Якімі былі злачынствы ў Беларусі сто гадоў таму? «Галаваломка-1925» — №1

крымінальны падкаст галаваломка, падкаст пра крымінал, жыццё заходняй беларусі

PALATNO запускае спецыяльны сезон крымінальнага падкаста «Галаваломка» пра беларускі крымінал у 1925 годзе. У першым эпізодзе мы пагаворым пра тое, якім для беларусаў аказаўся цэлы 1925 год. Важная дэталь: мы расказваем выключна пра здарэнні, якія адбыліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая на той час уваходзіла ў склад Польшчы.

Злачынствы сілавікоў і палітычныя працэсы

Навагодняя ноч у Гродне, 1925 год. Танцавальная зала поўная людзей: музыкі граюць, пары кружацца ў танцы, ніхто нават не падазрае, што праз некалькі хвілін вечар ператворыцца ў трагедыю. Паліцэйскі Мячыслаў Латоўскі ўрываецца ў залу з рэвальверам у руках. Ён хапае сваю каханку за руку, штурхае яе партнёра і крычыць: «Думаеш, я не зраблю гэтага?» Стрэлы. Крыкі. Паніка. І гэта толькі пачатак нашага аповеда.

Гісторыя Мячыслава Латоўскага абсалютна тыповая для таго часу. У людзей, якія служылі ў cілавых органах, заўсёды пры сабе была зброя. Часам яны станавіліся не толькі абаронцамі, але і злачынцамі.

польскія паліцэйскія, новы пагост, другая рэч паспалітая
Паліцэйскія з пастарунку Новы Пагост.

Падобная гісторыя адбылася ў Брэсце праз некалькі дзён пасля Новага года. У брэсцкім рэстаране вайсковец патрабаваў, каб выступіла адна артыстка кабарэ, а пасля адмовы тройчы ўдарыў шабляй па галаве другога артыста. У мясцовай прэсе папаўзлі чуткі, што цяпер вайскоўцам увогуле забароняць наведваць рэстараны з кабарэ. Але не забаранілі.

Ці іншая гісторыя: у Брэсцкай крэпасці — сэрцы ваеннай моцы — малады вайсковец круціць рэвальвер у руцэ, робіць нязграбны рух… і выпадкова страляе свайму таварышу ў грудзі.

Але самым гучным злачынствам таго часу стала гісторыя паліцэйскага Юзэфа Мурашкі. Ён застрэліў двух вязняў-шпіёнаў за некалькі гадзін да абмену з «саветамі». Прычына? Мурашка палічыў, што вязні не заслугоўваюць права жыць. Забойцу асудзілі на два гады, а яго ўчынак абмяркоўвалі не толькі ў Польшчы і СССР, але і па ўсім свеце.

Часам судзілі і за свавольствы. Як, да прыкладу, у Гродне, дзе трое паліцэйскіх — Мілер, Юда і Хайноўскі — збівалі арыштаванага палкамі па пятах і спіне, пакуль той не прызнаўся ў крадзяжы. На судзе яны сцвярджалі, што ў арыштаванага проста здарыўся эпілептычны прыпадак. Аднак доктар не пацвердзіла іх словы, а паліцэйскіх асудзілі.

Свавольстваў з боку паліцэйскіх у Заходняй Беларусі хапала. Паліцэйскія неаднаразова рабілі ператрусы і шукалі камуністаў. Чатыры гады, як закончылася вайна супраць савецкай Расіі, якая дагэтуль працягвала дасылаць на польскую тэрыторыю дыверсантаў, арганізоўваюць і фінансаваць тэрарыстычныя акты ў Польшчы. Пад асаблівай увагай была ўся тэрыторыя так званых «Крэсаў Усходніх», і, вядома, беларусы.

Напрыклад, падчас аднаго з ператрусаў у Маладзечне паліцэйскія спрабавалі адшукаць хоць які-небудзь кампрамат на мясцовага жыхара Яна Бондара. У доме нічога не знайшлі і загадалі яму лезці пад печ — можа там, што схавана. Бондар пажартаваў, што там можа быць схаваны кулямёт — за гэта яго збілі, назвалі камуністам і забралі бялізну. Праўда, бялізну назаўтра вярнулі.

