Now Reading
Як у беларускую мову трапілі германізмы

Як у беларускую мову трапілі германізмы

нямецкія словы ў беларускай мове, германізмы ў беларускай мове

Многія мовы ўзбагачаюцца словамі з іншых моў, і беларуская не стала выключэннем. Шматлікія новыя словы — ад «гвалту» і «рынку» да «абцасаў» і «артыкулаў» — прыйшлі ў нашу мову з нямецкай.

PALATNO расказвае, як германізмы трапілі ў беларускую мову і прыжыліся ў ёй.

Дзякуючы войнам і польскай мове

Беларуская мова не адзіная ў свеце, якая запазычвае словы. Выкарыстанне іншамоўнай лексікі — гэта адзін са спосабаў узбагачэння слоўнікавага запасу любой мовы. Германізмы трапілі ў нашу мову яшчэ тысячу гадоў таму, калі продкі беларусаў ваявалі з крыжакамі. З часам колькасць новых нямецкіх слоў у беларускай мове толькі павялічвалася. Германізмы распаўсюджваліся ў розных сферах: ад грамадска-палітычнай да побытавай.

Пры запазычанні нямецкія словы падвяргаліся своеасаблівай апрацоўцы — яны прыстасоўваліся да законаў і правіл беларускай мовы: гукі падпарадкоўваліся арфаэпіі нашай мовы, словы набывалі іншыя граматычныя ўласцівасці. Напрыклад, слова Losung у беларускай мове прамаўляецца з цвёрдым гукам «л», становіцца мужчынскага роду, губляе артыкль і мае сінанімічныя адносіны са словам «заклік».

Найбольшая колькасць іншамоўнай лексікі, у тым ліку і нямецкай, прайшла да нас праз польскую мову. Словы «гвалт», «фортэль», «рынак» і «герб» не лічацца ў беларускай мове запазычаннямі з нямецкай: для нашай мовы гэта паланізмы, бо гучанне і значэнне гэтых слоў адрозніваюцца ад першапачатковых нямецкіх слоў Gewalt, Vorteil, Ring, Erbe. Разам з польскай мовай насычацца германізмамі нашай мове дапамагала і яўрэйская мова.

Германізмы ў беларускай мове маюць пэўныя прыкметы:

  • Спалучэнні шт, шп пераважна ў пачатку слова (радзей шн, шм): шніцаль, шпіль, шпага, штандар, штанга, шпалеры, шнапс.
  • Спалучэнне хт у сярэдзіне слова: вахта, шахта.
  • Суфікс -унак (-unk) у запазычаннях, адаптаваных польскай мовай: малюнак, гатунак.
  • Суфіксы -ap/-яр/-ер: рыцар, муляр, канцлер.

У сучаснай беларускай мове ёсць і ўстойлівыя выразы з нямецкай мовы: загадкавая натура — eine geheimnisvolle, зорная гадзіна — Sternstunde, пераацэнка каштоўнасцей — Umwertung aller Werte.

З нямецкай у беларускую. Маленькі слоўнічак

Словы, запазычаныя з нямецкай мовы, у самой нямецкай мове могуць адрознівацца не толькі некалькімі літарамі, а нават сэнсам.

Абцас — Absatz

Артыкул — Atrikel

Бавоўна — Baumwolle

Бірка — Birke (па-нямецку гэта азначае «бяроза»)

Брак — Brack (па-нямецку гэта азначае «адход» ці штосьці «непрыдатнае»)

Брук — Brücke (па-нямецку гэта азначае «мост»)

Будаваць — Bauen

Бурштын — Bernstein

Вабіць — Wabern (па-нямецку гэта азначае «паварочвацца ва ўсе бакі»)

Вага — Wage

Гальштук — Halstush (па-нямецку гэта азначае «шыйная хустка»)

Гандаль — Handel

Гвалт — Gewalt

Граніца — Grenze

Дрот — Draht

Дах — Dach

Друкарня — Druckerei

Жарт — Scherz

Келіх — Kelch

Кляштар — Kloster

Кошт — Kost (па-нямецку гэта будзе яшчэ «цана», «расход»)

Крама — Kram

Вярнуцца ўгару