Паўстанне 1863 года мы ведаем збольшага па гучных імёнах, знакавых датах і падзеях. Але — а як жылі паўстанцы? Як выжывалі ў не самых спрыяльных умовах партызанскай барацьбы? Чым харчаваліся? У што апраналіся? Што мелі ў якасці зброі? Як спраўляліся з хваробамі?
У дзясятым выпуску падкаста «Гістфак» на PALATNO Даша Палынская і Алесь Кіркевіч паразмаўлялі пра гісторыю паўсядзённасці Паўстання 1863 года.
Тэкставая расшыфроўка падкаста — пад відэа.
Тэкставая расшыфроўка падкаста
— Прывітанне. Гэта падкаст «Гістфак» на PALATNO.media. З вамі Даша Палынская і Алесь Кіркевіч.
— Прывітанне.
— І сёння мы будзем размаўляць пра гісторыю паўсядзённасці, а дакладней — гісторыю паўсядзённасці на прыкладзе паўстання 1863 года.
— Так, давайце пагаворым. Вельмі цікавая тэма, але адразу хачу зазначыць некалькі момантаў, што ў нас ёсць такі ў свядомасці разрыў паміж такой вось міфалагічнай прыгожай карцінкай, якую мы сабе стварылі датычна паўстання, датычна Каліноўскага прыватна, і рэальнасцю, якая вельмі часта застаецца ў тумане. Адна з найлепшых ілюстрацый — у поп-арце абыграны Каліноўскі, каторы ходзіць з мячом, з пісталетам, такі вось Рэмба, каторы кудысьці бегае. А мы наогул не ведаем, напрыклад, ці ён удзельнічаў у збройных сутычках. То бок мы яго ведаем найперш як ідэолага, канспіратара, чалавека, які займаўся арганізацыйнай працай. То бок вымалёўваецца вобраз такога супермэна — Зорра, умоўна кажучы. І нават калі браць гістарычныя фотаздымкі таго часу, калі мы бачым на іх такіх барадатых прыгожых паўстанцаў у кантушах, з такімі а-ля слуцкімі паясамі, шаблямі. Вельмі часта гэтыя патрыятычныя фотаздымкі — студыйныя, інтэр’ерныя, зробленыя ў Кракаве, Познані, Львове, то бок на тых тэрыторыях, дзе не бушавала паўстанне, альбо ў тыя часы, калі яшчэ не было актыўнай фазы гэтага паўстання. То бок яны такія больш паказныя. І таму акурат цікава пагаварыць пра штодзённасць, пра тое, як яна выглядала на месцы. І яна, можа быць, не такая прэзентабельная, не такая прыгожая — гэтая штодзённасць. Але, напэўна, яе трэба ведаць, у тым ліку каб разумець подзвіг тых паўстанцаў і зразумець атмасферу таго часу.
— Давай трошачкі ўдакладнім для нашых слухачоў, што такое агулам гісторыя паўсядзённасці. Бо для беларускай гістарыяграфіі, на жаль, гэта дагэтуль трошачкі новы кірунак.
— Ну, так, таму што ў нас збольшага: «Откуда готовилось на Беларусь нападение» ў XIV стагоддзі альбо ў XIX.
— Ну, на жаль.
— Вялікія нейкія рэчы, а вось як жылі… Таму што штодзённасць, напэўна, уплывае на тыя ўчынкі людзей, якія яны рабілі ў сваім жыцці, але, на жаль, застаюцца толькі стрэлачкі на карце і прыгожыя партрэты.
— Ну, так. Агулам гісторыя паўсядзённасці пра тое, што даследчыкі другой паловы ХХ стагоддзя, нарэшце, звярнулі ўвагу на тое, што ёсць не толькі такая буйная гісторыя — з дат, нейкіх падзей, канкрэтных імён і значных момантаў — але ёсць гісторыя паміж гэтым усім. То бок калі мы кажам пра гісторыю паўсядзённасці паўстання — гэта гісторыя паміж буйнымі датамі, за акопамі, умоўна, за нейкімі здарэннямі. То бок гэта нейкі такі ніжэйшы дробны ўзровень, які звычайна праходзіць трошачкі па-за ўвагай даследчыкаў. Гэта такая мікрагісторыя, гісторыя маленькіх людзей і гісторыя іх побыту. Гэта вельмі важна ў плане паўстання. Мы ведаем пра паўстанцаў, але як яны жылі — гэта, па-мойму, вельмі так дапамагае зразумець прычыны ці нейкія вынікі чагосьці.