Часамі паліцэйскія праводзілі вялікія рэйды і арыштоўвалі дзясяткі, нават сотні чалавек за раз. Звычайна пасля нейкіх дэманстрацый ці развешвання чырвоных сцягоў у мястэчках. У Гродне, напрыклад, праводзілі дэманстрацыю, калі мясцовая моладзь адзначала дзень камсамола. Зняволенне працягвалася некалькі гадзін, і нярэдка падчас іх арыштаваных збівалі і дамагаліся ад іх прызнанняў — пажадана, у тым, што працуюць на Расію. Часам пад катаваннямі такія паказанні даваліся, а пасля ствараліся палітычныя працэсы, па якіх асудзілі дзясяткі беларусаў. Самым гучным, але не адзіным за 1925 год, быў «працэс-72» — у далейшых эпізодах раскажам пра яго падрабязна – калі некалькі дзясяткаў беларусаў судзілі за партызанскую дзейнасць і забойствы з нападамі. Але давайце вернемся да сілавікоў.

Злачынствы ўнутры сістэмы не заўсёды былі звязаныя з гвалтам. Летам 1925-га ў Гродне асудзілі пракурорскага чыноўніка Браніслава Кухарскага. Той скраў 456 тысяч марак — грошы, што былі рэчавымі доказамі ў крымінальных справах. І, што самае дзіўнае, атрымаў за гэта ўсяго год пазбаўлення волі. Як думаеце, чаму так мала?

паліцэйскія ў маладзечне, маладзечна ў польшчы, другая рэч паспалітая
Паліцэйскія на фоне брамы ў Маладзечне. Брама была пабудаваная не ў 1920-х, а ў 1930-м.

Самагубствы

Цяжкая праца ў Заходняй Беларусі для паліцэйскіх і вайскоўцаў спалучалася не толькі з перавышэннем паўнамоцтваў. Часамі сілавікі не маглі справіцца са сваім эмацыянальным станам і здзяйснялі самагубствы.

Мы ўжо ўзгадавалі Мячыслава Латоўскага, які застрэліўся ў навагоднюю ноч праз каханне. У Гродне ўсяго праз тыдзень адбылося другое самагубства: юнак Томаш Абухоўскі застрэліўся з-за таго, што яго не ўзялі ў вайсковую школу. Старэйшы турэмны ахоўнік брэсцкай турмы ўвесну забіў сябе стрэлам з рэвальверу.

Самагубствы здараліся не толькі сярод паліцэйскіх і вайскоўцаў, звычайныя цывільныя людзі таксама іх здзяйснялі. Напрыклад, у Мастах мужчына паскардзіўся ў паліцыю, што на яго напалі бандыты — сярод доказаў паказваў рану на галаве. Але пазней высветлілася, што мужчына спрабаваў сябе забіць стрэлам у галаву з вырабленага ім самім ружжа, але толькі параніў сябе. За захоўванне зброі ў тыя часы можна было надоўга сесці ў турму, таму ён спецыяльна прыдумаў гісторыю пра бандытаў. А ў Брэсце мужчына скончыў самагубствам праз тое, што звольнілі з піларамы за крытыку начальства. Здараліся самагубствы вязняў турам. У Брэсце атруціўся вязень Арцём Елішаў, які знаходзіўся больш за паўгода за кратамі. Перад гэтым мужчына застрэліў медсястру ваяводскага шпіталя і чакаў судовага працэсу.

Што прымушала людзей ісці на такі адчайны крок? Пасляваенны стрэс, фінансавыя цяжкасці, безвыходнасць… У той час людзі жылі ў цяжкіх умовах. Жанчыны часцей выбіралі воцатную эсэнцыю, а мужчыны — страляліся ці вешаліся. Прычыны ва ўсіх былі розныя: ад кахання, якое ў газетах таго часу называлі хваробай святога Валянціна, да невылечнай хваробы і цяжкага фінансавага становішча. Самагубствы — гэта не толькі асобныя трагедыі, але і люстэрка складанага часу, калі людзі не знаходзілі падтрымкі і дапамогі ні ў грамадстве, ні ў сям’і, ні ў дзяржаве.

Забойствы дзяцей

У сярэдзіне 1920-х гадоў беднасць і безвыходнасць часта станавіліся спадарожнікамі мацярынства. Калі ў вашай сям’і з’яўлялася яшчэ адно дзіця, гэта магло прывесці да галечы або знішчыць усе зберажэнні. Аборты былі пад забаронай, сацыяльнай падтрымкі амаль не існавала. І некаторыя жанчыны ішлі на жахлівы крок.

