Now Reading
Гісторыя забойцы прадаўшчыц на Лідчыне. Галаваломка, 2 сезон #4

Гісторыя забойцы прадаўшчыц на Лідчыне. Галаваломка, 2 сезон #4

Ён вырас без маці і бацькі, у год паўналецця яго асудзілі за крадзеж і разбой, а пазней ён забіў трох жанчын — толькі каб яшчэ больш выпіць алкаголю і паліць больш цыгарэт. Расказваем пра Івана Кулеша — забойцу, у якога на рахунку тры забітыя прадаўшчыцы на Лідчыне.

Чым жыў Іван Кулеш да забойстваў

Іван Кулеш нарадзіўся ў 1986 годзе ў Баранавічах. Праз паўгода пасля нараджэння памерла яго маці, а бацьку хлопец ніколі і не ведаў. Так Кулеш трапіў у сістэму беларускіх дзіцячых дамоў. Разам з тым ён не быў сіратой, у яго былі родныя брат і сястра. Іван вучыўся ў школе ўсяго дзевяць класаў, а затым паступіў у вучылішча. Аднак вучылішча так і не скончыў.

У 18 гадоў Івана затрымалі міліцыянеры па падазрэнні ў крадзяжы і разбоі. Суд палічыў яго вінаватым: хлопца асудзілі на шэсць гадоў.

Калі ён вызваліўся з турмы, то займаўся толькі часовай працай: часам збіраў на продаж ягады і грыбы, падпрацоўваў у аўтасэрвісе і на будоўлі. З Баранавічаў Іван пераехаў і асеў на Гродзеншчыне — у Лідскім раёне. Там ён знайшоў жанчыну Ганну, якая стала яго грамадзянскай жонкай. Яны хутка пачалі жыць разам. Пазней на судах яна шмат расказвала пра Івана. Па яе словах, ён быў замкнуты і часта піў алкагольныя напоі: «Я заўсёды здзіўлялася, адкуль у яго такі спакой. Я магла накінуцца з крыкамі: колькі можна піць, а ў адказ — нічога».

Ганна ўспамінала, што часцей за ўсё Іван знаходзіўся дома: паліў, піў і гуляў у камп’ютарныя гульні. Ён рэдка заставаўся сам-насам з іх сумесным дзіцём, увогуле рэдка надаваў увагу сямейнаму жыццю.

Першае забосйтва: Ліда, дзень горада, пошук грошай на алкаголь

15 верасня 2013 года ў Лідзе святкавалі дзень горада. На яго прыехаў і Іван Кулеш. Мужчына шмат выпіваў і патраціў усе свае грошы. Так яму ў галаву прыйшла ідэя знайсці іх, у сусвеце Кулеша гэта азначала кагосьці абрабаваць. Кулеш хадзіў па горадзе і апынуўся ў прыватным сектары. Там знаходзілася невялічкая крамка, якая вось-вось павінна была зачыніцца. У той дзень у краме працавалі дзве прадаўшчыцы: 45-гадовая Алена Чарнавусава і 56-гадовая Марыя Смалко. Чарнавусава і Смалко адпрацавалі ўсяго месяц разам да падзей таго вечара. Раней Чарнавусава рабіла выхавальніцай у дзіцячым садку, але жанчыну скараціла і яна ўладкавалася прадаўцом.

Побач з крамай Іван знайшоў металічную трубу, узяў яе ў руку і пайшоў праз чорны ўваход. Прадаўшчыцы ўжо зачынілі краму і збіраліся разыходзіцца дадому. Першую жанчыну — ёй была Алена Чарнавусава — Іван ударыў каля ўваходу трубой па галаве. Другую прадаўшчыцу — Марыю Смалко — ён знайшоў у гандлёвым залі, яе ён таксама ўдарыў па галаве. Кулеш яшчэ некалькі разоў падыходзіў да знямоглых жанчын, каб яшчэ больш іх збіць.

Калі жанчыны ўжо не рухаліся і, магчыма, былі мёртвымі, Іван пачаў рабаваць касу крамы. Адтуль ён выцягнуў да трыццаці сямі мільёнаў недамінаваных беларускіх рублёў (гэта каля чатырох тысяч долараў) і алкагольныя напоі. Следства высветліла, што тых грошай яму хапіла дзесьці на паўгода. Іх ён даваў сваёй грамадзянскай жонцы Ганне, аднак тая пасля адмаўляла гэты факт. Пазней у датычнасці да забойства лідскіх прадаўшчыц сумняваліся і іншыя сваякі, і адвакат Кулеша. Абаронца Івана сцвярджаў, што яго падабаронны памятаў шлях да крамы, але не мог успомніць важныя дэталі забойстваў: напрыклад, ці супраціўляліся ахвяры.