— Ну, я бы сказаў тут, проста адну рэмарку зрабіў — праходзіць па-за ўвагай беларускіх даследчыкаў, таму што ў Беларусі, як ні дзіўна, тэма паўстання вельмі слаба распрацавана. Ёсць старыя працы Кісялёва, наколькі памятаю, ёсць некалькі харошых прац Змітра Мацвейчыка, у тым ліку, «…Нарыс баявых дзеянняў» паўстання, але гэта не тоўстая кніжка, не там аграменная нейкая таміна ці шматтомнік. Ёсць у Васіля Герасімчыка біяграфія Каліноўскага. І бадай што ўсё. Усё рэшта — гэта нейкія зборнікі лістоў, нейкія асобныя партрэты намаляваныя, але ніякай вось нармальнай манаграфіі, каб можна было ўзяць адну кніжку, прачытаць і зразумець гісторыю паўстання… Тым больш па нейкіх аспектах: як хто жыў, як хто там… Напрыклад, медыцына падчас паўстання 63-га года. Няма ў нас такіх кніг. Але гэта пра нашу гістарыяграфію. Палякам пашчасціла больш, палякі больш на гэта напрацавалі, таму што пра паўстанне яны ўжо пішуць 160 гадоў. Як яно скончылася, яны адразу пачалі выдаваць нейкія працы. І таму мы можам у нейкім сэнсе абапірацца на іх досвед у чаканні таго, калі ўжо падобныя працы, нарэшце, паўстануць у беларускім навуковым полі.
— Ну, калі паўстануць увогуле.
— Калі паўстануць.
— Ну, акей. Глядзі, вось гэтыя карцінкі, якія мы ведаем пра паўстанне з вядомых карцін або гравюр, або графікаў. Тыя самыя польскія даследчыкі сцвярджаюць, што іх трэба ўспрымаць вельмі крытычна, бо аўтары, якія іх выяўлялі, пераважнай большасцю не былі на месцы падзей, яны не ведалі, яны выкарыстоўвалі той вопыт — еўрапейскі, часцей за ўсё — які яны назіралі побач з сабой. Давай трошачкі паразмаўляем пра вось гэты знешні выгляд паўстанцаў. То бок мы ведаем, што гэта была партызанская барацьба. Найперш, гэта былі маленькія атрады. Але як яны выглядалі? У што яны апраналіся, умоўна, як у іх было з вопраткай, з абуткам?
— Ну, таксама варта зазначыць такі момант — сапраўды, якія ў нас крыніцы ёсць чыста візуальныя? У нас ёсць, сапраўды, фотаздымкі — але фотаздымкі, зробленыя ў атэлье. Чалавек не ішоў у атэлье абарваным альбо з падбітым вокам, альбо ўвесь заляпаны крывёю. Такія фотаздымкі мы ведаем з Першай, умоўна кажучы, сусветнай вайны, з Другой, тым больш. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя ніхто такіх фотаздымкаў не рабіў. Тым больш там на полі бітвы ці каля таго, у тыле. Усё рабілася прыгожа ў гарадах. А калі мы кажам пра выявы нейкія, замалёўкі — па-першае, гэта яшчэ такі вось пострамантызм. То бок людзі не спяшаліся выяўляць нешта брутальнае, не спяшаліся выяўляць смерць ва ўсіх яе абліччах. А па-другое, шмат якія малюнкі выкананы альбо пасля паўстання, альбо выкананы, напрыклад, тымі ж французскімі граверамі. Тады вельмі развітая была тэма газет альбо такіх лятучых лісткоў у Еўропе, і чалавек мог сядзець у Лондане альбо ў Парыжы, альбо яшчэ дзе-небудзь, альбо наогул за акіянам у Штатах — і проста па нейкіх такіх урывачных звестках маляваць, як яно было. Так, паўстанцы ў лесе — малюем лес. Паўстанцы з нейкімі карабінамі — малюем карабіны. Як яны знешне выглядаюць? Ну, можа, не так і важна. То бок вельмі крытычна трэба ставіцца да гэтага візуальнага матэрыялу. І вось проста лічаныя паўстанцы, як Андрыёлі, напрыклад, ужо былі на месцы. Італьянец Андрыёлі, каторы нарадзіўся ў нас, у нашых мясцінах, і пасля стварыў такі цыкл «Літва» — вось гэта ўжо цікава, гэта ўжо цікавей. Але ўсё адно гэта такая трошкі ўзнёслая міфалагізаваная