Забітых немаўлят знаходзілі паўсюль: у Бераставіцы пры дарозе ляжаў труп немаўляці, абгорнуты ў тканіну; у Драгічыне арыштавалі жанчыну за забойства нованароджанага дзіцяці; у Бярозе знайшлі на замёрзлай рацэ цела немаўляці — хутчэй за ўсё, яго скінулі з моста; у Брэсце немаўля знайшлі закапаным, а папярэдне задушаным. У Брэсце жанчына задушыла свайго трохмесячнага сына, а пазней прывезла цела дзіцяці ў дом да пані, у якой працавала, і пакінула яго там. Дзетазабойцу арыштавалі, калі тая спрабавала ўцячы з гораду.

Што прымушала жанчын здзейсняць забойствы? Няўжо толькі беднасць? Ці маглі на гэта паўплываць грамадскі ціск, адсутнасць выбару ці нават забабоны таго часу? Часам у дзетазабойстве заставалася вінаватай не адна жанчына, а сям’я. Напрыклад, у Брэсцкім павеце Катаржына Шурава разам з маці забіла нованароджанае дзіця.

Летам 1925 года гродзенскі суд прыгаварыў жанчыну па прозвішчы Салалейка да году турмы за забойства дзіцяці. Высветлілася, што жанчыну згвалцілі, і яна лічыла, што яе дзіця — гэта яе ганьба. Казала, што падчас забойства была ў роспачы і не разумела, што рабіла. Колькі такіх трагедый засталося невядомымі? Колькі жанчын зламаліся пад цяжарам абставін?

паліцэйскія ў відзах, другая рэч паспалітая, польша ў міжваенны час, беларусь у міжваенны час
Паліцэйскія ў Відзах.

Сямейныя сваркі

Злачынстваў на бытавой глебе было вельмі шмат. Ад простых скаргаў у паліцыю да крывавых сварак і забойстваў. Напрыклад, у Гродне мужчына заявіў у пастарунак на жонку, якая пайшла ў касцёл і не вярнулася: высветлілася, што яна закахалася ў нейкага хлопца і вырашала не вяртацца на нелюбімага мужа.

У Лунінцы гаспадар буфета на чыгуначным вакзале Мячыслаў Самбульскі спрабаваў застрэліць жонку Марыю. Падзеі адбываліся ў цэнтры горада на плошчы. Жанчыну змаглі выратаваць, а Самбульскі пасля казаў, што пайшоў на гэта праз адчай і моцнае нервовае расстройства, да якога яго нібыта давяла жонка.

Падобны выпадак адбыўся ў Брэсце. Тэадор Бельскі моцна пасварыўся з жонкай і пры гэтым быў нецвярозы. У нейкі момант мужчына проста стрэліў з сігнальнага пісталета жонцы ў твар.

Адна з сямейных сварак дайшла да забойства. Здарылася гэта ў Столінскім павеце. Мясцовы жыхар падчас сваркі з жонкай забіў яе, а труп скінуў у раку — мужчыну ўсё-такі арыштавалі.

У Камянцы памерла дзяўчына, Марыя Клішэвіч, пасля таго, як з’ела купленае мяса. Яе сёстры, якія таксама елі тое мяса, выжылі, хоць і доўгі час аднаўляліся. Падазравалі, што мяса спецыяльна атруціў прадавец, які быў закаханы і адрынуты Марыяй.

У Драгічынскім павеце нейкі Мішкавец расстраляў Аксенію і Панцялея Рыбакоў. Аксенія памерла на месцы, а Панцялей быў цяжка паранены. Высветлілася, што раней Мішкавец сустракаўся з Аксеніяй, але тая выйшла замуж за Панцялея.

Яшчэ адна катэгорыя сямейных сварак — на святах. У красавіку ў адной з вёсак брэсцкага павету хрысцілі дзіця. На хрысціны сабралася шмат гасцей. Падчас імпрэзы Тэадор Бойка і Пётр Парафінюк пасварыліся і пачалі біцца, а пасля таго як іх разнялі ў памяшканне заляцеў сын Бойкі, Мікалай, з карабінам у руках — і застрэліў Парафінюка.

