Роўна 100 гадоў таму, 28 лістапада 1923 года, было заснавана першае масавае беларускае літаратурнае аб’яднанне, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Маладняк».
PALATNO расказвае, хто стаяў ля ягоных вытокаў і чаму ўсё склалася менавіта так, як склалася.
Змест
Колькасць не заўжды азначае якасць. Як ствараўся «Маладняк»
«Маладняк» паўстаў вакол аднайменнага часопіса, які пачаў выдавацца ў жніўні 1923 года. Савецкая ўлада глядзела на маладыя кадры са спадзевам і таму дазваляла ім пэўную вольнасць. Зрэшты, бальшавікі, якія захапілі ўладу ў 1917 годзе, у той момант яшчэ самі былі эксперыментатарамі, таму ўстойлівых контураў партыйнай палітыкі адносна культуры пакуль што не існавала. Галоўнае, што мусіла быць у наяўнасці, — прапаганда пралетарскасці і сялянскасці, а таксама адданасць «кастрычнікавым ідэалам».
Нездарма на вокладцы першага нумара часопіса мы бачым такую эклектыку: пазнавальны шрыфт, які на некалькі гадоў стане брэндам «Маладняка», беларускі пейзаж, заклік да пралетарыяў усіх краёў яднацца і партрэт забітага фрайкораўцамі нямецкага камуніста Карла Лібкхнехта. Прыкладна ў такім дзіўным калейдаскопе ідэй і паўставала новае пакаленне беларускіх паэтаў і пісьменнікаў у вірлівыя 20-я гады.
На першым пасяджэнні арганізацыі, якое адбывалася познім вечарам у сталічным будынку «Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі», прысутнічалі ўсяго шэсць чалавек, аднак добра вядомых: Алесь Дудар, Анатоль Вольны, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Міхась Чарот і Язэп Пушча. Дудар быў на той векапомнай сустрэчы наймаладзейшым — у хуткім часе яму споўніцца 19 гадоў. А самым дарослым быў Міхась Чарот.
Таму зусім і не дзіва, што новую пісьменніцкую арганізацыю ачоліў менавіта гэты 27-гадовы паэт, які ўжо меў пэўную вядомасць у літаратурных колах. Ягоныя вершы і паэмы вылучаліся на фоне звыклай беларускай паэзіі яшчэ «нашаніўскай пары» выразнай экспрэсіяй і правакатыўнасцю. Акрамя таго, яны былі напоўнены рэвалюцыйнымі ідэямі.
Нездарма Максім Гарэцкі адвёў у сваёй фундаментальнай «Гісторыі беларускае літаратуры» ролю «пралетарскага паэта №2» менавіта Чароту. Першае месца было трывала занята Цішкам Гартным, які пісаў вершы і прозу яшчэ з сярэдзіны 1900-х гадоў.
Маладыя літаратары з неверагодным імпэтам уключыліся ў працу — ужо праз два гады існавання арганізацыі паэт Уладзімір Дубоўка справаздачыўся ў адным з нумароў часопіса, што цяпер арганізацыя налічвае болей за 500 сябраў. Рэгулярна выдаваліся кніжкі маладых аўтараў, пісаліся рэцэнзіі, распачыналіся гарачыя літаратурныя дыскусіі. «Маладнякоўцы» па першым часе актыўна «браліся ў рожкі» з класікамі — Якубам Коласам і Янкам Купалам. Паводле адной з версій, Змітрок Бядуля так баяўся крытыкі ад маладога пакалення, што і сам аказаўся ў шэрагах «Маладняка». Далучыўся да іх і паэт Алесь Гурло, які быў сябрам Цішкі Гартнага.
Разам з тым, арганізацыя мела і відавочныя хібы, бо колькасць не заўжды азначае якасць. Наяўнасць шматлікіх філіяў у многіх гарадах і вёсках Беларусі яшчэ не азначала, што ў іх уваходзяць сапраўды таленавітыя і апантаныя аўтары. Трымалася ўсё гэтае хараство на «заснавальніках», да якіх можна далучыць яшчэ пару дзясяткаў аўтараў. Большасць жа шэраговых «маладнякоўцаў» былі даволі пасрэднымі аўтарамі, якія сышлі ў нябыт следам за арганізацыяй.
Не «плакатная» агітацыя. Раскол «Маладняка», з’яўленне «Узвышша» і «Росквіту»
Жаданне ствараць сапраўдную літаратуру, але не «плакатную» агітацыю, прывяло да таго, што ўвесну 1926 года адбыўся першы раскол «Маладняка». З яго выйшлі такія знаныя цяпер аўтары, як Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Уладзімір Дубоўка і Язэп Пушча. Новую суполку назвалі «Узвышша», каб выразна падкрэсліць сваю элітарнасць. Паміж былымі паплечнікамі распачалася зацятая варажнеча.
