75 гадоў Германію падзялілі на дзве часткі — ФРГ і ГДР

мяжа паміж гдр і фрг

7 кастрычніка 1949 года з’явілася Германская Дэмакратычная Рэспубліка — ГДР. Абвяшчэнне ГДР стала адказам на з’яўленне некалькімі месяцамі раней ФРГ… Так Германія стала падзеленая на дзве часткі на 50 гадоў.

PALATNO расказвае, як гэта стала магчымым, і што прывяло да падзелу Германіі.

Падзел на акупацыйныя зоны — пачатак падзелу Германіі?

Пасля капітуляцыі нацысцкай Германіі ў 1945 годзе саюзнікі падзялілі краіну на чатыры акупацыйныя зоны. ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Савецкі Саюз кантралявалі заходнія і ўсходнія часткі краіны. Лічыцца, што падзел на акупацыйныя зоны стаў пачаткам падзелу Германіі на ФРГ і ГДР.

Для аднаўлення і перабудовы Германіі былі вызначаныя асноўныя прынцыпы — палітыка чатырох «Д» (дэнацыфікацыя, дэмілітарызацыя, дэіндустрыялізацыя, дэмакратызацыя). Саюзнікі не праводзілі палітыку чатырох «Д» аднолькава. Хоць гэтыя прынцыпы былі афіцыйна ўзгодненыя на Пастдамскай канферэнцыі, іх рэалізацыя адрознівалася ў кожнай зоне акупацыі.

зоны акупацыі ў германіі, падзел германіі пасля капітуляцыі
Падзел Германіі на чатыры зоны акупацыі.

Амерыканцы праводзілі дэнацыфікацыю найбольш сістэматычна і актыўна. Яны займаліся пошукам нацыстаў і прыхільнікаў нацызму. Разам з амерыканцамі англічане таксама займаліся дэнацыфікацыяй, але ў іх зоне акупацыі былыя члены нацысцкай партыі маглі заставацца на пасадах. Францыя ўвогуле не надта акцэнтавала ўвагу на палітыцы дэнацыфікацыі, а савецкая ўлада займалася ўсталяваннем улады камуністычным структур.

Найбольш цікавай стала дэіндустрыялізацыя. Саюзнікі лічылі, што пазбаўленне Германіі прамысловай магутнасці на кароткатэрміновую перспектыву пазбавіць яе жадання ўзяць рэванш і пачаць яшчэ адну вайну. Амерыканцы і англічане ў хуткім часе зразумелі, што дэіндустрыялізацыя прывяла да эканамічных праблем, таму напрыканцы 1940-х яны змянілі палітыку і стымулявалі аднаўленне эканомікі Заходняй Германіі. Савецкі Саюз лічыў, што прамысловыя аб’екты ў сваёй акупацыйнай зоне трэба дэмантаваць і перавезці ў якасці рэпарацый у СССР.

Саюзнікі пераследавалі розныя мэты ў Германіі. І ўжо тады, яшчэ падчас падзелу Германіі на зоны акупацыі, паміж імі ўзніклі сур’ёзныя рознагалоссі.

Барацьба ідэалогій

Ідэалагічнае процістаянне паміж СССР і заходнімі саюзнікамі з’яўлялася адным з ключавых фактараў, што прывялі да падзелу Германіі — а далей і да халоднай вайны.

Заходнія саюзнікі хацелі аднавіць Германію як аб’яднаную, дэмакратычную і эканамічна моцную дзяржаву. Для іх Германія з’яўлялася часткай заходняга свету. Для саюзнікаў было важна аднаўлення Германіі як стратэгічнага партнёра ў Еўропе, асабліва ва ўмовах, калі галоўнай пагрозай пасля вайны стала камуністычная.

А Савецкі Саюз імкнуўся забяспечыць усталяванне сацыялістычнага рэжыму ў Германіі ці, па меншай меры, стварыць уласную зону ўплыву, у якой кіравала б прасавецкі рэжым. СССР быў зацікаўлены ў тым, каб перашкодзіць узмацненню Германіі як капіталістычнай дзяржавы, бо яна магла стаць калі не пагрозай, то сур’ёзным канкурэнтам.

фултанская прамовы чэрчыля, прамова чэрчыля пра халодную вайну
Уінстан Чэрчыль падчас выступу ў Фултане.