У вёсцы столінскага павета браты Ян і Пётр Малеі доўга спрачаліся паміж сабой, а потым першы з іх так цяжка збіў другога, што той памёр. Забойцу паліцэйскія затрымаць не змаглі, таму ўжо крыху пазней Ян вярнуўся да дому забітага брата і кінуў унутр яго ручную гранату: на шчасце, ніхто не загінуў.

Можна дакладна сказаць, што за 1925 год мінімум паведамленняў пра злачынствы на сексуальнай глебе. Гэта не азначае, што іх не было. Проста большасць не паведамляла пра здарэнні. Напрыклад, у вёсцы ля Драгічына трое мужчын згвалцілі 20-гадовую дзяўчыну. Яна змагла выжыць пасля гвалту і паведаміла пра гэта паліцыі, толькі таму злачынцаў затрымалі. А ў вёсцы Хойна, што на Піншчыне, Юзэф Дымір пахаваў трэццюю жонку, а пасля змусіў сваю 16-гадовую дачку Антаніну спаць з ім. Антаніна зацяжарыла і расказала пра цяжарнасць бацьку, а той прыгразіў, што заб’е яе за гэта. Дзяўчына ўцякла да суседзяў, якім расказала, што бацька з ёй зрабіў, а тыя звярнуліся ў паліцыю.

Бандыцкія напады

Заходняя Беларусь у сярэдзіне 1920-х гадоў хавала шмат цёмных сакрэтаў. Тады бандыты з’яўляліся там, як прывіды: яны знішчалі спакой у вёсках, рабавалі маёнткі і нават нападалі на цягнікі. 1925-ы не быў нейкім пераломным годам, калі раптам пачаліся рабаўніцкія напады. Яны былі раней, працягваліся і пазней.

Год толькі пачаўся, а першыя бандыцкія напады ўжо ўзрушылі рэгіён. У пачатку студзеня каля вёскі Засулле ў Стаўбцоўскім павеце пяцёра бандытаў напалі на фурмана памешчыка. Іх мэтай былі коні, але фурман праявіў спрытнасць і ўцёк разам з канямі, а бандыты засталіся з пустымі рукамі.

Праз некалькі дзён яшчэ адна банда абрабавала дом селяніна пад Радашкавічамі. Іронія сітуацыі была ў тым, што дом знаходзіўся ўсяго ў двух сотнях крокаў ад пастарунка пагранічнай варты.

У тым жа месяцы на Косаўшчыне невядомыя бандыты напалі на каменданта пастарунка і паліцэйскага: камендант загінуў, а другі паліцэйскі быў цяжка паранены, але выжыў. Нападнікі ж зніклі.

Амаль кожны напад розныя бандыты добра планавалі. У Лунінецкай гміне бандыты перарэзалі тэлефонныя дроты перад нападам над дом, добра ведалі мясцовасць і хутка пасля злачынства змаглі ўцячы за мяжу. Вельмі часта банды заходзілі з савецкай тэрыторыі і туды ж сыходзілі. Меркавалі, што менавіта савецкі ўрад спансіруе бандытаў, якія, хутчэй за ўсё, былі савецкімі вайскоўцамі-дыверсантамі.

польскі памежнік, польская мяжа, мяжа ссср
Памежнік на мяжы Польшчы і СССР у раёне Коласава.

Некаторыя з бандытаў не саромеліся нападаць нават на адміністрацыйныя будынкі: у Пінскім павеце яны ўварваліся ў мясцовую адміністрацыю, прастрэлілі скрыню з грашыма і скралі адтуль злотыя.

Нападнікі часта не толькі рабавалі, але і забівалі. У тым жа Пінскім павеце ў адной з вёсак бандыты забілі Місэля Крупніка і яго жонку, а целы закапалі ў агародзе. Усё гэта было зроблена дзеля 75 долараў, якія жонка Крупніка атрымала ў пасаг. Гэта не адзіны выпадак, пасля якога ахвяры рабаванняў аказваліся забітымі. Рабаванні былі сапраўднымі трагедыямі, якія руйнавалі жыцці цэлых сямей.

Польская паліцыя змагалася з хваляй бандытызму. У некаторых выпадках атрымлівалася затрымліваць нападнікаў, як гэта адбылося ў справе банды Якуба Сахвоні. Але нават тут гісторыя мела нечаканы паварот: самога Сахвоню знайшлі мёртвым у лесе, і яго смерць засталася загадкай.

