
Адольфа Гітлера называлі правадыром і вялікім сынам свайго народа, а Сталін — крыважэрам і масавым забойцам. На старонках беларускай газеты «Новая дарога», якая выходзіла ў Беластоку ў часы Другой сусветнай вайны можна было знайсці не толькі вершы беларускіх паэтаў, нататкі пра культурнае жыццё Слоніма і Гродна, а таксама аб’явы краўцоў і аб пошуку машыністак.
PALATNO паглядзела пранацысцкую газету для беларусаў.
Змест
«Для беларусаў, як часткі еўрапейскай сям’і, пачынаецца новая пара»
У сакавіку 1942 года ў Беластоку пачала выходзіць пранацысцкая беларускамоўная газета «Новая дарога». Газета распаўсюджвалася на тэрыторыі Беластоцкай акругі (з сучаснай тэрыторыі Беларусі гэта часткі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, з Польшчы — Ломжа, Беласток, Бельск-Подляскі). Яна каштавала 20 рэйхсфенігаў. За гэты кошт афіцыйна можна было купіць каля кілаграма хлеба, але на чорным рынку толькі 50-100 грамаў. Калі стаяў выбар паміж ежай і прапагандысцкай газетай, звычайны чалавек абіраў першае.
Цікава, што ў чэрвені 1942 года — праз тры месяцы пасля выхаду першага нумара — у газеце выйшаў артыкул, у якім адзначалася, што беларусы амаль не ведаюць пра існаванне выдання. Аднак у гэтым не вінаватая рэдакцыя, бо беларусы самі павінны набываць газету і расказваць пра яе знаёмым.
Галоўным рэдактарам газеты быў Хведар Ільяшэвіч, які трагічна загінуў у аўтамабільнай аварыі праз тры гады пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Дзякуючы Ільяшэвічу ў газеце з’яўляліся нарысы пра беларускіх дзеячаў культуры.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як селянін спяваў пра Беларусь усяму свету. Расказваем пра Міхася Забэйду-Суміцкага
На працягу трох гадоў «Новая дарога» выходзіла з франтавымі зводкамі, артыкуламі-выкрыццямі савецкага рэжыму і хвалебнымі нататкамі пра Трэці Рэйх. Асобнае месца ў газеце займалі агляды ўнутранай палітыкі Вялікабрытаніі і ЗША. Газета называла Савецкі Саюз жыдоўска-бальшавіцкай краінай, а Германію — вялікай дзяржавай. У такіх умовах асабліва ярка вылучаюцца артыкулы пра Адольфа Гітлера і Іосіфа Сталіна: аднаго хвалілі і дзякавалі, другога — крытыкавалі.
Гітлер — вялікі сын нямецкага народа
У першым выпуску, які выйшаў з друку перад гадавінай абвяшчэння БНР, Адольф Гітлер згадваецца ва ўдзячнасці «за вызваленне беларускай ад нацыянальнай смерці». Фотаздымак Гітлера ў першым нумары быў надрукаваны на першай старонцы: на ім Гітлер ідзе на сустрэчу разам з румынскім дзеячам Іонам Антанэску. У наступным нумары Гітлера ўжо называюць вызбавіцелем, які не толькі вызваліў беларусаў ад варожага ярма, але скасаваў калгасную гаспадарку.
У яшчэ адным артыкуле Гітлера называюць прарокам, бо той прадракаў крах Вялікабрытаніі з-за яе саюзу з СССР ужо ў 1942 годзе.
Дню нараджэння Адольфа Гітлера ў 1942-м «Новая дарога» прысвяціла першую старонку. Гітлера называлі вялікім сынам нямецкага народа, сімвалам барацьбы нямецкага народа, правадыром Германіі:
«Кожны дзень, кожная гадзіна, кожны ўдар сэрца Адольфа Гітлера — гэта самаадданасць для вялікай справы свайго народу».

У адным з нумароў выдання сустракаецца нататка пра беларускіх сялян са Смалявіччыны. Сяляне нібыта напісалі ліст да генеральнага камісара ў Мінск, каб падзякаваць Гітлеру за адмену калгасаў: «[…] Вы, правадыр нямецкага народу, Адольф Гітлер, разам з вашымі дообрымі жаўнерамі прынеслі шчасце нашаму прыгнечанаму народу. Мы атрымліваем зямлю, як сваю ўласнасць, і клянёмся, што зямлю добра абаронім, абсеем і ўбярэм. Вызваліцель! Калі вы патрабуеце нашай жыццёвай сілы, то мы і нашыя сыны пойдзем біць піратаў і прыгнятальнікаў, жыдоў і іх памагатараў!»
