
У міжваенны час на тэрыторыі Заходняй Беларусі выходзіла дзясяткі беларускіх газет. Некаторыя працавалі гадамі, а некаторыя маглі выходзіць толькі на некалькі нумароў. Польскія ўлады абмяжоўвалі, часам закрывалі газеты, якія ім не падабаліся. У гэтым артыкуле мы раскажам пра адну з беларускіх газет, якая выйшла роўна 102 гады таму, — «Волю народу». Газету апублікавалі толькі двойчы, а яе выдавец спазнаў рэпрэсіі і пераследаваўся польскай уладай.
PALATNO расказвае пра газету «Воля народу».
Змест
Рэпрэсаваны выдавец
Выдаўцом газеты быў Уладзіслаў Знамяроўскі. Ён нарадзіўся ў Латгаліі (рэгіён у Латвіі) у 1888 годзе. Адукацыю атрымаў у Вільні, а затым пачаў займацца выдавецкім бізнесам, быў рэдактарам у шэрагу беларускіх газет.
У 1919 годзе працаваў рэдактарам газеты «Беларуская думка», пакуль газету не забаранілі выдаваць польскія ўлады. У наступным годзе нядоўгі час быў рэдактарам-выдаўцом «Нашай Нівы». У тым жа 1920-м выдаваў беларускамоўную газету «Незалежную думку», якую таксама забаранілі да выдання польскія ўлады. Ад 1921 да 1923 года працаваў рэдактарам «Крыніцы».
У 1920-1930-я гады пры польскай уладзе ў Вільні меў прыватнае выдавецтва, у якім выходзілі падручнікі і слоўнікі. З выдавецтва Знамяроўскага выходзілі «Сцэнічныя творы» Леапольда Родзевіча, «Расійска-беларускі слоўнік» Максіма і Гаўрыла Гарэцкіх, «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Усевалада Ігнатоўскага і іншыя кнігі.
Неаднаразова пераследаваўся польскімі ўладамі за выдавецкую дзейнасць. Падчас працы ў «Крыніцы» прыцягваўся да судовай адказнасці. У 1928 годзе Знамяроўскага асудзілі за перадрук у «Беларускім дэкламатары» вершаў Янкі Купалы і Цёткі.
Пасля Другой сусветнай вайны Уладзіслаў Знамяроўскі знайшоў прытулак у Польшчы. Больш пра біяграфію і лёс Знамяроўскага невядома.
Прамова Станкевіча, землятрус у Японіі. Што было ў першым нумары?
Восенню 1923 года ў Вільні выйшлі з друку два нумары «Волі народу» — 21 і 25 кастрычніка.
У першым нумары загалоўным артыкулам быў «Аддушына», у якім сцвярджалася, што беларусы маюць права адстойваць свае інтарэсы ў Польшчы. Аўтар артыкулу прапаноўваў беларусам з вёсак і мястэчак пісаць звароты і патрабаваць сваіх правоў, у тым ліку, адкрываць беларускія школы ў сваіх мясцінах.
У другім артыкуле расказвалася пра… Японію. Артыкул пра землятрус у рэгіёне Канто змяшчаўся на першай паласе. У ім расказвалася не толькі пра тое, як пацярпелі людзі ад катастрофы, але і расказвалася пра ўнутраную і знешнюю палітыку краіны. Напрыклад, газета пісала, што прыродная катастрофа прывяла да таго, што ў гарадах пачаліся беспарадкі, а японцы сталі пераследаваць з-за гэтага кітайцаў і карэйцаў. Сапраўды, у верасні 1923 года пасля землятрусу японскія сілавікі і народныя атрады ўзмацнілі ціск на нацыянальныя меншасці: па краіне пракацілася хваля гвалту. Землятрус моцна паўплываў на палітычныя настроі, што пазней спрыяла ўзмацненню ваеннага нацыяналізму ў 1930-я гады. Аднак чаму «Воля народу» вырашыла ў першым жа нумары на перадавіцы надрукаваць артыкул пра Японію — загадка.