Забойства

Акрамя бандыцкіх нападаў, пра якія кожны тыдзень паведамлялася ў газетах, на беларускіх землях адбываліся яшчэ больш жудасныя рэчы — забойствы. Яны часта пачыналіся, як асабістыя сваркі, але інцыдэнты мелі глыбокія карані.

У сакавіку 1925 года судзілі Мікалая Якаўчука, які забіў з-за бутэлькі гарэлкі мужчыну. Акрамя гарэлкі ён забраў 30 злотых. Мужчыну прыгаварылі да расстрэлу — і яго ў той жа дзень расстралялі ў Гродне.

Яшчэ ў адным мястэчку адбылося забойства, якое застаецца ахутаным таямніцамі. Пятра Эйсманта збіла група з васьмі чалавек, падчас нападу білі камянямі, нажом і стралялі з рэвальверу. Аднаго нападніка затрымалі, а газеты таго часу казалі, што сварка адбылася ці з-за сена, ці з-за асабістай помсты.

Крывавыя канфлікты ў вёсках не былі рэдкасцю, як бы гэта сумна не гучала. На Гродзеншчыне двое мужчын напалі на Яна Шылу проста на яго агародзе і закалолі нажамі: забойцаў злавілі і судзілі, на целе ахвяры знайшлі больш за 50 раненняў. У Пінскім павеце мужчына спрабаваў абараніць луг ад крадзяжу сена: але супраціўленне скончылася трагедыяй — злодзей ударыў яго віламі ў жывот.

У Брэсцкім павеце невядомыя застрэлілі дачку настаўніцы. Забойца страляў з карабіну праз акно, справу так і не раскрылі ў тым годзе. Не менш жудасным было і забойства Юзэфы Вінскай: ёй перарэзалі горла, а цела схавалі за печкай — і ўсё гэта за 20 долараў.

Былі і зусім містычныя загадкі. Улетку ў памежнай зоне з савецкім бокам знайшлі цела мужчыны без галавы і левай нагі: цела ляжала паміж памежнымі слупамі. Хто быў ахвярай і чаму здарылася гэта трагедыя, засталося невядомым.

паліцэйскія ў стоўбцах, беларусь у міжваенны час
Паліцэйскія ў Стоўбцах у будынку пастарунка.

Кур’ёзы і няшчасныя выпадкі

Адбываліся і цікавыя выпадкі, хоць і злачынныя. Так у Брэсце затрымалі нейкага Міхаіла Рабчука з бялізнай, якую той скраў у жанчыны: тлумачыў, што прыехаў у Брэст у пошуках лёгкай працы, але чамусьці падаўся ў крадзяжы. Амаль такога ж шукальніка лёгкай працы арыштавалі паліцэйскія пад Брэстам: хлопец стаяў пры дарозе з мясніцкім нажом і хацеў кагосьці абрабаваць.

Працавалі на беларускіх землях і фальшываманетчыкі. Пра іх арышты вядома няшмат, але яны часам адбываліся. Увесну ў Камянцы падчас кірмашу паліцыя арыштавала двух мясцовых жыхароў — Уладзіміра Панько і Кірыла Малешку. У іх знайшлі падробленыя банкноты, якія рабіў Панько. Фальшываманетчыкаў затрымалі толькі праз тыдзень пасля таго, як яны заняліся такім «бізнесам».

Адбываліся няшчасныя выпадкі са зброяй, якую рабілі самі ці знаходзілі. Нагадаем, што зусім нядаўна скончылася Першая сусветная вайна і вайна бальшавікоў з палякамі. Мойша і Лейба Капланы знайшлі каля сваёй вёскі ў Драгічынскім павеце гранату. Пачалі з ёй гуляць, і яна, канешне ж, узарвалася. Хлопцы засталіся жывымі, але з лёгкімі раненнямі. На Брэстчыне 16-гадовы хлопец Афанасій Каляда змайстраваў пісталет, а калі пайшоў з яго страляць, то зброя выбухнула і параніла хлопца: у яго быў пашкоджаны нос, але сам застаўся жывым. У Брэсцкім павеце 12-гадовы хлопец знайшоў гранату і хацеў разабраць яе на часткі — тая выбухнула, а хлапчук застаўся цяжка параненым.

Надвор’е і прыродныя з’явы таксама забівалі беларусаў. У Столінскім павеце памерлі двое мужчын ад удару маланкі, ад гэтага ж памерла дзяўчына ў Пінскім павеце. У ліпені па Заходняй Беларусі прайшлося некалькі бураў: у Пінскім павеце маланка ўдарыла ў дом, калі там вячэрала сям’я — сына забіла на месцы, муж з жонкай засталіся жывымі.

