Now Reading
«Глядзець фота з 2020-га цяпер — упустую рваць сабе душу». Паразмаўлялі з беларусамі ўнутры краіны пра пачуцці

«Глядзець фота з 2020-га цяпер — упустую рваць сабе душу». Паразмаўлялі з беларусамі ўнутры краіны пра пачуцці

9 жніўня 2020, пратэсты ў беларусі

Пра тое, як змянілася асабістае ўспрыманне даты 9 жніўня і якімі сталі ўзаемаадносіны паміж людзьмі ў Беларусі за тры гады — чытайце ў тэксце PALATNO.

Якія эмоцыі цяпер выклікае дата 9 жніўня 2020 года

Голас 1: Для мяне гэта сумная дата.

10 жніўня 2020 года я паглядзела на свой перакідны насценны каляндар і падумала: «Як скончыцца 9-га, тады і перагарну» — і каляндар дагэтуль не перагорнуты. 9 жніўня для мяне ўсё яшчэ не скончылася.

Пратэсты былі натхняльныя, я ганаруся сваімі суайчыннікамі. Але пачалася новая старонка ў жыцці Беларусі, і пакуль гэта даволі змрочны і трагічны час. Рэпрэсіі не змяншаюцца, кожны дзень шмат кепскіх навін і перажыванняў за людзей.

Голас 2: Вельмі мяшаныя эмоцыі. Гонар за беларусаў і вялікі боль адначасова. Але паколькі апошнія тры гады прайшлі ў цемры, якая ўсё больш і больш згушчаецца, то за гэтай цемрай ужо складана пабачыць тое святло, якое было ў 2020 годзе. У гэты дзень я не буду ні глядзець ніякія фільмы, ні праглядаць старыя фотарэпартажы. Можа, калі гэта ўсё скончыцца, — так. Але цяпер — гэта проста ўпустую рваць сабе душу.

9 жніўня 2020
Ілюстрацыя: jubilee

Як змянілася асабістае ўспрыманне даты за тры гады

Голас 1: Маё асабістае ўспрыманне не моцна змянілася, бо адчуванне перамогі беларускага народа за ўвесь гэты час ні разу не ўзнікала. Я нават да пачатку 9 жніўня ўспрымала гэтую дату як пачатак вялікага і цяжкага супрацьстаяння. Напэўна, калі б пратэсты перамаглі, было б станоўчае ўспрыняцце. Але цяпер, з улікам усяго, што адбылося за тры гады, толькі канец гэтага супрацьстаяння будзе ўспрымацца як светлае і станоўчае. І, хутчэй за ўсё, гэта будзе іншая дата, і ўжо з ёй будуць звязаны і радасць, і палёгка.

Голас 2: Шчыра кажучы, я не ўспрымаю гэты дзень як нейкую асаблівую дату, якую вылучаю з рэшты іншых.

Бо працэсы, якія пачаліся тады ў беларускім грамадстве, пачаліся да гэтай даты і працягваюцца да сёння.

Хутчэй за ўсё, 9 жніўня я буду прагортваць усе навіны з інфармацыяй пра тое, што было тры гады таму. Буду бурчэць пад нос: «Ну так, класна вам там, за мяжой, мусоліць гэтую тэму, мусольце на здароўе». У Беларусі мы жывём у гэтым бясконцым 9 жніўня дагэтуль, нам не трэба пра яго дадаткова нагадваць. Гэта як дадатковае тыканне носам у тое, што не атрымалася, што мы не змаглі, як глыбока ўпалі ў параўнанні з тым, што было.

Што галоўнае змянілася ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі ўнутры краіны за тры гады?

Голас 1: Людзі зразумелі і пабачылі адно аднаго з іншых бакоў, раней невядомых. Хтосьці перастаў сябраваць, бо выкрылася, што сябры — стукачы, ябацькі ці сілавікі, якія праяўлялі жорсткасць. Хтосьці, наадварот, пазнаёміўся і пасябраваў, бо разам хадзілі на пратэсты ці сядзелі ў ізалятарах. Шмат назіраю выпадкаў нейкай «унутранай эміграцыі»: людзі замыкаюцца ў свае маленькія колы самых блізкіх сяброў і сваякоў, камунікуюць маленькімі кампаніямі, бо ўсім страшна наткнуцца на ябацьку, які можа данесці ў органы.

Я жыву на новым месцы з новымі суседзямі, і мы ўсе насцярожана ставіліся адно да аднаго, пакуль дзякуючы выпадку не зразумелі, што мы ўсе на адным баку, і тады сышло моцнае напружанне.

