Now Reading
Сучасныя гербы Хоцімска і Ганцавічаў — адзін гістарычны, а другі міфічны

Сучасныя гербы Хоцімска і Ганцавічаў — адзін гістарычны, а другі міфічны

гербы беларускіх гарадоў, герб хоцімска, герб ганцавічаў

Кожнае паселішча — гэта прастора, у якой створана свая непаўторная атмасфера і яе бадай не ўбачыш у іншым месцы. Кожны куточак Беларусі па-свойму адметны і ўнікальны. Большая частка беларускіх райцэнтраў мае свае ўласныя сімвалы, але далёка не кожны адпавядае гістарычнай праўдзе або адлюстроўвае мінуўшчыну горада або мястэчка. На прыкладзе двух невялікіх райцэнтраў розных рэгіёнаў нашай краіны можна пабачыць, які герб мае рэалістычны і гістарычны характар, а які мала звязаны з рэчаіснасцю.

Навошта Ганцавічам палескія жураўлі, калі ёсць чыгунка

Ганцавічы з’явіліся на рацэ Цна ў другой палове XIX стагоддзя як паселішча пры чыгуначнай станцыі. У той мясцовасці як раз будавалася чыгунка Баранавічы-Ганцавічы-Лунінец. Сваю назву горад атрымаў ад суседняй аднайменнай вёскі — цяпер гэта вёска займае паўднёва-заходнюю частку райцэнтра. Вёска Ганцавічы ўпершыню ўпамінаецца ў сярэдзіне XVII стагоддзя як шляхецкая ўласнасць у Клецкай ардынацыі Радзівілаў.

Са з’яўленнем чыгуначных шляхоў і будаўніцтвам станцыі ў ваколіцах Ганцавічаў пачынаецца прамысловая распрацоўка і перапрацоўка лесу. У тыя час у мястэчку працавалі лесазаводы, піларамы, смалакурні, шклозавод. Побач з чыгункай будавалі жылыя памяшканні для работнікаў чыгункі і прамысловых прадпрыемстваў. Такое прамыслова-гандлёвае мястэчка ўтварылася ў 1898 годзе, але працяглы час мела другасны статус і ўваходзіла ў Круговіцкую воласць.

Ганцавіцкі раён паўстаў толькі 15 студзеня 1940 года ў складзе Палескай вобласці БССР, а Ганцавічы сталі яго адміністратыўным цэнтрам са статусам пасёлка гарадскога тыпа (савецкі аналаг «мястэчка»). Падчас Другой сусветнай вайны Ганцавічы захапілі нацысты і стварылі там цэнтр акругі. Статус горада Ганцавічы атрымалі ўжо пасля вайны — у 1973 годзе.

старыя фотаздымкі ганцавічаў, ганцавічы
Рынак Ганцавічаў падчас урачыстасці. Май, 1934 год. Фота: Radzima.org

У моўным плане Ганцавіцкі раён — гэта субрэгіён, дзе перасякаюцца мазырская, слуцкая, гродзенска-баранавіцкая і пінская гаворкі. Дыялекты вёсак вакол Ганцавічаў блізкія да літаратурнай беларускай мовы і хутчэй могуць адносіцца да слуцкіх гаворак.

Ганцаўшчына як геаграфічнае паняцце паўстае толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзі.

Міфалогія герба райцэнтра

Герб Ганцавічаў адлюстроўвае больш чым стагадовае існаванне і развіццё паселішча. Герб райцэнтра складаецца з шчыта варажскай формы на блакітным фоне: у левым верхнім вуглу якога размешчаны залаты паўмесяц і зорка (элементы герба «Леліва») як сувязь з гістарычным сімвалам графаў Чапскіх, на землях якіх быў пабудаваны горад. У цэнтральнай частцы шчыта размешчаны два срэбраных жураўля, як сімвал прыроды палескага краю.

герб ганцавічаў
Гарадская сімволіка Ганцавічаў, выяўленая ў значку. Фота: ussrtownpins.com

Выкарыстанне паўмесяца і зоркі на шчыце герба цяжка паставіць пад сумнеў, бо выглядае лагічным. Аднак ці варта было размячаць на сімволіцы горада жураўлёў? Ганцавічы і частка раёна зусім не адносяцца да Палесся па моўнай і нават этнакультурнай прыкмеце. Відавочна, што жураўлі, якія асацыююцца з палескім краем практычна не адлюстроўваюць сутнасці Ганцавічаў.

З гэтага паўстае лагічнае пытанне — ці варта было ствараць герб сённяшняга горада, які практычна не адлюстроўвае спецыфіку ўласна паселішча і звязвае горад з тым субрэгіёнам, да якога Ганцавічы не адносяцца?

І наогул, ці магчымы быў іншы варыянт герба Ганцавічаў? Больш дарэчным было б на гарадской сімволіцы адлюстраваць значнасць пракладзенай чыгункі каля Ганцавічаў, бо менавіта пасля пачатку будаўніцтва Палескай чыгункі паселішча атрымала статус мястэчка. Менавіта з адкрыццём руху па Палескай чыгунцы і будаўніцтвам станцыі Ганцавічы ў яе ваколіцах пачынаецца прамысловая распрацоўка і перапрацоўка лесу, а таксама сыравіны па вытворчасці шкла. Таму выбар выявы герба горада відавочны.

марка ганцавічы, герб ганцавічы
Марка з гербам Ганцавічаў. Фота: ay.by

У сучаснай геральдыцы ёсць цудоўны прыклад — герб Асіповічаў, на якім размешчаны паравоз. На з’яўленне сённяшняга 30-тысячнага горада паўплывала будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі. Менавіта пасля пабудовы чугуначных шляхоў мястэчка Асіповічы сталі імкліва развівацца.