Крадзяжы, пажары

Крадзяжы, напэўна, былі адным з самых папулярных злачынстваў. Кралі амаль усё: бялізну, гадзіннікі, грошы, гарэлку, віно, кафлю, вяндліну і нават бульбу! Злодзеі не грэбавалі нават крадзяжамі ў цэрквах. Вясной 1925 года ў Брэсце скралі дзве бляшанкі з ахвяраваннямі, але ў іх было ўсяго некалькі злотых, бо напярэдадні крадзяжу работнікі касцёлу сабралі з іх грошы.

Напрыканцы жніўня арыштавалі двух кандуктараў на чыгуначнай станцыі за тое, што яны скралі з таварнага вагона вялікую колькасць сыру. У Гродне з крамы гарэлкі скралі аж 800 бутэлек на 1 700 злотых, але гэтым усё не скончылася: на наступны дзень у тую краму зноў прабраліся злодзеі і зноў скралі гарэлку — але гэтым разам толькі 100 бутэлек.

Пажараў у 1925-м таксама было шмат. Гэта былі і падпалы, і няшчасныя выпадкі, пажары па неасцярожнасці і праз надвор’е. Самымі запамінальнымі былі два. Першы адбыўся ў ліпені ў Гродне. Тады гарэлі падвалы на складзе гарэлкі Лапіна ля плошчы Баторыя. Пажар пачаўся з-за работніка, які не патушыў запалку і паклаў яе ў карабок, але той загарэўся — ён кінуў яго ў салому, якая імгненна загарэлася. Пажарныя прыехалі праз некалькі хвілін, але сваю працу не маглі выканаць якасна: было шмат дыму, а сам будынак быў вельмі нізкі, пажарным было вельмі складана там перасоўвацца.

паліцэйскія ў будславе, паліцэйскія ў польшчы, беларусь у міжваенны час
Паліцэйскія ля пастарунка ў Будславе.

Другі выпадак здарыўся ў Століне напрыканцы ліпеня. Там адбыўся магутны выбух. Высветлілася, што мясцовы жыхар, Хаскель Сэндэр захацеў спаліць бочку, у якой быў спірт, і падставіў да яе падпалены скрутак паперы. Вядома, у нейкі момант адбыўся выбух. У выніку правая нага Сэндэра была раздробленая, яго пры поўнай страце прытомнасці спрабавалі выратаваць у бальніцы, але той так і не прыйшоў у сябе і памёр на наступны дзень пасля выбуху.

Былі і менш гучныя выпадкі, якія, тым не менш, пакідалі шмат бяды. У вёсцы Бушні ў Кобрынскі павеце пасля магутнага пажару без дамоў засталіся 30 сямей. А ў Пінскім павеце згарэлі каля 30 пабудоў з-за таго, што мясцовы жыхар не патушыў папіросу.

Здараліся падпалы з-за помсты. Улетку ў Кобрынскім павеце двойчы падпалілі лес: высветлілася, што за гэтым стаялі мясцовыя жыхары. Мясцовыя помсцілі егерам за тое, што тыя ахоўваюць дзяржаўны лес ад крадзяжу.

ДТП

Ёсць яшчэ адна катэгорыя, а менавіта дарожна-транспартныя здарэнні. Ці шмат такіх было ў сярэдзіне 1920-х, калі аўтамабілі былі толькі ў буйных гарадах? Аварыі здараліся, але адзінкі.

Летам па шасэ Кобрын-Пружаны ехаў аўтамабіль з дзевяццю маладымі людзьмі. У нейкі момант аўтамабіль наехаў на насып і праляцеў 20 метраў да тэлеграфічнага слупа, але кіроўца паспеў выруліць — машына ўдарылася аб слуп бокам. Ад удару слуп зламаўся, а аўтамабіль перакуліўся на бок. Машына цалкам знішчана з-за аварыі, але ўсе пасажыры засталіся жывымі. У аварыі вінаватым назвалі кіроўцу, бо той быў п’яным.

У наступным выпуску мы раскажам пра самае гучнае забойства, якое адбылося сто гадоў таму ў Гродне, — забойства інжынера Юзэфа Кёніга.

Вярнуцца ўгару