карціна. Як было насамрэч? Па-першае, давайце вызначымся, хто такі паўстанец. Паўстанцам можа быць вельмі розны [чалавек]. Гэта можа быць і касіянер, які ходзіць проста там у сялянскім сурдуце, у жупане — у нейкай простай вопратцы, ледзьве не босы. Ну, не босы, канечне — босы б ён у лесе не хадзіў. І там выгляд вельмі просты. Проста паглядзіце этнаграфічныя выявы сялянаў Віленшчыны альбо там якога-небудзь… Гарадзеншчыны, Гродзенскай губерні сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Так і будзе выглядаць селянін-паўстанец. У яго мог быць фактычна, ну, напрыклад, адзін элемент які-небудзь такі вайсковы — напрыклад, шапка «рагатувка» знакамітая альбо пояс з выявай Арла альбо Пагоні. Вельмі часта, дарэчы, што цікава, гэта маглі быць яшчэ паясы альбо элементы формы нават позняй Рэчы Паспалітай альбо часоў Напалеона. То бок паўстанцы не рабілі масава нейкую сваю там уніформу, адзнакі. Прынамсі, у нас невядома, што нейкія мануфактуры былі і вось уніформа была такая стандартызаваная, як ужо ў ХХ стагоддзі альбо як проста ў рэгулярнай арміі. Гэта была такая вельмі часта самадзейнасць. Вось. І селянін, касіянер, выглядаў максімальна так нерэгулярна. Нейкі сярэдні шляхціч, зразумела, з хаты мог узяць больш-менш нармальную вопратку, боты, нейкую шапку, кунтуш — і ўжо выглядаў больш салідна. Ну і не забывайце, што паўстанцамі таксама… калі мы залічым да катэгорыі паўстанцаў тых людзей, якія былі ў канспірацыі, у гарадах, якія проста дапамагалі альбо былі салідарнымі з паўстанцамі, то бок яны проста надалей хадзілі дакладна так сама, як хадзілі ў цывільным жыцці. У тых жа самых пінжаках, жанчыны маглі хадзіць там у вялікіх спадніцах — вельмі часта чорнага колеру, таму што там жалоба была, такая нацыянальная жалоба. Вось. І яны, у прынцыпе, знешне не мелі ніякіх адзнакаў. Галоўнае, што трэба зразумець: рэгулярнай формы не было, ніякіх адзнакаў не было. Калі ў чалавека была магчымасць, ён сабе чапляў нейкі знак — з Пагоняй, Арлом альбо вось траісты герб знакаміты — Пагоня, Арол і Святы Міхаіл. Калі не было такой мажлівасці, гэтым чалавек не замарочваўся і хадзіў так, як хадзіў. Што яшчэ варта зазначыць — шмат сведчанняў пра тое, што адзежы заўжды не хапала паўстанцам. То бок, напрыклад, уявіце сабе атрад у лесе, а на ўвесь атрад, напрыклад, дзве пары рукавіцаў — вось гэта вось мемуарнае сведчанне. І тое іх выдавалі толькі начным вартавым, якія там стаялі. Ну, вось з Бінткоўскім, адным з кіраўнікоў паўстання, была такая смешная гісторыя, што ён заўжды хадзіў у бурцы — ну, такая бурка была на каўказскі манер, такая шуба — і неяк ён там пайшоў да Лангевіча, здаецца, у штаб парадзіцца, пагаварыць пра ўсе гэтыя паўстанцкія справы, і бурку павесіў перад уваходам на хаце. Ён выходзіў — буркі ўжо не было. То бок нехта са сваіх жа паўстанцаў яе проста спёр. То бок гэта быў вечны крызіс, вечны недахоп вопраткі, таму што вопратка зношвалася, вопратка рвалася, вопратка… ну, проста служыла вельмі кароткі час, таму… Так, быў такі момант.
— І вось, глядзі. Мы ведаем, што паўстанцы… У іх не было ніякіх штабоў ці занятых гарадоў, толькі кароткачасова. Але любую вопратку трэба праць як мінімум. Плюс паўстанне пераважнай большасцю прыходзілася на нейкі халодны час. То бок як яны з гэтым усім спраўляліся? Ты ночыш у лесе, напрыклад, вельмі рэдка калі ў нейкіх будынках. А як вось гэта ўсё на бытавым узроўні забяспечыць? Як з гэтым?