У «Новай дарозе» расказвалася, чаму нацысты напалі на Савецкі Саюз. Прычына вельмі падобная да той, якой кіраваўся Уладзімір Пуцін перад пачаткам паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Згодна з артыкулам, прысвечаным гадавіне пачатку вайны з СССР, пісалася, што нямецкія войскі пачалі баявыя дзеянні з-за варожага становішча савецкага ўраду і падрыхтоўкі агрэсіўнай вайны.
У другі год выхаду газеты, у 1943-м, «Новая дарога» працягнула публікаваць прамовы Гітлера, якія да таго часу былі яшчэ больш ваяўнічымі і заклікалі яднацца супраць бальшавікоў і яўрэяў. На наступны год апошнім буйным артыкулам пра Гітлера была яго навагодняя прамова, у якой мінулы год называўся самым складаным. Адольф Гітлер абяцаў хуткае заканчэнне пераможнай вайны.
Сталін — крэмлёўскі дыктатар і бацюшка ўсіх народаў
Іосіфа Сталіна ў газеце адкрыта называюць дыктатарам, які кідае тысячы людзей на фронт, дзе тыя паміраюць. Гітлера, які рабіў тое самае, у такім кантэксце не называлі.
На працягу 1942 года Сталіна крытыкавалі за тое, што ён прасіў дапамогі ў ЗША і Вялікабрытаніі адкрыць другі фронт коштам жыццяў амерыканцаў і брытанцаў. Агулам супрацоўніцтва савецкай краіны з брытанцамі і амерыканцамі ацэньваецца ў газеце негатыўна, бо аўтары лічаць, што праз гэта супрацоўніцтва пашыраецца камунізм (ці бацыла Сталіна). Адкрыццё другога фронту падавалася штосьці нерэальным, таму пра гэта саркастычна пісалі так: «Другі фронт ужо існуе для ЗША. Гэта фронт ва Усходняй Азіі».
Улетку 1942 года фінал Другой сусветнай вайны яшчэ быў няясны. Нямецкая армія захоплівала новыя рэгіёны і тэрыторыі, таму газетчыкі таго часу жартавалі над спробамі Сталіна знайсці нечаканых для камуністаў саюзнікаў. Напрыклад, «Новая дарога» падкрэслівала крывадушнасць Сталіна ў тым, што той карыстаецца дапамогай былых царскіх афіцэраў і звяртаецца па дапамогу да Папы Рымскага.

У 1943 годзе рыторыка ў газеце наконт Сталіна становіцца яшчэ больш негатыўнай. Яго называюць спецыялістам масавых забойстваў, крывапійцам і іншымі эпітэтамі.
Падчас Тэгеранскай канферэнцыі напрыканцы лістапада 1943 года «Новая дарога» здзекліва называла Сталіна бацюшкам усіх народаў і крэмлёўскім галаварэзам, які вымушана пакінуў бункер (маецца на ўвазе Крэмль) і паехаў на сустрэчу з Рузвельтам і Чэрчылем. На той час СССР, ЗША і Вялікабрытанія вырашалі, якім будзе свет пасля вайны, што рабіць з Германіяй і дзе адкрываць другі фронт. Аднак у свеце прапагандысцкіх газет усё выглядала інакш:
«На працягу 20-ці гадоў ён толькі ведаў адну рэч — нішчыць усякі нацыянальны праяў шматлікіх народаў быўшай Расіі. З таго бязбожніка і ваўка, як Сталін, ніколі не можа стацца рэлігійны і гуманны чалавек».
За месяц да вызвалення Беластока ад нацыстаў у газеце адзначалі гадавіну пачатку вайны супраць СССР. 22 чэрвеня — дзень, калі нацысты напалі на «саветы» — называецца «вялікім днём у гісторыі нашага вызвалення».
* * *
Да лета 1944 года пра Сталіна і Гітлера асабіста амаль нічога не пішуць. Наогул апошні год у газеце ўсё больш з’яўляецца культурніцкіх матэрыялаў і нататак пра жыццё ў розных беларускіх гарадах. З набліжэннем савецкіх войск у газеце публікаваліся заклікі выходзіць на дэманстрацыі супраць бальшавікоў.
У чэрвені і пачатку ліпеня таго года большасць артыкулаў прысвечана высадцы саюзнікаў на поўначы Францыі, якая, згодна з паведамленнямі газетчыкаў, складваецца няўдала, бо «разбіваецца аб сталёвы абруч нямецкай абароны». 25 жніўня 1944 года Парыж будзе вызвалены, у пачатку верасня саюзнікі падышлі да нямецкай мяжы.
Беласток быў вызвалены напрыканцы ліпеня 1944 года. Галоўны рэдактар Ільяшэвіч з’ехаў у Германію.