Прагляд фільмаў на замежнай мове — цудоўная магчымасць спалучыць прыемнае з карысным. Лежачы дома пад пледам, вы можаце не толькі пашыраць слоўнікавы запас, але і заўважаць, у якіх кантэкстах варта ўжыць слова ці выказванне, а таксама зразумець, адкуль пайшлі пэўныя жарты ці лакальныя мемы.
PALATNO сумесна са школай польскай мовы Polish for Belarus падрыхтавала падборку фільмаў, якія дапамогуць вам не толькі патрэніраваць моўныя навыкі, але і даведацца больш пра Польшчу і палякаў.
Да таго ж, у фільмы можна пагружацца паступова — спачатку глядзець з субцітрамі, пасля спрабаваць зразумець на слых. Калі для вас прагляд фільма на польскай мове — гэта як скок у глыбокую ваду, то вы заўсёды можаце падстрахавацца падтрымкай дасведчаных «скакуноў». У гэтым выпадку імі стануць выкладчыкі польскай мовы, якія самі калісьці праходзілі праз тыя ж цяжкасці, з якімі цяпер сутыкнуліся вы.
Таленавітыя выкладчыкі школы польскай мовы Polish for Belarus дапамогуць вам разабрацца ў моўных і культурных нюансах у анлайн-фармаце. Усе заняткі з выкладчыкам праходзяць толькі ўжывую, каб ён мог своечасова пракаментаваць вашы поспехі і тое, над чым варта папрацаваць. Для эфектыўнага замацавання матэрыялу дамашнія заданні выконваюцца на спецыяльнай навучальнай платформе, а яшчэ студэнтаў запрашаюць на афлайнавыя мерапрыемствы. Выпускнікі Polish for Belarus атрымліваюць такую падрыхтоўку, што 100% з іх здаюць дзяржаўны экзамен і праходзяць сумоўе на карту паляка або сталы побыт.
Змест
- Пан Тадэвуш / Pan Tadeusz, Анджэй Вайда, 1999
- Усе свае / Sami swoi, 1967, Сільвестр Хэньціньскі
- Богі / Bogowie, 2014, Лукаш Палькоўскі
- Валенса. Чалавек з надзеі / Wałęsa. Człowiek z nadziei, 2013, Анджэй Вайда
- Караль. Чалавек, які стаў Папам Рымскім / Karol. Człowiek, który został papierzem, 2005-2006, Джакама Бацьята
- Піяніст / Pianista, 2022, Раман Паланскі
- Цела Божае / Boże Ciało, 2019, Ян Камаса
- Халодная вайна / Zimna wojna, 2018, Павел Паўлікоўскі
- Лісты да М. / Listy do M., 2011, Міця Акорн
Пан Тадэвуш / Pan Tadeusz, Анджэй Вайда, 1999
Калі вы не аматар паэзіі альбо ў вас проста пакуль што не дайшлі рукі да паэмы Адама Міцкевіча, то фільм — цудоўная магчымасць пазнаёміцца з ёй. Атмасфера ХІХ стагоддзя ў фільме прысутнічае максімальна — дасканалыя дэкарацыі, дыялогі, сюжэтныя лініі пераносяць у побыт старасвецкай шляхты. Адна з разыначак фільма — героі размаўляюць вершамі. Вядома, не прамымі цытатамі з паэмы, але дыялогі маюць спецыяльна апрацаваную вершаваную форму.
Пра што можна даведацца з фільма?
Якія настроі мелі палякі ў чаканні Напалеона, як выглядаў падзел на тых, хто падтрымліваў незалежнасць Польшчы, і тых, хто падтрымліваў Расію.
Усе свае / Sami swoi, 1967, Сільвестр Хэньціньскі
Фільм расказвае гісторыю дзвюх сямей, якія пасля вайны трапляюць пад перасяленне з так званых Крэсаў Усходніх на Вернутыя землі. Важная гістарычная падзея паказана на вельмі лакальным узроўні — у новых для сябе рэаліях сем’і працягваюць сварыцца праз карову, лішнія сантыметры зямлі і вяселле ўласных дзяцей. Фільм поўны смешных сцэн і дыялогаў, некаторыя цытаты з яго ўжо даўно жывуць самастойным жыццём.
У свой час фільм настолькі спадабаўся польскаму гледачу, што дачакаўся дзвюх частак працягу — Nie ma mocnych (1974) i Kochaj albo rzuć (1977). А першую частку, якая выйшла ў чорна-белай версіі, у 2001 годзе перавыпусцілі ў колеры.
Пра што можна даведацца з фільма?
Якімі былі побыт і штодзённыя клопаты звычайнага жыхара Польшчы ў пасляваенны час. Як перасяленцы ўпісваліся ў рэаліі новай дзяржавы. Варта трымаць у галаве, што фільм не застаўся без ідэалагічнага ўплыву — цягам трох фільмаў героі не прыгадваюць свайго ранейшага жыцця на Крэсах і без праблем знаходзяць сябе ў новых рэаліях, што не да канца адпавядае праўдзе.
Богі / Bogowie, 2014, Лукаш Палькоўскі
Біяграфічная стужка паказвае гісторыю кардыёлага Збігнева Рэлігі, які правёў першую паспяховую перасадку сэрца ў Польшчы: папярэднія няўдалыя спробы і імкненне ратаваць людзей, нягледзячы на бюракратычныя перашкоды з боку Службы здароўя Польскай Народнай Рэспублікі.
Фільм дакладна папоўніць вашу скарбонку слоў на медыцынскую тэматыку, а асабліва ўражлівых давядзе да слёз.
Пра што можна даведацца з фільма?