— Вельмі цяжка. Гэта вельмі часта залежала ад сітуацыі, ад кемлівасці камандзіра, у прынцыпе, ад арганізацыі працэсу. Напрыклад, калі камандзір стаяў у нейкай мясцовасці, дзе быў, умоўна кажучы, панскі шляхецкі двор, каторы быў на кантакце з паўстанцамі, адтуль маглі прыязджаць дзяўчаты, жанчыны, забіраць гэтую паўстанцкую вопратку і яе банальна праць, каб яна была проста чыстая. І тады гэта была харошая сітуацыя. Калі ніякіх такіх вось прыязных людзей побач не было, трэба было рабіць усё самім, калі, напрыклад… Зразумела, у цябе, напрыклад, нават адна ніжняя кашуля, то зімой яе папраць вельмі цяжка, вельмі цяжка нават наважыцца, таму што пасля як яе сушыць? На сабе? Ці хадзіць без нічога? Ну, зіма, уявіце сабе, у лесе. Гэта было вельмі цяжка. Іншае пытанне яшчэ — пытанне гігіены ў плане, напрыклад, вошай. Вось што рабіць з вошамі? Тут ужо чыста паходныя рэчы. Нічога не змянілася ні за сто, ні за дзвесце гадоў: вопратку прапальвалі над вогнішчам, каб выганяць гэтых насякомых. Але агулам, кажу, усё было вельмі дрэнна. І калі паўстанцы давалі загады на рэквізіцыі, напрыклад, калі была такая патрэба, то там, сярод іншага, сярод тытуню, сярод прадметаў харчавання, былі таксама прадметы вопраткі, напрыклад, тыя ж боты. І, што цікава, вось мы ўяўляем сабе, што навабранец, узнёслы паўстанец, ідзе да паўстання, далучацца да паўстання — і яму там усё дадуць. Не, нічога, нічога падобнага. То бок былі інструкцыі, што, калі ты ідзеш ужо ў паўстанцкі атрад, вазьмі з сабой гэта, гэта, гэта і гэта. Вазьмі, каб у цябе была зброя свая, каб ты меў з сабой запас нейкі там хлеба, каўбасы, саланіны, гарэлкі, тытуню і таксама меў, напрыклад, свае боты, пажадана некалькі параў, і каб на цябе не трэба было прыдумваць, што з табой рабіць — вось такім вось цудоўным патрыятычным хлопцам у гэтым вось паўстанні. Таму матэрыяльныя рэсурсы, матэрыяльнае забеспячэнне — гэта быў суцэльны боль, і пра гэта таксама трэба памятаць.
— Акей. А яшчэ адна такая базавая патрэба ў выглядзе ежы. Паўстанцы гатавалі самі? І як гэта таксама магло выглядаць?
— Ежа — гэта вельмі цікавая рэч. І таксама гэта наступны боль, таму што паўстанцы заўжды былі… ну, як правіла, былі галоднымі. Калі мы кажам… ну, зноў жа, мы кажам менавіта пра лясных людзей. Мы не кажам пра нейкіх канспіратараў у гарадах — там магло быць абсалютна па-рознаму. Тым больш мы не кажам пра лёсы паўстанцаў ужо пасля ў царскай няволі. Калі мы кажам пра паўстанцкую лясную партызанку, ніякага агульнага рацыёну не было. То бок гэта не рэгулярнае войска, усё залежала ад сітуацыі. І магло быць такое, што камандзір, напрыклад, нейкага атрада — ён меў за спінай нейкую прускую альбо царскую расійскую школу вайсковую, ён ведаў, як гэта выглядае — ён усталёўваў нейкі рацыён, што, напрыклад, паўкварты гароху, чвэрць кварты кашы, паўфунта саланіны, паўфунта хлеба і там кілішак гарэлкі на вячэру. Пра гарэлку мы пазней яшчэ пагаворым. І вось ён усталёўваў такі рацыён для салдата на дзень, але пасля ўсё магло ад сітуацыі змяніцца мільён разоў, таму што ўмовы б маглі быць неспрыяльнымі, атрад мог панесці вялікія страты альбо прыйсці на тую тэрыторыю, дзе цяжка было знаходзіць новую ежу. То бок голад — гэта быў вечны спутнік паўстанцаў. Самыя крызісныя такія прадукты — гэта хлеб (зразумела, таму што ён хутка псаваўся), гэта соль. Солі заўжды не хапала, ёсць сведчанне, што часам яе замянялі порахам. Ну, проста ўявіце сабе: атрымлівалася нейкая такая шэрая дзіўная маса. І наколькі яна была прыдатнай для ядзення, цяжка сказаць. Нават пітная вада — вельмі часта ваду бралі з нейкіх там лясных рачулак, з такіх прыбалочаных. То бок гэта была такая каша з водарам багны, умоўна кажучы. Ну, выглядала гэта так сабе. Канешне, былі рэквізіцыі.
— Ну, давай пра рэквізіцыі трошачкі ўдакладнім — што гэта? Таму што не факт, што ўсе слухачы ведаюць.