Яшчэ адным знакавым артыкулам была прамова ксяндза Адама Станкевіча (родам з Ашмяншчыны, закатаваны ў сталінскіх лагерах), які выступаў у польскім Сейме. Прамова была надрукавана цалкам. У ёй ксёндз звяртаўся да польскіх уладаў і прасіў звярнуць увагу на беларусаў і іх правы. На думку Станкевіча, польская ўлада не дае правоў беларусаў: школы не могуць адчыняцца, гімназіі не могуць працаваць афіцыйна, а прэсу цэнзуруюць. Таксама Станкевіч заўважыў, што ў беларускія мястэчкі і вёскі адпраўляюць чыноўнікаў, якія не ведаюць і не разумеюць мясцовае насельніцтва:
«У беларускія землі прынцыпова шлюць урадоўца, паліцэйскага — чужых, з далёкай Галіччыны ці з Познані. Гэтыя людзі не ведаюць тутэйшых адносінаў, не ведаюць псіхікі тутэйшага народу. З гэтага родзіцца зусім зразумелае недаверые, ненавісць, а ўрэшце ўзаемнае змаганне».
Таксама ў газеце знаходзіўся агляд палітычных падзей у Польшчы і ў свеце. Галоўнай навіной быў падрыў Варшаўскай крэпасці — гэта гісторыя звязана з Беларуссю, бо асуджаных за яе падрыў пасля заб’юць на станцыі Коласава на польска-савецкай мяжы за некалькі гадзін да абмену з СССР.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Забойства шпіёнаў у Стоўбцах. Гісторыя шпіёнскага скандалу стагадовай даўніны
Што тычыцца выключна беларускіх навін, то іх было мала. Усе яны тычыліся забаронаў і арыштаў. Напрыклад, газета паведамляла, што іншая газета «Вольны Сцяг» закрываецца польскімі ўладамі, а рэдактара Лагіновіча будуць судзіць па двух крымінальных артыкулах.
Другой выключна беларускай навіной была гісторыі з Вілейскага павета. Гісторыя тычылася 18-гадовага Янку Семашкевіча, які быў родам з-пад Лебедзева. Хлопца затрымалі паліцэйскія, калі ён ехаў чыгункай з Маладзечна ў Вілейку, дзе хацеў здаць іспыт у наступную класу гімназіі. Хлопец агаварыў сябе, што мае рэвальвер, каб яго хутчэй адпусцілі ў родныя мясціны паказаць, дзе закапаная зброя. Калі хлопец быў ля дома, то змог паведаміць бацькам пра свае прыгоды, а канвойным сказаў, што ашукаў іх наўмысна. Згодна з падпісчыкам, які і расказаў гэту гісторыю ў выданні, то хлопца не выпусцілі, ён застаўся ў вілейскай турме.
Што было ў другім нумары?
Галоўным артыкулам у другім нумары была вялікая нататка пра фінансавы крызіс і тое, як ад яго церпяць беларусы ў Польшчы.
На перадавіцы таксама быў надрукаваны артыкул пра ідэю Злучаных Штатаў Еўропы:
«Ідэя гэта — незвычайна прывабная, незвычайна простая і, разам з тым, незвычайна вялікая. І, гледзячы на Амерыку, якая першая стварыла такую федэрацыю, гледзячы на Азію, у якой развіваецца (пад кіраўніцтвам Японіі) так званы “ўсе-азіяцкі” рух, што імкнецца да аб’яднання азіяцкіх гаспадарстваў дзеля барацьбы з уплывамі і ўладай дзяржаў Еўропы, — трэба спадзявацца, што — раней ці пазней — само жыццё прымусіць “старушку” Еўропу зрабіць поўную дзяржаўную перастройку на сваёй зямлі».
У другім нумары «Волі народу» скаргаў на жыццё беларусаў у міжваеннай Польшчы стала больш. Паведамлялася пра арышты ў Валожынскім раёне: там арыштавалі братоў Пятровічаў, якія «пашыралі беларускую свядомасць», але гэта «не падабалася акалічным панкам, таму Пятровічы цяпер разам з другімі апынуліся ў вілейскай турме». У другой скарзе расказвалася пра тое, што мясцовай уладзе не спадабалася нататка ў газеце «Беларуская крыніца», таму да мясцовай дзяўчыны Мальвіны Радзюк прыйшлі паліцэйскія: «[…] Шукалі газет, але перавярнуўшы ўсе манаткі, і нічога не знайшоўшы, ня солана хлябаўшы, папляліся дадому».