Чорт, ашуканец, той, хто спойвае селяніна і шляхціча — вось няпоўны набор вобразаў немца, якія фігуруюць у нашай літаратуры таго часу. Пазней — пільны гаспадар, здольны да навукі і ведаў. Чаму нашых продкаў пужаў вобраз Чужога і як адбывалася яго эвалюцыя?
Піша Алесь Кіркевіч.Немец — даўнішні сусед беларуса. Адсюль безліч прозвішчаў, звязаных з тым, як у нас называлі немцаў: Прус, Прусевіч, Шваба, Саксон, Герман і так далей. Немцы адносна хутка асіміляваліся, прымалі каталіцтва ці праваслаўе і праз некалькі пакаленняў ужо не памяталі нямецкай мовы: заставаліся адно прозвішчы. Пра гэта пісаў яшчэ Адам Кіркор у ХІХ стагоддзі.
Разам з тым, новапрыбыўшы немец у тутэйшых людзей найчасцей асацыіраваўся з нечым чужым і незразумелым. Немец са сваімі звычкамі і ладам жыцця быў культурным шокам для беларускага селяніна. Канкурэнтам і віноўнікам нацыянальных катастроф — для шляхціча.
Змест
«А што жыд да немец — дзеці аднэй маткі…»
Возьмем хрэстаматыйны верш Багушэвіча «Немец». Як на сёння, твор і яго метафары падаюцца ўзорнымі прыкладамі ксенафобіі, але не будзем спяшацца. Гэта максімальна трапна і лаканічна зафіксаваны набор фобіяў прадстаўніка аграрнага грамадства перад Чужым. Таму і пачынаецца ён з радкоў: «Не люблю я места (па-расейску горад)…»
Бо горад — нешта складанае. І запраўляюць там яны, чужыя: расійцы, жыды і немцы. Цікава, што немец і габрэй тут аднолькава небяспечныя: «абодва абдураць, абдзіруць як ліпку». Разам з тым, падобныя:
А што жыд да немец — дзеці аднэй маткі:
І мова падобна, і адны ухваткі.
І абодва ласы на чужую працу,
І, мусіць, абодва ядуць з кроўю мацу!
Сюжэт верша побытавы: памірае пан, на яго месца прыходзіць іншы, расіянін. Але і той пасля з’язджае за мяжу. Пры ім круцяцца жыд з немцам, якія ўрэшце становяцца гаспадарамі становішча. Жыд займае камяніцу, а немец становіцца… новым панам!
Здаецца, гэта ж гісторыя поспеху: немец прыходзіць з-за мяжы бедаком. У яго торбе дзве скрыпкі, ён грае па дарогах. Хутка робіцца, верагодна, кіраўніком: «ходзе па полі». Але, ва ўяўленні селяніна, нічога не робіць: не паша, не сее, не арэ. Нават побытавыя звычкі раздражняюць назіральніка: мяса запівае півам, на святы грае на скрыпцы.
Багушэвіч параўноўвае чужынцаў з пустазеллем на полі. Бо ўсе іх поспехі, маўляў, незаслужаныя. А значыць, на поце і крыві звыклага мужыка:
Жыд панам зрабіўся, немец яшчэ большы,
А мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы!
Дробная, але цікавая дэталь: ніводзін з герояў (абодва паны, немец і жыд) не мае ў вершы імя. Гэта кажа пра тыповасць гісторыі, якая магла адбыцца дзе заўгодна — падстаўляй любое імя. Але гэта і пра тое, што з чужымі няма сэнсу знаёміцца, камунікаваць. Яны ў вачах назіральніка ўсе аднолькавыя, а стасункі з імі не нясуць ніякай карысці.
«І зрабіў з гарэлкі зброю…»
Калі думаеце, што ў адукаваным шляхецкім асяроддзі было па-іншаму, то памыляецеся. Жыў міф: немец — гэта крыжак, вораг. У нядаўнім мінулым — адзін з віноўнікаў падзелаў Рэчы Паспалітай. Вобраз немца-крыжака добра чытаецца ў Міцкевіча не толькі ў паэме «Конрад Валенрод», але і ў пазнейшых творах.
Дарэчы, міф пра немца, які атручвае сваіх «ахвяр», надалей заставаўся актуальным (крыжакі ж атруцілі дзяцей Вітаўта). Толькі ў ХІХ стагоддзі перакінуўся на… немцаў-лекараў! Таямнічыя мікстуры і парашкі з замежжа выклікалі недавер, а калі хворы не адужваў, то вінавацілі лекара…
У Сыракомлі ў вершаванай аповесці «Тры дачкі літвіна» немец прыходзіць «узброены ад ног да галавы (…) з чорным крыжам, павешаным цераз плячо». Па сюжэце, да дачок літвіна сватаюцца немец, лях і рускі. Гэта рамантычная рэфлексія на палітычны выбар Літвы, радзімы аўтара. Немец з іх найгоршы, але і яго літвін прымае гасцінна — такі звычай.
Цікава, што ў ХІХ ст. немец мае новую зброю — алкаголь. Тут чарговая паралель з жыдамі, якіх таксама вінавацілі ў спойванні сялян дый шляхты. Бо тыя трымалі корчмы, гандлявалі алкаголем. Чытаем у Каратынскага:
Немцам чорт даў порах, потым
Біць Літву вучыў з гарматы;
Немец жа прыняў затое
За камрата [таварыша] клопат дужы
І зрабіў з гарэлкі зброю,
Каб страляць для пекла душы.
