з якой пабраўся шлюбам кронпрынц Людвіг. На Актоберфэсце, які доўжыцца два тыдні, прадстаўленыя ўсе мюнхенскія бровары: у адпаведнасці з правіламі свята, тут можа разлівацца толькі мюнхенскае піва, зваранае ў адпаведнасці з мюнхенскім законам аб чысціні піва 1487 года і нямецкім законам аб чысціні піва 1516 года. Паводле гэтых законаў, падчас вытворчасці піва могуць выкарыстоўвацца толькі тры інгрэдыенты: вада, ячмень і хмель.

Піўныя палаткі

На тэрыторыі лугу выстаўляюць свае палаткі розныя прадпрымальнікі — кожнай з іх з году ў год кіруюць адны і тыя ж прадпрымальнікі, часцей за ўсё гэта сямейная традыцыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Самыя вялікія з палатак змяшчаюць ажно да дзесяці тысяч чалавек адначасова!

Шацёр бровара Hofbräu — найбуйнейшая піўная палаткай на Актоберфэсце: 6 518 сядзячых і 1 000 стаячых месцаў унутры, а таксама 3 022 дадатковых сядзячых месцы ў садзе. Палатка займае плошчу ў 7 000 квадратных метраў. На працягу двух тыдняў фестывалю ў ёй выпіваюць 550 000 літраў піва, з’ядаюць 70 000 куранят, 5 500 свіней і 8 500 порцый свіных каўбасак!

Фота: Rufus46 / CC BY-SA 3.0

Афіцыйнае адкрыццё свята — шэсце гаспадароў тых самых піўных палатак. Працэсію, у якой удзельнічаюць запрэжкі ўсіх піўных палатак свята, суправаджаюць аркестры гэтых палатак. Шэсце праходзіць па цэнтры Мюнхена і заканчваецца на лузе Тэрэзы. Пасля яго ладзяць цырымонію адкаркавання першай піўной бочкі — дзейны обер-бургамістр Мюнхена спецыяльным малатком забівае кран у першую бочку актоберфэсцкага піва, а першы кубак традыцыйна атрымлівае баварскі міністр-прэзідэнт.

Касцюмы, атракцыёны і крадзёж піўных куфляў

Штогод на Актоберфэсце праводзяць касцюміраванае шэсце — адно з найбуйнейшых у свеце. Гэта адна з найбольш важных падзей фестывалю.

На свяце таксама шмат атракцыёнаў — ад традыцыйных каруселяў да сучасных «амерыканскіх горак». Больш за 50 год запар на Актоберфэсце дзейнічае блышыны цырк (так-так, там насамрэч блохі!).

Штогод на свята прыязджаюць каля шасці мільёнаў гасцей. Прыкладам, сёлетні Актоберфэст, які адбыўся пасля двухгадовай паўзы, наведалі 5,7 мільёна чалавек. Кожны фэст выпіваюць прыкладна 6 мільёнаў літраў піва (!) і з’ядаюць каля 500 000 смажаных курэй. Піва на свяце нятаннае — у 2022 годзе літр каштаваў ад 12,8 да 13,8 еўра. Для наведвальнікаў (што важна на фестывалі піва!) адкрыта больш за 800 туалетаў. Медыцынскае абслугоўванне забяспечвае баварскі Чырвоны Крыж, і для тых, хто перапіў, ёсць спецыяльныя памяшканні, дзе можна прыйсці ў сябе. Існуе нават адмысловая назва для такіх асоб — «піўныя трупы». Таксама Чырвоны Крыж ладзіць пункт збору дзяцей, якія згубіліся — тут ёсць шмат цацак, у якія тыя могуць пагуляць, пакуль шукаюць іх бацькоў.

Фота: Gutsul, CC BY-SA 3.0

Адно з найбольш распаўсюджаных злачынстваў на Актоберфэсце — крадзеж піўных куфляў. Служба бяспекі фестывалю мае права праверыць любога чалавека, які падаецца падазроным — у 2014 годзе такім чынам атрымалася папярэдзіць 210 тысяч крадзяжоў куфляў.

Фэсты ў Беларусі

А што ў Беларусі? Зразумела, настолькі буйнога свята піўной скіраванасці ў нашай краіне ніколі не ладзілі. Але існуюць як найменей тры фестывалі, звязаныя з беларускімі броварамі. Хоць яны і больш пра музыку, чым пра піва.

