Сёння ўсё больш беларусаў пачынаюць шукаць продкаў. Генеалогія ўжо не проста хобі, а спосаб аднавіць страчаныя сувязі і зразумець саміх сябе.
PALATNO пагутарыла з двума людзьмі, якія шукаюць гісторыю сваёй сям’і, каб расказаць і вам, навошта і як гэта рабіць.
«У маёй сям’і 30 рэпрэсаваных, 12 расстраляныя»
Ігар Станкевіч захапіўся сямейнай гісторыяй, бо вакол заўсёды былі старыя рэчы, якія нагадвалі пра мінулы час. Найкаштоўнейшымі для яго сталі старыя фотаздымкі канца XIX — пачатку XX стагоддзя.
— Мама амаль нічога не магла пра іх расказаць. Хто гэтыя людзі? Адкуль яны? Якое маюць да нас дачыненне? А бабулі ўжо на той момант не было. Мама была перакананая, што яе цётка Лена — «са шляхты», а мы — «з простых». Калі пачаў маляваць сваё першае дрэва, то ў мяне ўзнікла пытанне: як так, калі корань адзін? — прыгадвае Ігар.
Ігар Станкевіч нарадзіўся ў 1976 годзе ў Оршы, стаў журналістам і праваабаронцам. У 2017 годзе заснаваў ініцыятыву «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы», каб захаваць памяць пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій і ўвекавечыць іх імёны. Дзякуючы працы ініцыятывы на месцы масавых расстрэлаў пад Оршай з’явілася памятная шыльда. Таксама ён з’яўляецца аўтарам кнігі «Гісторыя роду Каменскіх» і двухтомніка «Всех поименно назвать» пра рэпрэсіі ў Аршанскім раёне.

Уласная сямейная гісторыя пачала раскручвацца пасля таго, як у госці да сям’і Станкевічаў прыехала сваячка і расказала больш падрабязную гісторыю. Ігар усё запісваў. Затым адбыўся «квантавы скачок»: атрымаў доступ да архіваў аж да XV стагоддзя.
Ігар не лічыць сябе прафесійным даследчыкам, называе сябе аматарам. Па яго разліках, у сям’і было рэпрэсавана каля 30 чалавек, а 12 — расстралялі.
— У 2015 годзе атрымаў дакументы са Свярдлоўскага архіва пра рэпрэсаванага брата прабабулі. Прабабулю і прадзеда расстралялі, брата — таксама. Ён быў неаднаразова рэпрэсаваны. У 1927 годзе яго арыштавалі ў першы раз, але адпусцілі. У 1930-х — раскулачванне і высылка. Затым уцёк у Маскву, яго арыштавалі і саслалі на Урал, дзе далі тры гады лагераў. У 1937-м вярнуўся ў Оршу, дзе яго і расстралялі. Я быў шакаваны, бо сваякоў пераследавалі амаль 30 гадоў — ад 1927-га да 1950-х. Пацвердзіліся сямейныя легенды. Мой прапрадзед, якому было 72 гады, утапіўся падчас уцёкаў, калі сплаўляўся па рацэ.

У сямейнай гісторыі заўсёды ёсць нагоды для гонару. Такую адшукаў і Ігар Станкевіч. Ён узгадаў гісторыю трох братоў, якія ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне, потым апынуліся ў Польшчы і ваявалі супраць бальшавікоў.
— Адзін з братоў стаў скульптарам. Сёння яго працы ёсць у Варшаве і іншых гарадах Польшчы. Гэта нібы альтэрнатыўная гісторыя: сваякоў, што засталіся ў Беларусі, расстралялі, а гэтыя змаглі развівацца і дасягнуць пэўных вышыняў. Двое з іх загінулі ў Варшаўскім паўстанні, але гэта не здрадніцкая куля НКВД у патыліцу — гэта важная розніца.
З часам з сямейнай гісторыі нарадзіўся іншы праект — Станкевіч пачаў збіраць інфармацыю пра рэпрэсаваных у Оршы і Аршанскім раёне. Так з’явілася ініцыятыва з уласным сайтам kobylaki.by і кніга «Всех поименно назвать». Пазней даследаванне пашырылася на ўсю Беларусь: даследчык збіраў імёны, дакументы, гісторыі людзей, успаміны пра месцы расстрэлаў і дадзеныя пра супрацоўнікаў НКВД.