Спачатку Уінстан Чэрчыль выступіў у Фултане ў 1946 годзе з прамовай пра «жалезную заслону», якая падзяліла Еўропу. Прамова прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі стала сімвалам пачатку халоднай вайны. На наступны год была абвешчаная «Дактрына Трумэна» — амерыканцы заявілі аб намеры стрымаць распаўсюд камунізму ва ўсім свеце: так ЗША падтрымала краіны, якія супраціўляліся савецкаму ўплыву. У 1948 годзе быў прыняты План Маршала, згодна з якім заходнія саюзнікі прадаставілі вялікую фінансавую дапамогу краінам Заходняй Еўропы (і Германіі таксама) для эканамічнага аднаўлення. У гэтым плане савецкая ўлада бачыла спробу кансалідацыі заходняга блоку.

Самым яскравым прыкладам ідэалагічнага супрацьстаяння стаў Берлінскі крызіс 1948-1949 гадоў. Савецкі Саюз заблакаваў заходнія сектары Берліны — гэта была спроба прымусіць заходніх саюзнікаў пакінуць горад. Аднак Захад арганізаваў так званы «Паветраны мост», які дазволіў забяспечваць Заходні Берлін харчаваннем і іншымі рэсурсамі.

ФРГ стварылі раней чым ГДР. Чаму?

З-за рознагалоссяў саюзнікі вырашылі аб’яднаць зоны акупацыі, каб больш эфектыўна кіраваць і аднаўляць Германію. У 1947 годзе амерыканцы і брытанцы аб’ядналі свае зоны ў Бізонію — гэта быў першы крок да стварэння адзінага заходняга кіравання. На наступны год французская зона далучылася да Бізоніі, і цяпер аб’яднаныя зоны сталі называцца Трызоніяй.

У тым жа 1948 годзе заходнія саюзнікі ўвялі новую валюту — нямецкую марку. Гэта дапамагло стабілізаваць эканоміку і спыніць гіперінфляцыю, якая ўзнікла пасля вайны. Савецкі Саюз успрыняў грашовую рэформу як пагрозу, таму СССР увёў у сваёй зоне акупацыю сваю валюту.

Грашовая рэформа стала паваротным момантам, які прывёў да ўсё больш яўнага падзелу Германіі на дзве эканамічныя і палітычныя сістэмы. Тады СССР пачаў і блакіроўку Заходняга Берліну — Берлін быў у савецкай зоне акупацыі, хоць і падзяляўся на чатыры акупацыйныя зоны паміж саюзнікамі.

На фоне блакады Берліна, якая працягвалася амаль год, заходнія саюзнікі пачалі стварэнне асобнай заходнегерманскай дзяржавы. У 1948 годзе стварылі Парламенцкую раду ў Боне, дзе распрацоўвалася Канстытуцыя.

Конрад Адэнаўэр, стварэнне фрг, абвяшчэнне фрг
Конрад Адэнаўэр.

23 мая 1949 года была абвешчаная Федэратыўная Рэспубліка Германія. Яе сталіцай стаў Бон. Праз некалькі месяцаў адбыліся выбарамі, на якіх абралі канцлера Конрада Адэнаўэра. Яшчэ пазней, у 1955-м, ФРГ стала членам НАТА.

ГДР стала адказам і новым вітком у халоднай вайне

У савецкай зоне акупацыі яшчэ ў 1946 годзе Камуністычная партыя і Сацыял-дэмакратычная партыя аб’ядналіся ў Сацыялістычную адзіную партыю Германіі (скарочана — СЕПГ). СЕПГ стала галоўнай палітычнай сілай у савецкай зоне акупацыі.

Калі саюзнікі падрыхтоўвалі стварэнне ФРГ, СССР пачаў рэалізоўваць план па стварэнні ўласнай дзяржаўнай структуры на ўсходзе Германіі. У Боне працавалі над Канстытуцыяй ФРГ, а СЕПГ працаваў над стварэннем сваёй асобнай дзяржавы.

пік і гротэволь, абвяшчэнне гдр, стварэнне гдр
Вільгельм Пік і прэм’ер-міністр Ота Гротэволь на абранні Піка прэзідэнтам ГДР. 1949 год.

7 кастрычніка 1949 года была абвешчаная Германская Дэмакратычная Рэспубліка. Сталіцай абвясцілі Берлін, хоць яго заходняя частка заставалася пад кантролем саюзнікаў.

Стварэнне ГДР стала непасрэдным адказам на стварэнне ФРГ і часткай ідэалагічнага і палітычнага супрацьстаяння ў рамках халоднай вайны. ГДР цалкам кантралявалася Савецкім Саюзам на працягу свайго існавання.

Вярнуцца ўгару