
Што такое чалавечае цела для нашых продкаў, людзей традыцыйнай беларускай культуры? Раней беларусы верылі, што з дапамогай некаторых частак цела можна адправіць кагосьці ў пекла, спыніць рост дзіцяці і нават атрымаць цэлы агарод агуркоў.
PALATNO — пра азадак, жаночыя геніталіі і фалічны культ.
Азадак
У беларускай народнай свядомасці азадак быў не проста часткай цела. Азадак лічыўся процілегласцю твару, які асацыюецца з адкрытасцю, чысцінёй, бачнасцю. А вось азадак быў чымсьці цёмным і нават небяспечным.
Цікава, што сярэднявечныя інквізіцыі шукалі меткі д’ябла менавіта на азадку, а яшчэ лічылася, што чараўніцы цалавалі Люцыфера ў азадак.
У даўнейшыя часы продкі беларусаў лічылі, што паказваць аголены азадак не азначала абразу. Гэта быў такі своеасаблівы магічны акт — так перадавалі праклён. Напрыклад, да суседава поля садзіліся голым азадкам, каб у яго не ўрадзіўся ўраджай.
Выраз «ідзі ў зад» першапачаткова мог мець іншы сэнс — спасылку на той свет, пекла.

Азадак часам мог звязвацца са смерцю і пераходам у іншы свет. Але найбольш цікавы іншы момант: азадак мог быць абярэгам ад злых сіл:
- Калі чулі голас нячысціка, то рэкамендавалася прамовіць «пацалуй мяне ў зад»;
- Калі чорт пераносіў скарб, то трэба было выставіць голы азадак, каб ён пакінуў скарб.
З часам азадак страціў такі сэнс. Яго агаленне перастала ўспрымацца як рытуальны акт, таму цяпер аголены азадак ўспрымаецца як жарт ці, хутчэй за ўсё, абраза.
Жаночыя геніталіі
У традыцыйнай беларускай культуры жаночыя геніталіі лічыліся пачаткам усяго жывога, першакрыніцай.
Жаночыя геніталіі былі часткай народна-медыцынскіх рытуалаў: маці пераступала праз хворае дзіця, пераносіла праз спадніцу і выцірала яму твар падолам спадніцы.
Дэманстрацыя геніталій у абрадах магла стымуляваць урадлівасць і абараняць ад злога ўплыву.
Разам з гэтым жаночыя геніталіі маглі мець патэнцыял цёмнай сілы. Калі жанчына «прысвеціць» над дзіцём, то яно можа не расці ў далейшым. Дэфларацыя ўспрымалася як адкрыццё хтанічнага шляху да продкаў, таму важна было, каб нявеста была цнатлівай.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Ад збіральніка фальклору да філосафа. Расказваем пра Уладзіслава Вярыгу
«Тарасу на Парнасе» — 140 гадоў. Асноўнае, што трэба ведаць пра класічны твор беларускай літаратуры
Што такое Спас? Колькі іх усяго? Капаемся ў таямніцах свята

Продкі беларусаў называлі жаночыя геніталіі з выкарыстаннем розных метафар — усяго, што мае адтуліну, круг, паглыбленне (спадніца, фартух, ступа, гаршчок, хамут). Напрыклад, у вясельных абрадах ёсць «развязванне фартуха», а нецнатлівай нявесце надзявалі хамут.
Фалічны культ
У традыцыйнай культуры беларусаў фалас быў не толькі фізіялагічным органам, а сімвалам космасу, плённасці і самога жыцця. Фалічны культ можна прасачыць у розных беларускіх абрадах — ад Калядаў да Купалля, вяселлях і хрэсьбінаў.
У беларускай традыцыі фалічны культ захоўваўся ў прадметнай і духоўнай культуры. Гэта бачна праз падзел працы: існаваў падзел на «мужчынскія» і «жаночыя» прылады працы, дзе фалічныя формы замацоўвалі значэнне актыўнага пачатку.

У беларускім фальклоры фалічны культ мае мноства ўвасабленняў: дудка, елка, заяц, мядзведзь, певень, каваль, таўкач, чаўнок.
Нават некалькі дзесяцігоддзяў таму, у савецкай Беларусі, гэтыя ўяўленні былі «жывымі». У 1980-х гадах на Крупшчыне запісалі такую замову: «Колькі на свеце х…коў, каб столькі было гуркоў».