— Рэквізіцыі — гэта калі лясны чалавек, зарослы, злы і са зброяй, прыходзіць да селяніна, які хоча проста там пражыць сваё жыццё без стратаў, і просіць у яго кумпячка альбо малака, альбо кароўкі, альбо яшчэ што-небудзь. Рэквізіцыі суправаджалі абсалютна ўсе партызанскія войны ва ўсе часы. Так было, так ёсць і так будзе. І заўжды ёсць праблема таго, што сяляне найчасцей не хочуць аддаваць тое, што ў іх ёсць сваё, таму што яны хочуць жыць. Таму яны хаваюць ад паўстанцаў, я кажу, ва ўсе часы хаваюць нейкіх кароў, свіней. Паўстанне 63-га года абсалютна не выключэнне. Паўстанцы хадзілі да сялянаў, да дробных шляхцічаў — на шляхецкія двары да тых шляхцічаў, якія, не пайшлі, напрыклад, на паўстанне, а проста жылі сабе. І там былі розныя схемы. Яны маглі сапраўды купляць за грошы нейкія прадукты. Яны маглі расплачвацца распіскамі. Таксама такая цікавая практыка: маўляў, што, калі мы пераможам, вы паводле гэтай распіскі калісьці там атрымаеце кампенсацыю. Такія ж цікавыя выпадкі былі ў часы грамадзянскай вайны на прасторах Расійскай імперыі. Ну і вось трэба было рэквізаваць там барана альбо свінню. Калі гаспадар хаваў — а часцей за ўсё ён хаваў і ад расейцаў, і ад паўстанцаў, і ад тых, і ад тых хаваў свае набыткі — то, напрыклад, былі выпадкі, калі там паўстанцы паролі проста чалавека, паролі гэтага селяніна альбо дробнага шляхцюка. Бо часам рабілі, напрыклад, дзве піўніцы — два падвалы. Адзін такі вось падвал, каб паказаць: ну, глядзіце, я бедна жыву, у мяне нічога няма, вось адна каўбаса тут вісіць, можаце забіраць. А другая ўжо піўніца — сапраўдная. І там ужо ляжыць вось усё, што трэба. Ну і калі вось такое выяўлялася, то такіх людзей паролі і паўстанцы, і расіяне. І вось цікавы быў спісак, што трэба браць — гэта ўжо датычна жыдоў. Таму што жыды — гэта катэгорыя, пра каторую мы забываем. Не толькі ж сяляне жылі. Што там з селяніна асабліва ўзяць? А ў жыдоў былі крамкі, былі нейкія запасы. І вось у жыдоў ёсць спісак на рэквізіцыю: забраць гарэлку, віно, мёд, ром, цыгары (сігары, так?), тытунь, ну і, зразумела, хлеб, боты і там тканіна. То бок вось прыклад таго, што забіралі і як гэта выглядала. Канешне, былі… Не заўсёды гэта было гвалтам. Была куча патрыятычнага такога насельніцтва, якое, як бы зараз сказалі, данаціла паўстанцам — але данацілі не крыптой, не далярамі, не еўра, але данацілі практычна, то бок прысылалі прадукты найперш, прысылалі вопратку, прысылалі тое, што паўстанцы самі патрабавалі, то бок маглі проста прыслаць запіску: «Нам трэба гэта, гэта і гэта». Па спісе людзі гэта выносілі і кудысьці там клалі. Але вось быў такі камічны выпадак, што нейкі чэл, шляхціц, ад вялікай… ад вялікага патрыятызму адправіў цэлую цялегу з мясам паўстанцам, але мяса гэтае аказалася сапсаваным. Ну і паўстанцы, у рэшце рэшт, зарэзалі вала, каторы быў запрэжаны ў гэту павозку, і з’елі гэтага вала. Ну, вось бывала і так камічна.
— А вось, зноў вяртаючыся трошачкі да тэмы ежы і побыту, адна з маіх такіх гісторый, якая мяне ўразіла ва ўніверы, гэта тое, што ў 1410 годзе асада Мальбарка закончылася няўдала — адной з прычын таксама была эпідэмія дызентэрыі, каторая проста скасіла палову войска, ну, і проста прыйшлося вярнуцца. І вось гэтая хвароба — гэта адна, па-мойму, з такіх… ну, непазбежных фактараў палявых умоваў, асабліва калі гэта партызанская вайна, калі, як ты кажаш, вада брудная з нейкай рачулкі. А як з гэтым спраўляліся? Як спраўляліся з хваробамі?
— То бок ты пытаеш пра пытанне гігіены і медыцыны ў паўстанні, так?
— Ну, так, так.
