Веды

Чаму Францішка Багушэвіча лічаць пачынальнікам новай беларускай літаратуры?


Чаму Францішка Багушэвіча лічаць пачынальнікам новай беларускай літаратуры?

Чаму Францішка Багушэвіча называюць пачынальнікам новай беларускай літаратуры? Што новага ён падарыў пісьменнікам свайго пакалення і якую спадчыну пакінуў пасля сябе?

PALATNO расказвае пра Францішка Багушэвіча.

Жыццё Багушэвіча: паўстанцтва, следства і пісьменства

Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў вёсцы Свіраны (цяпер гэта тэрыторыя Літвы). Пасля нараджэння Францішка яго сям’я перабралася на Ашмяншчыну. Багушэвіч атрымаў добрую адукацыю: вучыўся ў Вільні і Пецярбургу.

Францішак Багушэвіч удзельнічаў у Паўстанні Кастуся Каліноўскага, быў паранены падчас яго. Пасля падаўлення паўстання ўцёк ва Украіну, дзе працягнуў адукацыю і стаў юрыстам.

На радзіму вярнуўся падчас амністыі ў 1883 годзе. Пасля вяртання працягваў займацца адвакацкай дзейнасцю, часта абараняў на працэсах беларускіх сялян. Напрыканцы жыцця хацеў цалкам заняцца пісьменствам.

Багушэвіч памёр 28 красавіка 1900 года ў Кушлянах, пахаваны на Ашмяншчыне ў Жупранах.

Жывая народная мова Багушэвіча

Францішак Багушэвіч стаў першым аўтарам, які свядома і мэтанакіравана выкарыстоўваў беларускую мову ў літаратурнай творчасці. Багушэвіч абараняў значнасць беларускай мовы і звяртаўся да нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Усё гэта пісьменнік рабіў у час, калі беларуская мова лічылася «‎мужыцкай» і не прызнавалася як паўнавартасная літаратурная мова.

Францішак Багушэвіч выкарыстоўваў беларускую мову ў творах, каб паказаць яе багатыя магчымасці.

‎Пасля Паўстання-1863, у якім Багушэвіч прымаў удзел, беларускія землі русіфікаваліся. Для Багушэвіча было важным паказаць цяжкае жыццё сялян, асудзіць несправядлівасць і сацыяльную няроўнасць. Таму для пісьменніка менавіта беларуская мова стала інструментам выказаць і нязгоду, і прыналежнасць да Беларусі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі». 184 гады таму нарадзіўся Францішак Багушэвіч

Багушэвіч не толькі паказваў прыгнёт беларусаў, але заклікаў іх выкарыстоўваць сваю мову: «‎Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не умерлі!». ‎

Творчасць пісьменніка натхніла наступныя пакаленні беларускіх пісьменнікаў (у тым ліку, Янку Купалу, Якуба Коласа і іншых), каб яны працягнулі развіваць беларускую культуру і літаратуру.