У сярэдзіне 20-х гадоў яшчэ можна было дапусціць, каб пісьменнікі зацята дыскутавалі між сабою, «выкрываючы» хібы ў супрацьлеглага боку. Бо і «ўзвышэнцы», і «маладнякоўцы» стваралі новую беларускую літаратуру, а яна, як вядома, не ўзнікае без канкурэнцыі і канфліктаў. Зрэшты, прыкладна тыя самыя працэсы адбываліся тады і ў Еўропе.
Канфлікт з «Узвышшам» прывёў да істотнага скарачэння колькасці сябраў «Маладняка». Замест ранейшых 500 чалавек у ім засталося троху болей за 60. Але ва «ўзвышэнцаў» наадварот пачаў назірацца рост прыхільнікаў — найперш тых, хто выпісваў і чытаў аднайменны часопіс. Першаму-лепшаму паэту ці пісьменніку было не так і проста трапіць у гэтае багемнае асяроддзе…
Яшчэ адным расколам, які падрываў існаванне «Маладняка» знутры, стала з’яўленне ўвосень 1927 года «Літаратурна-мастацкай камуны», якую заснавалі два вядомыя беларускія літаратары — Ян Скрыган і Паўлюк Шукайла. Яны падружыліся, калі былі сябрамі полацкай філіі «Маладняка», якую заклаў Алесь Дудар. Скрыган паспеў нават папрацаваць у рэдакцыі тамтэйшай «Чырвонай Полаччыны».
Пасля «Маладняка» маладыя людзі вырашылі, што будуць выдаваць свой часопіс. Прычым не абы-які, а футурыстычны. Натуральна, што ад італьянскага футурызму там не было нічога. Галоўным узорам, які быў узяты для пераймання, з’яўляўся ЛЕФ — творчае аб’яднанне, што існавала ў 20-я гады ў СССР, вядомае найперш дзякуючы паэту Уладзіміру Маякоўскаму. Расшыфроўвалася яно як «Левы Фронт Мастацтваў» і мела аднайменны альманах.
Першы нумар выдання «літкамунаўцаў» атрымаўся даволі слабаватым, таму быў справядліва амаль не заўважаным у прэсе. Часопіс назвалі «Росквіт», і гэтая назва напоўніцу адпавядала зместу. Агрэсіўныя да калег футурысты засвоілі ад сваіх старэйшых калег хіба адно — трэба канфліктаваць з папярэднікамі і сучаснікамі.
Таму на старонках другога нумара часопіса, які выйшаў у 1928 годзе, была апублікавана вядомая карыкатура, дзе ў негатыўным святле адлюстроўваліся Анатоль Вольны, Уладзімір Жылка, Адам Бабарэка і нават… Цішка Гартны. Маўляў, усе яны не хочуць заўважаць новапаўсталы футурыстычны часопіс, а ён такі класны!
Адбыўшыся як пісьменнік, ужо ў даволі прыстойным узросце, Ян Скрыган згадваў, як у 1929 годзе пачуваўся няёмка на прыёме ў Змітра Жылуновіча (Цішкі Гартнага), калі прынёс у Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва рукапіс сваёй кнігі:
«Гартны сядзеў за вялікім сталом, адзін на ўвесь прасторны пакой. За яго спінаю было акно ў двор, святло біла ў вочы, яно шкодзіла мне бачыць Гартнага. Я стаў трошкі ўбаку, бліжэй да сцяны, не даходзячы да стала. Гартны быў заняты чытаннем паперак, якіх было поўна, то ў папках адна на адной, то разложаных лісткамі. Пасля майго павітання ён падняў свае круглыя акуляры і доўга глядзеў, як бы стараючыся прыпомніць, хто я такі.
— То ты ж так да мяне не зайшоў, нешта маеш? — папытаўся ён нарэшце замест павітання.
— Зборнік прынёс. Апавяданняў. — Я пайшоў бліжэй да стала і пачаў круціць у руках свой скрутак.
— Гм, апавяданняў… Нешта я твайго нічога не чытаў. Як прозвішча, кажаш? Хаця, чытаў, мусіць гэта ж ты быў у «літкамунаўцах»?
— Я.
— То-та ж, ваякі… Ды нешта невялікі дождж пакапаў з вашага грому… То давай сюды, чаго камечыш у руках гэтыя свае апавяданні. Зойдзеш дзён праз тры.