«Рок за Баброў»

«Дай Дарогу!» на «Рок за Баброў» у 2019 годзе. Фота: allfest.ru

Летні фэст, які ад ладзяць у Беларусі ад 2007 года. Заснаваў яго бровар пад назвай «Сябар» (цяпер мае назву «Бабруйскі бровар»). Спачатку яго ладзілі ў Бабруйску, і гэта быў у першую чаргу беларускі музычны фестываль. Пазней яго перанеслі пад Мінск, зрабілі ўваход платным, у якасці хэдлайнераў сталі прывозіць расійскіх рок- і рэп-зорак, у 2019-м разам з бяззменным Аляксандрам Памідоравым фестываль вёў журналіст Юры Дудзь.

Парадаксальна, але часам, як, прыкладам, у 2011-м, на піўным фестывалі не прадавалі піва. У той жа год гучалі прэтэнзіі да вялікіх чэргаў у палаткі з ежай і туалеты, але гук і лайн-ап наведвальнікі хвалілі. Часам былі праблемы з тым, каб выехаць з фестывалю пасля заканчэння — грамадскі транспарт ужо проста не хадзіў.

Тым не меней, «Рок за Баброў» быў адной з самых чаканых музычных падзей года ў Беларусі. У 2020 годзе яго адмянялі праз каронавірус, у 2021-м — зноў перанеслі на год, але і сёлета свята не адбылося. «На жаль, знайсці магчымасць даставіць нашых музычных зорак з розных куткоў планеты не ўяўляецца магчымым», — паведамілі арганізатары. Можна меркаваць, што прычынай таму — факт, што многія расійскія і беларускія музыканты пакінулі родныя краіны: адны — праз адкрытую падтрымку Украіны ў час расійскай агрэсіі супраць яе, другія — праз непрыхаваны палітычны пераслед. Але ў 2023-м абяцаюць дакладна правесці фестываль.

«А-фэст»

На «А-фэсце» ў 2018 годзе. Фота: Аляксандр Шэлегаў / unistar.by

Фестываль, які ладзіў мінскі бровар «Аліварыя», больш падыходзіць пад фармат гарадскога свята. Яго праводзілі ў Лошыцкім парку ў Мінску. Тут былі актыўнасці для дзяцей і дарослых (напрыклад, ладзілі валейбольную пляцоўку), ежа, піва і музыка. Працэнт беларускіх выканаўцаў на «А-фэсце» быў большы, чым на «Рок за Баброў», але і замежныя госці прыязджалі — напрыклад, з Украіны і Францыі.

Уваход на фестываль быў бясплатным і выглядаў хутчэй іміджавай кампаніяй для бровара. Шмат увагі надавалі маркетынгу, у 2019-м выпусцілі супольны з крамай Symbal.by мерч.

Тады на фэст, па ацэнках арганізатараў, прыйшлі 170 тысяч чалавек, было 60 пунктаў з ежай. Годам раней, у 2018-м, прадалі 75 тысяч бакалаў піва.

У 2020-м фестываль адмянілі праз каронавірус. У 2021-м трансфармавалі ў спартыўнае свята — цягам месяца заўзятарам прапанавалі глядзець еўрапейскі футбол на стадыёне «Дынама».

Lidbeer

Падчас аднаго з Lidbeer. Фота: Lidbeer.by

Фестываль піва і музыкі «Лідскае піва» ладзіла штоверасень у Лідзе, у Дзень горада. Упершыню яго арганізавалі ў 2015-м. Традыцыйныя фуд-зоны, разбітыя на фестывальныя вуліцы, больш за 120 тысяч наведвальнікаў (для параўнання, насельніцтва Ліды — 101 тысяча чалавек), музыканты з Беларусі, Украіны і Расіі. У апошнім фестывальным, 2019-м годзе, працавала амаль 200 пунктаў з ежай, былі заяўленыя каля 150 рамеснікаў, на двух сцэнах выступілі больш дзясятка артыстаў.

Адметнасць свята — беларускамоўная камунікацыя і маркетынг, што, зрэшты, уласціва і «А-фэст».

Такім чынам, культура піўных фестываляў у Беларусі толькі нараджаецца. З пачаткам пандэміі каронавіруса і падзей пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м фестывальнае жыццё агулам моцна сцішылася: многія музыканты і івэнт-менеджары з’ехалі з краіны. Тым не меней, вопыт фестываляў «Рок за Баброў», «А-фэсту» і Lidbeer паказвае, што пры належным падыходзе зладзіць маштабны фестываль у нашай краіне цалкам магчыма нават у тых умовах, якія існавалі да 2020 года — вельмі спрыяльнымі іх не назваць. У посттаталітарнай Беларусі мы яшчэ дакладна пагудзім на такім свяце.

Вярнуцца ўгару