Скаргі на палякаў і прыгнёт беларусшчыны, неразуменне Язэпа Драздовіча і заклікі да змагання за незалежнасць… Усё гэта змяшчалася ў газеце «Наша будучыня», якая выходзіла крыху больш за месяц у 1922 годзе. На яе старонках друкаваліся знакавыя беларускія пісьменнікі, але, як і большасць беларускіх газет міжваеннага часу ў Польшчы, гэта не перашкодзіла польскім уладам ліквідаваць газету.
PALATNO расказвае, пра што пісалі ў газеце «Наша будучыня».
Змест
Газета беларускіх эсераў
«Наша будучыня» (на старонках выдання — «Наша будучына») была газета Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Рэдактарам быў А. Амельяновіч, а рэдактарам-выдаўцом Л. Родзевіч.
Газета каштавала 150 польскіх марак, можна было падпісацца на месяц за 600 польскіх марак. З выхадам новых нумароў кошты на іх будуць змяняцца.
Усяго выйшла дзевяць нумароў, два былі канфіскаваныя. Газета пачала выходзіць 8 снежня 1922 года, а была зачыненая 14 студзеня 1923 года, то бок праіснавала крыху больш за месяц. У сярэдзіне студзеня 1923 года была забаронена польскімі ўладамі. Выдавалася ў Вільні.
У першым нумары выдання выйшаў праграмны артыкул пра будучыню беларускага народа. У ёй апісвалася тое, што адбывалася з беларускім народам: разбіты, падзелены межамі. Аднак калектыў газеты быў упэўнены ў тым, што «жывы народ не ўмірае, калі жыве яго мова». У артыкуле адзначаецца, што беларускі народ павінен штодзённа змагацца за нацыянальны быт, з чужым нацыянальным уплывам, за свае правы і закон.
У пазнейшых нумарах адзначалася, што беларусы могуць змагацца за лепшае жыццё ў межах Польшчы. Асвятлялася дзейнасць Беларускага пасольскага клуба, акалічнасці яго спраў у Сейме.
Як жыве беларускі народ? Скаргі, аб’явы і спісы зняволеных
У кожным нумары «Нашай будучыні» была асобная рубрыка пра беларускае жыццё. У ёй расказвалі, што адбываецца з беларускай адукацыяй, што здарылася ў асобных гарадах, мястэчках і вёсках.
Шмат скаргаў тычылася беларускай адукацыі, а менавіта забароне ад мясцовых польскіх улад адчыняць беларускія школы. Напрыклад, школьны інспектар у Дзісненьскім павеце забараняў адчыняць не польскія школы, а калі мясцовыя жыхары адважацца і зробяць гэта, то будуць строга пакараныя. Часамі беларускія дзеці не хадзілі да польскіх школ, бо «не разумелі настаўнікаў-палякаў».

Скардзіліся нават з-за беларускай мовы. У Параф’янаве адмовіліся прыняць заказны ліст, бо назва газеты на ім была напісана па-беларуску. Амаль падобнае адбылося ў Даўгінаве, дзе кіраўнік пошты не прыняў падпіску на беларускую газету, бо селянін адмовіўся выпісваць яшчэ польскую газету.
Асобным раздзелам у скаргах былі нататкі пра польскіх асаднікаў. З Міра скардзіліся на п’яных асаднікаў, якія збілі селяніна, што адмовіўся саступаць ім дарогу. З мястэчка Турцы на Наваградчыне асаднік збіў селяніна, які купіў барана, якога раней хацеў купіць той асаднік.
Драздовіча не разумелі, мітрапаліт загадаў карыстацца беларускай мовай, творы беларускіх пісьменнікаў
У другім нумары «Нашай будучыні» выйшла нататка пра малюнкі Язэпа Драздовіча. Аўтар, ён падпісаны як Вілянец, адзначае цудоўнае партрэтнае мастацтва, але іншыя творы зрабілі зусім іншае ўражанне: «Што да другіх малюнкаў робленых хварбамі, дык іх не зразумееш без тлумачэння аўтара. Вельмі ўжо заплутаная сымволіка, шмат наіўнага, хворага і чужога для нашага духа».
Дзякуючы намаганням беларусаў, мітрапаліт варшаўскі Юрый загадаў у беларускіх парафіях праваслаўнай царквы карыстацца беларускай мовай. У сваім загадзе Юрый адзначаў, што пры набажэнствах на роднай мове не павінна рабіцца ніякіх перашкод.
У кожным нумары «Нашай будучыні» былі надрукаваныя творы беларускіх пісьменнікаў. На старонках выданняў з’яўляліся Максім Гарэцкі, Якуб Колас, Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Жылка, Міхал Запольскі і Леапольд Родзевіч.