Як выглядала жыццё ў камуністычнай Польшчы — ад сямейных стасункаў да дзейнасці вышэйшых дзяржаўных інстытуцый. А таксама — якой была біяграфія рэальнага чалавека, які ўвайшоў у гісторыю Польшчы.
Валенса. Чалавек з надзеі / Wałęsa. Człowiek z nadziei, 2013, Анджэй Вайда
Складана ўявіць сабе чалавека ва Усходняй Еўропе, які ніколі не чуў імя Леха Валенсы. Прасачыць яго біяграфію ад простага электрыка да лідара антыкамуністычнага руху «Салідарнасць» і нобелеўскага лаўрэата можна дзякуючы фільму Вайды.
Пасля прагляду фільма не лішнім будзе наведацца ў Еўрапейскі Цэнтр Салідарнасці ў Гданьску, каб дасягнуць максімальнага паглыблення ў тэму.
А калі пасля ўбачанага наадварот захочацца чагосьці лёгкага — зазірніце ў Facebook Леха Валенсы. Чаго вартае хаця б нашумелае фота з гэтага лета, дзе былы прэзідэнт прымае піўную ванну!
Пра што можна даведацца з фільма?
Як пачынаўся і развіваўся антыкамуністычны польскі рух, праз якія выпрабаванні і ахвяры давялося прайсці польскаму народу на шляху да свабоды і незалежнасці. Як выглядала Польшча ў 1970-1989 гады.
Караль. Чалавек, які стаў Папам Рымскім / Karol. Człowiek, który został papierzem, 2005-2006, Джакама Бацьята
Першая частка фільма паказвае жыццё Караля Вайтылы да абрання Папам. Пачынаючы з 1939 года хлопцу давялося прайсці праз жахі вайны, страціць бацькоў, папрацаваць рабочым і настаўнікам. Другая частка — ужо пра Яна Паўла ІІ, якім яго ведае ўвесь свет.
Паглядзець фільм варта, нават калі вы не адносіце сябе да ніякай рэлігіі. Ян Павел ІІ быў не толькі Папам, але і неверагодна шматбаковай асобай, чые цікавасці і дзейнасць выходзілі далёка за межы рэлігіі. І, дарэчы, Ян Павел ІІ стаў першым Папам, які звярнуўся да беларусаў па-беларуску.
Пра што можна даведацца з фільма?
Пра чалавека, якім ганарацца ўсе палякі, незалежна ад узросту і светапогляду, а таксама — якім чынам ён увайшоў у сусветную гісторыю.
Піяніст / Pianista, 2022, Раман Паланскі
Фільм расказвае гісторыю яўрэйскага піяніста ў часы Другой сусветнай вайны. Апынуўшыся ў Варшаўскім гета, ён атрымлівае магчымасць выжыць — і гэтую магчымасць дае яму нямецкі афіцэр.
Стужка шырока вядомая ў свеце, пасля прэм’еры яна сабрала букет кінематаграфічных узнагарод. Фільм зняты на англійскай мове, а яго сюжэт заснаваны на рэальных падзеях. Прататыпам галоўнага героя стаў вядомы польскі піяніст і кампазітар Уладзіслаў Шпільман.
Пра што можна даведацца з фільма?
Якім было жыццё ў Варшаўскім гета і ўсёй Польшчы ў часы Другой сусветнай вайны.
Цела Божае / Boże Ciało, 2019, Ян Камаса
Фільм, які пабіў дакавідныя рэкорды наведвальнасці польскіх кінатэатраў. Гэта псіхалагічная рэлігійная драма — досыць чаканая форма ў межах традыцыйнага ўспрымання Польшчы як вельмі рэлігійнай краіны. Аднак сюжэт нетыповы — хлопец пасля судзімасці трапляе ў касцёл невялікага гарадка і прыкідваецца святаром. Да чаго даводзіць гэта гульня і якія траўмы хавае ў сабе мястэчка — адказы на гэтыя пытанні шукайце ў фільме. Які, дарэчы, заснаваны на рэальнай гісторыі.
Пра што можна даведацца з фільма?
Якія формы і праявы ў польскім грамадстве могуць мець рэлігія і касцёл.
Халодная вайна / Zimna wojna, 2018, Павел Паўлікоўскі
Гісторыя кахання на фоне кантрастаў пасляваенных Захаду і Усходу. Дэталі фільма будуць добра зразумелыя беларусам: напрыклад, калі ў рэпертуар музычнага гурта ўключаюць прапагандысцкія песні, каб атрымаць магчымасць гастраліраваць ва Усходняй Еўропе, ці ў прыватных размовах людзі шукаюць нагоду данесці адзін на аднаго.
Выпрабаванні, праз якія праходзіць закаханая пара, вельмі добра адлюстроўваюць стан грамадства, якое паступова выходзіць з камуністычных рэалій.
Пра што можна даведацца з фільма?
Якім было жыццё ў Польскай Народнай Рэспубліцы і як палякі таго часу ўспрымалі Захад.
Лісты да М. / Listy do M., 2011, Міця Акорн
Завершым нашу падборку пазітыўным фільмам, які стаў неад’емным элементам калядных свят у Польшчы і пакажа Польшчу такой, якая яна ёсць тут і цяпер. Пабудова фільма нагадвае брытанскую стужку Love Actually — россып асобных гісторый, якія неверагодным чынам пераплятаюцца паміж сабой у Каляды. Фільм мае ўжо пяць частак.
Вас чакае жывая размоўная мова — і да таго ж салідная порцыя небанальных польскіх мацюкоў.
Пра што можна даведацца з фільма?
Пра тое, што акрамя фільма «Адзін дома» палякі маюць і свой фільм, які вірусіцца па тэлевізарах у зімовыя святы.