Now Reading
«Баш на баш», «держать пари», «убить время». Чым замяніць рускія фразеалагізмы ў беларускай мове

«Баш на баш», «держать пари», «убить время». Чым замяніць рускія фразеалагізмы ў беларускай мове

беларускія фразеалагізмы

Як сказаць па-беларуску «не по карману» і «у чёрта на куличках»? А як у Беларусі «сходят с ума» ці «приказывают долго жить»? Ці можна замяніць гэтыя фразеалагізмы?

PALATNO пагартала слоўнікі і расказвае, чым замяніць папулярныя рускія фразеалагізмы.

«Мова зрасейваецца шпаркім ходам»

Больш за дваццаць гадоў таму, у 1999 годзе, беларускі мовазнаўца Юры Пацюпа выдаў «Кароткi расейска-беларускi слоўнiк фразэалягiзмаў i фразаў». Пры складанні слоўніка ён карыстаўся мноствам крыніц, каб адшукаць самыя папулярныя фразы па-руску і знайсці ім адпаведнікі ў беларускай мове.

Юры Пацюпа — беларускі мовазнаўца і крытык. Нарадзіўся ў 1965 годзе ў Полацку. Вучыўся ў Гродзенскім універсітэце, працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту і Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, быў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».

«Слоўнік сцігуе мэту чыста практычную: дапамагчы беларускім аўтарам удасканаліць сваю мову. Бо мова зрасейваецца шпаркім ходам, а яе носьбіты ўсё больш адрываюцца ад народнай традыцыі, зусім страцілася традыцыя старабеларуская», — пісаў Пацюпа.

Замяняем фразеалагізмы на беларускія

Б

Баш на баш — квіта за квіту
Без дыхания — без духу
Без задней мысли — не ў той думе; пэўны сабе
Без задних ног — як пшаніцу (пяньку) прадаўшы
Без малого — мала не, за малым, амаль, блізка
Без царя в голове — няма клёку ў галаве
Биться об заклад — ісці ў заклад, ісці аб заклад
Благим матом — не́мым голасам
Боже упаси — крый (хавай, ухавай) Божа

В

Ваша взяла — ваша праўда, ваш верх
В виде исключения — вы́няткам
В годах — у веку
В два счёта — раз-два, у два мігі
В долгий ящик — на святое ніколі
Взбрело в голову — утроілася ў галаву
Взять в толк — дабраць розуму, дадумацца, даўмецца
Взять себе за правило — паставіць сабе за ўказ
Вне себя — непрытомны, у непрытомнасці
Внести лепту — зрабіць унёсак
Во весь дух — што маючы духу, як мага
Во все глаза — вочы вылупіўшы
Войти во вкус — пачуць (пазнаць, паняць) смак
В отместку — у адплату
Воцарился мир — стала замірэнне
Во что бы то ни стало — на гвалт
В разгаре — у самым руху
В сердцах — з злосці
Втереться в доверие — убіцца ў ласку
В три шеи — у ка́рак
В ус не дует — ані лыс

Г

Готов сквозь землю провалиться — хоць у зямлю лезь

Д

Дальше некуда — як досыць, як больш і не трэба
Два сапога пара — абое рабое
Держать пари — ісці ў закла́д
Для видимости — дзеля вока, для паказу
Для отвода глаз — для непазна́ку
До отвала — хоць расперажыся
Дышать на ладан — збірацца ў вырай

Е

Ей-богу — далібог, дадушы

З

Задавать тон — весці рэй
Задним умом крепок — разумны па часе
Запутать след — змыліць след
Зарубить себе на носу — запісаць сабе на лобе, упрытоміць сабе, убіць сабе ў галаву
Зашибать деньгу — аграбаць грошы

И

И баста — і кві́та (квіт), і годзе
И дело с концом — і па ўсім, ды і годзе, дык і годзе
Идти насмарку — ісці на глум
Изводить сердце — ад’ядаць сэрца
Испокон века — з вякоў, здавён, адвеку

К

Как бы не так — не дачаканне (тваё), не дажданне (тваё)
Как говорится — як той казаў, казаў той
Как правило — зазвычай
Клевать носом — акунёў лавіць (вудзіць)
Козёл отпущения — ахвярны казёл
Куда ни шло — туды-сюды
Куры не клюют — не знаюць, як палічыць

Л

Лишиться ума — звар’яцець

М

Мало-помалу — трошкі-патрошкі
Морочить голову — дурыць галаву, чмуціць

Н

Набить руку — навы́тырыцца, спрактыкавацца
Навострить уши — наставіць вушы
Надрывать животики — урываць бакі
Надуть губы — наставіць лупы
На закате дней — на схіле веку
Найти общий язык — (найти общую тему) разгаварыцца, разгаманіцца; (найти согласие) змеркавацца
На корню — на пні
Намять бока — наламаць (нагрэць) бакі, параўнаць плечы, выбіць
На ночь глядя — проці ночы
Не в духе — не ў гуморы
Не в своём уме — не ў радзе, звар’яцелы
Не в себе — непрытомны, у непрытомнасці
Не все дома — клёпкі не стае
Не по вкусу — не пад нораў
Не по карману — не да падняцця
Не по себе — ніякава́та
Не промах — ву́да
Нести ахинею — несці нісяне́ціцу, малоць лухту, трэліць
Не чета — не раўня
Ни жив ни мёртв — без духу; ні на тым свеце, ні на гэтым

О

Откуда ни возьмись — ні адсюль, ні адтуль

П

Перевести дух — адсапціся, змяніць дух
По всем швам — на ўсе за́стаўкі
Попасть в опалу — лучыць (трапіць) у няласку
Преступить закон — выступіць з права
Прийти в голову — упасці на думку
Приказать долго жить — аддаць Богу душу
Провалиться сквозь землю — праваліцца скрозь донне

Р

Раскинуть умом — пакапаць у галаве

С

С глазу на глаз — сам на́ сам
Смести с лица земли — звесці з свету, абярнуць у нявеч
Смотреть в оба — пільнавацца
Сойти с рук — увайсціся за штуку, мінуцца
Сойти с ума — выпасці з розуму, збіцца з розуму, з’ехаць з глузду, сысці з мазгоў, выйсці з галавы
Ставить вопрос ребром — ставіць пытанне ру́бам
Стукнуло в голову — уроілася ў галаву, прыйшло да галавы

У

Убить время — (провести) сцерці час; (тратить) змарнаваць час
Удовлетворить желание — спагнаць ахвоту
Ума не приложу — розуму не дабяру
Ум за разум зашёл — звярнула глузды́
У чёрта на куличках — блізкі свет, за светам

Х

Хоть бы хны — ані гадкі, не шманае
Хоть завались — хоць распер

Вярнуцца ўгару