
Францішак Дзеружынскі нарадзіўся ў Оршы, перажыў выгнанне ордэна з зямель Расійскай імперыі і стаў адным з найважнейшых арганізатараў каталіцкай адукацыйнай сістэмы ЗША. Як сталася так, што ён з’ехаў з роднай зямлі ў Амерыку? Што ён там рабіў і як стаў вельмі ўплывовым рэлігійным дзеячам?
PALATNO расказвае пра Францішка Дзеружынскага.
Езуіцкі ордэн, вайна 1812 і эміграцыя
Францішак Дзеружынскі нарадзіўся ў Оршы ў 1779 годзе. У юнацтве ўступіў у ордэн езуітаў і навучаўся ў калегіуме ў Полацку. Акрамя гэтага вучыўся ў езуіцкіх установах Магілёва, Мсціслаўя. У 1809 годзе стаў святаром. У гэты час Дзеружынскі стаў выкладаць — рускую і французскую мовы, дапамагаў у працы музеяў, займаўся навуковай дзейнасцю. У выніку, ён стаў навуковым сакратаром Полацкай акадэміі, якая ў часы вайны рускіх з французамі ператварылася з калегіума.
У час вайны 1812 года Дзеружынскі арганізаваў эвакуацыю студэнтаў і выкладчыкаў з Полацка. Пазней вярнуўся да выкладання, але доўга гэтым не змог займацца. Сітуацыя ў Расійскай імперыі і стаўленне да езуітаў значна змяніліся пасля ўварвання Напалеона. У 1820 годзе Аляксандр I выгнаў езуітаў з Расійскай імперыі і зачыніў езуіцкія навучальныя ўстановы. Дзеружынскі быў вымушаны пакінуць краіну.
Некаторы і не вельмі працяглы час ён працаваў у Італіі. У 1821 годзе генерал езуіцкага ордэна накіраваў яго на службу ў Злучаныя Штаты.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Музыка вяскоўцаў з Апалачы. Як кантры стала глабальным феноменам
Тры скандалы Белага дома, пра якія вы маглі не ведаць
Амерыканская старонка жыцця: развіццё і канфлікты
Спачатку Дзеружынскі прыбыў у Філадэльфію пасля цяжкага марскога падарожжа. Гэта адбылося ў 1821 годзе. Затым ён адправіўся ў Джорджтаўн штата Вашынгтон. У гэты прамежак часу актыўна вывучаў англійскую мову, а яшчэ праз некалькі гадоў, у 1823-м, стаў кіраўніком езуітаў Злучаных Штатаў.
Амерыканскія езуіты сустрэлі Дзеружынскага з недаверам, бо баяліся рэформаў, якія будзе праводзіць у далейшым еўрапейскі езуіт з Оршы. Аднак гэта былі не адзіныя праблемы Францішка. У амерыканскіх езуітаў былі цяжкасці з фінансаваннем: плантацыі ордэна ледзь акупляліся, Джорджтаўнскі каледж меў праблемы з наборам студэнтаў, а навіцыят быў увогуле зачынены. Дзеружынскі змог аднавіць навіцыят, стаў выкладчыкам у каледжы, а рэкрутацыя студэнтаў значна палепшылася. А пасля таго, як дзякуючы Дзеружынскаму Сэнт-Луісскі каледж перайшоў пад апеку ордэна, езуіцкая адукацыйная сетка пашырылася ў заходніх штатах Амерыкі.
Пасля паспяховай дзейнасці ў кіраўніцтве езуіцкай місіі ў Амерыцы пачаліся канфлікты. У Дзеружынскага ўзнікла напружаная сітуацыя з арцыбіскупам Балтымара Амброўзам Маршэлам. Яны спрачаліся за права кіраваць езуіцкімі святарскімі прызначэннямі і маёмасцю. Асабліва вострым пытаннем была справа маёнтка Уайт-Марш, які ўключаў вялікія землі і сотні рабоў. Папа Пій XVII патрабаваў перадачы маёмасці арцыбіскупу, але амерыканскія ўлады ўмяшаліся ў справу і заявілі, што Рым не можа абыходзіць амерыканскае заканадаўства. З цягам часу бакі дасягнулі кампрамісу: маёнтак застаўся за езуітамі, але арцыбіскуп атрымаў грашовую кампенсацыю.
У 1828 годзе Дзеружынскі атрымаў грамадзянства ЗША. Вядома, што ён уваходзіў у вышэйшыя палітычныя колы Злучаных Штатаў. Гісторыкі сцвярджаюць, што Дзеружынскі спрачаўся пра метафізіку з віцэ-прэзідэнтам Джонам Калхунам. Для амерыканцаў прозвішча Дзеружынскага было нязручным і занадта складаным, таму яго называлі «Father Zero».
У 1830 годзе Дзеружынскі часова страціў кіраўніцтва над амерыканскімі езуітамі, але пазней аднавіў кіраўніцтва. З узростам яму было цяжка весці справы езуітаў, ён засяродзіўся на навучанні — выкладаў філасофію, тэалогію.
Апошнія гады жыцця Францішак Дзеружынскі правёў у штаце Мэрыленд. Памёр у 1850 годзе.