Марыю Смалко і Алену Чарнавусаву знайшлі мёртвымі ў той жа вечар, праз некалькі гадзін пасля візіту да іх Івана Кулеша. Сілавікі дапытвалі Кулеша наконт гэтага забойства, калі праводзілі следчыя мерапрыемствы, але ён быў настолькі п’яным, што нічога ім не расказаў. Тым часам, супрацоўнікі міліцыі пайшлі іншым шляхам. Яны аб’явілі ў вышук двух мужчын, якіх падазравалі ў датычнасці да двайнога забойства…

іван кулеш забойца
Іван Кулеш за кратамі. Фота: БелаПАН

Апошняе злачынства Кулеша: параза ў картах і зноў пошук грошай на алкаголь

А праз два месяцы пасля ў Івана нарадзілася дачка. Шчаслівага сямейнага жыцця ў Івана і Ганны не склалася. Жанчына выгнала яго з дому пасля таго, як ён скраў яе ноўтбук і заявіў у міліцыю аб крадзежы. Міліцыянерам Кулеш расказаў, што ноўтбук скралі невядомы ў цягніку, але пасля высветлілася, што ён сам аднёс лэптоп у ламбард. Так яго ў чарговы раз прыцягнулі да адказнасці: прысудзілі вялікі штраф за ілжывы данос.

Пасля расстання з Ганнай Іван пераехаў у вёску Сялец у Лідскім раёне. Там скончыцца яго гісторыя злачынстваў. У Сяльцы ён займаўся падпрацоўкамі, але пастаянную працу так і не змог знайсці. Гэта прывяло яго зноў на шлях злачынстваў: восенню 2014 года Кулеш скраў у сваіх суседзяў гідрапомпу і адразу трапіў у кола падазраваных. Пацярпелая па той справе ўжо на апошнім судзе Івана ў яго жыцці сказала: «Я пра адное прашу: хай яму выклікаюць святара, і ён пакаецца, таму што я бачу, што ён раскаяўся».

Але Кулеша не паспелі арыштаваць і ізаляваць. Амаль праз месяц пасля крадзяжу ён здзейсніць апошняе забойства. Па словах сведак на судзе, у адзін з вечароў Іван прайграўся ў карты, і даволі вялікую суму. Ён быў нападпітку, калі праходзіў каля мясцовай вясковай крамкі. У ёй працавала 44-гадовая Жанна Урбан. Яна працавала ў краме каля дзесяці гадоў, ведала мясцовых, у тым ліку і Івана Кулеша.

Увечары таго ж дня, калі ён гуляў у карты, Іван ішоў ля той мясцовай крамы. Ён падпільнаваў Жанну Урбан і забіў яе сякерай. А калі пачаў рабаваць краму, у яе зайшоў сын ужо забітай Жанны Аляксей. Кулеш пагнаўся за ім з нажом, але спыніўся, калі Аляксей пачаў клікаць на дапамогу. Пакуль Аляксей тэлефанаваў у міліцыю, Кулеш паспеў вярнуцца ў краму: з касы ён дастаў каля 8 мільёнаў рублёў (гэта восем соцень долараў), забраў з сабой алкаголь, цыгарэты і крыху ежы на тую ж суму.

Хоць сын Жанны не паспеў яе выратаваць, але змог пазнаць забойцу маці. Гісторыя, чаму Аляксей увогуле апынуўся ў краме — таксама цуд. Справа ў тым, што ў яго маці жыў бадзяжны сабака, якога яна падкормлівала. Сабака заўсёды хадзіў на працы і дадому разам з Жаннай. У той вечар сабака таксама прыбег дадому, але без жанчыны — гэта вельмі насцярожыла Аляксея. Разам з гэтым сабака пачаў гаўкаць і заклікаць Аляксея пайсці за ім. Так хлопец і дабраўся да крамы, а каля яе заўважыў сляды крыві, а сама крама была не зачыненая. У краме было выключанае святло, таму Аляксей уключыў ліхтарык на мабільным тэлефоне, і дзякуючы гэтаму пабачыў, як да яго ціха падкрадваўся Іван Кулеш з нажом.

Затрыманне, суд і расстрэл

Івана Кулеша затрымалі ў той жа дзень. Ён хутка пачаў супрацоўнічаць са следствам. Да апошняга спадзяваўся, што яму дадуць максімум пажыццёвы тэрмін, а не смяротнае пакаранне. Падчас суда адмовіўся даваць паказанні, толькі заўважыў, што ўся інфармацыя ёсць у справе і суд павінен ва ўсім разабрацца. Ён таксама адмовіўся адказваць на пытанні, ці прызнае сябе вінаватым.

У кастрычніку 2015 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Івана Кулеша да смяротнага пакарання. Так скончылася жыццё мужчыны, які вельмі любіў выпіць і папаліць, але так не любіў працаваць, што ішоў на забойствы безабаронных жанчын: ціха падкрадваючыся да іх са смяротнай зброяй, і не даваў ніводнага шансу на тое, каб яны змаглі выжыць.

Вярнуцца ўгару