— Я ўбачыў, наколькі дзяржава была людаедскай. І застаецца такой сёння. Наколькі лёгка было знішчыць чалавека па даносе або дзеля «выканання плана». Такая трагічная сямейная гісторыя не прыгнятае, а, наадварот, дае сілы, злосць і яснае разуменне таго, чым сёння займаецца беларускі рэжым. У мяне няма ілюзій. Цудоўна бачу, як фабрыкуюцца справы.
У Ігара Станкевіча ёсць курс па родаводзе ў «Нацыі лідараў». Ён дапамагае людзям шукаць карані, а таксама тлумачыць, з чаго пачаць і дзе шукаць крыніцы з дакументамі. Цяпер на курсе ідзе восьмы паток, на які запісана 150 чалавек. Па словах Станкевіча, інтарэс да даследавання ўласнага роду расце з кожным годам.
— Калі мы вывучаем лёс продкаў, мы знаходзім рэпрэсіі, раскулачванне, войны, страты. Людзі ўпершыню разумеюць, адкуль у сям’і той ці іншы боль. Нашы продкі прайшлі значна цяжэйшыя выпрабаванні. Тое, што мы жывём, — гэта сведчанне таго, што яны справіліся. Калі мы глядзім на іх шлях, то бачым, што і мы можам справіцца. Гэта, думаю, галоўны сэнс таго, дзеля чаго варта займацца гісторыяй сваёй сям’і.
«У сям’і ўсе былі падкрэслена не рэлігійныя, а прапрадзед аказаўся святаром»
Беларуска Каця занялася пошукамі гісторыі роду, дзякуючы інтарэсу да сямейных успамінаў. Яе падтрымаў муж, які ўжо меў досвед працы з архівамі. З часам генеалогія стала сямейным хобі.
— Пачынаць трэба з вусных успамінаў сваякоў. Часам гэта можа быць не проста: хтосьці саромеецца, хтосьці проста не ўмее расказваць, а камусьці падаецца, што нічога не памятае ці не ведае, — падкрэслівае Каця.
З уласнага досведу Каця адзначае, што важна падрабязна занатоўваць гутаркі са сваякамі, а лепш — запісваць на дыктафон. Яшчэ адным істотным пунктам з’яўляецца вызначэнне веравызнання сваякоў, бо гэта дапаможа ў далейшым у пошуках у архівах.
Важным крокам у даследаванні з’яўляюцца могілкі. Дадзеныя з помнікаў (варта памятаць, што там могуць быць памылкі) дапамогуць у расшыфроўцы гісторыі сям’і. Наступным крокам будзе пошук інфармацыі ў інтэрнэце, а апошнім — паход у архівы.
— У сям’і маёй маці ўсе былі падкрэслена не рэлігійныя, а пра майго прапрадзеда расказвалі, што быў ці выкладчыкам, ці дырэктарам гімназіі. Аказалася, што ён быў праваслаўным святаром. Гэта ўвогуле быў такі клан праваслаўных святароў у некалькі пакаленняў. Стала зразумела, чаму так мала інфармацыі пра сям’ю.
Каця адзначае, што дадзеныя пра яе продкаў знаходзяцца ў розных архівах: некаторыя ёсць у Беларусі, штосьці захоўваецца ў Літве, а некаторыя факты страчаны, бо ў касцёле здарыўся пажар і метрычныя кнігі там згарэлі.
— Маці майго дзядулі наведвала гімназію ў Мінску на пачатку XX стагоддзя. У архівах у падшыўцы дакументаў з гімназіі знайшла маленькую цыдулку, у якой яе маці просіць перанесці дату экзамену па гісторыі для дачкі з-за яе працяглай хваробы.

У апошнія гады ў пошуках дадзеных пра сваякоў дапамагае штучны інтэлект. Па бацькавай лініі Каці ўсе сваякі былі каталікамі, таму запісы ў метрычных кнігах рабіліся па-польску. Некаторыя з іх адносяцца да першай паловы XIX стагоддзя, а ў запісах XVIII стагоддзя запісы вяліся ўвогуле на латыні. Яна выкарыстоўвала ў расшыфроўцы штучны інтэлект і дапамогу спецыялістаў.
Каця адзначае, што інтэрнэт рэсурсы — Raduraksti, FamilySearch, базы метрычных кніг і ініцыятывы па аблічбоўцы могілак — з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі для тых, хто разгадвае гісторыю сям’і.
— Веданне сямейнай гісторыі дае адчуванне, што ты больш упэўнена стаіш нагамі на зямлі. Ты больш разумееш, чаму ў вашай сям’і ўсё так, а не інакш. Чаму твае бацькі такія людзі, якімі яны ёсць. Чаму бабуля ці дзядуля штосьці не казалі ці казалі. Разумееш і прымаеш.
Сямейныя пошукі пацвердзілі, што сям’я Каці паходзіць з беларускіх зямель. Яе продкі жылі ў розных рэгіёнах, але абсалютная большасць жыла ў Беларусі каля двух стагоддзяў. Каця знайшла толькі аднаго прадзеда, які паходзіў з-пад Івана-Франкоўска.
— Псіхалагічна гэта мяне падтрымлівае: я адсюль, я маю права на гэтую зямлю, няхай нехта чамусьці вырашыў зрабіць так, што мне небяспечна на ёй знаходзіцца. Усведамленне сваёй беларускасці – моцная падтрымка ў эміграцыі. Гэта тое, на што я абапіраюся.
Каця раіць пяць крокаў, з якіх можна пачынаць даследаванне гісторыі сваёй сям’і.
- Размовы са сваякамі. Іх трэба пачынаць з найстарэйшых членаў сям’і. Яны могуць ведаць тое, чаго не ведаюць маладзейшыя. Абавязкова пацікаўцеся, магчыма, хтосьці з сям’і ўжо займаўся такімі пошукамі і мае нейкія нататкі альбо запісы. Магчыма, хтосьці вёў дзённікі ці напісаў мемуары.
- Наведайце могілкі. Наведайце пахаванні сваякоў, запішыце дадзеныя на помніках і складзіце табліцу з датамі і месцамі нараджэння.
- Паралельна — шукайце суполкі аднадумцаў. Шукайце форумы, групы ў сацыяльных сетках. Шмат людзей займаецца пошукамі гісторыі сваякоў, таму могуць падказаць і вам.
- Працуйце з адкрытымі крыніцамі ў інтэрнэце. Шмат што будзе залежыць ад гісторыі вашай сям’і: напрыклад, калі сваякі эмігравалі ў ЗША ці Паўднёвую Амерыку, то можна скарыстацца аблічбаванымі архівамі амерыканскіх партоў, у якія прыплывалі караблі.
- Праца ў архівах. Калі вы дайшлі да гэтага этапу, то трэба будзе працаваць у архівах. Да гэтага часу вы ўжо вельмі добра будзеце валодаць тэмай і разумець, куды вам звяртацца і што шукаць.
Аўтар Ганна Капучынава