Тры дні былі мне найгоршаю пакутаю. Рэч у тым, што калі выйшаў першы нумар «літкамунаўскага» часопіса «Росквіт», дык пра яго ні адна газета, ні адзін часопіс не адгукнуліся ні словам. Мы палічылі гэта за змову і ў другім нумары надрукавалі карыкатуру Уладзіміра Бохана «Вежы маўчання». З гэтай вежы на ўсёй яе вышыні, то з акна, то проста са сцяны, у маўклівай і змоўніцкай позе выступала чыя-небудзь фігура ці аблічча: тыя, хто быў вінаваты ў маўчанні. Была там і фігура Цішкі Гартнага як рэдактара «Полымя». Вядома, як і ва ўсялякім шаржы, там было трохі перакрыўленасці і насмешкі. І цяпер я быў упэўнены, што Гартны нездарма пытаўся, ці не быў я ў «літкамунаўцах». Мне прыгадаліся раптам усялякія чуткі, што ён чалавек ганарысты і памятлівы на зло. Раней я такім чуткам не верыў, а цяпер усё гэта магло павярнуцца на праўду.
Праз тры дні я пастукаўся ў тыя самыя дзверы, зайшоў у той самы кабінет. Гартны доўга не адрываўся ад рукапісу, мне стала непамысна: няўжо мой? Але не, папера была добрая і пісана буйным почыркам.
— Ну што, герой, прыйшоў? — нарэшце, дачытаўшы старонку, папытаўся Цішка Гартны сваім насавым голасам. — Ты вучышся дзе ці як? — раптам папытаўся зусім пра другое, кругла гледзячы на мяне. — І, мабыць, бедна жывеш? То зайдзі ў бухгалтэрыю, няхай скажуць, калі табе могуць даць грошай, бо рукапіс твой я ўжо аддаў, каб пускалі ў друк.
Ішоў я з выдавецтва і не мог разабрацца, у чым была мая радасць. Ці ў тым, што ўхвалены рукапіс, ці ў другім — што не спраўдзіліся пра дзядзьку Цішку тыя нядобрыя чуткі».
Зміцер Жылуновіч і праўда меў сімпатыю да маладых, таму калі «Маладняк» фактычна перастаў існаваць (застаўся толькі на паперы ў выглядзе часопіса з такой самай назвай), лёгка сышоўся з стваральнікамі першай беларускай літаратурнай арганізацыі.
Старэйшае пакаленне аб’ядноўваецца з маладымі
Так у снежні 1927 года паўстала «Полымя» — суполка, якая аб’яднала ў сваіх шэрагах пісьменнікаў старэйшага пакалення з сваімі маладзейшымі калегамі. Такім чынам Цішка Гартны, Якуб Колас і Янка Купала канчаткова прымірыліся з Міхасём Чаротам, Алесем Дударом ды Анатолем Вольным. Як і ў выпадку з іншымі літаратурнымі суполкамі, гуртаваліся пісьменнікі вакол аднайменнага часопіса, які выходзіў з канца 1922 года.
Першыя дзесяць гадоў першы «таўсты» беларускі часопіс нават не меў рэдактара. Выдаваўся ён у 1922-1932 гадах ад імя рэдкалегіі, дзе былі самыя розныя людзі. Пул аўтараў, што пісалі ў «Полымя», таксама быў стракатым, што парой выклікала пытанні ў партыйнага кіраўніцтва. Фармальна, статут арганізацыі прадугледжваў стварэнне і ўкараненне ў беларускай літаратуры «пролетарскай ідэолёгіі», а аб варажнечы з іншымі суполкамі наогул не было і слова. Аднак на справе было троху іначай.
Жылуновіч, які хаваўся пад псеўданімам Сымон Друк, крытыкаваў «узвышэнцаў» і іхнія творы. Найперш імкнуўся зачапіць крытыка Адама Бабарэку, які ў свой час паставіў пад сумнеў высокі статус жывога класіка. Дапамагаў яму ў гэтым Алесь Дудар, які пісаў ад імя Тодара Глыбоцкага. У сваю чаргу «ўзвышэнцы» не заставаліся ўбаку і з імпэтам рэагавалі на новыя творы «палымянцаў».
Тлустая кропка ў зацятым літаратурным змаганні была пастаўлена ўвесну 1932 года, калі ЦК ВКП(б) 23 красавіка была прынятая пастанова «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый». Фактычна яна азначала згортванне дзейнасці ўсіх літаратурных суполак, а таксама іхную канчатковую ліквідацыю на карысць стварэння адзінага пісьменніцкага саюза. Той меўся абслугоўваць працэсы калектывізацыі і індустрыялізацыі менавіта ў такім ракурсе, як тое было патрэба камуністычнай наменклатуры. Што праўда, колішні «Маладняк» яшчэ з 1928 года меў назву Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў і быў ужо хутчэй прывідам.
Лёс былых «маладнякоўцаў» склаўся па-рознаму. Але збольшага ўсе самыя вядомыя з іх зазналі рэпрэсіі — нехта, як Міхась Чарот і Алесь Дудар, былі арыштаваныя і расстраляныя ў 1937 годзе, хтосьці арыштаваны і высланы, як Уладзімір Дубоўка ці Ян Скрыган, нехта зрабіў сабе неблагую літаратурную кар’еру, як той жа Максім Лужанін.