— Тут вельмі цяжка, канешне, было, таму што… Ну, зразумела, што ў Расіі ў рэгулярным войску царскім былі лекары, каторыя там, зразумела, лепш апекаваліся афіцэрамі, горш апекаваліся салдатамі. У паўстанцаў не заўжды была такая раскоша. І, улічваючы ўмовы, што гэта лес, вельмі часта гэта была не толькі дызентэрыя — гэта магла быць прастуда банальная, то бок чалавек хадзіў з грыпам проста альбо, ну, проста вось… Быў зноў жа той жа Бінткоўскі — мы яго памятаем па гісторыі з гэтай буркай. Кажуць, вось ён увесь час, колькі яго памяталі ў гэтым паўстанцкім атрадзе, ён увесь час быў прастуджаны і ўвесь час трошкі п’яны, таму што, толькі дзякуючы таму, што ён папіваў, пацягваў гарэлку, ён сядзеў у сядле. Ну, таму што вось не было нейкіх медыкаментаў, і чалавек сябе так неяк падтрымліваў. То бок не значыць, што ён знаходзіўся ў неадэкватным стане, але проста ён сабе падліваў, грэўся там і так далей. Вельмі лютай праблемай, як ні парадаксальна, быў банальна недасып, таму што, калі ты спіш каля балота… Паўстанцкі камандзір зрабіў табе лагер, напрыклад, у лесе каля балота, гэта зіма (хоць зіма з 63-га на 64-ы год не была суперхалоднай, але ўсё ж такі), гэта сырасць, гэта холад. І ёсць, зноў жа, сведчанні, як людзі не маглі спаць, яны прасыпаліся ад холаду, хадзілі, рабілі нейкія практыкаванні. Альбо камандзір ім прыдумляў нейкую працу, абы яны не сядзелі на месцы. І тады ж з’явіліся, дарэчы, першыя інструкцыі, як уладкоўваць паўстанцкі лагер — як, на якіх пяньках, слупках рабіць такія шалашы-буданы, як усё высцілаць хвояй. Вось гэта вось страшна цікава, таму што гэта задоўга да Другой сусветнай вайны, да партызанскага руху, задоўга былі ўжо такія цэлыя інструкцыі, як правільна выжываць у лесе. То бок гэта такі вось наробак тэарэтычны вайсковы паўстанцаў таго часу. Вось. Але, сапраўды, гэта важная праблема — холад і перманентны пастаянны недасып. І вось тыя камандзіры, якія былі больш талковыя, канешне, знаходзілі нейкія… ну, не закінутыя, умоўна кажучы, нейкія стадолы вясковыя, дзе маглі там вельмі кампактна засяліць свой атрад. Калі былі неспрыяльныя ўмовы, яны ўсе начавалі ў лесе, і часам бывала, што паўстанцы перабягалі з аднаго атрада ў іншы, таму што вось той камандзір, маўляў, можа знайсці нармальнае месца, дзе спаць, а гэты — не можа. І ў яго там усе хворыя, таму што ён, напрыклад, ну… Ну, няздары, карацей — не можа ён так зрабіць.
— З улікам пазіцый як бы перавагі расійскага войска і тое, што паўстанцкія атрады рэгулярна разбівалі, то, ну, так — там міграцыя такая нядрэнная была.
— Ну, так, так, так. Зноў жа, датычна медыцыны цікавы момант — калі мы кажам менавіта пра баявыя сутыкненні, я думаю, ні для каго не сакрэт, што ў тых умовах раненне найчасцей ставала фатальным. То бок ты не гінуў адразу на полі бою. Такая рамантычная карцінка: загінуць на полі бою — а вось ні фіга. Часцей за ўсё, чалавек быў паранены, яшчэ нейкі час пакутаваў, у яго ішло заражэнне крыві, гангрэна і ўсё астатняе, ён проста паміраў. Тым больш вось калі паглядзець датычна зброі таго часу, гэта вось тая ж… Мажліва, пра зброю мы яшчэ пагаворым, так?
— Можам зараз, у прынцыпе, паразмаўляць.
— Ну, там была такая так званая негуманная куля Мінье — яна была проста даволі шырокага дыяметра. Наколькі я памятаю, наколькі я памятаю, зараз я пагляджу — так, 18 мм. Ну, калі параўнаеце з… проста паглядзіце на лінейцы, колькі гэта — 18 мм дыяметр. І параўнайце: «калашнікаў» — гэта 7,62, такі стандарт.
— Гэта паўстанцы імі карысталіся?
— Імі карысталіся з аднаго і іншага боку. То бок гэта куля, якая выносіла нейкую канечнасць, умоўна кажучы. І, будучы нават параненым, ты ўжо меў не вельмі шмат шанцаў выжыць. Хоць дастаткова шмат гісторый тых паўстанцаў, якія былі параненыя, але выжывалі. То бок вось такія складаныя моманты былі з медыцынай таксама.