Голас 2: Па маіх уражаннях, стасункі паміж людзьмі сталі вельмі палярнымі. Або ты прайшоў з кімсьці праз арышты, суды, допыты і пераконваешся, што гэта надзейныя і назаўсёды «твае» людзі. Або, наадварот, чалавек кажа, што «можа і ёсць за што іх арыштоўваць, не будуць жа проста так затрымліваць невінаватых» — і тады з ім ужо нават надвор’е не хочацца абмяркоўваць, і кантакт сыходзіць на нуль. З’явілася і моцная засцярожлівасць да новых людзей.

Я, напрыклад, працую з людзьмі і часта задаю сабе пытанне, ці варта з новым чалавекам размаўляць па-беларуску, ці гэта бяспечна.

Сюррэалізм, але ж няма ўпэўненасці, што беларускамоўнасць не выкліча ў кагосьці думкі пра тое, каб данесці на змагара.

9 жніўня 2020
Ілюстрацыя: jubilee

Пра ўнутраны стан 9 жніўня 2020-га

Голас 1: Мне было вельмі страшна, нават дома, калі я яшчэ толькі збіралася ісці на ўчастак. Пасля закрыцця ўчасткаў таксама было страшна чакаць вынікаў. Адначасова, была і нейкая станоўчая трывога, прадчуванне чагосьці, нейкіх змен. Потым абодва гэтыя пачуцці значна ўзраслі.

Апоўначы прыйшоў нейкі стан эйфарыі, таму што здавалася, што пратэст беларусаў занадта моцны і пераможа. Зараз я думаю, што пачуцці адпавядалі падзеям, і, праўда, была вялікая верагоднасць перамогі.

Голас 2: Удзень 9 жніўня 2020-га я была вельмі натхнёная і радасная. Я была назіральніцай, і на ўчастку была плынь шчаслівых людзей з белымі стужкамі. Нас не пускалі на ўчастак, гразіліся выклікаць на нас міліцыю, але мы былі моцна перакананыя, што маем рацыю, што нас большасць і што мы зможам. Увечары таго дня мы ўжо прайшліся ў цэнтр горада, добра пабегалі і вярнуліся дамоў. Было страшна, але надзея і вера ўсё роўна перабівалі іншыя эмоцыі. Цяпер я згадваю гэта з настальгіяй, я ўдзячная, што гэты натхняльны досвед у мяне быў.

Так, цяпер многае з 2020 года падаецца наіўным, але я не лічу наіўнасць кепскай рысай — яна пра чысціню, пра гатоўнасць вучыцца. Калі б я магла вярнуцца ў той год, то зрабіла б усё гэтак жа. Адно што — болей бы дбала пра бяспеку, бо цяпер гэта мне «аукаецца».

Што ў сувязі з падзеямі 9 жніўня 2020-га выклікае наступныя пачуцці:

Голас 1:

Злосць: Ува мне няма злосці, абсалютна.

Расчараванне: Людзі, якія ў крытычныя моманты не апраўдалі сябе, ці тыя, хто спажывае без пытанняў тое, што льюць на іх дзяржаўныя СМІ.

Абуранасць: Стаўленне беларусаў да беларусаў у кантэксце «ўладаў» і народу, узровень гвалту і несправядлівасці.

Гонар: За кожнага і кожную, хто захаваў сябе, хто выбраў сумленне і шчырасць. Гонару, праўда, вельмі шмат, і часам трэба сабе пра гэта нагадваць.

Радасць: Тое, што ў маім атачэнні аказалася так шмат тых, кім варта ганарыцца.

Удзячнасць: Пачынаючы ад такіх дробязяў, як бутэлька вады, прынесеная мне як назіральніцы, і да глабальных рэчаў, як прафесійная псіхалагічная дапамога.

Голас 2:

Злосць: Дзеянні беларускіх «уладаў».

Расчараванне: Людзі, якія не знайшлі ў сабе моцы і сумлення падтрымаць пратэсты.

Абуранасць: Сілавікі, жорсткасць да пратэстоўцаў, ябацькі-даносчыкі.

Гонар: Смеласць і салідарнасць беларусаў.

Радасць: Вось радасці няма.

Удзячнасць: У дачыненні да іншых дзяржаў, якія дапамагалі і дапамагаюць пацярпелым ад рэпрэсій.

Вярнуцца ўгару