З тытунём — яшчэ больш цікава. У Міцкевіча знаходзім, што паліць люльку — «нямецкая выдумка». Тут цэлая канспіралагічная тэорыя, бо паленне люлькі супрацьпастаўляецца чытанню ружанца, малітвам. А ў немца, маўляў, хітрая задума: навучыць тутэйшых паліць люльку — маўчаць — а пасля ўжо навучыць «немчыць» (гаварыць па-нямецку). Нямецкая маўклівасць, дарэчы, таксама звязвалася з перманентным паленнем.
«І шкляныя вочы, ззаду хвост куртаты…»
Моцны алкаголь і паленне ў каталіцкім серадовішчы асацыіраваліся з д’ябальскімі прыдумкамі. Таму не дзіва, што і Д’ябал вельмі часта мае рысы немца. Як мінімум — нямецкую вопратку. У Баршчэўскаша ў «Шляхціцы Завальні» чытаем: «…велізарны певень, на высокіх, як у жорава нагах, у нямецкай вопратцы і капелюшы пяе, седзячы на драбіне».
Дэманічную паралель паміж немцам і жыдам знаходзім у Багушэвіча. Гэтым разам, у творы «Хцівец і скарб на Святога Яна»:
Калі раз пад вечар вылазе чорт са студні!
Опратка нямецка, спераду куртата,
Капялюх высокі, як жыд носіць у свята,
Портачкі як дудкі, сам якісь цыбаты,
І шкляныя вочы, ззаду хвост куртаты…
У творах Міцкевіча, Крашэўскага ці Сыракомлі знаходзім калейдаскоп прадметаў нямецкага побыту, на выгляд якіх сяляне хрысціліся. Панчохі і каптаны «дзівацкага крою», ананасы, ліманад і нават «швабская карэта»… Замест шаблі, кунтуша, ружанца, саламянага капелюша — прывідаў тутэйшага кансерватыўнага космасу, якому надыходзіў канец.
Гэта яскравае супрацьпастаўленне «страчанага раю» колішняй Рэчы Паспалітай больш тэхналагічнаму і глабальнаму свету ХІХ стагоддзя, веснікамі якога вельмі часта выступалі акурат немцы.
«Немец шчэ з калыскі ахвотны да навукі…»
Немцы, у адрозненне ад жыдоў, у тым ліку займаліся сельскай гаспадаркай у Расійскай імперыі. Таму ўжо пазнейшыя аўтары не маглі не заўважыць у вобразе немца пільнага гаспадара. А яшчэ — адукаванага чалавека, які ўмее чытаць і заўжды знаходзіць час на навуку. У ананімным зборніку «Апавяданні на беларускай гаворцы» чытаем такія меркаванні:
«Немцы — тыя і ў поле ходзяць з кніжкамі; хлопец валы паводзіць, бацька арэ і разам чытае, палажыўшы кніжку на плузе. От як! І знаюць яны з кніжак многа чаго добрага: як скаціну ад памору, збожжа ад кратоў ратаваці; як ніву лепш узараці, у яку пору што лепш пасеяці — гаспадары яны хоць куды!»
«Немец шчэ з калыскі ахвотны да навукі: такі ўжо ён удаўся заморскі. А наш мужык што?..»
І гэта зусім новы погляд на сітуацыю — рацыянальны. Немец, як прадстаўнік Чужога, ужо выступае як персанаж, у якога варта вучыцца. Браць прыклад. Недарма сам зборнік, з якога прыводзім цытаты, выйшаў у 1863 годзе, акурат пасля адмены прыгоннага права.
Троху раней падобныя ноткі бачым у літаратуры нашых суседзяў — украінцаў. Тарас Шаўчэнка згадвае немцаў у паэме «І мёртвым, і жывым…» ускосна, але красамоўна:
І на Січі мудрий німець
Картопельку садить.
А ви її купуєте,
Їсте на здоров’я
Та славите Запорожжя.
То бок нашчадкі Запарожскай Сячы, казакоў-герояў, купляюць бульбу ў больш практычнага і тэхналагічнага прыхадня. Тут гаворка пра паселішчы менанітаў з Прусіі на Дняпры.
Іх побыт апісаў этнограф і падарожнік Чужбінскі. Ён робіць выснову: у немцаў жыццё багацей, але там увесь час шыюць, шкрабуць, чысцяць і паліруюць. Ва ўкраінскіх сёлах жыццё ўбогае, затое «…люди і плачуть, і сміються, і співають, танцюють».
Замест пасляслоўя
Немцы хоць і не былі ў беларускім жыцці ХІХ стагоддзя настолькі масавай з’явай, як жыды, але сталі сапраўдным выклікам і для сялян, і для шляхты. Стаўленне да іх прайшло некалькі этапаў: ад боязі перад Чужым (дэманічным, варожым) да — павагі і жадання навучыцца, пераскочыць з кансерватыўна-рэлігійнага засценку ў мадэрны сусвет.
Далейшая гісторыя беларуска-нямецкіх сувязяў (ХХ стагоддзе), на жаль, яшчэ больш міфалагізаваная і далёкая ад аб’ектыўнасці.
Хочацца верыць, што прыйдзе час для напісання сур’ёзных прац пра беларуска-нямецкія стасункі на працягу сотняў год, пазбаўленых палітычных клішэ і штампаў.
Падчас напісання артыкула, сярод іншых крыніц, была выкарыстана публікацыя Наталлі Бахановіч «Мастацка-вобразнае асэнсаванне немца ў беларускай літаратуры ХІХ стагодззя» (Дзеяслоў, № 1/116, 2022 г.).
Фота вокладкі: немцы-крыжакі — вобраз, які надоўга захаваўся ў культуры і літаратуры. Кадр з фільма «Krzyżacy» (1960) / Filmoteka Narodowa