— Акей, а як выглядала камунікацыя з мясцовым насельніцтвам?
— Камунікацыя з мясцовым насельніцтвам — мы ўжо пра гэта казалі падчас рэквізіцыяў… Селянін заўжды жыве сваім жыццём. Тым больш як бы ў нас была трошкі розная сітуацыя. Зразумела, што існаваў прыгон — і там, і тут. І на тэрыторыі там далейшай Польшчы, і ў Беларусі. Але ён быў адменены вось толькі-толькі перад тым, як. Але гэта ўсё адно людзі былі са свядомасцю прыгонных, са свядомасцю рабоў. Яны не адчувалі сябе не тое, што не грамадзянамі — яны не адчувалі сябе ўласнікамі, яны не адчувалі, што могуць нешта змяніць у сваім атачэнні, у нейкім там лёсе дзяржавы. То бок для іх былі гэта вельмі далёкія рэчы. Таму большасць паўстанцаў была акурат шляхцічамі (дробнымі ці больш заможнымі), разначынцамі і там студэнтамі нейкімі, дробнымі чыноўнікамі. З сялянамі проста вось такі момант вельмі яскравы. У нас жа гэтае паўстанне асацыіруецца, што касіянеры нейкія, масава ідуць касіянеры з косамі. А вось нават у Польшчы быў такі феномен, што касіянеры прыходзілі з Пазнаньшчыны, якая была ўжо на нямецкай тэрыторыі, таму што там адмянілі, здаецца, на 40 гадоў ці на колькі раней прыгон, і там людзі ўжо былі з нейкай свядомасцю, што, [маўляў], мы свабодныя, мы можам нешта зрабіць, польскасць — гэта важна, дзяржава. Ну, ужо былі ў іх нейкія ўяўленні пра нешта. У нашых мясцовых сялян не было нічога. І тым больш мы памятаем вось гэты момант, што царская ўлада вельмі часта распаўсюджвала чуткі, што паўстанцы паўсталі для таго, каб вярнуць прыгон, каб вярнуць старыя парадкі. І на кагосьці гэта дзейнічала. Плюс рэлігійная прапаганда — папы рабілі сваю справу. Плюс была таксама такая тэма, што адпускалі ў родныя мясціны некаторых сялянаў з тых вёсак, на тэрыторыі якіх было паўстанне, вось на той тэрыторыі, каб яны як такія бывалыя салдаты расказвалі людзям, якія паўстанцы дрэнныя. І таму нядзіўна, што часам паўстанцкія атрады, якія прыходзілі ў вёску — таксама зафіксаваны такія выпадкі — проста патрабавалі спіс усіх, хто вярнуўся з царскай службы, хто ў прынцыпе быў рэкрутам у царскай арміі. І ўсіх расстрэльвалі. Не важна — нават калі чалавек быў там за паўстанне рукамі і нагамі. На ўсялякі выпадак. Бо былі такія вось прэцэдэнты. Ну і, зноў жа, калі мы кажам пра такія калекцыйныя памяткі паўстання, самая распаўсюджаная памятка на тэрыторыі Беларусі, якую можна купіць на аўкцыёне, прычым нават не задорага, — гэта медны медаль невялічкі «За усмирение польского мятежа». Яго давалі сялянам, каторыя, як правіла, проста аказвалі садзейнічанне…
— Здавалі кагосьці?
— Здавалі кагосьці. Яны атрымлівалі нейкі там рубель ці пяць рублёў — ну, нейкую суму. Там, здаецца, былі нейкія розныя расцэнкі за рознага пашыбу паўстанцаў. Атрымлівалі грошы, там кварту гарэлкі атрымаў і яшчэ і медаль — «харашо». Такіх медалёў шмат, то бок іх масава дагэтуль знаходзяць. Гэта тыя рэаліі, якія ёсць. То бок, зразумела, былі нейкія там людзі з… У нас жа, не забывайце, у нас шляхты быў вялікі адсотак. То бок шляхціц мог і за зямлю гараць — не забываў, што ён шляхціц, што ў яго ёсць герб. Мог памятаць там сямейную гісторыю пра часы Касцюшкі ці Напалеона. Але большасць такіх вось сялянаў-сялянаў — яны былі вельмі далёкія ад гэтых усіх рэчаў.
