Кінарэжысёр М. Найт Ш’ямалан вядомы сваімі інтрыгуючымі сюжэтамі, драматычнымі паваротамі і незвычайным падыходам да жанру трылераў. Ш’ямалан эфектна стварае напружанасць, спалучае і драму, і жахі. У яго фільмах заўсёды ёсць месца для адметных паваротаў сюжэту, што робіць іх сапраўды ўнікальнымі і цікавымі.
PALATNO расказвае пра лепшыя і самыя загадкавыя фільмы рэжысёра М. Найт Шьямалана.
Змест
«Шостае пачуццё» (The Sixth Sense)
Сюжэт. Галоўны герой, псіхолаг доктар Малкальм Кроў, сустракае хлопчыка, які сцвярджае, што бачыць памерлых. Доктар спрабуе дапамагчы хлопчыку разабрацца з гэтым дзіўным і страшным досведам.
Чаму гэта цікава. Гэты фільм зрабіў Ш’ямалана знакамітым. Фільм выдатна спалучыў псіхалагічны трылер і элементы фантастыкі. А яшчэ «Шостае пачуццё» вядомае неверагодным паваротам сюжэта, які карэнным чынам змяняе ўсё, што глядач бачыў на працягу ўсяго кіно.
«Няўразлівы» (Unbreakable)
Сюжэт. Дэвід Дан, ахоўнік, становіцца адзіным, хто выжыў у катастрофе цягніка. Паступова ён разумее, што валодае звышнатуральнай сілай. Фільм вывучае яго адносіны з загадкавым персанажам Элайджам Прайсам, які верыць, што Дэвід з’яўляецца сапраўдным супергероем.
Чаму гэта цікава. Гэта альтэрнатыўны погляд на міфалогію супергерояў. Ш’ямалан падыходзіць да жанру з рэалізмам і драматычнасцю, што адрознівае яго ад традыцыйных супергеройскіх фільмаў, якія сталі штампаваць ужо пасля.
«Знакі» (Signs)
Сюжэт. Сям’я святара, які страціў веру, сутыкаецца з серыяй загадкавых знакаў на палях. Гэта прыводзіць да глабальнага канфлікту з іншапланецянамі. Фільм факусуецца на ўнутраным свеце герояў і іх асабістым успрыманні падзей.
Чаму гэта цікава. «Знакі» — гэта сумесь фантастыкі і псіхалагічнага трылера. Ш’ямалан падкрэслівае напружанасць і ўнутраныя перажыванні герояў, і пры гэтым захоўвае таямніцу і напружаную атмасферу.
«Вёска» (The Village)
Сюжэт. Мясцовыя жыхары невялікага мястэчка жывуць у страху перад істотамі з лесу, яны нападаюць на ўсіх, хто яго пакідае. Калі адна з жыхарак вырашае пераступіць гэтую мяжу, то раскрываюцца жудасныя таямніцы.
Чаму гэта цікава. Фільм даследуе тэмы страху і ізаляцыі, а таксама таго, як грамадства выкарыстоўвае страх, каб кіраваць людзьмі. Як і многія іншыя працы Ш’ямалана, ён мае сюжэтны паварот, які прымушае перагледзець сэнс усяго фільма.
«Спліт» (Split)
Сюжэт. Кевін, чалавек з 23 асобамі, выкрадае трох дзяўчат. Па меры разгортвання гісторыі, з’яўляецца новая асоба — небяспечная і магутная. Джэймс МакЭвой уражвае сваёй гульнёй, ён грае адразу некалькіх персанажаў.
Чаму гэта цікава. Фільм стварае атмасферу напружанасці і страху, даследуе складаную прыроду псіхічных расстройстваў. «Спліт» з’яўляецца часткай трылогіі Ш’ямалана, якая ўключае таксама «Няўразлівы» і «Шкло».
«Шкло» (Glass)
Сюжэт. Гэта працяг для фільмаў «Няўразлівы» і «Спліт». Галоўныя героі гэтых фільмаў сустракаюцца і змагаюцца адзін з адным пад наглядам загадкавага псіхіятра, якая спрабуе пераканаць іх, што яны не валодаюць ніякімі звышнатуральнымі здольнасцямі.
Чаму гэта цікава. «Шкло» становіцца кульмінацыяй гісторыі, якую Ш’ямалан будаваў на працягу 19 гадоў. Фільм спалучае жанр супергеройскага кіно з псіхалагічным трылерам, пры гэтым дадае элемент глыбокай драмы.
«Старажытныя» (Old)
Сюжэт. Сям’я знаходзіць пляж, на якім час праходзіць вельмі хутка, прымушаючы іх старэць на працягу некалькіх гадзін. Фільм даследуе тэму часу, жыцця і смерці.
Чаму гэта цікава. «Старажытныя» (у рускай лакалізацыі — «Время») з’яўляецца прыкладам таго, як Ш’ямалан выкарыстоўвае і філасофскія ідэі, каб расказаць незвычайную гісторыю.