На новым гарадскім сімвале Ганцавічаў можна пакінуць частку герба Чапскіх, аднак яе трэба спалучыць са згадкай пра важнасць чыгуначных шляхоў у гісторыі развіцця Ганцавічаў. Калі гэта зрабіць у далейшым, то гэткі гістарычны рэбус будзе вырашаны. Больш за тое, адна з цэнтральных вуліц у ранейшыя часы мела назву якраз «Чыгуначная», што толькі дае чарговую нагоду для стварэння новай сімволікі Ганцавічаў.

чыгунка ганцавічы
Чыгуначная вуліца, 1937 год. Фота: www.gants-region.info

Хоцімск — горад Радзівілаў, Пацёмкіна ці князёў Галынскіх?

Хоцімск — мястэчка, цікавае па шматлікіх прычынах. Паселішча з’яўляецца самым усходнім у Беларусі. Шасцітысячны Хоцімск не надта стары ў параўнанні з іншымі гарадамі Магілёўшчыны.

Першы ўспамін пра Хоцімск датуецца 1709 годам. Тады Хоцімск быў слабадой — паселішчам, у якім людзі на пэўны час былі вызваленыя ад падаткаў. Гісторыкі лічыць, што вясковае паселішча на правым беразе Бесядзі ўзнікла недзе паміж 1695 і 1700 гадамі.  Паралельна ў 1714 годзе, паводле ўніверсалу канцлера Вялікага Княства Літоўскага Караля Станіслава Радзівіла, на другім беразе Бесядзі  і насупраць вёскі Хоцімск утвараецца населены пункт пад назвай Радзівілаў. Праз дзесяць год пасля заснавання мястэчку Радзівілаў надаецца статус горада.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Радзівілаў трапляе ў склад Расійскай імперыі, а горад становіцца ўласнасцю Рыгора Пацёмкіна, які перайменаваў яго ў Хоцімск. Напрыканцы XVIIІ стагоддзя Хоцімск-Радзівілаў пераходзіць ва ўладанне мясцовай шляхты Галынскіх.

Сучасны гарадскі пасёлак Хоцімск утварыўся ў выніку зліцця вёскі Хоцімск і мястэчка Радзівілава.

хоцімск на старых фота
Тыповы краявід мястэчка Хоцімск пачатку ХХ стагоддзя. Фота: tutejszy.ru

Адметны герб самага ўсходняга райцэнтра Беларусі

Сімволіка райцэнтра выглядае так: у чырвоным полі варажскага шчыта срэбраны меч рукаяткай уверх, злева і справа ад яго — срэбраныя клямры. Стваральнікам геральдычнага знака Хоцімска быў узяты памяркоўны шлях падчас выпрацоўкі сімволікі мястэчка. Не згадваючы ў гарадскім сімвале ні Радзівілаў, якія доўгі час валодалі паселішчам, ні Пацёмкіна, на ім змяшчаюцца элементы герба Галынскіх — клямры.

Ці варта ў геральдыцы мястэчка неяк ушанаваць памяць пра Радзівілаў як пра заснавальнікаў новага тыпу паселішча? А мабыць наогул трэба задумацца аб перайменаванні мястэчка Хоцімск у Радзвілаў, калі на гербе з’явіцца згадка пра гэта славуты магнацкі род? Падобныя пытанні могуць быць паднятыя ў будучыні, а цяпер жа можна разважаць толькі теарытычна.

герб хоцімска
Герб-значок Хоцімска. Фота: heraldik24.ru

З-за элемента сучаснага герба, якім з’яўляецца меч, актуалізуецца тэма Крычаўскага паўстання. Цэнтр паўстання знаходзіўся ў Крычаве і ў ваколіцах старадаўняга горада. Аднак Радзівілаў (як тады называлі мястэчка) у той час уваходзіў менавіта ў склад адміністрацыйнай адзінкі пад назвай Крычаўскае староства.

Менавіта пад сучасным Хоцімскам у маі-чэрвені 1740 года быў сабраны ўзброены сялянскі атрад Кастуся Вашчылы, брата кіраўніка народнага выступлення, які разбурыў паташныя прадпрыемствы. Падчас узброенага сутыкнення з атрадам адміністрацыі староства ў раёне Хоцімска паўстанцы былі разбіты. Атрад буднікаў на чале з адміністратарам Пжылэнцкім ўзялі ў палон частку паўстанцаў, сярод якіх быў Вашчыла. Атрад Васіля Вашчылы накіраваўся да вёскі Калодзеск, дзе перахапіў паліцэйскі атрад Янкоўскага і разагнаў яго.

Поспех акрыліў паўстанцаў — яны адразу паспрабавалі вызваліць з палону сялян, захопленымі пад Хоцімскам. Аднак здзейсніць задуманае не ўдалося.

герб хоцімска
Выгляд герба ў парку райцэнтра. Фота аўтара

Герб глядзіцца даволі прыгожа і эстэтычна, колеравая гама таксама падабрана паспяхова, а сукупная кампазіцыя сімвала гарманічная і строга падкрэслівае свае асаблівасці. Сучасны герб з’явіўся толькі ў 2001 годзе, яго стваральнікам быў археолаг і доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін.

Натуральна, што гербы гарадоў павінны адлюстроўваць гістарычны шлях, быць рэалістычнымі, паказваць спецыфіку і характар. Калі цяперашняя сімволіка Ганцавічаў вельмі слаба звязаная з гісторыяй райцэнтра, то розныя элементы герба Хоцімска паказваюць мінуўшчыну мястэчка.

 

Аўтар Хведар Прылёпаўскі

Вярнуцца ўгару