— Давай апошні момант, каторы мне вельмі важна было б прагаварыць. Ну, можа быць, ён не пра паўсядзённасць, хутчэй пра паўсядзённасць такую дэтальную гарадскую. Гэта пра вось тое, што ты ўзгадаваў: чорны стыль жалобны, жалобная біжутэрыя з гэтага. Што гэта за з’ява, як гэта выглядала і чаму гэта вельмі трыгерыла расійскую ўладу?
— Ну, гэта была не новая рэч падчас паўстання, таму што такія вось адзнакі, як пярсцёнкі, нейкія там амулеты, падвескі былі яшчэ з часоў Касцюшкі, былі ўзнагароднымі вельмі часта. Пасля былі такія аналагічныя рэчы часоў «напалеонікі» з партрэтам Ёзефа Панятоўскага — то бок правадыра менавіта тых прадстаўнікоў Рэчы Паспалітай, якія пайшлі за Напалеонам. І ўсё гэта працягнулася ў 1830-31 год і ў паўстанне 63-64 года. То бок жалобная біжутэрыя, калі агулам — гэта комплекс упрыгожанняў, дэталяў вопраткі, як правіла, з патрыятычнымі, каталіцкімі, нацыянальнымі адзнакамі. То бок што там выяўлялася? Арол, Пагоня, вельмі часта гэты сімвал траісты — якар, крыж і сэрца (вера, надзея, любоў). Ну, нейкія выявы паціснутых рук паміж сабой альбо там дата. То бок гэта вялікі комплекс такіх памятак, якія людзі, умоўна кажучы, насілі, каб падкрэсліць сваю пазіцыю. Чалавек мог жыць у горадзе, альбо дзяўчына вельмі часта — то бок яна не ішла ў лес, не прымала ўдзел у паўстанні, але яна хадзіла, напрыклад, насіла такі жалобны… яна хадзіла ў чорным, напрыклад, і насіла нейкія брошкі, упрыгожанні, медальёны, прысвечаныя вось гэтай тэме. Ну і дайшло да таго, што ў Расійскай імперыі зразумелі, што гэта стала модай, трэндам на тэрыторыі гэтай — людзі хаця б маўкліва падтрымліваюць паўстанцаў. І была ўведзена забарона на чорную жалобную вопратку. Там ледзьве не дакументы трэба было прадстаўляць, калі ў цябе сапраўды нехта памёр у сям’і, трэба яго хаваць і хадзіць у жалобным. Больш за тое, цікава, што былі ж забаронены таксама «рагатувкі» — ну, то бок такія вось чатырохвугольныя галаўныя ўборы патрыятычныя, такія на манер Касцюшкі. Былі забаронены нават кіі. То бок уявіце сабе, мы ХІХ стагоддзе ўяўляем сабе: Шэрлак Холмс, Конан Дойл — усе ходзяць з такімі тростачкамі. Нават гэтыя тростачкі — кіі — былі забаронены, таму што былі выпадкі, калі такая патрыятычная моладзь у Вільні ці ў Варшаве проста з гэтымі кіямі кідалася на жандараў, і былі сутычкі. То бок была куча, куча абмежаванняў, ну і, зноў жа, такі хрэстаматыйны плакат, які гуляе па інтэрнэце: «По-польски говорить запрещено». Былі месцы, дзе размаўляць можна было толькі па-расійску. Расіяне адчувалі сябе тут не як дома. Гэта быў для іх абсалютна іншы свет, не падобны ні на Маскву, ні на Ноўгарад, ні на Кастраму. Гэта была іншая тэрыторыя. То бок тут яны адчувалі сябе… нібыта і ў Еўропе, але нібыта ў такой варожай Еўропе. Прыходзілася ім уводзіць шмат розных забаронаў, каб проста абмежаваць вось гэтую мясцовую актыўнасць.
— Ну, як бачым, вельмі шмат момантаў, канешне, каторыя вельмі хацелася б, каб былі даследаваныя, і рана ці позна больш падрабязна пра іх даведацца і пачытаць што-небудзь такое годнае, вялікае, талковае. Нават пра тую біжутэрыю і ўвогуле стыль.
— Ну, пра біжутэрыю, дарэчы, у Польшчы выдадзена шмат альбомаў. У Літве выдадзена шмат прыгожых глянцавых альбомаў на гэту тэму. У нас проста яшчэ… То бок усё ёсць, проста трэба гэта пытанне да кнігавыдаўцоў, нават і да аўтараў: пішыце, гэта будзе запатрабавана, я думаю. Яно таго варта.
— Яно таго варта, сапраўды. Дзякуй за тое, што былі з намі. Нагадаю, што з вамі былі Даша Палынская і Алесь Кіркевіч.
— Дзякуй вам.
— Да пабачэння.
— Да пабачэння.